Прабачаць дурню. I даруюць кату.
Ахвяры злічаць. Пабудуюць храм.
Ды не даруюць мне. Суседу. Брату.
За тыя сны, якія сняцца нам.
За казкі, што страшней за сны. За яву -
Жудзейшую за казкі і за сны.
Сусед і брат не ведаюць віны.
Нібы не мы, нібыта не яны -
Народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву.
Аддаў загад - і выканаў загад.
Сам капітан. Сам пры сабе салдат.
Сам - строй. I сцяганосец сам. I сцяг.
Сам - левы фланг і цэнтр, і правы фланг.
Сам спераду і ззаду - за сабой
Правёў свой строй скрозь барабанны бой.
Адны - памер і рост. Адна вага.
Сам - і ланцуг, і звенні ланцуга.
Сам, як усе,
I ўсе, як сам, як ён...
Сам суд сабе i сам сабе закон,
Сам над сабой, салдатам, капiтан
I барабаншчык сам, i барабан,
Сам авангард i сам глыбокi тыл,
Сам - боты i на ботах прах i пыл…
Пільнаваў і карпеў.
Даслужыўся-такі:
Партупеяй рыпеў.
Пасылаў "варанкі".
Як па ўсіх - па яго "чорны воран".
I пачуў ён прысуд, што вораг.
На праклённай зямлі Калымы,
За рыпучай сцяной барака
Быў глухі ён, сляпы, нямы -
Верны Сталіну, як сабака
Непадсуднаму гаспадару...
"Прызаві, правадыр, памру!
Вораг -
ворагу твайму горла
Хоць цынгою
перагрызу!.."
Словы ў песні: "арол наш горны" -
Друг зыначыў: "казёл наш горны..."
Ён крутнуў
пралетарскія
жорны -
I пазногцем правёў па лязу.
Адмялі дваццаць дзве зімы,
Дваццаць два адбылі гады.
На прамерзлай зямлі Калымы
Плакаў ён, да партрэта прыпаўшы...
Адпусцілі яго, сказаўшы:
"Вінаваты ва ўсім жыды".
Не шукаў ні сям'і, ні хаты.
Зноў служыў, пільнаваў, карпеў.
Нескарона пёркам рыпеў.
"Рып> ды "рып". Але тут дваццаты
З'езд - і выйшла, што вінаваты
Скрозь адзін правадыр...
"Вар'яты! -
Ён рашыў.- Болей веры няма".
Стала сніцца яму Калыма.
Ён служыў. Пільнаваў. Карпеў.
Пад пярынаю снег рыпеў.
Слова кожнае, кожны рух.
Стаў адчай спавіваць, як спрут.
I аднойчы з'явіўся друг,
Над якім ён звяршыў самасуд.
Ён уцяміць ніяк не мог:
Ці наяве яно, ці ў сне?..
На пярыну друг побач лёг,
На рыпучы калымскі снег.
Як калісьці, адзін адным
Прыхаваныя ад завей,
Абняліся яны,-
затым
Друг падняўся на Маўзалей
I народ
прывітаў кіўком...
Заняло ад крамолы дух!
"Ты арол наш..." - пракаркаў друг
Перарэзаным гарляком.
Ён не помніў, ці зведаў страх.
Апрытомнеў - на снезе кроў.
На партрэтах у двух кутах
Двое новых правадыроў.
Ён падумаў: "А што было?..".
Сплюшчыў вочы да чарнаты.
Павуцінне перавіло
Незанятыя два куты.