-->

Я з вогненнай вёскi...

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Я з вогненнай вёскi..., Брыль Янка-- . Жанр: Роман / Биографии и мемуары. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Я з вогненнай вёскi...
Название: Я з вогненнай вёскi...
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 686
Читать онлайн

Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн

Я з вогненнай вёскi... - читать бесплатно онлайн , автор Брыль Янка

Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.

 

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 95 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Ахрэм Бабовік узнаў — пайшоў у паліцыю і немцам данёс. А ўжо нашы прарвалі недзе каля Друці. Яшчэ фронт ішоў. А Ахрэм гаворыць:

— Вот гэты вазіў бандзітам есці. Ну, мяне ноччу забралі.

Пытанне: — У вас сям'я вялікая была?

— Чацвёра дзяцей і жана. I ўсіх нас забралі. Яшчэ з лесу людзей узялі: прачоска лесу была. Сталі расстрэльваць.

Мяне б'юць:

— Вядзі, дзе парцізаны! Вядзі, куды вы бандзітам есці вазілі!..

I Іван Мінавіч тут жа, і яго забралі. А вот яны мне гавораць:

— Завядзёш, будзеш жыць, не завядзёш — расстраляем!

Вот я іх на край поля прывёў, і няма мне куды круціцца… Я ім так і гавару. А ён б'ець мяне. А я ўсё не даваўся: як ён замахнецца, немец, дык я ўсё ўбок, убок. Усё роўна як як-небудзь — каторыя б'юцца… баксёр. А потым па затылку мне прыкладам як ударыў — я ўпаў.

Тут жа і сям'я мая ўмесце. Бяруць дзіцёнка — расстрэ льваюць.

— Вот завядзёш — гэтых не будзем страляць!..

А я знаю, што, як завяду, — больша чужой крыві нап'юся, чым маёй разальюць. Я не павёў. Пытанне: — I тут застрэлілі ваша дзіця?

— Тут аднаго рабёнка застрэлілі, другога застрэлілі, а трэцяга падводчыкі схавалі. Чацвёртага, то есць самага большага. Ён і сяйчас жыве ў Ленінградзе.

Пытанне: — А як яны яго — у воз схавалі?

— Не. Далі пугу, і пайшоў коні адварочваць. У баразне схаваўся. Яму так сказалі падводчыкі. Вот ён і астаўся жывы, і сягоння жывой. А тады і хазяйку расстралялі. А патом і мяне вялі страляць.

Ну, мяне вядуць расстрэльваць, а я думаю ўцеч. Што ж тут здзелаеш? Адзін двох вядзець. Падходжу я наперад — немец. Як білі нас, то ён стаяў, па-нямецку разгаварываў. Тады зайшоў наперад, ідзе напроціў нас і па-руску гаворыць:

— Вы не знаеце, может, куды вас вядуць? Вядуць расстрэльваць.

Пытанне: — Ён так гаворыць, каб не пачулі іншыя немцы?

— Не, немец ішоў, але ён жа па-рускі не панімае. I гэты надзеты ў нямецкае, і наган у яго. Тады па-нямецкі з немцамі гаварыў, а цяпер з намі па-рускі. Гэта не пераводчык — пераводчык астаўся, а ён, як нас тронулі, то ён наперад зайшоў, уродзе яму прысесці трэба было… I ён тады напроціў ідзець.

— Вас, — кажа, — вядуць расстрэльваць.

О-о-о, госпадзі! Сям'ю расстралялі, і мяне расстраляюць… Давай папробую ўцеч. Я так да краю вярну з гэтай сйешкі, каб у лес. А ён мне аўтаматам р-раз у плечы. А я… Гэта ў мяне патом, на фронце, рукі пабіты, а тады я яму як вурзну! — дык ён дагары, і яго аўтамат адляцеўся. Я верхам, за аўтамат — шарах! — яго застрэліў. Іван гэты, Мінавіч, у адну сторану пабег, а я ў другую. Пад мяне гранату другі падкінуў, ну, але граната мяне не тронула нісколькі…

Пытанне: — Дык вы ў яго яшчэ і з аўтамата стрэлілі?

— А як жа! Калі б я яго нё застрэліў, дык у яго ж наган быў. А другі немец, кажаце? Многа іх, немцаў, было. Але ў гэтым шуму… Я тры вайны праваяваўі ведаю, што ў шуму ніхто не знае нічога і не ведае. Яны пакуль агледзеліся… Гэта якіх-небудзь я быў метраў дзесяць ад немцаў адышоўся, недалёка, а гэта ж — шум!..

Ну вот, гэта мая ўся і гісторыя. Пытанне: — А потым вы куды, у партызаны пайшлі?

— Не. Мне зрабілася плоха. Плоха зрабілася. Ну, куды? Я ў Закуцце, у атрад. Гэта начальнік атрада быў знаком, дык я к яму. Іду, і здаецца — іграюць, пяюць… А нікога нідзе няма. Гэта ў мяне ў галаве. Расстроіўся. Да… I ён гаворыць мне:

— Знаеш што, вызаву я табе ўрача. Урач мне ўколы даваў і гаворыць:

— Ідзі ў ціхае месца.

Пабыў я ў ціхім месцы. А тады ўжо пры штабе і находзіўся. Я ў Лёшкі давер'е меў. Я забываю яго фамілію. Лёшкай завуць. Я яго так і называў. Ен у вашых гадах быў. I я там усё ўрэмя і находзіўся.

Пытанне: — У гаспадарчым узводзе?

— Не, як днявальны. Вобшчым, я яго ахраняў. Цела яго храніцель быў. Давераны.

