Выбраныя творы
Выбраныя творы читать книгу онлайн
У аднатомнік класіка беларускай літаратуры, выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага ўвайшлі самыя значныя яго творы — раманы, аповесці, апавяданні, узоры публіцыстыкі і (у поўным, без скарачэнняў, выглядзе) дзённік, які вёў пісьменнік у канцы жыцця. Чытач яшчэ раз зможа наталіцца прыгажосцю мастацкага слова Кузьмы Чорнага, крынічнай чысцінёй мовы роднай яму Случчыны. Гэта — адзінаццаты том «Беларускага кнігазбору».
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Яна змоўкла і паглядзела на яго, быццам думала, ці варта было гэтаму незнаёмаму даверыць сваю душу.
— А калі вам прыйдзецца тут начаваць, дык дзе, калі ваша хата такая дрэнная?
— У суседа. Мы з ім добра жылі.
Яна, гэтая адкрытая душа, шпарка пайшла, а ён назіркам, як баючыся, рушыў за ёю зводдалеку. Чуб хвойнага лесу быў перад імі. Унь дзве хаты. Адна ледзьве ліпіць яшчэ, і страха на ёй упала. Ужо без вокан яна. Побач яе здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. У яе адразу і пайшла дзяўчына. Ён жа, калоцячыся разам са сваім сэрцам, спыніўся перад старой хатай і зводдалеку бачыў, што ў ёй сцены патрухлелі і пагнілі, і стаяць мокрыя і цвілыя. Ён бачыў праз аконную дзіру нават тыя цвікі, якія калісьці ўбіваў у сцены. А гэтая, новая, здаровая, з кругляка хата, куды пайшла дзяўчына! Ён жа ведае хто гэта, толькі сам сабе баіцца прызнацца. Гэта яго хата! Гэта ён яе ставіў. І гэта з яе яго выгналі. А гэтая старая! Унь тое месца, дзе ляжаў Паліводскі. Там тады стаяў ложак. З гэтай хаты ён і сястру яшчэ замуж аддаваў. І адзін жыў у ёй. Ён стаяў і душыўся мінулым, якое адарвалася ад яго з часткаю душы і нават вялікі доктар — час — не загаіў гэтую рану ў душы. Ён ужо ведаў, як назваць тое, што лягло на яго жыццё. Але ён маўчаў і стаяў. «Дык яны тут жылі аж пакуль ужо нельга было! Ці даходзілі сюды яго пісьмы? Тады, калі ён жыў у новых прасторных сценах, гэтая трухліна гатова была ўпасці на іх. Можа ён вельмі мала стараўся, каб выратаваць іх адгэтуль! А ці не вінават ён перад худзенькім хлопчыкам Тамашом і перад маткаю сваіх дзяцей, і перад Лізаветаю?!» Голас пратэсту перад самім сабою ўзняў ён у сабе: «Не! Я ішоў у гром і невядомасць!» «Але ж я жыў гэтулькі год у мілай мне працы, і жыццё гэтае само па сабе льга назваць шчасцем, каб не смутак мой. А ці хоць раз падумаў я, каб ісці сюды да іх і ратаваць іх?» Раптам у яго пахаладзела ў вушах: «Чаму ж я не запытаў у гэтай дзяўчыны — а ці хоць адно пісьмо прыйшло было да іх ад іх бацькі?» «Але я яшчэ ўбачу яе, да вечара я дапільную яе тут, а заўтра зранку пайду гаварыць з ёю». Адразу цяпер ён не мог ісці ў сваю, новую, некалі пастаўленую ім хату, ён баяўся свайго смутку. Да вечара ён праседзеў пад ігрушаю на лаўцы, у двары старой хаты, і пільнаваў яе. Але яна з нова� хаты не выходзіла. Як пачало змяркацца, ён увайшоў у старую хату і лёг на голы тапчан. Парыў ветру ўвагнаў у хату на яго праз аконную дзіру віхор жоўтага лісця з ігрушы. Ён накрыў галаву торбаю ад хлеба, стараючыся заснуць. Цішыні не было! Нешта шастала па сценах і патрэсквала ў столі. А пасля яму здалося, што нешта шарганулася аб яго. Ён падняўся і стаў з шчаслівай думкай: «Не канешне мучыць сябе ляжбой, можна стаяць і сядзець». Свяціў месяц. Ноч была глыбокая. Праз дзіркі і шчыліны ў сценах лілося ў гэтую гнілую пустэльню месячнае святло, а па сценах нешта невядомае ўсё шастала. «Каб хоць хутчэй дзень». З нейкай надзеяй ён выйшаў на двор і зноў сеў на лаўку пад ігрушаю. За ноч з яе апала ўжо апошняе лісцё. Месяц быў якраз у яе чорным голлі. А да дня яшчэ было вельмі далёка. Ён цясней зашпіліўся ў сваёй суконнай жакетцы і лёг на лаўку. Холад не даў яму спаць. З поля цягло роўным шумам. Узняўся вецер. Месяц стаяў нізка. Сымон Ракуцька спаць не хацеў. Седзячы на лаўцы, прычакаў ён дня і больш у старую хату не заходзіў. Як адважыўшыся на вялікі подзвіг, ён закінуў сваю торбу за плечы і пайшоў у суседнюю хату. Там яна была адна, сядзела за сталом і пісала. Як прыгавораны да кары, ён стаў у парозе і сказаў:
— Добры дзень у хату. — Ён нават і не чуў, што яна адказала яму. Ён не мог адарваць вачэй ад акеннай шуфляды. Калі ён устаўляў яе, быў такі самы хмурны дзень позняй восені.
