Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне]
Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам [сучаснае польскае мысьленьне] читать книгу онлайн
Зьмешчаныя ніжэй тэксты ня ёсьць адбіцьцём пэўнага часавага зрэзу польскай філязофіі. Яны хутчэй прэзэнтуюць увасобленую ў канкрэтных постацях традыцыю польскага крытычнага мысьленьня. Гэта пацьвярджае іхная жанравая спэцыфіка (прысутнічаюць стандарты эсэ, філязафічнага трактату, аналітычнага нарысу, навуковага артыкулу). Мінус гэткай задумы палягае ў пэўным эклектызьме і адвольнасьці, на якую даводзіцца йсьці ўкладальніку. Плюсам жа можна лічыць творчую разьняволенасьць, свабоду ад абумоўленасьці традыцыйнымі рамкамі філязофіі, якая дасягаецца пры дапамозе гэтага. Пад вокладкай «Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне» месьцяцца пераклады, выкананыя перакладнікам цягам апошніх пяцёх гадоў. Некаторыя зь іх дагэтуль не былі надрукаваныя, некаторыя, насуперак, былі апублікаваныя ў поўным ці скарочаным выглядзе на старонках айчыннай пэрыёдыкі — у такіх выданьнях, як часопісы «ARCHE», «Скарына», «Спадчына», «Фрагмэнты», «Крыніца», «Форум» або ў культуралягічным дадатку «ЗНО» да газэты «Культура». У працэсе прыгатаваньня кнігі да друку пераклады, што пабачылі сьвет уперад, былі крытычна прааналізаваныя, ізноў зьвераныя з арыгіналамі і таму могуць нязначна адрозьнівацца ад сваіх першапублікацыяў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У гэтым кантэксьце постмадэрнiзм падаецца ўвасабленьнем левых i ўтапiйных канцэпцыяў сьвету i датарнаваньнем iх да ўзьнiклых незалежна варункаў. Ён пагражае рэалiзацыi лiбэральнай мадэлi дзякуючы пастуляваньню анархii, дэканструкцыi, i ў iстоце сам ёсьць дэструкцыяй. Гэта цягне за сабой ня толькi ўзгляднасьць вартасьцяў, але i iхную роўнавялiкасьць. Такая дэвальвацыя прыводзiць да дэсакралiзацыi чалавечага жыцьця i да прымату сфэры profanum. Я мяркую, што нiжэйзьмешчаная прыпавесьць Мiлана Кундэры выяўляе дух i вынiкi постмадэрнiсцкiх канцэпцыяў. Бо ён апавёў наступнае: «Пэўнага дня адзiн вялiкi чалавек дайшоў да высновы, што цягам тысячаў гадоў мова музыкi вычарпала сябе i ня зможа ўжо нiчога больш, як толькi паўтараць адны i тыя ж камбiнацыi нотаў. Рэвалюцыйным дэкрэтам ён зьлiквiдаваў гiерархiю гукаў i зрабiў iх усiх роўнымi. Ён увёў для iх суровую дысцыплiну, каб нiводны не выступаў у творы часьцей, чымся iншыя, i каб такiм чынам не ўзурпаваў старых, фэўдальных прывiлеяў. Каралеўскiя двары былi раз i назаўсёды скасаваныя, а на iх месцы ўзьнiкла рэспублiка роўных пад назвай дадэкафонiя. [...] У часы, калi Арнольд Шонбэрг засноўваў сваё гаспадарства дадэкафонii, музыка была багацейшай, чымся раней, i ўпоеная собскай свабодай. Нiкому нават ня сьнiлася, што канец можа быць так блiзка. Нiякай стомленасьцi! Нiякага заняпаду! Шонбэрг дзеяў з надзвычай малайчыкаватым духам адвагi. Яго перапаўняла абгрунтаваная пыха, што адзiны сiг, якi вядзе наперад, выпала зрабiць якраз яму. Гiсторыя музыкi скончылася ў росквiце адвагi i прагненьня. [...]». Падобная дэканструкцыя, блiзкая постмадэрнiсцкiм пастулятам, прыводзiць да барбарства, таму што: «Iснуе нейкi спачатны стан музыкi, стан, папярэднi ейнай гiсторыi, стан перад першым стаўляньнем пытаньня, перад роздумам, перад пачаткам гульнi з матывам i тэмай. У гэтым першапачатковым стане музыкi (музыка бяз думкi) выяўляецца субстанцыянальная дурнота чалавечага быцьця. Толькi надзвычайным намаганьнем сэрца i духу музыка ўзьнеслася над гэтай субстанцыянальнай дурнотай. [...] Музыка павярнулася да сваёй першапачатковай стадыi. Гэта стан пасьля апошняга стаўляньня пытаньня, стан пасьля апошняга роздуму, стан пасьля гiсторыi» [78].
