Падары нам дрэва
Падары нам дрэва читать книгу онлайн
Новая аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янкі Сіпакова — прыгодніцка-фантастычная. Яе галоўны герой нечакана трапляе ў нейкае іншае вымярэнне. Там і пачынаецца яго новае жыццё і прыгоды ў незвычайнай завушніцы, сярод мёртвых робатаў і, урэшце, на невядомай планеце, якая загінула ад экалагічнай катастрофы.
Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.
ЗМЕСТ:
Блуканні па іншасвеце
Пад нагамі ў мурашоў
Падары нам дрэва
Таля-малі
Жалезны Хаос
У Дурбудзіі
На Другім Паўшар'і
Іншае вымярэнне
Жыццё на завушніцы
Прытчы і метафары
Ледавік і Джунгляня
Кат
Утаймаванне ліфта
Труба
Вялікі і Мудры
Сад
Гара
На Маналы
Спатканне
Выратавальны круг
Тамагаўк
Усяго толькі прывітанне
Насуперак
З іхняга жыцця
Барацьба
Мастак: В. В. Дударанка
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Пасля пачалі лопацца і хаты — як семкі на агні. Развальваліся сцены, каціліся па кустах бёрны, сунулася ўніз усё, што яшчэ нядаўна было хатаю, і ўжо там, ля падножжа, гара павольна, не спяшаючыся, наступала на іх, падмінала пад сябе.
Гара ішла нетаропка, але настойліва і ўпарта. Здавалася нават, што яна коціцца па зямлі, як дарожны каток, і накрывае сабою ўсё на свеце.
Звяры, жывёлы ўцякалі ад гэтай гары — мусіць, гнаў іх звычайны інстынкт. Яны, збегшы ці скаціўшыся ўніз, спяшаліся як мага хутчэй адбегчыся адсюль — адчувалі, што тут затаілася вялікая небяспека.
Людзі ж за доўгі час наіўнай веры ў тое, што чалавек — валадар прыроды, мусіць, назусім страцілі гэты інстынкт. Яны нікуды не ўцякалі і нічога не рабілі, каб уратавацца, — проста стаялі і няўцямна глядзелі на ўсё, што адбываецца навокал.
Гара скідвала і іх, як дрэвы і хаты, уніз і гэтак жа раўнадушна, спакойна падмінала пад сябе: спачатку яшчэ відны былі то рука, то нага, а праз нейкае імгненне ўсё ўжо знікала пад гэтым няўмольным катком.
А яны, некалькі чалавек, усё ж паспелі разам з жывёламі адбегчыся ад гары. Дабеглі да недалёкай вёсачкі і спыніліся, каб агледзецца і прыдумаць, што рабіць далей.
Гара ж няўмольна набліжалася і да гэтай вёскі. Вось яна ўжо дайшла да крайніх хат. Ім было жудасна бачыць, як знікаюць пад ёю хаты і сады.
А людзі і тут не ратаваліся. Як хто араў у полі, так і астаўся з канём і плугам пад гэтаю глыбаю, хто стаяў з вёдрамі каля студні, так і астаўся стаяць там — яго і засыпала зямлёю. Нават здавалася, што людзі такія спакойныя і абыякавыя да свайго лёсу, што яны кімсьці загіпнатызаваныя альбо кіруюцца аднекуль збоку, — такімі ж раўнадушнымі перад сваёй смерцю могуць быць толькі ненармальныя людзі.
Яны ж, тыя, што ўцякалі, мусіць, былі нармальныя: бачылі ўсё, разумелі і хацелі неяк уратавацца!
Нармальныя беглі перад гарою і, азіраючыся, бачылі, як руйнуе ўсё перад сабою, як падмінае, прасуе ўсё, што сустракаецца на шляху, гэты вялікі-вялікі, нібы трамбавальны, каток.
Калі ён дакаціўся і да горада і з неймавернаю лёгкасцю пачаў трушчыць, як цацачныя, машыны, самалёты, цягнікі, высотныя дамы, Нармальныя зразумелі, што ад гэтай гары не ўцячэш, — усё роўна яны некалі стомяцца, здарожацца, упадуць, і яна зноў жа ці то абыякава, ці то з радасцю, што нарэшце дагнала, наступіць на іх і падамне пад сваё ненаеднае чэрава.
Хацелі неяк абысці гару. Але яна была дужа вялікаю, засланяла ўвесь небасхіл, да таго ж усё расла і расла, шырылася і шырылася, таму Нармальныя зразумелі, што зрабіць ім гэта не ўдасца: такую гару, як лёс, немагчыма абысці!
Ім заставалася толькі адно: павярнуцца тварам да гары і прыняць няроўны бой — паспрабаваць узлезці на вяршыню, прабегчы праз яе і спусціцца, саскочыць на зямлю на тым баку — ужо за ёю.
Сабраўшыся ў гурт — да іх далучылася яшчэ некалькі чалавек, жыхароў гэтага горада, — Нармальныя паспешліва пачалі радзіцца, як лепей узлезці на гару — яна няўмольна кацілася ўсё бліжэй і бліжэй.
Нехта сказаў, што трэба дабегчы да самага высокага небачоса і з яго, з салярыя, паспець ускараскацца на вяршыню.
І ўсе адразу, той жа час кінуліся шукаць высотнік. Горад быў забудаваны аднымі небачосамі, таму шукаць такога дома доўга не давялося.
Усе, хто рашыў ратавацца, кінуліся да ліфтаў, каб паспець выйсці на дах да таго, як падыдзе сюды гара. Людзі ж, што жылі ў гэтым і суседніх дамах, глядзелі на іх як на дзівакоў, круцілі пальцамі ля скроняў і займаліся, як заўсёды, сваімі звычайнымі клопатамі — яны і не думалі ўцякаць.
