Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Апазыцыйная група, якая прызнае плюралізм, не імкнецца да манаполіі. Палеміка зь іншымі групамі, безумоўна, дапушчальная і нават пажаданая, абсалютна дарэчнай зьяўляецца таксама палітычная барацьба за ўплывы. Імкненьне ж да поўнага зьнішчэньня праціўніка супярэчыць прынцыпам плюралізму, бо папросту яго ліквідуе. Таму недапушчальна пазбаўляць іншыя апазыцыйныя групы сродкаў інфармацыі, што ўва ўмовах апазыцыйнай дзейнасьці ёсьць справай істотнага значэньня, а таксама дыскрэдытаваць іх у вачах грамадзтва шляхам паклёпу і пісаць на іх даносы варожай ім уладзе.
Эміграцыя магла б вельмі памагчы аўтэнтычнай апазыцыі на Бацькаўшчыне, калі б падтрымлівала яе плюралістычную структуру, даўшы магчымасьць усім апазыцыйным групам выказацца на старонках эміграцыйных выданьняў [52].
а) Новы этап
У сярэдзіне 1976 году наступіў пералом у гісторыі польскай незалежніцкай апазыцыі. Ён палягаў у дзьвюх прынцыповых зьменах у спосабе яе дзейнасьці.
Па-першае, быў ліквідаваны падзел паміж рабочымі і інтэлігенцыяй. Пасьля рабочага бунту ў чэрвені 1976 г. рабочыя не засталіся самотнымі і безабароннымі перад брутальнай рэакцыяй уладаў і адчулі падтрымку і дапамогу з боку арганізаваных групаў інтэлігенцыі.
Па-другое, апазыцыйныя асяродкі зьмянілі характар. Дагэтуль яны ўзьнікалі спантанна, калі нарастала хваля апазыцыі, але распадаліся і чэзьлі, калі гэтая хваля ападала. Цяпер яны арганізаваліся як доўгатрывалыя асяродкі. Яны прынялі прынцып публічнасьці і дзейнасьці, якая не парушае канстытуцыі і дзеючага заканадаўства, і тым самым кінулі выклік беззаконьню, якое паўсюдна чыніцца ўладамі. Яны паставілі сабе дзьве непасрэдныя задачы: абарона правоў чалавека і грамадзяніна і разьвіцьцё палітычнай сьвядомасьці грамадзтва. Гэтай мэце служаць шматлікія непадцэнзурныя выданьні і лекцыі «Лётаючага ўнівэрсытэту» (Таварыства навуковых курсаў).
Ідэалягічнае аблічча гэтых апазыцыйных асяродкаў сфармавалася яшчэ не зусім. Падаецца, аднак, што ў ім зьмяшчаюцца наступныя элемэнты, супольныя ўсім асяродкам: імкненьне да незалежнасьці і дэмакратыі і, такім чынам, супрацьстаўленьне савецкай дамінацыі і саветызму як ладу, які пануе ў Польшчы, нэгатыўнае стаўленьне да партыі і такіх яе падразьдзяленьняў, як прафсаюзы і падкантрольныя моладзевыя арганізацыі, нявера ў зьмены і рэформы, ажыцьцяўляныя ў межах ладу, разьлік на палітычныя зьмены, якія будуць паступова падрываць і аслабляць лад, стрыманасьць да раптоўных дэманстрацый і выступаў, зразуменьне таго, што яшчэ не прыйшла адпаведная для гэтага часіна, а таксама стаўка на абуджэньне палітычнай сьвядомасьці ў самых шырокіх колах інтэлігентаў і рабочых. Таму не падлягае сумневу, што ў Польшчы нарэшце ўзьнік апазыцыйны рух, які імкнецца да дэмакратыі і незалежнасьці.
Гэта велізарная зьмена да лепшага для ўнутранай сытуацыі ў краіне. Яна адбылася зь зьдзіўляльнай хуткасьцю [53]. Яе ўмагчыміў перадусім прагрэс у палітычнай сьвядомасьці грамадзтва, гэта значыць, усё больш шырокае разуменьне таго, што адзіным шляхам здабыцьця чаго-небудзь ад уладаў ёсьць нязломнае сьцьвярджэньне сваіх правоў, пазыцыя салідарнасьці перад варожай людзям уладай і пераадоленьне страху. Такім чынам, дагэтуль маўклівая апазыцыя пачала набываць актыўную пазыцыю. У дадзены момант, аднак, яшчэ адносна малая частка звычайных людзей прыняла гэтую пазыцыю. Але маса дагэтуль маўклівых апазыцыянэраў агромністая. Таму актыўная апазыцыя мае вельмі шырокую базу ў грамадзтве.
Таксама і палітыка ўладаў цяпер іншая, чымся ў мінулым. У дачыненьні да ўдзельнікаў чэрвеньскіх падзеяў былі, праўда, ужытыя постфактум брутальныя рэпрэсіі, але рэакцыю ўладаў на самыя падзеі і іх палітыку да ўзьнікаючай апазыцыі можна назваць хутчэй стрыманымі. Прычынай гэтага ёсьць слабасьць і няпэўнасьць улады, якія паходзяць ад страху перад магчымасьцю сапраўды масавага руху. Гаворка ідзе аб палітычнай слабасьці ўлады, бо тэхнічных сродкаў у яе досыць.
