Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега
Авантуры Пранцiша Вырвiча, шкаляра i шпега читать книгу онлайн
У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Але пан у чорным сурдуце, які, як высветлілася, быў сумнавядомым суддзёй Юдыцкім, якому Радзівілы даручалі самыя брудныя справы, быў непахісны, што азначала, што ён спадзяецца атрымаць куды болей у іншым месцы, чым ад недавучанага шкаляра ды бадзяжнага лекара. Пан драпежна ўгледзеўся ў твар Лёдніка.
— Кампенсацыі тут малавата… Такое багамерзкае аблічча не забудзешся. Цябе, даражэнькі, дзесяць год таму я бачыў у Чарнаўчыцах пры двары няшчаснага князя Марціна Радзівіла, сярод іншых чарнакніжнікаў, якія яго з розуму звялі д’ябальскімі штукарствамі. А яго княжаская мосць пан Геранім Радзівіл гэтых ведзьмакоў загадаў лавіць ды ў вязніцу да яго везці.
Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага — усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных — таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.
— Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, — змрочна прагаварыў Лёднік. — У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.
Юдыцкі толькі пакрывіўся.
— Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!
Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма — гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо — адзін з жаўнераў нават мімаволі — спрацаваў інстынкт старога воя — перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.
— А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?
— А табе нашто? — Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. — Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.
— Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! — ўгодліва падказаў віж. — Страшной сілы вядзьмарка!
— Што за блёкат! — на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы — так усхадзіўся. — Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…
— Ты пра сябе думай! — абсёк яго Юдыцкі. — Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! — жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…
Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.
— Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.
Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым — кулём — назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.
— Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў — вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!
Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам — і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.
Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.
— Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…
— Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! — узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. — Я — лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам — я казаў — мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!
— Лекар — мая маёмасць! — не здаваўся Пранцысь. — Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар — толькі ў маёй уладзе!
— Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, — Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. — Але будзем шчырымі — пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?
— Колькі меў пры сабе! — цалкам праўдзіва адказаў Пранціш. Суддзя расцягнуў бледныя вусны ва ўсмешцы.
— Вялікая, пэўне, сума… Дык вось, зробім усё паводле закону. Я заплачу пану за ягонага слугу дваццаць дукатаў, і ён пазбавіцца гэткага небяспечнага суседства і можа сам быць абсалютна вольны.
Прапанова, аб якой Пранціш учора толькі марыў. Але цяпер выкрыкнуў з усяе моцы:
— Мой слуга не прадаецца!
Твар суддзі пайшоў плямамі.
— Тады пан Вырвіч адправіцца разам з намі і будзе адказваць за ўдзел у ведзьмакоўскіх рытуалах!
Лёднік ірвануўся з рук жаўнераў, спальваючы вачыма свайго гаспадара.
— Табе езуіты хоць трохі клёку пакінулі, хлопча, ці ўсё розгамі выкалацілі? Згаджайся на прапанову суддзі!
— Не! — зацяўся Пранціш, у чарговы раз пашкадаваўшы, што не мае шаблі. — Доктара не прадам! Ён нічога кепскага не зрабіў!
Юдыцкі расцягнуў вусны ў брыдкай усмешцы.
— Тады паехалі ў Слуцак!
Раптам Лёднік затросся ад нейкага дзіўнага смеху, жаўнеры, што трымалі яго, ажно перазірнулся — ці не звар’яцеў? А той прагаварыў:
— Падобна, я не толькі сабе няшчасці прыношу, але і ўсім, хто са мной звяжацца… Прапаную скарыстаць мяне ў якасці бясхібнай зброі! Перадайце мяне, пан Юдыцкі, свайму найгоршаму ворагу.
Пранціш таксама хіхікнуў, а Юдыцкі пачырванеў ад злосці, што адразу заўважылі ягоныя жаўнеры, і паспяшаліся ўзнагародзіць нахабнага чарнакніжніка за гнеў начальніка кухталямі.
Вырвіч ганарліва ўскінуў галаву, паправіў шапку з аблезлым, але гарнастаевым, футрам… Усё роўна ва ўласную хуткую пагібель ён не верыў, як не можа паверыць маладая плотка ў тое, што недзе на свеце ёсць месца, дзе няма вады. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў. Пранцысь павярнуўся і пабачыў здаровага, як мядзведзь, чалавека з дзіўна белымі валасамі, брывамі і вейкамі, ад чаго ягоны ружовы твар, спаласаваны шнарамі, з перабітым носам, здаваўся ненатуральна вялізным, як надзьмутым. Вочы пана былі таксама светлыя, бялёса-блакітныя, але час ад часу выяўляліся цёмнымі, пачварна барвовымі і бяздоннымі. На незнаёмцу красаваліся дарагі камзол са срэбнымі галунамі, чорны капялюш з высокім верхам і батфорты, похвы ягонай шаблі-серпанціны пры левым боку блішчэлі каштоўнымі камянямі… Такія асабліва выгінастыя шаблі турэцкай работы выбіраліся толькі для смяротных двубояў. І хацелася быць як мага далей ад гэтага воя, які, падобна, можа раздушыць, як казюрку, нават за недастаткова пакорлівы пагляд. Уяўляліся навокал стрэлы гарматаў, уланы, што лятуць у атаку, ды ашклянелыя вочы забітых жаўнераў, якія ўглядаюцца ў неба з запозненым пытаннем: «Ці варта яно таго было?»… Пранцысь адразу скеміў, што звераватага аблічча пан ніхто іншы, як Герман Ватман, спадарожнік ваевадзянкі.