Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Дарма што пачаткам гэнага пункту не выпадае лiчыць канец XX ст., як прапануе Ф.Капра — аб якiм крыху пазьней, — можна сказаць адно: сымбалiзуе яго раней згаданы аўтамабiль Ford T. Вялiкасьць ягонага творцы не замыкалася толькi ў iнавацыйнасьцi ў засягу тэхнiчнай канструкцыi або арганiзацыi сэрыйнай вытворчасьцi, але найперш ва ўвыразьненьнi факту, што магчыма спажыцьцё лiшку вытваранай прадукцыi шляхам ператварэньня яе ў даброты, даступныя для ўсiх. Аб’ектам зацiкаўленьня, на якi накiравана эканомiка, але ня толькi, паколькi, каб карыстаць з аўтамабiлю, трэба прынамсі ўмець чытаць i пiсаць, ня ёсьць — як у сацыялiзьме — яна сама або абстрактная прысутнасьць, а спажывец — чалавек, якому належыць памагчы зрабiць iндывiдуальнае рашэньне купляньня i спажыцьця тавару.
Аднаўленьне чалавечай суб’ектыўнасьцi выражае ўсё меншае дэтэрмiнаваньне iндывiдуальнага чалавечага быцьця роляй, вызначанай у рамах т.зв. падзелу працы. Магчымасьць замены працы на рэальны капiтал робiць зь людзей сувэрэнных собсьнiкаў собскай асобы. Гэта ўмагчымляе навязаньне добраахвотных i непрымусовых кантактаў, залежных толькi ад суб’ектаў дамовы. Валоданьне капiталам дае магчымасьць разьлiчваць на самога сябе, спрыяе свабодзе думкi i волi.
Досыць цьмяныя развагi, зьмешчаныя ў II-й частцы гэтай працы, мелi, безумоўна, характар шкiлету гiпотэзы, якая — каб быць больш пераканальнай — павiнна быць разьвiтай i больш аргумэнтаванай. Аднак, калi мы хочам гаварыць аб постмадэрнiзьме, то — нават нягледзячы на недахопы — неабходнасьць такога нарысу вынiкае сама сабой, i ў сувязi з гэтым я хачу прывесьцi вытлумачальнае апраўданьне.
Постмадэрнiзм уважаецца за сымбалiчную экспрэсiю новага этапу ў разьвiцьцi нашай цывiлiзацыi. Гэтая канкрэтызацыя постмадэрнiзму ў часе неяк загадзя абумоўлiвае пэрспэктыву ягонага разгляду. Таму яго трэба разглядаць у пэрспэктыве доўгачасовых працэсаў, магчымым насьледкам якiх ён i ёсьць. Такiм чынам, гаворка iдзе аб вызначэньнi яго нутранога, гiстарычнага кантэксту. Безь яго нават абеглай характарыстыкi цяжка ацанiць, наколькi дэклярацыi аб «зваротным пункце» маюць рэальную глебу [72].
Постмадэрнiзм ад пачатку ўспрымаўся як абсалютна арыгiнальны кiрунак мысьленьня, якi не валодае нiякай традыцыяй. Аднак ягоная экспансiя спрычынiлася да таго, што ўсё большая частка сымбалiчнага сьвету фарбуецца ў колеры поймаў, свомых для гэтага спосабу мысьленьня. Гэта сталася магчымым таму, што можна, як я мяркую, паказаць некалькi аснаватворных i агульных пунктаў, рэалiзацыя якiх была б беспамылковым паказьнiкам мiмiкрыi, якая пазьней будзе названа постмадэрнiсцкай.