Гэта, аднак, зусім не азначае, што ўлада адмовілася ад барацьбы з апазыцыяй. Варта хутчэй меркаваць, што побач з дагэтуль ужыванымі паліцэйскімі рэпрэсіямі яна намерана ўжываць сродкі палітычнай барацьбы.
б) Тры перашкоды на шляху незалежніцкай апазыцыі
Незалежніцкая апазыцыя, якая так стыхійна разьвілася ў 1976/1977 гг., павінна лічыцца зь перашкодамі, якія яна абавязкова напаткае на сваім шляху. Ад іх пераадоленьня залежыць яе будучыня.
Першай зь іх ёсьць пасіўнасьць грамадзтва і яго ляяльнасьць да ўлады. Вышэй я абмаляваў (разьдзел 4) падзел грамадзтва паводле палітычнай пазыцыі, які ў Польшчы сфармаваў сталінізм. Сярод гэтых групаў «апаратчыкі» і «актывісты» існуюць і надалей у амаль нязьменным выглядзе і колькасьці. Тым ня менш, зьмены адбыліся ў групе «добранадзейных» і «маўклівай» апазыцыі. А менавіта, павялічылася колькасьць «добранадзейных», г.зн. тых, хто дазваньня падпарадкоўваецца рэжыму і не праяўляе схільнасьці да якой-колечы апазыцыі. Гэта не зьяўляецца вынікам павелічэньня націску ўлады. У параўнаньні з пэрыядам сталінізму націск істотна зьменшыўся. Гэта хутчэй натуральны вынік некалькіх дзесяцігодзьдзяў, якія не прынесьлі прынцыповых зьменаў у пануючай у Польшчы сыстэме і шматкроць пакладалі канец усім надзеям. Пакаленьне, якое брала ўдзел у барацьбе за незалежнасьць, састарылася, і частка яго ўжо не жыве. Польская інтэлігенцыя, якая была носьбітам нацыянальнай традыцыі, ужо ня тая, якой была [54]. У выніку многія з тых, каго напрыканцы сталінізму можна было залічыць да маўклівай апазыцыі, зьмянілі сваю пазыцыю. Уладкаваліся неяк у рамках існуючага ладу, дбалі толькі пра свае інтарэсы і цяпер для польскай справы страчаны. Цяжка сказаць, які цяпер абсяг гэтага працэсу разлажэньня, але ён безумоўна адбываецца. Ён абумоўлены ўмовамі, у якіх змушаны жыць палякі, а не рэалізацыяй нейкай палітычнай канцэпцыі. Ён, аднак, знаходзіць апірышча ў дактрыне, якая ўважае абарону «субстанцыі» або фізычнага існаваньня нацыі за найважнейшую справу [55]. Абарона «субстанцыі», на жаль, прыводзіць простай дарогай да замірэньня з пануючым у Польшчы рэжымам. Таму яна супадае з інтарэсамі партыі і падрывае шанцы разьвіцьця любой апазыцыі. Апазыцыйныя дзеячы павінны ўсьведамляць гэтую небясьпеку і энэргічна ёй супрацьдзейнічаць.
Але працэс ператварэньня групы «маўклівай апазыцыі» набыў таксама і іншую якасьць. Калі з аднаго боку яна разлажылася і павялічыла колькасьць «добранадзейных», то з другога яна ўзмацнілася і кансалідавалася, ператвараючыся ў яўную і актыўную апазыцыю. Можна спадзявацца, што якраз гэты працэс будзе набываць размах.
* * *
Другая перашкода, якая можа напаткаць аўтэнтычную апазыцыю ў будучыні, ёсьць зьмена палітычнага клімату і надыход палітычных замаразкаў, вяртаньне да палітычных рэпрэсій да апазыцыі. На жаль, трэба лічыцца з тым, што такая фаза савецкай палітыкі раней ці пазьней можа наступіць. Шэрагі апазыцыі тады парадзеюць, а яе цэнтры будуць змушаныя прыстасавацца да іншых умоваў. Можна, аднак, меркаваць, што гэтым разам нават жорсткія рэпрэсіі ня здолеюць цалкам зьнішчыць апазыцыю, а, як гэта ўжо бывала ў нашай гісторыі, выклічуць тым самым большую рашучасьць і пастанову ажыцьцяўляць цалкам кансьпірацыйную дзейнасьць. Да гэтага апазыцыя мусіць быць падрыхтавана.
* * *
І, урэшце, трэцяй перашкодай, якая можа дэзарыентаваць незалежніцкую апазыцыю, ёсьць яе падначаленьне фракцыйнай апазыцыі і пазбаўленьне яе антысавецкага і незалежніцкага зьместу.
Кожны выбух аўтэнтычнай апазыцыі дагэтуль якраз такім парадкам прыўлашчваўся і запыняўся нейкай партыйнай фракцыяй. Гэтым разам зрабіць такое будзе цяжэй, таму што апазыцыя больш скансалідаваная і мае, як ніколі раней, шырокую падтрымку ў грамадзтве. Не падлягае, аднак, сумневу, што падпарадкаваньне аўтэнтычнай апазыцыі зьяўляецца для партыі прынцыповай справай. Баючыся ў дадзены момант выкарыстоўваць брутальныя рэпрэсіі і беручы пад увагу міжнародную сытуацыю, у якой Савецкі Саюз без энтузіязму паставіўся б да авантуры ў Польшчы, партыя намагаецца падначаліць і разлажыць незалежніцкую апазыцыю знутры.