Той парою, калі ў дзяўчатак шалік на горле
і на тварах бамжоў імгненна сінеюць насы,
і мясцовыя алькаголікі, каб ня ўмёрлі,
спажываюць унутар вадкасьць чароўнай красы;
трое дзіўных суб’ектаў адвечным шляхам цярністым
паміж пустак, балот заваленай сьнегам зямлі,
псуючы лыжню беларускім біятляністам,
у нязнаным напрамку, хістаючыся, брылі.
Назавем іх “Магі”. (А раптам здарыцца шанец
скарыстаць камэрцыйным чынам вядомы брэнд!)
Хай адзін, для паліткарэктнасьці, будзе афраамэрыканец, а другая – жанчына, а трэці – арабскі студэнт.
Так бадзяліся, гнаныя прагай прыгод і сплінам,
бадуном і проста пошукамі цяпла,
калі сьветлая зорка над раўбіцкім лыжным трамплінам
узышла і сьветлыя згадкі з сабой прывяла.
І, згадаўшы, пайшлі – і кульгаюць па сьвеце ўрачыста, і, як вірус, разносяць патрэбу дзяліцца дабром:
то ўначы падкінуць налепку ў партфэль ліцэіста,
то драўляны брусок – берасьцейскім галодным бабром…
Замяло ўсе кірункі – адно сьнегавыя карункі,
і бялюткі лядзяш вісіць на чырвонай губе.
І для кожнага разьдзяўбая ў іх падарункі,
і, магчыма, нешта абломіцца нават табе.