Дрэва вечнасцi
Дрэва вечнасцi читать книгу онлайн
Творы, якія ўвайшлі ў першую кнігу з серыі «Бібліятэка школьніка», рэкамендаваны для вывучэння на ўроках пазакласнага чытання ў 9 класе.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так. Аб гэтым сведчылі чорныя рабочыя рукі (правядзі такімі па чымсьці — сто разоў зачэпяцца), што зараз адпачывалі на дзіўнай прыгажосці андаракоў, вытканых імі. Рукі, якія насілі сена з балотаў і палян і ўмелі рабіць яшчэ тысячы спраў. Рукі, што цяжка здабывалі свой «штодзённы».
На д'ябла былі ім патрэбныя мы. Іхнія песні плылі над вёскай да залатой завесы захаду. Плылі над гэтай сумнай, вячэрняй, нібы закінутай зямлёй. І песні гэтыя былі — дзіва. І казалі яны пра каханне, пра варанога коніка і дальнюю дарогу, пра здраду і рэўнасць, пра гэтыя дубы — пра ўсё, што было і давеку будзе на зямлі.
Стары выйшаў з хаты, як адноўлены. Твар свежы, трохі нават урачысты. Белая сарочка з хатняй палатніны багата вышываная. Паважна сеў побач з шафёрам і — перад бабамі — уладна сказаў:
— Паняй!
І тут адна гожая чарнявая маладзіца са снежнымі зубамі сказала:
— Ну вось. А я тут і жыццё-о пражыла-а, а дуба таго не бачыла-а.
Вочы смяяліся. Я запрасіў яе сесці з намі, і яна нават устала. Але астатнія схапілі яе, пачалі валтузіцца і крычаць ёй, што «няма чаго адной», што хлопец той, відаць па ўсім, «адарвірог», а нам — каб мы хутчэй рушылі. Сілком пасадзілі на бярвенні, утрымалі. Машына наша рванула і пакаціла.
Так і давялося мне задаволіцца пачэснай мянушкай «адарвірога», сесці на месца ды глядзець вакол.
«Казёл» наш праехаў трохі па дарозе і звярнуў налева. Стары расказваў нешта аб тым, колькі гэтаму дубу, якіх людзей і якія падзеі ён бачыў. Фігурыравалі там чамусьці шведы (і тут было зашмат шведаў!), царыца Кацярына, французы (зашмат французаў!) і ўласны дзедаў прадзед. Зрэдку ён перарываў свае цікавыя гістарычныя рэмінісцэнцыі, каб кінуць:
— Паняй-паняй!
...Гэта былі нізінныя месцы. Туман, як продкавы душы, слупамі стаяў над ямамі, поўнымі празрыстай вады. Удзень яна была, пэўна, колеру чырвонага дрэва. Цяпер — чорная як смоль. Трапляліся даўнія лесасекі, зарослыя дрэўцамі, маліннікам і кіпрэем. Белы туманец шматкамі поўз з нетраў. Было бязлюддзе. І цішыня. Залаты і шафранны захад шырокай паласой дагараў за ляснымі волатамі.
І тут наш «газік» выглядаў дзіка, як машына часу.
— Паняй-паняй!
Як глуха! Якая закінутая журба! Быццам і не было ні кіеўскіх князёў, ні Ванькі Крывавага, ні Пятрухі-Мучыцеля. Нібы толькі што пад гэты халодны небасхіл, пад першую крынічную зорку на ім, да залатога іканастаса захаду прыйшлі людзі — мы.
І зноў пушча. Зноў ствалы волатаў, а за імі гараць крылы соцень жар-птушак. Гараць і дымна згараюць у цішыні.
І раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат. Здавалася, метраў на сорак — пяцьдзесят — бо яго ні з чым вакол нельга было параўнаць — вышэйшы за ўсё на зямлі. Роўны амаль да самай верхавіны, гладкі, амаль як мармур, карою (так уяўлялася ўпрыцемку), без адзінай шышкі на ёй, без адзінага наросту ці галінкі, ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы.
Ён быў вечны і неўміручы. Ён, здавалася, павінен быў быць нязменны і канчатковы ў сваёй класічнай закончанасці. І, аднак, ён рос. Разумееце? Ён яшчэ рос.
Ён нарадзіўся ад жолуда нейкага такога самага волата, ад якога даўно не засталося і слядоў. Бацька ягоны жыў у часы Цэзара і Спартака, Хрыста і Нерона, Атылы і Катула. І вось аднойчы ён задумаўся аб неўміручасці і вечнасці і неспадзявана скінуў жолуд. А з жолуда прадзёўбнуў зямлю пяшчотны ружавата-жоўты парастак велічынёй з палову мізінца. Яго чакалі тысячы бедаў. На яго мог наступіць чалавек або алень. Тысячы дубовых малят гінуць вось так.
Але вось ён стаіць і яшчэ расце. А перад ім у маўчанні стаім мы. Неўміручая мозгам і справамі мятуліца-аднадзёнка. А ён стаіць. Галава ягоная ў небе. Падпірае крыштальную першую зорку. Расце.