Ейнай асноўнай рысай ёсьць пераадоленьне т.зв. картэзіянскага дуалiзму. Яго формы могуць набываць выгляд разнастайных апазыцыяў. Пры клясычным падыходзе iх выражае цела versus развага, у эпiстэмалягiчнай вэрсii: аб’ект (пазнаньня) versus суб’ект (пазнаньня), у суб’ектыўнай стылiзацыi: натура versus культура, а ў мэтафiзычнай вэрсii такую апазыцыю становiць: sacrum versus profanum. Вынiкам лiквiдацыi вышэйадзначаных параў ёсьць перафармуляваньне пайма праўды. Яна ня ёсьць ужо сымбалiчным (тэарэтычным) уяўленьнем незалежнага да развагi пазнаючага быцьця, але нечым вытвараным, i нават не пазнаючым iндывiдуумам, а законамi выкарыстаных сымбалiчных «iнструмэнтаў» [73]. Дасьледаваны суб’ект i датычнае яго тэарэтычнае апiсаньне (або больш агульна — сымбалiчнае) выяўляецца як аспэкт таго ж самага. Праўда залежыць ад тыпу структуры дыскурсу, «граматыка» якога вызначае ейны сканструяваны сэнс.
Сучасныя канцэпцыi постмадэрнiзму вырастаюць з францускага структуралiзму (К.Левi-Строс) i пансэмiятызму (А.Грэймас), што асаблiва навiдавоку ў плынi, якая называецца дэканструкцыянiзм (Ж.Дэрыда), а таксама на прыкладзе абагульненьняў практыкi сучаснай фiзыкi, упаасобку квантавай мэханiкi (Р.Роцi, Ж.Ф.Льётар). Да гэтай плынi належыць i Ф. Капра, якi высновы сваёй першай працы — «The Tao of Physics» — перанёс у «Зваротны пункт», расшыраючы iхную важнасьць на iншыя галiны сучаснага жыцьця [74]. Кажучы ўвогуле, кшталт новай сапраўднасьцi быў вызначаны злучвом новых анталягiчных палажэньняў i сфармуляваны сучаснай фiзыкай, паколькi сьвет — сьледам за сёньняшнiм прыродазнаўствам — выяўляецца як «арганiчны, галiстычны i экалягiчны. Яго можна назваць i сыстэмным паглядам [...]. Сусьвет перастаў быць машынай, што складаецца з мноства элемэнтаў, i цяпер яго належыць разумець як адзiную, непадзельную дынамiчную цэласьць, часткi якой узаемазалежныя i могуць быць зразумелыя толькi ў катэгорыях усяго касьмiчнага працэсу» [75].
Гэты тып мысьленьня мае выдатны патэнцыял, паколькi Капра даводзiць, што дзякуючы яму адбылiся зьмены ў цывiлiзаваным сьвеце, напрыклад ператварэньне — у сфэры эканомiкi — цьвярдой тэхналёгii на мяккую, з чым суадносяцца новыя вартасьцi ў мэдыцыне, i наагул ва ўсёй сыстэме аховы здароўя, а таксама ў псыхалёгii. Гэтая апошняя, адасабляючыся ад псыхіятрыi ўварваньня, набыла гуманiстычны характар, яна цяпер канцэнтруецца на цэласьцi чалавечай псыхiкi i ейных сувязях зь сьветам.
