З кім толькі
ні параўноўвалі Эўропу,
дзяўчынку-каўбоя,
што ўседзела на бычынай сьпіне
максымальна доўга,
аж да самага канца радэа.
Я неяк назваў яе пясочніцаю,
куды не пускаюць беларускіх дзетак
іх нацыянальна непрасунутыя бацькі.
Сёй-той абразіўся параўнаньнем,
хоць, мяркую,
каўбоям і матадорам спадабалася б.
Але я тады думаў
не пра пясочную арэну
палітычнай карыды,
а пра досыць нявінныя дзіцячыя забавы
з саўком
(я пра маленькую рыдлёўку),
плястмасавым самазвалам
ды алавянымі жаўнерыкамі,
калі кожны з нас быў генэралам,
які толькі пачынаў сваю
пяшчаную кар’еру.
Што да дзяўчатак, то яны
пераважна рабілі “сакрэты”,
выкопваючы ў пяску ямінкі
і аздабляючы гэтыя дамавінкі
жывымі кветкамі
і (нежывымі) паперкамі ад цукерак і жуек.
Галоўнай часткаю інсталяцыі
быў каляровы кавалачак шкла,
што клаўся паўзьверх –
і атрымлівалася красиво;
потым “сакрэт” закопваўся,
старанна хаваўся, але так,
каб лёгка было знайсьці,
асабліва іншым.
Толькі праз шмат гадоў я зразумеў,
што гэта былі правобразы
нашых будучых інтэрнэт-сайтаў,
вершаў і порназдымкаў,
што мятлікамі ляцяць на сьвятло
і заблытваюцца ў сусьветнай павуціне,
у душ ы прагнучы
зьвярнуць на сябе хоць якую ўвагу,
ды ўпарта хаваючы
свае сумнеўныя “сакрэты”,
нібы тая Эўропа,
чэмпіёнка радэа,
старая панна,
што так і ня зьлезла з бычынае сьпіны
для чаго іншага.