Пытанне: — Тады, у сорак другім, Сушу[11] два разы палілі?

— He, першы раз партызаны не далі. Ведалі, што будуць Сушу паліць. Здзесь, як відзён лес, і на гарэ там — са станкавымі кулямётамі партызаны. Яны іх сільна многа перабілі, немцаў. Заяц, Бабовік па-вулічнаму, які вёў немцаў, стаў зваць іх: «Сюда!» — і рукой махаець, каб беглі ўслед за ім. Знае куды. Тут ён і радзіўся, толькі не здох тут…

Ну, гэта першы раз як ехалі. Другі раз ужо большай сілай… I ніхто ўжо не прыступіўся да іх. Пытанне: — I што яны тут натварылі?

— Ну піто, людзей перабілі. Два пасёлкі цалкам выбілі. Сем чалавек асталося, што дома не былі. «На сабранне! На сабранне! На сабранне!» — выгналі. Вот так пасёлак і во так пасёлак, а пасяродку на картаплянішчы і пабілі…»

* * *

Ходзіць па лесе чалавек. Штодня. Зімою і летам. Ляснік — такая служба, такі хлеб. Хапае і клопату, калі чалавек клапатлівы, хапае і адзіноты, часу для роздуму, для ўспамінаў. Тым больш калі яму ёсць што ўспомніць.

Ёсць што ўспомніць, над чым пасумаваць і чым парадавацца Аляксандру Заўэру, былому партызану, а цяпер лесніку ў тых самых родных мясцінах…

Аляксандр Карлавіч — латыш, адзін з тых латышоў, якіх на гераічнай і шматпакутнай Акцябршчыне пасля фашысцкага лютавання ў гады акупацыі засталося вельмі нямнога. У вёсках Перакалле, Булкава, Залессе.

«Калі мы, латышы, прыехалі сюды, — гаворыць Заўэр, — я не ведаю. Трэба ў старых людзей запытацца. Тут ёсць адзін, Фрыц Вінтарс, ён да вайны быў старшынёй наілага латышскага калгаса «Сарканайс араайс»[12], а цяпер ужо на пенсіі. Але і ён не раскажа, бо латышы прыехалі сюды даўно, відаць, больш за сто гадоў таму назад».

У тым самым Булкаве, дзе жыве Заўэр, мы наведалі і названага ім Вінтарса. Харошы дзед, моцны яшчэ, былы партызан, цяпер саўгасны пастух, руплівы і талковы чалавек, пра што можна меркаваць хоць бы па доміку яго, багатым з працы рук і чыстым ад любасці да культуры.

Не памятае Вінтарс, з якога часу тут загняздзіліся латышы, бяда іх прыгнала сюды ці мандат які перавёз. Не памятае, хоць і пажыў нямала і ад старых калісьці сёе-тое чуў. Ліпы абапал вуліцы такія самыя магутныя былі ўжо і тады, калі ён быў малы, а іх жа — гэта ён ведае добра — садзілі продкі-латышы.

Добры дом і ў Аляксандра Заўэра. Па-летняму ён быў пусты, засталі мы ў ім толькі гаспадаровага сына, лейтэнанта-адпускніка, што рыхтаваўся ў нейкую сваю дарогу. Юнак сказаў, што бацька ў лесе, але зараз павінен прыйсці.

Ляснік неўзабаве прыйшоў.

Латышскі тып моцнага, не вельмі гаваркога, нібы нават пахмурнага работніка. Добрая беларуская мова. I дзелавая прыязнасць.

Спачатку — проста скупы і сціплы салдацкі расказ:

«Мне ўжо шэсцьдзесят другі год. У вайну быў у партызанах.

Калі палілі наша Булкава, дык я якраз быў у Акцябры, у Смукаве, — там мы сядзелі ў засадзе. Гэта калі немцы наступалі на Акцябр. У канцы студзеня сорак чацвёртага года. Мы іх тады адбілі, яны ў той дзень не ўвайшлі ў Акцябр, а дзён праз два прыйшлі і ўсё-такі занялі.

Нашы сем'і тут пабілі. Прыгналі з лесу, сагналі ў два гумны і там іх папалілі. Вось тут у нас, у вёсцы. Там усіх маіх… У мяне было шэсць душ сям'і: жонка, цешча, цешчына сястра і трое дзяцей. Нікога не засталося… Застаўся толькі брат — быў у партызанах. Сястрычку злавілі ў лесе. Яна была ў смерцьлагеры, пад Азарычамі. Пасля яе выручылі.

Заняўшы тут, немцы былі ў нас месяцы са два. Людзей пабілі, а самі жылі ў вёсцы. Тут яны былі каля Залесся зрабілі сабе… так сказаць, убежышча, каб партызаны не падыходзілі. Але мы падышлі. У нас была якраз дэсантная група, мы прышлі і зноў іх разагналі. I з Залесся выгналі. Дэсантная група і нашы, партызанскія, дзве групы былі. Мы абстралялі іх, некалькі разоў прайшлі па вёсцы, і ім здалося, што нас тут — тысячы.

Назаўтра яны выбраліся адтуль у Акцябр. А потым мы іх з Акцябра выгналі, і яны паехалі ў Парычы…»

Далей — пра асабістае. Аднак такое, што пра яго павінны ведаць многія. Аляксандр Карлавіч і пра гэта расказаў вельмі скупа. У адказ на нашу цікавасць — калі мы пачалі здзіўляцца, што на сценах вялікай светлай хаты так многа павялічаных фотапартрэтаў спраўнай ды вясёлай моладзі.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 95 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название