Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Не толькі іх жудасныя справы, але і гэтыя ідыёцкія «тлумачэнні» лішні раз паказваюць, што і Хвойня, і Лозкі, і Алексічы, і ўся Акцябршчына, і сотні іншых вёсак у другіх раёнах знішчаны, забіты за адну-адзіную «віну». У вёсках гэтых жылі савецкія людзі, якіх «перавыхаваць» на пакорлівых нявольнікаў фашысты не спадзяваліся. Таму галоўная задача: «высяляць». А што азначала гэта — адна з самых першых адчула Хвойня, а за ёю — амаль усе вёскі Акцябршчыны.
Было тады ў Хвойні больш за трыста двароў. На іх месцы цяпер — шэсцьдзесят. Бязладна рассыпаліся гэтыя шэсцьдзесят хат па пясчаных узгорках. Па сыпучым пяску ідзеш і да брацкіх магіл, у якіх пахавана былая Хвойня — 1350 чалавек…
Што з імі зрабілі, з тымі людзьмі, расказваюць нам муж і жонка Рэпчыкі — Мікалай Іванавіч і Вольга Піліпаўна.
«…Значыцца, рана мы ўсталі і зірнулі ў акно, — пачынае Мікалай Іванавіч, — як цёмная хмара яны былі на той бок рэчкі. Куды яны едуць — чорт іх ведае. Многа народу кінулася ў лес, мужчыны найбольш. Бабы з дзецьмі засталіся. Ну, і мужчын засталося многа. Што робіцца? Прыехалі яны, ахапілі вёску, занялі з канца і гоняць — і дзяцей, і малых, і вялікіх, і старых. Хто не можа ісці, з хаты не выганяюць. Астаюцца. Я тады акалечаны быў, мне перабіла нагу, і я ў гіпсе ляжаў. Ну, думаю, што будзе, то будзе. Бачу, пагналі людзей. Мужчын аддзялілі і дзяцей з жанкамі. Мужчын загналі ў гумно і запалілі — я ўжо бачу, што агонь гарыць. Бачу — з гары гоняць пачкамі жанок, дзяцей. А гумно гарыць. Тое гарыць, каторае далей. А іх гоняць у другое. Кончылі гнаць сюды — раз, дзверы закрылі, аблілі бензінам і падпалілі. А мне ўсё гэта з акна відна. Я гавару на сваю сям'ю:
— Ведаеце што — хто куды! Не хавайцеся толькі ў будынку, а дзе якое калоддзе або карчы. I ў стагі не хавайцеся, бо ён запаліць, будзем гарэць.
Гэтыя бабы што робяць? Папужаліся! А ў мяне зямлянка была. Так во хата, а ад хаты так во зямлянка. Я сказаў ім, а сам па іх слядах іду, бо забыліся яны на мяне, што і я тут. Дык я ўзяў тады повад пачапіў — быў у мяне повад такі, — спусціўся з ложка, нагу сяк-так уматаў і пайшоў. Перапоўз я парог, гляджу, куды яны пайшлі. Бачу — у зямлянку. Дапоўз я туды. Але ўжо к маёй хаце немцы не падышлі. Так мы і засталіся.
Хто быў дзе ў хаце, тых пабілі, запалілі, гараць у хаце. Увойдуць у хату — людзі ляжаць, а хто ўцякае — страляюць. Валы ходзяць, каровы ходзяць, свінні пішчаць, а вёска гарыць. Людзей няма, а тавар па сяле гоняць, скот павыганялі.
Мужчын спачатку па пяску ганялі, патамілі іх, а тады ўжо загналі ў гумно. Жанок гналі пасцяпенна, пачкамі. А мужчын ганялі, каб аслабелі яны, каб не маглі супраціўляцца.
Палілі нас у сорак другім годзе, напрадвесні. Гэта эсэсаўцы былі. З чарапамі».
У жонкі, Вольгі Піліпаўны, свой тон, свая ўсяму афарбоўка: вельмі жывая, непасрэдная ў яе натура. Так, сапраўды забылася яна, цётка Вольга, пра свайго мужа. I сама пра гэта кажа: бо калі ўбачыла, што робіцца, а на руках — дзеці!.. Не, яна ўсё ж крыкнула мужу, мужчынам, і зусім не жаночымі словамі: «Такія-сякія, што ж вы сядзіце-ляжыце, немцы ж вунь!..»
— А ў мяне ж двое дзяцей, адно на руку і другое на руку. Адкрыта скажу: і не гляджу на таго мужыка. Дзяцей схапіла і на мужыка забылася. А ён прышоў ды лаецца…
А потым мы доўга слухалі Вольгу Андрэеўну Мініч, трагедыя якой у той жудасны дзень у Хвойні толькі пачалася. Працягвалася яна ўжо не ў Хвойні і не адзін дзень.
Курын, Вежын, Акцябрскі, Кавалі, Зацішша… — пакутлівы шлях Вольгі Мініч і пакуты тых вёсак зматаліся ў адзін клубок. Праз усю палаючую Акцябршчыну прайшла, прапаўзла яна, ратуючы дарагога ёй чалавека.
Цяпер жанчыне гэтай трошкі за пяцьдзесят.
А было ў свой час і дваццаць адзін. Была яна шчаслівая сваім замужжам, чакала першага дзіцяці. I ўсё было б добра, нармальна…
Было б… Але была вайна, фашысцкая акупацыя…
Жанчына расказвае.