— Гэта я з вамі ўчора гаварыў на дарозе, калі вы сядзелі на камені.
— Я пазнала вас.
— Ну што, няма брата?
— Няма. Я пакіну яму тут гэтае пісьмо. Чакаць яго — мне няма як.
— Што вы яму пішаце?
— Вам хочацца ведаць?
Нават і без здзіўлення яна глядзела на яго, і вочы яе былі такія добрыя, і здавалася, яна абяцае праз іх шчырасць усяму свету.
— Пачытайце мне, што вы яму напісалі.
Яна нават не здзівілася: што гэта за дзіва такое з гэтым чалавекам.
— Калі вам хочацца, я прачытаю. Але я дапішу раней.
Ён сеў на лаву і чакаў, пакуль яна скончыць пісаць. Сочачы за кожным яе рухам, ён час ад часу падаваў голас:
— А ці ведаеце вы, што гэта ваш бацька ставіў гэтую хату?
Не адрываючыся ад пісьма, яна адказала: — Ведаю. Маці мне расказвала ўсё.
— Дык вы пра свайго бацьку ведаеце?
— А як жа! Але нашто вам усё гэта? Хто вы такі?
— Як нашто! Бо вашага бацьку я ведаў так, як ён сам сябе ведаў.
— Мой бацька быў слаўны чалавек, з душой і сэрцам. У яго былі залатыя рукі і разумная галава. І добрае сэрца.
— А дзе ваш бацька цяпер?
— Мы заўсёды ведалі, дзе ён.
— Як жа вы ведалі?
— Ужо вельмі даўно ад яго прыйшло было пісьмо з яго адрасам.
Ён адчуваў, як сэрца распірае яму грудзі, але ён не мог так пайсці адразу. Ён хацеў усё высветліць.
— А пра графа Паліводскага вы што-небудзь чулі?
— Мой бацька выратаваў яго ад смерці… Я яго сама бачыла.
— Паліводскага? Як? Калі?
— Незадоўга да вайны. Ён сам быў у нас, калі жылі ў старой хаце.
— Ён вам якое-небудзь зло зрабіў?
— Гэты стары гад два дні і адну ноч не выходзіў ад нас і мучыў нас дамаганнямі, каб мы аддалі яму нейкае золата, якое нібыта наш бацька ўзяў у яго, калі паднімаў раненага на дарозе. Ён прасіў, пасля крычаў, пасля рамянём пасадзіў маме крывавы знак цераз твар. Пасля сунуў мне ў рукі свой адрас, калі мы адумаемся і захочам аддаць яму яго дабро. Ён служыў на нямецкай граніцы. Нарэшце ён казаў, каб аддалі хоць палову, а палова нам… Але мне трэба пісьмо дапісаць. — Яна пісала, а ён стаў на ўвесь рост у парозе і душыўся смуткам, гледзячы на яе. Гэта яна. Нязнаны ім чалавек. Без яго яна вырасла. Ён ні разу не меў шчасця трымаць яе на руках і гаварыць з ёю малою і падоўгу глядзець на яе дзіцячую ўсмешку. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маленства.
