-->

Сэрца мармуровага анёла

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Сэрца мармуровага анёла, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Социально-философская фантастика / Прочие приключения. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Сэрца мармуровага анёла
Название: Сэрца мармуровага анёла
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 347
Читать онлайн

Сэрца мармуровага анёла читать книгу онлайн

Сэрца мармуровага анёла - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.

 

Змест:

Аповесці

Пярсцёнак апошняга імператара

Сэрца мармуровага анёла

Апавяданні

Старасвецкія міфы горада Б*

Шляхецкія апавяданні

Дыярыуш пані

Жаніх панны Данусі

Жалезная кнопка

 

Мастак: А. I. Карповіч

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 69 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Агна асцярожна дакранулася да раны на грудзях хлопца.

— Што ты скажаш той жанчыне, якая калісьці будзе лашчыць гэты шнар?

— Што пад гэтым крыжам пахаванае самае дарагое для мяне. Але нікому не патлумачу — там, у сэрцы, нашае каханне.

Дзяўчына ўзяла тонкай рукой стылет, пакладзены на барвовы шоўк, і хуткім рухам — хлопец не паспеў яе спыніць — двойчы правяла вастрыём па сваіх грудзях. Там, дзе сэрца.

— Я таксама буду помніць цябе.

Ён з невымоўным жалем абняў каханую. Іх раны прыціснуліся адна да адной.

— У нас цяпер адна кроў,— шаптала яна. — Помні гэта, калі раптам будзеш забіваць кагосьці з майго народу.

Ён схаваў твар у яе цёмных валасах.

— Абяцай, калі народзіцца сын, прышлеш яго да мяне. Я зраблю яго князем.

— Не, любы. Ён будзе служыць свайму народу. У тым званні, у якім будзе народжаны. Не крыўдуй.

За дзвярыма пачуліся хуткія крокі і лёгкі стук у дзверы — тры разы. Гэта было папярэджанне аб небяспецы. Дзяўчына дапамагла хлопцу зашнураваць камзол, надзець перавязь мяча. Падала плашч. Перад адчыненым акном яны абняліся апошні раз.

Перш чым сысці ў травеньскую бэзавую ноч, ён паклаў на падаконне просты жалезны пярсцёнак з выгравіраваным роўнаканцовым крыжам.

— Гэта не заручальны пярсцёнак… — горка сказаў хлопец. — Але, можа быць, яго калі-небудзь будзе насіць мой нашчадак.

Што ён мог яшчэ? Сыпануць на развітанне грошай, каб спыніць непатрэбныя размовы, яшчэ раз злоўжыць той павагай, ледзь не пакланеннем, якія выклікаў ён, дакладней, ягонае званне, у гэтым мястэчку. Яшчэ раз не зважыць на тую нянавісць, якую сустракаў ён і ягонае званне ў гэтым жа мястэчку.

Старэйшы сын падкаморага Юрася Дарбута нарадзіўся праз сем месяцаў пасля ягонага вяселля з прыўкраснай паненкай Агнай Чагноўскай.

Вядома, людзі пляткарылі. Але пані Агна была ціхмянай, набожнай і такой гожай, што мала хто даваў веры плёткам.

Тым больш, праз год па нараджэнні сына Канстанціна пані Агна памерла. Лекары сказалі, ад сардэчнай хваробы.

Праз трыццаць гадоў пасля гэтага, у спякотны травеньскі дзень, на самым парозе лета, апошні візантыйскі імператар загінуў на сценах сваёй сталіцы. Яна адна і заставалася ад былой магутнай імперыі. Але апошні з Палеалогаў быў варты сваіх продкаў. Ён не абавязаны быў біцца, як просты рыцар, наперадзе войска. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс.

Яго забіў светлавалосы, блакітнавокі янычар.

Ворагі не былі ўпэўненыя, што гэты рыцар той, чыёй смерці яны чакалі доўгія гады. Да таго ж трэба было пераканацца, ці гэта чалавек, а не іфрыт, які з нечалавечай сілай і мужнасцю біўся супраць іх.

Калі з мёртвага цела сцягнулі латы, забойца з нянавісцю закрычаў:

— О Аллах! Гэтаму нявернаму сабаку мала было насіць знак свайго паганага бога на ланцугу! Ён яшчэ выразаў яго на грудзях!