Гаспадыня хаты, цётка Рэпчык, што спачатку больш перашкаджала, чым памагала свайму павольнаму «дзеду» Міколу расказваць пра той сакавіцкі дзень, а потым і сама, ужо адна, спяшалася гаварыць, цяпер маўчыць, поўнасцю давяраючы талковасці маладзейшай суседкі.
Суседка гаворыць і час ад часу плача.
Гаспадыня схадзіла ціхенька за перагародку, у спальню, вярнулася з чысценькім ручніком і палажыла яго суседцы на прыпол…
«…Дзве калоны ідзе ў нядзелю: адна калона, бальшушчая, з Капацэвіч, а другая — з Лучыц. Тая калона там, а тая — там, яны сышліся, згаварыліся пра ўсё і сталі ісці ў сяло. Паставілі пасты — проста на дзесяць метраў адзін ад аднаго. Усю дзярэўню абставілі. I тады ўжо сталі заходзіць у кожную хату.
I да нас зайшлі. Колькі нас было чалавек? У Мікіты дзве дзеўкі, у нас… Восем чалавек было ў хаце. I мы тады тыфам былі бальныя. Адзін толькі бацька палравіўся, так во, як і я, каля стала сядзеў. Яны ўжо як увайшлі, дык усе мы ляжалі покатам. Яны гавораць:
— Ціф? — Ды на старога… Як гэта? Ага: — Цурык! Адзявайся, выходзь!..
Яшчэ ён, бедны, сабраўся, пайшоў. Наша крайняя хата была. Бачым: суседка мая, Уладзімірава Каця, вынесла дзіцятка грудное, а ён ёй кажа, немец:
— Нясі назад дзіця.
Панясла яна ў калыску, а гэтыя дзеткі ўзяла з сабою. Большыя, каторыя маглі ісці.
I ўсё ідуць ды ідуць нашы людзі… I ўжо нікога няма людзей, а толькі паставыя стаяпь. А потым падводчыкі паявіліся.
Ідуць, адкрываюць хаты, забіраюць, што там засталося ў хаце.
А мы з жанчынай адной гаворым:
— Выйдзем за сяло, пабачым, куды гэтыя людзі падзеліся.
Мы толькі пачалі ісці, падняліся на горку, а ўжо людзі там крычаць і агонь паявіўся. Чалавек трох было ў партызанах з Хвойні. Дык мы думалі, што гэтых партызанскіх сямей паляць. Прайшлі мы далей — не! Сільны вельмі крык. Крычаць людзі так, што мы здагадаліся…
Прыбегла я ў хату і гавару:
— Спасаймася як хто можа! Бо людзей зністажаюць!..
Бегаем мы па хаце — хто хворы, а хто так прытварыўся, — а выйсці няма як, бо пост ужо кругом. Нікуды з хаты не дзенешся — стаіць пад самым акном. Бачым мы, што ўжо і падводчыкі скрыліся, і ідуць да нас чатыры мужчыны — высокія, і косці на іх проста нарысованы. Як ішлі — так у хату.
Свякроў мая, мужыкова маці, выбегла з хаты прасіцца:
— Ох, паночкі!..
Хацела папрасіцца, а яны яе перад акном і застрэлілі. З нагана. Мы пабачылі, што яе застрэлілі, так і пападалі ўсе сюды, у адну кучу. А было ў нас два чалавекі, што і не маглі ісці, з тыфу. Сільна бальныя тыфам, не маглі нават устаць. Мы ўсіх іх на адну падушку пасцягвалі.
А яны зайшлі ў хату:
— Ціф? Ціф?..
Тут жа адразу завярнулісь назад.
А тут ужо запалілі нас. Бутэлька нейкая чорная. I не падпальвалі — аблілі, і загарэлася. Закрылі дзверы, выбілі акно і давай сюды гранаты кідаць. Кінулі адну, другую, трэцюю… I гарыць маё цела ўсё. Цяпер пазажывала, а тада абгарэла я многа… Спачатку граната першая Мікіце ў галаву. Падушкі ляжалі, дык яго неяк падкінула — аж ногі ўгару! А мяне… Во асколкам тут ранена. Бачу я, што дзе хто, пабіла каго, раніла, дагарае ўжо… Госпадзі!.. Я падцягнула стол да акна, яго на стол усцягнула, а пасля вылезла сама праз акно. У хаце, у агні — пакуль ты дойдзеш!.. Я не то што, дарагія мае, — не думала, што буду жыць, я думала, што выцягну яго на двор — хутчэй нас даб'юць. Бо ўся ў агні, уся паабгарвала, раненая… I пападалі мы тут каля акна. А тады, як я яго выцягала, якраз выганялі худобу нашу. Сарай запалілі, а худобу не пабілі, усю выганялі. Адвязалі яны тую скаціну, ідуць, бачаць: старая ляжыць забіта і мы ляжым, паабгарвала нанас усё…
Яшчэ адна выскачыла, мужыкова сястра, раненая, з гарачкі выскачыла, і дайшла перад акном.
I ляжу я там, і не чуствую нічога, ужо і памяць пацярала. На некаторае ўрэмя я зусім адключылася. Пачалося ў нас у вёсцы ў дзесяць гадзін, да нас яны прышлі ў гадзіну, а прачнулася я аж на захадзе сонца. Помніла, што я жывая, паднялася, паварушылася, паглядзела, што і ён жывы. А суседка нашая як уцякала, дык выкінула клуначак. А маё ўсё пагарэла, усё пагарэла…