Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Адстралялі нас і пайшлі абратна. Другіх прыгналі.
У трэцюю вочарадзь ужо я пачула — сястрычка мая ідзе. Яна ўжо так плача: відна ж ёй — я наверсе яшчэ. Яна прама мне сюды на ногі ўпала… Забілі ўжо ў трэцюю вочарадзь.
Тады я ўжо ляжала, чакала, не ведаю — чаго… I тут ужо столькі набілі! А потым — раз! — вокны павыбівалі і з кулямёта давай сюды біць. Ну, усё роўна мне нідзе не папала, толькі мне тут смальнула руку і рукаў прасмаліла. А людзі так ужо стогнуць! А я думаю, што мне рабіць, — ці мне вылазіць?
Я думаю, што ўжо ўвесь свет — нідзе на свеце нікога няма. I відна было, як Акцябр гарэў. Дык думалася, што ўжо ўсё…»
I зноў тая ж думка, што апаноўвала і Вольгу Мініч, і Тэклю Круглову. Калі гарыць усё навокал і такое робяць з людзьмі!.. Думка, адчуванне, што гэта, што гэткае, мабыць, усюды, на ўсім свеце пачалося, робіцца. Бо не ўкладваецца ж у розум — у нармальны, чалавечы. Не ведаючы пра той «план», што сапраўды быў для ўсяго свету складзены і прыхаваны, людзі інстынктыўна адчувалі яго дзікі замах. Побач, навокал пачынала працаваць страшная машына забойства, і простая жанчына з Палесся раптам адчула пагрозу цэламу свету, усім добрым людзям, і сваё нязмернае гора, сваю бяду вымярала ўжо тым, усечалавечым маштабам. Бо яна ж за ўвесь свет, за ўсіх людзей так зблізку ўбачыла, што гэта такое — фашызм, які пачаў на практыцы рэалізоўваць свае далёкія мэты…
«…Я гляджу ўжо — цёмна, так толькі месячко ўсходзіць, толькі пачынаў усходзіць. Тады, вот тут у нас старая была адна (яна памерла, здаецца, запрошлы год), дык яна:
— А мая ж ты, — галосіць, — дочанька, за што ж цябе забілі, хай бы лепей мяне!..
Гэта яна над сваёй дочкай. А я, праўда, тады адзываюся. А яна мне:
— А мае дзетачкі, ці гэта ты цэлая?
А я не ведаю, бо я ног не чуствую сваіх: народу столькі на мне. Знаю толькі, што галава мая цэлая. Ну, праўда, гэта жанчына, спасіба ёй, дапамагла мне вылезці.
А тут з намі ў гэтай хаце быў хлопчык адзін. Бацьку яго забілі ў тым хлеве, дзе былі мужчыны, а яго адзелі за дзяўчынку: бо гаварылі, што хлопчыкаў забіваюць. Дык яны ўзялі яго сюды, адзеўшы дзевачкай. А яго, беднага, параніла крэпка: растрапалі тут во, жывоцік, усё, усё… Дык ён, бедны, просіцца:
— Выміце мяне, каб я не гарэў.
А тут ужо ўсё гарыць. А ён просіцца… Мы, праўда, за яго і — цераз акно. I самі праз акно вылезлі. З гэтай самай жанчынай. I што ж — па нас яны сталі страляць, а мы так за дым гэты захіліліся і пайшлі. А тады былі хлявы, гумны, даўнія яшчэ. Старая гаворыць:
— Давай пабяжым у лес. А я гавару:
— Э, не, хадземце сюды, да вашай браціхі.
За рэчкай там яна жыла. А старая ўсё ў лес. Сядзім мы за гумном гэтым, і я гавару:
— Нікуды я не пайду, буду тут.
А потым бачым: людзі бягуць, дзяцей на плячах пруць — ужо з другой дзярэўні. У лес бягуць. Тады і мы…»
Згарэў пасёлак Акцябрскі, згарэла больш за восемсот чалавек у Рудні, а Вольга Мініч, а сотні такіх, што кідаюцца ад вёскі да вёскі, ад дрэва да дрэва, бачаць, як успыхнула ўжо і там, дзе Смуга, дзе Кавалі, дзе Лаўстыкі…
«…Каровы рыкаюць, — працягвае свой расказ Вольга Мініч, — тавар гэты, што застаўся дзе, сабакі брэшуць».
А ў Курыне, куды яна спачатку, пасля Хвойні, бегла ратавацца, адбывалася такое:
«…Як немцы былі ўжо ў Хвойні, дык нам сказалі, што яны паляць людзей, — расказвае жыхарка вёскі Курын Матруна Трафімаўна Грынкевіч. — Мы вышлі ўсе ў лес: і мацеркі нашы, і бацькі. А потым пабылі ўжо ў лесе да вечара. Ну што ж, ціха, ніхто не ідзе і не едзе. Прыходзім у дзярэўню, нас было трох: дзеўкі, дык іх няма ні аднае, а я толькі адна асталася. Мы ідом, і гэта ж яшчэ мо па шаснаццаць нам лет было, мы ішлі, паглядзеліся ў люстэрка на гарэ, а немцы ўжо кармілі коней. Мы яго з сабой неслі. Узялі ж у лесе і неслі. Ну, вядома, дзяўчаты. А люстэрка вялікае, — паглядзеліся… Падводчыкі потым казалі, што немцы бачылі, як мы на гары спыніліся і глядзеліся. Ну, дык мы і прышлі ў дзярэўню, а мая матка была дома. Яна кажа:
— Донька, уцякай, бо маладых забіраюць у падводы. Ну, ідзі, — кажа, — на Смуту. Не ў лес, а ў Смуту.