Светлавалосы янычар схапіў дзіду і з сілай усадзіў у грудзі забітага, у самую сярэдзіну крыжа, выразанага над сэрцам.

Кальварыйскія вароны

На мінскіх Кальварыйскіх могілках заўсёды царавалі вароны. І тады, калі пасаджаныя тут дрэўцы былі зусім маладзенькімі. І тады, калі дрэвы падраслі, зашумелі густой лістотай — надзейным сховішчам ад людскіх вачэй.

Магчыма, гэта былі не толькі вароны, а і гракі. Але Антось не надта ўмеў іх адрозніваць. Лётаюць, гарлаюць, на фоне неба — аднолькава чорныя.

Вось крумкачы тут дакладна не сяліліся. Крумкач — птушка гордая, самотная.

Антось азірнуўся на сябрукоў, што ішлі за ім па засыпанай жоўтай лістотай дарожцы між каменных помнікаў, быццам па асушаным марскім дне з рэшткамі разбітых караблёў. У чарнявага, худога, як біч, Цыпрыяна адзін нос тырчыць з-пад расколатага напалам казырка дарэвалюцыйнай студэнцкай фуражкі; за ім уразвалку, нячутнай хадой паляўнічага ступае каржакаваты Міхась у бравэрцы з паднятым каўняром. Міхась — самы паважны з іх, бо амаль скончыў універсітэт і нават там жа, на першых курсах, выкладае. Нізенькі шчуплы Рыгорка з вечнай рахманай усмешкай і іранічны прыгажун Янук, як і ён, пачынаючыя паэты, разжыліся аднолькавымі шарачковымі пінжакамі — у педтэхнікуме давалі дапамогу дзецям беднаты. Прычым Рыгоркавы рукі хаваюцца ў рукавах цалкам, а Януковы вызіраюць ледзь не да локцяў. Нарэшце, ён сам у бацькавай куртачцы, зацыраванай на локцях… А які фантастычны абутак ва ўсіх! Адразу пазнаеш ваяроў, што замахваюцца вырашаць лёс краіны. Але хіба фландрскія гёзы ці чэшскія гусіты апраналіся больш самавіта і былі меншымі рамантыкамі, паўстаючы супраць магутных імперыі?

Адна Марыля Гудзевіч, зеленавокая прыгажуня Марылька, якая ўжо скончыла педтэхнікум, бо была на два гады за яго, Антося, старэйшая, у сваім плюшавым пінжачку выглядае па-сапраўднаму элегантна. Вось толькі дарэмна яна ўвязалася за імі…

— Сядайма тут, — скамандаваў Цыпрыян і першым апусціўся на каменную лаўку пад маладой таполяй.

Ля яго сеў Міхал. Астатнія прымасціліся, хто як мог. Антось падумаў быў сагнаць Цыпрыяна, каб пасадзіць Марылю. Але ж яна пакрыўдзіцца — знайшоў карункавую паненку! Вунь, калючая і прыўкрасная, як шыпшына, незалежна прысела на масіўны чорны ланцуг, што звісае між слупкамі па краях нечае магілы, і пагойдваецца, адштурхоўваючыся ножкамі ў старэнькіх чаравіках ад прэлай могілкавай зямлі… Каркаюць вароны… Пазвоньвае ланцуг… Развяваюцца русыя пасмачкі валасоў на скроні… Поўны дэкаданс! А злева з дзяўчыны не зводзіць сініх, напэўна, яшчэ сінейшых, чым у яго, Антося, вачэй прыгажун Янук. Куды ўжо Антосю з ягонай правінцыйнай нехлямяжасцю…

Лірычныя думкі перарваў Рыгорка:

— Чулі, што Дзям'ян Стасевіч больш не рэктар універсітэта?

— А яго за што? — недаўменна паціснуў плячыма Янук. — Крышталёва чысты перад савецкай уладай чалавек. За палякамі сядзеў як рэвалюцынер.

— А цяпер — беларускі нацыяналіст, — зазначыў Рыгорка без заўсёднай усмешкі.— Як Шпадарук, як Антось Злыкун… Як Севачка…

— Як усе мы, — падрахаваў Антось.