Мне падаецца, што дагэтулешнiя разважаньнi не дазваляюць гаварыць, што постмадэрнiзм збаёдаў свае шанцы, паколькi з сваёй прыроды, арганiчна, ён гэтымi шанцамi як не валодаў, так i не ўтвараў iх. Варта, мабыць, прыгадаць, што славуты лёзунг аб зьмене эпохi — зусiм ня выдумка постмадэрнiстаў, i «рэалiзоўваўся» ён, усьлед за «традыцыяй» Вялiкай францускай рэвалюцыi, ужо з 1917 г. Таму не выпадкова, што сёньня, разам з заняпадам камунiзму, постмадэрнiзм знаходзiць водгук у краiнах, дзе працэсы элiмiнацыi гэтага першага яшчэ ня скончылiся, а месца дэкляраванага i рэалiзаванага камунiзму ў iстоце займае квазi-капiталiзм. Таксама не выпадкова — у гэтым апошнiм кантэксьце — што Барт абвяшчае постмадэрнiзм як «аднову». Я спадзяюся, што ён мыляецца. Бо гэта б азначала кансэрвацыю тых падставаў мысьленьня, якiя былi ўгрунтаваныя камунiзмам. I замiж сапраўднай зьмены спосабу мысьленьня i новага вобразу сьвету мы затрымалiся б на зьмене фразэалёгii.
Тэкст перакладзены паводле: Arka, № 6 (48), 1993.
* Пётар Кавецкi — кансэрватыўны польскі думаньнік і тэарэтык, аўтар публікацыяў у польскай прэсе на тэмы дыялектыкі мастацтва.
У суаўтарстве з Рамуальдам Пякарскім напісаў кнігу «Zagadnienia estetyki współczesnej — sztuka, wartości, poznanie» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1994), а таксама з Юзафам Тарноўскім зрэдагаваў зборнік «Aksjologiczne spektrum sztuki, t. 2, Między poznaniem, odpowiedzialnościа i polityką» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996). Аўтар манаграфіі «Kulturowe pojmowanie sztuki» (Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 1996).
Падчас VI Польскага Філязафічнага Зьезду (Торунь, 5–9 верасьня 1995 г.) на сэкцыі эстэтыкі і філязофіі мастацтва выступіў з спавешчаньнем «Культурная дэфініцыя мастацтва і эстэтычныя вартасьці».
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавага дазволу кракаўскага часопісу «Arcana», пераемніка часопісу «Arka».
Лешак Калакоўскі*
103 гады таму памёр Карл Маркс, вельмі вучоны філёзаф, выдатны розум, знакаміты нямецкі пісьменьнік. Ён жыў у эпоху пары. Ён ніколі ня бачыў аўтамабіля, электрычнага сьвятла ці тэлефона, ня кажучы ўжо пра тысячу іншых рэчаў, што ўтвараюць наша тэхнічнае асяродзьдзе і да якіх мы ставімся амаль як да дару прыроды.
«Рэч ня ў гэтым», — кажуць яго прыхільнікі. — «Бо і надалей існуе капіталізм, і надалей Марксава тэорыя застаецца актуальнай. Зь яе дапамогай мы можам вытлумачыць прыроду капіталізму, навукова прадбачыць яго заняпад, а таксама спраектаваць дасканалае грамадзтва будучыні». Пра тое, што капіталізм існуе дагэтуль, сьведчыць хаця б той факт, што ня ўсё яшчэ нацыяналізавана.