— Вы казалі, каб я пачытала вам. Я ўжо напісала. «Дарагі братка Тамаш. Мы табе пісалі, што прымушаны былі выехаць з роднага кутка, але пачалася вайна, і пісьмо наша магло да цябе не дайсці. Дык шукай нас у мястэчку Сталецці на Навагрудчыне. А таксама напамінаю табе, калі ты згубіў адрас, што ў Гомельскай вобласці, за Бабруйскам, жыве наш бацька. Граніцы ўжо больш няма…» Ногі ў Сымона Ракуцькі падгіналіся. Ён сеў на лаву. Яна яшчэ ўгнулася над пісьмом, штосьці ў ім дапісваючы. Ён ціхом падняўся і знік з хаты. Не прыпыняючыся нідзе, ён дайшоў да таго самага паўстанка і сеў у поезд. На другія суткі ён ужо ішоў пешкам цяперашнімі сваімі месцамі. Ён радаваўся, што з кожным крокам падыходзіць да гэтай, ужо трэцяй на яго веку хаты. Можа цяпер тут ён знойдзе спакой душы. Было вельмі рана. І цёплае стаяла надвор’е. Было ясна. На хвіліну магло здацца, што гэта ўлетку пасля дажджу. Ён ішоў сцежкаю паўз дарогу, краем сухога тарфяніку, па той бок якога сугліністы ўзгорак трымаў на сабе край неба. Пыльныя кусты шыпшыны, быльніку і піжмы бачыў ён, і думка яго спынілася на тым, што ў карэннях піжмы, пад тым кустом, жывуць мурашкі. Там яшчэ ўлетку чабор цвіў, і над ім кусцілася жоўтае зелле святога Яна. Куп’істы тарфянік быў увесь мокры, на шчыльна збітай у мяккі дыван нізкарослай траве на ім блішчэлі пад сонцам кроплі чыстай вады, як раса ўлетку. Вятрак махаў крыллямі дзесьці за балотам, над рачулкай стаялі голыя вербы, адна была рудога колеру, другая жоўтага, трэцяя сіняватага, чацвёртая чырванаватага. І гэтая каляровасць дрэў дапаўняла вялікае багацце і мноства ўсяго, што было ў чалавека перад вачыма. Дрэвы стаялі скрозь, іх было многа. Многа лётала і сядзела ўсюды гатовых спаткаць зіму птушак, многа было колераў і фарбаў, многа было і прастору, і неба, і вады, і ласкавай цішыні. Брама яго дома была зачынена. Брамка збоку крыху прыадчынена. Ён увайшоў у двор. Усё было на месцы і ў парадку. Ён прайшоў праз увесь двор і агарод, і сад і назад вярнуўся. Густая сям’я дрэў, ім пасаджаных, расла ў кутку агарода пад загараддзю з жэрдак. Там былі бяроза, ліпа, клён, каштан, вяз і таполя. Улетку і ў раннюю восень тут заўсёды шумеў вецер у лісці, і па ўдзірванелай пад дрэвамі зямлі густа і высока расла трава і красавала мятліца. Там была і лаўка, дзе ён, бывала, праз колькі год, аддаваўся сваім думкам. Ён зірнуў у гэтае месца, дзе якой-небудзь ураўнаважанай душы век льга было б мець шчасце ад ціхай адзіноты, і сумеўся. Ён аж уздрыгануўся: з яго, і, можа, ужо доўгі час, не сыходзіў чалавечы позірк. Там на лаўцы сядзела жанчына. Постаць яе была нерухомая, і вочы не сыходзілі з яго. Хоць яна і не была ўжо такая, як калісьці, хоць гэта была ўжо старая жанчына, але ён з першага ж позірку пазнаў яе. І дыхаць яму стала цяжка. Гэта яна! Такая! Без яго такая стала! Як бы страціла яна ранейшы рух сваіх вачэй. І ён з’іначыўся без яе. Ужо і старасць не вельмі далёка стаіць за плячыма. І ў яе таксама. Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яго яе маладосць, і яе самую ўкраў. І яго маладосць украў. А ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён і жорсткі, гэты страшны злодзей. І ніякая кара нідзе і ніколі не спасцігне яго. Гэта ён бесперапынна вісеў над яго душою, як стопудовы камень! Пракляцце яму, гэтаму страшнаму злодзею! І прэч ад чалавека гэтую калоду пасярод двара, і гэтую лаўку пад дрэвамі, якія шумам сваім так заўсёды ўціхамірвалі душу! Сказаць дзецям… (але дзе ж тыя дзеці, іх жа ўкраў вялікі злодзей), сказаць усім і самому сабе: ні моманту спакою! Усе на пошукі вялікага злодзея! Знайсці яго і выясніць дакладна, хто ж ён такі?! І зняць з яго галаву і паказаць усяму свету: глядзіце, і ганаровае месца мне! Я абезгаловіў страшнага злодзея! Я больш не вечны выгнанец з свайго месца. Я на сваім месцы, і страшны злодзей больш не будзе мяне абкрадаць! «Што ж перш за ўсё сказаць ёй такое, чым узрадаваць яе? Ага, я пакажу ёй усё, што я запасіў дзецям. Я чакаў іх, я думаў пра іх! Вісяць жа поўныя вешалы ботаў і сукенак, вопратак простых і ўбёраў святочных!»