Ну, я і пашла. А там быў бацька. Мы пераначавалі там. Што ж, паўставалі, усе глядзяць. Кажуць:
— Хто ў Курыне дома, тых не займаюць. Ну, дык я кажу:
— Бацька, я пайду дадому, бо мацеры ж багата работы. Дык я ёй там што-небудзь памагу.
Пайшлі мы, нас шэсць чалавек пайшло. Мы прыходзім, у нас тут былі склады недалёка ад дзярэўні. Там стаіць ужо дзевяць немцаў, часавыя. Яны нас прапусцілі ў гэтую дзярэўню. Як мы ўжо ідом, дык мы бачым, што на свеце нідзе ўжо ні аднаго чалавека, акрамя немцаў, няма. Ішла жэншчына (яе потым спалілі, а сын яе інвалід і цяпер жыве), дык яны з яе знялі і галошы, наверна, шкада ім было, што ў яе былі гэтыя галошы на нагах. Ну, і яны ўжо вядуць нас у нашую кварціру. Мы прыходзім, і няма ўжо нікога-нікога. Я зайшла ў хату, дык віжу, што маці была ў хаце. Дык толькі вісіць яе хвартук на вешалцы.
— Недзе, — кажу, — людзей падзелі, бо іх няма.
А тады прыводзіць к нам пяць мужчын, нашых, курынскіх. Майго дзядзьку. Мы пытаем:
— Дзядзька, а дзе ж нашы мацеркі?
Ён кажа:
— Скора прыдуць.
Ён знаў усё, але ён нам не сказаў. Ну, а немцы аднаго старыка тут вельмі білі. Б'юць, б'юць, а ён сам быў з Хвойні, такі старэнькі дзядок, і з унучкаю. I паставяць яго ў куток, што малое дзіця. Старога гэтага.
А потым чэх[5] падышоў і кажа:
— Паненкі, яны вас паб'юць і папаляць. У іх, кажа, пастанова такая. Я б вас не біў.
Так нам кажа часавы. Дык мы заплакалі. Дык ён сабраўся і пайшоў. Пайшоў проста на дзярэўню. Ну, дык я кажу:
— Знаеце што, давайце будам уцякаць. Хай нас лепей паб'юць на ляту, як нам гэтае ўжо бачыць.
А яны, як ужо людзей палілі, — вывелі іх вон туды за гору, дзе вон гэты памятнік стаіць. А ў нас зачынілі аканіцы, у нашай той кварціры, каб мы не бачылі, а тады як загарэліся гэтыя людзі, дык ён прышоў:
— Ідзеце, кажа, ідзеце глядзеце, як гараць людзі. Гэта чэх быў.
Ага. Дык мы паглядзелі, заплакалі. Я кажу:
— Зачэм жа нам гэта яшчэ бачыць, як яны нас будуць жывых паліць, ды біць, ды яшчэ здзявацца будуць з нас. На ляту хай паб'юць.
Ну, і мы сталі ўцякаць… I нас уцякло шэсць чалавек. Толькі мой дзядзька, які нам гаварыў, што мацеркі прыдуць, ён ужо не змог уцячы… Сталі ўцякаць, і мы нікуды не ўцяклі, толькі два чалавекі забеглі на кладбішча, дык аднаго ранілі, а адну ўбілі на могілках і вяроўкай зацяглі ў агонь. А мы ўцяклі ўдваіх з гэтаю вот дзеўкаю. (Паказвае на немаладую сяброўку-суседку Любоў Мордус.) Ну, куды мы ўцяклі? Як сараяў у тыя гады было многа, — гэта цяпер у мяне толькі адзін сарай, а ў бацькі было чатыры, і клець, і стопка, і дзве хаты, — так такое ўжо было цеснае страенне, дык мы як выскачылі, па нас як сталі страляць!.. На хаце быў кулямёт. Пулі як ляцяць — дык яны ўдаль ляцяць, тут блізка ўжо не білі. Мы пакруціліся ўжо на гэтым на дварэ. Ды і за хлеў, ды і паселі. Адтуль хлеў, адтуль — суседні і наш. А адсюль такая куча гною. Немцы глядзелі і ў сене вілкамі шукалі. Бо яны зналі, што не ўсе. А мы за хлявом, як на смех, паселі. Уцякалі мы ў абед і даседзілі да ночы. Даседзілі, і ўсё адно ж нам ноччу няма ніяк уцякці. Крэпка месячная была ноч, і часавыя стаялі ля гэтых могілак — вот цераз тры шагі стаяў часавы. Мы выйшлі так вот із-за плота, паглядзелі: ну, мы ўцякці не ўцяком! А патаму што ў нас яшчэ не было і вопыту. Было б цяпер, дык мо б яшчэ, мо б паўз які хлеў, мо б далей прайшлі. А то мы сядзім. I я, мабыць, са спуду праспала ўсю ноч. Яна мяне будзіць. Кажа:
— Моця, не спі. А я кажу:
— Я не буду.
А як толькі скажу — і сплю. Наверна, са спуду. Ага, яшчэ ўвечары (яшчэ ж забыла!), увечары, калі сцямнела, прывялі расстрэльваць гэтых самых людзей, што ў хаце былі: мужчын, шэсць чалавек. Ну, і іх ужо стралялі, дык як выстрал дадуць, ну, дык мы сядзім, толькі так рукамі ўзялася за вочы. Гэта ж пуля, бывае, ляцецьме, бо іх расстрэльваюць у гэтым хляве, каля якога мы сядзім.