Нармальныя паспелі да падыходу гары падняцца і выйсці на дах, у салярый.
Напружанасць была вельмі вялікая. У людзей яшчэ аставалася крыху часу, і яны з нецярпеннем і страхам сачылі, як набліжаецца гара, прыглядаліся да яе, шукаючы, за што лепей зачапіцца, калі яна будзе зусім побач…
Калі гара сваім крутым бокам упёрлася ў небачос і той аж захістаўся, Нармальныя пачалі хапацца хто за што: хто за камень, хто за дрэва, хто за куст, хто за выступ.
Не ўсім пашанцавала — некаторыя адразу ж сарваліся і з жудасным крыкам паляцелі ўніз, але многім усё ж удалося зачапіцца, і яны паспешліва і спрытна — мусіць, страх даваў ім і сілу, і спрыт — пачалі караскацца на вяршыню.
Ім трэба было спяшацца — гара і напраўду круцілася, і таго хто не паспее ўзлезці, яна і зараз магла скінуць сабе пад ногі.
Яны спяшаліся, а гара, здаецца, спяшалася яшчэ болей — як усё роўна ёй было непрыемна, што нехта ўзлез на яе, і яна хацела як найхутчэй атрэсціся ад людзей.
Тое, што людзі, караскаючыся і зрываючыся, праходзілі, гара, круцячыся ў другі бок, зводзіла на нішто: Нармальныя ніяк не маглі адысціся ад краю прадоння. Сілы многіх пакідалі, і яны, не змогшы паспяшацца, бегчы хутчэй, ужо, здавалася, выратаваўшыся, ускараскаўшыся на вяршыню, зрываліся і падалі ў прадонне.
Неўзабаве на гары яны асталіся толькі ўдваіх — Ён і Яна. Відаць, мясцовыя людзі нешта ведалі, калі, бачачы, як Нармальныя хочуць уратавацца, глядзелі на іх, бы на дзівакоў.
І ўсё ж яны, мінуўшы самую высокую вяршыню, беглі наперад. Спыняцца не было як — гара, як толькі спынішся, верне цябе ў ранейшае становішча, і ўсё давядзецца пачынаць спачатку.
А гара і праўда круцілася як гіганцкі дарожны каток. Ім пачалі ўжо трапляцца ўпрасаваныя ў зямлю і каменне дрэвы, бярвенні, аўтамашыны, а то і людзі — то руку ўбачыш, то нагу.
Нармальныя задыхаліся, але ўсё ж не спыняючыся беглі і беглі наперад.
Дабраліся да краю, зірнулі ўніз і жахнуліся: з гэтага боку гара была такая ж абрывістая, як і з таго, адкуль яны прыбеглі.
Гара, якая невядома адкуль і невядома куды рухалася, зрэзала, знесла, як вялікі бульдозер, усё, што было перад ёю: вёскі і гарады, дрэвы і меншыя горы.
Цяпер там, за гарою, садзілі іншыя дрэвы.
Там ужо будавалі іншыя хаты.
Там узводзілі іншыя гарады.
Там цвілі іншыя кветкі.
Там жылі іншыя людзі.
Нармальныя з адчаем глядзелі ўніз і ніяк не маглі вырашыць, што рабіць. Разумелі: па такой стромай скале ў новае жыццё, канечне ж, не злезеш.
Жанчына, убачыўшы, што іх зноў ужо аднесла ад краю, замітусілася, загаласіла, хуценька кінулася наперад і, чапляючыся рукамі і нагамі за выступы, хапатліва пачала спускацца ў прадонне. Аднак гара не пускала яе туды: на колькі жанчына апусціцца ўніз, настолькі яна падыме яе зноў. Гара нібы выштурхоўвала Нармальную з прадоння!
Ён хацеў падаць жанчыне руку, але не паспеў дабегчы: пакуль стаяў, яго далекавата аднесла ад краю.
Як яна сарвалася, не бачыў. Пачуў толькі працяглы, бы выццё, крык і ўбачыў, як над прадоннем матлянуліся яе распушчаныя валасы.
Ён застаўся адзін. І ў яго яшчэ быў сякі-такі выбар.
Альбо ўслед за жанчынаю кінуцца да краю прадоння і, чапляючыся за дрэвы і камяні, паспрабаваць злезці, а правільней — проста разбіцца.
Альбо нікуды не бегчы, стаяць на адным месцы, і тады гара сама падкоціць яго да другога краю і скіне сабе пад ногі.
Быў і яшчэ адзін варыянт: ісці! Ад аднаго прадоння да другога. Не адыходзячыся ад аднаго і не даходзячы да другога. Проста ісці. Ісці вечна. Пакуль будзе каціцца гара.
Але — куды ісці?
І галоўнае — навошта?
Навошта?! А хоць бы для таго, каб жыць!
На Маналы
Хочаш ці не хочаш, але яму абавязкова трэба ехаць на Маналы. Усё ў ім — і душа, і цела — супраціўляецца гэтай паездцы, усё шукае хоць маленечкую зачэпку, каб не ехаць, каб астацца дома. Аднак…
Яшчэ ўчора ён пачуваўся зусім хворым, у яго балела горла, была высокая тэмпература, і ён на гэта меў ціхую, прытоеную надзею — ніхто яго, хворага, нікуды не пашле.
Але сёння, колькі ні тыцкаў тэрмометр пад паху, той, нібыта сапсаваўшыся, быццам назло настойліва паказваў адно і тое ж: трыццаць шэсць і шэсць. Не паверыўшы яму, знайшоў новы тэрмометр, аднак і гэты быццам зашкаліла, быццам у ім загусла ртуць: трыццаць шэсць і шэсць!
Нічога не паробіш — трэба збірацца.