Паказальна, што постмадэрнiсцкiя экзэмплiфiкацыi суадносяцца з разглядамi зьменаў сучаснасьцi, зьдзейсьненых без рацыяналiзуючых iх iдэалёгiяў. Дж.Нэйсьбiт паказаў тут дзесяць глябальных, скрыжаваных тэндэнцыяў [76]. Яны замыкаюцца ў ператварэньнi iндустрыйных грамадзтваў у грамадзтвы iнфармацыйныя, замене цьвярдой тэхналёгii на мяккую, трансфармацыi нацыянальна-дзяржаўных эканомiк у глябальную эканомiку, ператварэньнi, у абсягу бiзнэсу, тактычнага плянаваньня ў плянаваньне стратэгiчнае. Цэнтралiзацыя сёньня выцясьняецца дэцэнтралiзацыйнымi працэсамi. У галiне аховы здароўя вiдаць, паводле Нэйсьбiта, ператварэньне iнстытуцыяў аховы здароўя ва ўзаемадапамогу ды прафiляктыку, а таксама тарнаваньне неканвэнцыйнай мэдыцыны, а ў абсягу грамадзкiх узаемiнаў дагэтулешняя рэпрэзэнтатыўная дэмакратыя замяняецца дэмакратыяй удзельнiчаньня, тымчасам як гiерархiчныя сыстэмы адмяняюцца ў сетку раўнапраўных сеткаватых сувязяў, або, iнакш кажучы, у шматузроўневыя сыстэмы. Зьмене падлягае таксама i кiрунак цывiлiзацыйнага ўплыву. Дамiнуючая дагэтуль Поўнач саступае на карысьць Поўдню, а дачыненьнi тыпу: «або-або» замяняюцца разнароднасьцяй i плюралiзмам, дзе магчыма коэкзыстэнцыя ўзаемавыключальных дагэтуль станаў. Дагэтулешнiя, iнстытуцыялiзаваныя, не абапёртыя на пачуцьцi, мiжчалавечыя ўзаемiны замяняюцца эмацыйнай лучнасьцяй, дарма што часта нефармальнай (зьмяненьне дэфiнiцыi сям’i). Таму праца перастае быць сынонiмам этату, якi — замiж выкананьня канкрэтнага заданьня — патрабуе дысцыплiнаванага праводжаньня пэўнага лiку гадзiнаў на рабочым месцы.
Гэтыя магчымасьцi, выражаныя пры дапамозе перакананьняў, што ўтварае сфэру, названую мной прагматычна-жыцьцёвым блёкам, выразьлiва суадносяцца з тым, што Капра акрэсьлiваў як вынiкi палажэньняў агульнай канцэпцыi сапраўднасьцi, якая, паводле яго, фармуе рэальны сьвет iзноў i наноў. Змушае задумацца, аднак, тое, што Нэйсьбiт нават не наблiжаецца да канструкцыi падобнай анталёгii. Гэта, як я мяркую, адбываецца не з прычыны нейкай мэтадалягiчнай асьцярогi, а таму, што гэта яму папросту непатрэбна, паколькi ён карыстае, як i апiсаныя iм чалавечыя суб’екты, зь невэрбалiзаванай веды, канцэптуальна нелякалiзаванай. Тут непатрэбна iх «прыгадваньне» ў выглядзе «асьвяжальнай» iдэалёгii, паколькi яны ажыцьцяўляюцца звычайным чынам. Як i аўтэнтычна верачы каталiк не павiнен прыгадваць сабе асноваў веры, каб у штодзённым жыцьцi паводзiць сябе якраз як каталiк; сваю веру ён сьведчыць праз учынкi.
Загэтым узьнiкае ключавое пытаньне гэтага тэксту: скуль бярэцца месца на розныя iдэалягiчныя варыянты постмадэрнiзму, якiя вызначаюцца пэўнымi нязьменнымi элемэнтамi, дарма што рысы сапраўднасьцi, на якiя паклiкаюцца гэтыя iдэалёгii, можна выявiць незалежна ад iх? Таму падаецца, што праявай замацаваньня вартасьцяў у чалавечай сьвядомасьцi ёсьць не абвешчаныя сьветаглядныя дэклярацыi, а звычны штодзённы побыт. Дзеля гэтага неабавязкова iх несупынна прыгадваць. Iндывiд неяк з досьведу, у пэўным сэнсе безрэфлексійна, паводзiць сябе згодна з мадэляй лiбэральных вартасьцяў. У вынiку гэтага iдэалягiчная прастора стаецца нейкай «пустой». Яна можа напоўнiцца перакананьнямi, адрознымi ад тых, якiя вызначаюць мадэль iнтэрыязаваных