— Я не нацыяналіст, я патрыёт! — ускочыў з месца Цыпрыян і смешна замахаў доўгімі рукамі.— Калі я каго пакрыўдзіў з іншага народу пагардай да чагось ягонага? Навучыліся паняцці падмяняць! Люблю рускае — патрыёт-інтэрнацыяналіст. А калі сваё — не даказваю, заўважце, што яно, маё, лепшае або адзіна вартае, не… Толькі паважаю за не горшае, вартае любові і права на жыццё… Тады я — нацыяналіст! Вораг!

— Сядзь! — тузануў прамоўцу за крысо Міхась. — Пра гэта мы ўсе неаднойчы выказаліся. Таму і прыйшлі сюды.

Ён нетаропка дастаў з глыбокай кішэні паперы, акуратна загорнутыя ў хустачку. Павярнуўся да Антося, пільна паглядзеў у ягоныя сінія вочы, памаўчаў. Усе стаіліся.

Нарэшце загаварыў — важка і цвёрда:

— Я праверыў. Да якіх крыніц толькі змог дабрацца. Нават з'ездзіў у твой Старавежск. Перагартаў гару дакументаў. На жаль, я не так добра ведаю старажытнагрэчаскую, як латынь. Але асабліва складаныя мясціны мне дапамог перакласці сам Сахнут-Бічэўскі. Вядома, я не тлумачыў, для чаго. Да таго ж прафесар лічыць мяне як бы магчымым пераемнікам у навуцы. Так што я ў ягонай хатняй бібліятэцы — як у сваёй. Вось і скарыстаўся напоўніцу, да нахабства. І цяпер магу сказаць… Вельмі верагодна — заўважце, я не сцвярджаю адназначна, — але вельмі, вельмі верагодна, што ты, Антось, з'яўляешся нашчадкам візантыйскіх імператараў Палеалогаў, дакладней, апошняга з іх, Канстанціна ХІ Палеалога.

— Жыве Каралеўства Беларусь! — ускочыў Цыпрыян са сваёй лаўкі.

Астатнія падхапілі яго вокліч, і вароны з абураным карканнем паўзляталі з таполяў, абрынуўшы на магільныя камяні і сцяжынкі залаты дождж лістоты.

Антося кінула ў жар.

— Ты ўпэўнены? Няўжо сямейныя паданні — праўда?

— Глядзі! — Міхась сагнаў з лаўкі Цыпрыяна і на вольным месцы расклаў паперы. Усе згрувасціліся вакол — галава да галавы. — Вось… Гэта нават неспецыяліст зразумее. Малюнак твайго пярсцёнка. А тут — павялічаны фрагмент партрэта візантыйскага імператара другой паловы ХІІІ стагоддзя Міхаіла VІІІ, заснавальніка дынастыі. Бачыце? Такі самы пярсцёнак! Роўнаканцовы крыж, па краях — грэчаскія літары… Ніякіх камянёў, просты метал. А гэта выпіска з тэстамента падкаморага Юрася Дарбута, складзенага ў 1453 годзе. Адразу пасля таго, як у Еўропу дайшлі весткі пра смерць апошняга візантыйскага імператара — загінуў у бойцы з туркамі, абраняючы свой горад. Падкаморы меў траіх дзяцей. Старэйшага сына, Канстанціна, — ад нядоўгага шлюбу з Агнай Чагноўскай, дачкой старавежскага ваяводы, і яшчэ дзвюх дачок ад другога шлюбу. Вось ад гэтага Канстанціна (звярніце ўвагу на імя — радавое імя Палеалогаў!) і пачынаецца твой радавод. У пятнаццатым стагоддзі ў Княстве Літоўскім пры падзеле спадчыны карысталіся правілам, замацаваным потым ва ўсіх статутах: пры наяўнасці сыноў дочкі не наследавалі нерухомых маёнткаў бацькі, а атрымлівалі толькі адну чацвёртую частку кошту маёмасці. Між тым Канстанцін не ўспадчыніў нічога з тае нерухомасці, усё дасталося сёстрам. Хаця я нідзе не знайшоў, каб бацька абвяшчаў яго незаконным сынам. Далей… Нарадзіўся праз сем месяцаў пасля шлюбу. За два месяцы перад тым у Старавежску затрымаўся праездам візантыйскі каралевіч — адкрылася старая рана.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 69 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название