І сапраўды, агульная нацыяналізацыя сродкаў вытворчасьці, сродкаў абмену, а таксама сродкаў камунікацыі і інфармацыі зьяўляецца для марксістаў унівэрсальным лекам супраць усялякага зла ды ўсіх сацыяльных праблем. Мы на ўласнай шкуры пераканаліся ў дзейснасьці гэтага леку; мы ведаем таксама, што яго немінучым вынікам ёсьць нацыяналізацыя чалавека, г.зн. рабаўласьніцтва. Пакінем, аднак, гэтую праблему, каб разгледзець іншае пытаньне: што Марксава тэорыя дае сучаснасьці?
Бясспрэчна, гэтая тэорыя можа быць карыснай; яна функцыянуе як акумулятар ідэалягічных лёзунгаў, што служаць самым разнастайным інтарэсам, у бальшыні такім, якія ня маюць нічога супольнага з Марксам. І ўсё ж, што можна вытлумачыць пры дапамозе гэтай тэорыі?
Фармулюючы так пытаньне, мы павінны зважаць на тое, што ў гэтай дактрыне ёсьць для яе найбольш паказальным. Ня трэба падымаць на сьмех Маркса, прыпісваючы яму адкрыцьцё клясаў, якія маюць супярэчныя інтарэсы. Ужо даўно пра гэта ведалі гісторыкі — тут няма нічога, што было б спэцыфічна марксісцкім. Маркс, безумоўна, усьведамляў гэта і ня меў прэтэнзіяў на адкрыцьцё. Ён падкрэсьліў, аднак, у вядомым лісьце да Вайдэмаера ад 1852 году, што ім даказана («даказана», а ня «сказана»): барацьба клясаў вядзе да дыктатуры пралетарыяту і, у выніку гэтага, да бясклясавага грамадзтва. Ніхто ня ведае, дзе ў працах Маркса (асабліва пасьля 1852 году) знаходзіцца доказ гэтай імпануючай панарамы зьменаў. Але мы абмінем і гэтую праблему.
Маркс верыў у «законы гісторыі». Але гэта былі законы не ў разуменьні прыродазнаўчых навук, а хутчэй у разуменьні гістарычных тэндэнцыяў; адсюль у Маркса няма выразнай розьніцы паміж тлумачэньнем і прадказаньнем. Сёньня відаць, што амаль усе Марксавы прароцтвы ня спраўдзіліся.
Абмяркуем найважнейшыя зь іх.
Па-першае: узрастаючае клясавае расслаеньне, а таксама паступовы заняпад сярэдняй клясы. — Меў рацыю Каўцкі, сьцьвярджаючы, што ўся тэорыя Маркса мусіла б абрынуцца, калі б гэтае прадказаньне аказалася фальшывым. Мы сёньня ведаем, што яно адназначна і відавочна аказалася фальшывым.
Па-другое: абсалютнае зьбядненьне рабочай клясы (гаворка тут ідзе менавіта пра абсалютнае, а ня толькі пра адноснае зьбядненьне); гэта апошняе, пра якое пісаў Маркс у пазьнейшых працах, нельга таксама пацьвердзіць. — Вера ў абсалютнае зьбядненьне ўжо падчас Марксавага жыцьця аказалася фальшывай.
Па-трэцяе: непазьбежнасьць пралетарскай рэвалюцыі. — Такой рэвалюцыі ніколі не было. Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не сіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лёзунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксісцкі (мір і зямля для сялянаў). Пралетарскую рэвалюцыю найбольш нагадвае ўзьнікненьне і барацьба «Салідарнасьці» ў Польшчы ў 1980–81 гадох. Гэтая адзіная, хаця і няўдалая, пралетарская рэвалюцыя была скіравана супраць сацыялістычнай дзяржавы — яна праходзіла пад сьцягам Хрыста і з блаславеньня Папы. Вось і ўсё пра навукова адкрытыя законы гісторыі.