Кіеў быў зусім малады. Полацак трохі старэйшы. Осла не было. Масквы не было. Ні Берліна, ні Ню-Ёрка, ні Рыгі — нічога гэтага яшчэ не было. Не было Францыі, а была толькі Франкская дзяржава. А ён ужо рос.
І наўрад ці быў намнога меншы, калі чалавек з вачыма хітруна і аматара пагуляць, з сэрцам, у якім жыла, аднак, гарачая любоў да сваёй беларускай зямлі, Крывашапка, стаяў пад ім і клікаў на паўстанне беларускіх сялян, сваіх братоў. Палалі вогнішчы. Полымя іхняе адбівалася на лёзах кос, на вострых іглах вілаў, у глыбокіх вачах, чырванела на кары Вечнага Дрэва. Яно скакала недзе высока ўверсе на ягоных галінах. А сярод людзей, магчыма, быў продак у дванаццатым калене нашага дзеда.
Не ведаю, ці адпавядае дрэву імя «цар-дуб». Назва «дуб Крывашапкі» адпавядае больш, хаця і яна не з лепшых. Усякае імя будзе вартым жалю перад гэтай велічнай, перад гэтай мудрай вечнасцю.
Ён быў сведкам усёй пісанай нашай гісторыі. Сведкам канца радавога строю, сведкам з'яўлення князей і ўвядзення хрысціянства, сведкам разгрому беларусамі татарскай навалы, сведкам паўстанняў семнаццатага стагоддзя і сведкам апошняй вайны.
Крый Божа стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім. Гэтага не павінна быць. Гэтага не будзе. Залог гэтага — мудрыя чалавечыя вочы, чорныя рукі і апошні водсвет захаду на вяршыні Дрэва Вечнасці.
І калі гэта не будзе, год трыста ён яшчэ прастаіць, здаровы, поўны сіл стары. А да таго часу ягоныя суседзі (і, напэўна, дзеці), трохі маладзейшыя за яго, стануць такія самыя, а тады, значыцца, і падаць можна.
У гэтай дуброве не павінна стукаць сякера. Уся з шасцісот-сямісотгадовых дубоў, яна павінна зрабіцца запаведнікам велічы, сведчаннем таго, што можа даць наша зямля.
Мы вярнуліся ў дзедаву хату і вячэралі там. Чысцюткія беленыя сцены, музейныя па хараству і майстэрству ручнікі, дзівосныя па прыгажосці посцілкі на сценах і ложках, стракатыя налаўнікі. Бялюткая печка з мноствам ніш, выступаў і прыступак была як гожая архітэктурная спаруда. Страшна было спаць пад гэтымі вясёлкавымі посцілкамі, на гэтых вышываных падушках, на беленькіх, хатняй палатніны, таксама расшытых па краях просцінах. Мы папрасіліся на сена, пасля ўпартай барацьбы атрымалі згоду і былі за сваю ўпартасць пакараныя.
У тую ноч, як казакоў і шляхту ў паходзе, нас моцна кусалі блохі. Я-то не адчуваў гэтага, але казалі сябры.
Уначы я прачнуўся, адчуваючы, што цалкам выспаўся пасля кароткага каменнага сну. Унізе шумна ўздыхала карова. Даносіўся сонны начны шум лесу. Рэдкімі ўздыхамі.
Я злез са стога, выйшаў на двор, сеў на пасечаную калоду і закурыў. Лес шумеў і шумеў. Мігцелі над галавою зоры. А думкі ўсё вярталіся да таго, што бачыў. Так, гэтай дубровы нельга пілаваць ні ў якім разе. Патрэбен закон. Ніякая выгада не заменіць тут вялікай духоўнай страты. Унікальныя дрэвы, якіх, пэўна, няма больш нідзе ў Эўропе. А ўжо ў такім масіве — напэўна няма. Іх трэба бараніць, прыводзіць сюды іншаземцаў, каб дзівіліся, прыводзіць сюды кожнае дзіця, каб бачыла і на ўсё жыццё пранікалася сыноўняй павагай да зямлі, якая дала жыццё яму і здолела нарадзіць гэткіх волатаў.
Пад раніцу я на хвіліну задрамаў. Здаецца, проста ўпала галава, а калі ўзняў яе — вось-вось павінна было ўзысці сонца, весела сінела неба, свежы подых паветра быў, як каханы пацалунак.
Разбудзіў мяне нейкі строкат. Сарокі ўлетку пазбягаюць вёсак, але ж тут сама вёска была амаль лесам. І вось нада мною сакатала сарока, весела паглядаючы на мяне бісерным вочкам. Вельмі смешная, бясхвостая сарока, подобная з гэтай прычыны на апалонік без ручкі.
І я засмяяўся і ўстаў насустрач усходу.
Пасля мы зноў паехалі да дуба. Здымаць, на жаль, было цяжка. У густой цяністай дуброве і пры сонцы стаяў паўзмрок. Зямля развяла вакол сотні курыльніц. Туманны дым поўз да верхавіны, нібы гэта язычнікі прыносілі тут ахвяры.