i неўсьвядомленых вартасьцяў. Аднак не якiмi-небудзь, а такiмi, якiя апэлююць да гэтых «досьведных» паводзiнаў. У адносiнах да iх яны, аднак, не выконваюць тлумачальнай ролi. На самой рэчы гэтыя паводзiны вытлумачвае iхная практычная дзейснасьць. Гэта, iнакш кажучы, заграбаньне пад сябе «чужых» пладоў, якое павiнна служыць даацэнцы таго, хто заграбае. Дзейснасьць намовiнаў абумоўлiвае выкананьне пэўных «фармальных» варункаў. Злучаныя з практыкай iдэалёгii павiнны характарызавацца такой ступеньню агульнасьцi, каб немагчымым сталася, прынамсi ў беспасярэдняй часавай пэрспэктыве, выяўленьне iх неспалучальнасьцi з сфэрай, якая злучана зь iмi. Яны ня маюць — наўсуперак дэклярацыям — беспасярэдне анталягiчнага характару, i таму не становяць сабой выяўленьня ясна акрэсьленых канчальных вартасьцяў, за якiмi канчаецца поле рацыяналiзму. Яны становяць сабой, нягледзячы на пабытовыя стылiзацыi, злучво iнструмэнтальных (пад)вартасьцяў. Замаскаваньне iхнай фактычнай канцэпцыi сьвету паспрыяла таму, што iхнае канкрэтнае ўвасабленьне — постмадэрнiзм — выяўляецца на першы пагляд як плынь, якая ня мае нiчога супольнага зь левымi iдэалёгiямi. Адылi якраз на пабытовым роўнi назiраецца поўнае супадзеньне. Бо тут асноўным анталягiчным тыпам ёсьць т.зв. дыстрыбутыўная сукупнасьць (мова, грамадзтва, космас i г.д.). Ён утварае асновы схемы, зь якой паходзяць iнструмэнтальныя (пад)вартасьцi, што загадваюць разглядаць зьявы цi паводзiны ў пэрспэктыве цэлага або спасьцiгаць iндывiдуумаў ня ў пляне iхных своеасаблiвых, непаўторных рысаў, а ў пляне свомасьцяў, што паўтараюцца ў кожнага iндывiдуума. Крытэры «складваньня» ў сукупнасьцi — гэтыя iнструмэнтальныя вартасьцi — могуць быць разнароднымi i вызначанымi па-за элемэнтамi, што ўваходзяць у сукупнасьцi. Iх выражаюць правiлы канструкцыi, узьнiклыя дзякуючы рознага роду тэарэтычным праекцыям. Аднак, калi затрымацца толькi на фармальнай структуры палажэньняў, зь якiх павiнны вынiкаць трапна апiсаныя дабрадзействы сучаснасьцi, то аказваецца, што яна аналягiчная з кагнiтыўнымi схемамi, адпаведнiкам якiх ёсьць т.зв. гiстарычныя непазьбежнасьцi гiстарычна-дыялектычнага (а таксама папулярнага ў колах польскiх iнтэлектуалаў не-марксiцкага гiстарычнага матэрыялiзму). Я не хачу тут сказаць, што постмадэрнiсты — гэта марксiсты sensu stricto, але наадварот, што марксiзм — гэта постмадэрнiзм. Таму i канчальныя вынiкi постмадэрнiзму (ня толькi пазнавальныя, паколькi тэорыi не функцыянуюць у вакууме) могуць зыходзiцца з рэальна перажытымi эфэктамi рэалiзацыi левых утопiяў [77]. Сыстэма мысьленьня, што складае аснову постмадэрнiзму, iдэнтычная з iдэалягiчным фундамэнтам марксiзму i ягонай спакмянёвай «эманацыi» — камунiстычнымi гаспадаркамi. Iхныя злавесныя насьледкi ня маюць нiчога супольнага з дабрадзействамi цывiлiзацыi, якiя постмадэрнiзм прыпiсвае сабе. Тут няважна, цi зьмешчаныя ў сукупнасьцi сапраўды iсныя элемэнты. Яна можа быць пустой i абстрактнай, маючы — у спакмянёва-грамадзкай iнтэрпрэтацыi — характар утопii. Вырашальным ёсьць нутранае i вышэйпаложанае, што да сукупнасьцi, правiла ягонай канструкцыi (што б там ні гаварылi пра дэканструкцыю, або пра немагчымасьць укладаньня элемэнтаў у сукупнасьцi).