-->

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Историческая проза / Исторические приключения. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Название: Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 188
Читать онлайн

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега читать книгу онлайн

Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 56 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Юдыцкага перасмыкнула, як паляўнічага пры ўсведамленні, што набоі ў ружжы скончыліся, а мядзьведзь дакладна ведае, каго валіць.

— Пан Герман Ватман! Верны хорт Багінскіх!

— Пан Юдыцкі! Верны хорт Радзівілаў!

Паны ашчэрыліся, удаючы прывітальныя ўсмешкі. Ясна было, што біцца яны не будуць, не маючы адмысловага загаду гаспадароў. У магнатаў, вядома, свае рахубы: то згаворваюцца, то варагуюць, то зноў разам дамагаюцца нейкае справы, а потым нацкоўваюць адно на аднаго сваіх кляўрэтаў. Ватман акінуў цёмным позіркам двух злачынцаў, узятых пад варту.

— Багаты ўлоў, Юдыцкі!

— Справа тычыцца вядзьмарства, Ватман. Не лезь.

— Была ахвота.

— А твой гаспадар усё каралю не наважваецца дулю паказаць?

— Мой гаспадар пра сваю прысягу памятае. А твой усё з русалкамі селядцоў нараджае? — адрэзаў Ватман, нагадваючы пра адну з вядомых баек, што любіў расказваць пра сябе ўладальнік Нясвіжу Караль Радзівіл Пане Каханку.

— Затое нікому азадак не ліжа. Ні расейцам, ні саксонцам, — не паступіўся суддзя.

Судовы «кручок» Юдыцкі і ландскнехт Ватман з’ядалі адзін аднаго вачмі, запанавала такая ціша, што чуваць было, як дзумкае апошняя восеньская муха. Нарэшце Ватман скрывіў рот.

— Не згубі парык па дарозе, суддзя!

Развярнуўся і падняўся наверх, ад чаго не толькі Юдыцкі, але й жаўнеры з віжом не стрымалі ўздыху палёгкі. З драўляных прыступак ад кожнага кроку сыпаўся пыл. Зверху апякун ваевадзянкі яшчэ раз азірнуўся, Пранцысю падалося, што на гэтым іх знаёмства не скончыцца.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК НЕ ДАЕХАЛІ ДА РАДЗІВІЛАЎ НА БУЛЁН

«Пуць кароценькі. Салодка дзерава к горкаму не прыстане, к чалавеку пуць не прыстане…» — прыгаворвала калісьці старая Агата, Пранцішава нянька, калі выпраўляла маладога гаспадара ў далёкую дарогу.

Нічога добрага ў тае дарозе людзі паспалітыя земляў тутэйшых не бачылі. Усё, што патрэбнае самавітаму гаспадару, маецца і тут, вунь ад таго балота да таго гая… А далей — іншасвет, нават з вёскі за лесам дзеўку ўзяць — век чужаніцай пражыве, выглядзяць суседзі ў небаракі не тыя звычаі: не тая хада, не так юшку варыць… І ўжо зусім прапашчы чалавек, што ад уласнае хаты сам цягнецца ў дарогу, як старац альбо пагарэлец… Гэна ж толькі ў роднай хацінцы дух агменю Сопуха жыве, перад якім належыць крыжам класціся… Думаеш — каханачка, ажно — печка-гліняначка, а ў чужой хаце і жывая ды гарачая кабета не сагрэе.

І калі ўжо беларусін спакусіўся ды пацягнуўся ў дарогу, і спыну яму нямашака, дык чаго дзівіцца, што шлях ягоны адны зайцы перабягаць будуць, ды самотны восеньскі дождж у калюгах скакаць перад ім стане?

У карэце для перавозкі асабліва важных і радавітых злачынцаў было цесна, як у клетцы для курэй. Замкнёныя на вялізны замок краты, якія аддзялялі месца для вязняў ад месца для іх турэмшчыкаў, гэтае падабенства ўзмацнялі, і Пранціш ведаў, што лёс яго і ягонага слугі не надта адрозніваецца ад лёсу спамянутых хатніх птушак… Адна надзея — шляхецкае становішча Пранціша не дазволіць ціха зрабіць з арыштаваных накрыпку для пірагоў, бо шляхціца можа судзіць толькі шляхецкі суд, і законы для яго асаблівыя… Не дарэмна ж іх з лекарам не пагрузілі на калёсы, не пагналі, беражы, Прасвятая Багародзіца, пешкі, а пасадзілі ў гэтую карэту… Калі што, дык не бізуны і турма шляхціца чакаюць, а заключэнне ў вежу. Найбольш цяпер вярэдзіла Пранцыся — каб зноў не пачалі абшукваць. Дукатаў, вядома, шкада… А калі знойдуць ліст ваевадзянкі? Вырвіч паспеў перахаваць яго разам з дукатамі ў бот… Шкада будзе, калі забяруць і нататнік Вараняці — праўда, лекар таксама не першы год на свеце жыве, мусіў таксама кудысь сунуць падазроныя паперы…

А праз краты на вокнах карэты, як на злосць, свяціла ласкавае сонейка — нібыта старая дзеўка восень яшчэ спадзявалася залучыць бліскучымі фальшывымі ўсмешкамі залётнага жаніха… Нехта з жаўнераў, што ехалі конна абапал карэты, завёў жартоўную песню з даволі сумным для палоннікаў сэнсам:

Ехаў мазур да млына,
Ехаў мазур,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Да млына.
Здохла ў яго кабыла,
Здохла ў яго,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Кабыла.
Як стаў мазур дзялiцi,
Як стаў мазур,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Дзялiцi.
Са скуры будзе ёй шуба,
Са скуры будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй шуба.
З грыўкi будзе ёй каўнер.
З грыўкi будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй каўнер.

Пранцысь проста ўвачавідкі ўявіў, як з яго ды Лёдніка лупяць скуру… У засценках Гераніма Радзівіла як ёсць разбяруць на частачкі абодвух, не паглядзяць, хто якога звання… Простых ворагаў князь загадваў зашываць у мядзвежыя скуры ды сабакамі цкаваць. Але й паддобрывацца да яго небяспечна. Адзін слуга дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне — заўсёды быць на вачах у гаспадара… Дык той загадаў яго павесіць пад сваім вакном — каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутваўшыся… Нават звар’яцелы брат Гераніма Марцін, над якім Гераніму апякунства даверылі, зараз сядзіць у Слуцкім замку, кажуць, на хлебе ды вадзе.

— З хвоста будзе ёй каса,
З хвоста будзе,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Ёй каса.

Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.

— З вочак будуць гузiчкi,
З вочак будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Гузiчкi.
З зубоў будуць пацеркi,
З зубоў будуць,
Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,
Пацеркi, — з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.

Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма — суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта суддзі снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулея дымар:

— Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?

Юдыцкі абурана цыкнуў скрозь зубы, як на надакучлівае кацяня.

— Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!

Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо.

— І праўда, маўчаў бы ты… — і ветліва звярнуўся да суддзі. — Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацку дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 56 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название