Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла читать книгу онлайн
У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
Змест:
Аповесці
Пярсцёнак апошняга імператара
Сэрца мармуровага анёла
Апавяданні
Старасвецкія міфы горада Б*
Шляхецкія апавяданні
Дыярыуш пані
Жаніх панны Данусі
Жалезная кнопка
Мастак: А. I. Карповіч
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
— Так я і ведаў, што нельга цябе адпускаць… Цябе толькі лянівы не пакрыўдзіць. О, якое рэдкае выданне! — Марк узважваў на руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы. — Я нават не ведаў, што такое ёсць — «Старый литовский статут 1529 года». Тут, у Маскве выдадзены… 1854 год. Ты сама хоць чула пра літоўскі статут, канстытуцыю Вялікага княства Літоўскага? Ведаеш, што яна напісаная на старабеларускай мове? Невук ты маленькі…
— І што, гэтая кніжка дарагая? — насцярожана спыталася Магда.
— Рублёў за пяцьдзесят і я набыў бы. Але б не прадалі.
— Дык мы павінны адшукаць сваякоў старога! — захвалявалася дзяўчына. — Гэта павінна належаць ім!
— Дурненькая! — азваўся Марк. — Стары быў рэпрэсіраваны, калі якія сваякі і ёсць — даўно ад яго адракліся.
— А што гэта за нацыянал-дэмакратычная партыя? Рэктар казаў, Іван Канстанцінавіч быў у ёй.
— Разумееш… — Марк абдумваў словы. — Тады шукалі ворагаў. Прыдумлялі розныя антысавецкія рухі, партыі. Каб было зразумела — за што арыштоўваюць, судзяць, расстрэльваюць. На Беларусі таксама знайшлі антысавецкую партыю — нацыянал-дэмакратычную. А ці была яна? Пастралялі і пассылалі тысячы. Навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Дзеда майго, прафесара, таксама папацягалі. Але чалавек ён учэпісты, здольнасці да прыстасавання фенаменальныя. Таму і цяпер жыве. А ты думала, чаму ён, перш чым дзверы адчыніць, наведніка папараспытвае ледзь не пра сваякоў за мяжой. У дваццатых гадах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было чатырыста чалавек. А перад Вялікай Айчыннай засталося дзевяць. З іх, здаецца, толькі чатыры беларусы. Гэты Хмель, напэўна, быў пісьменнікам. Таму цябе з інстытута і папрасілі.
Марк рассунуў па падлозе фотаздымкі.
— Гэта ён?
Магдаліна паглядзела на партрэт стройнага афіцэра.
— Ён, няйначай. А ў якой форме?
— Войска Польскага. Эх, тут бы спецыялісту паглядзець! Ёсць у мяне адзін знаёмы… Энтузіяст… Цікавіцца такімі дакументамі. Ну што, усё перагледзела?
— Усё нібыта. Нічога цікавага.
— Калі нешта цікавае было — не хвалюйся, табе не аддалі…
— Кр-рр! — пацвердзіў з шафы Карл Карлавіч, і Марк сплюнуў з перапуду. — Гэта, трэба сказаць, не найлепшая частка тваёй спадчыны.
А пасля яны гулялі па могілках Данскога манастыра, і першыя зялёныя дзюбкі травы паказваліся на чорнай глебе магіл, нібыта нябожчыкі імкнуліся павітаць новае жыццё, далучыцца да яго хоць травінкай, хоць пяшчотным дыханнем першацвету. І Марк сказаў Магдаліне:
— Ты малая і дурненькая. Але павер мне — усё будзе добра. Вернемся дадому, перавядзешся на філфак. Справім вяселле — у нашай улюбёнай кавярні, там, дзе падаюць дзічыну, запечаную ў фальзе, пад галасы птушак. Народзіш дзіця… Працаваць пачнеш у маёй газеце. І ўсё будзе добра.
І чаму ў Магдаліны скрухай варухнулася сэрца? Мусіць, ад здрадлівай чалавечай натуры, якой аднаго добрага, вырашанага, самавітага мала, а хочацца яшчэ чагосьці…
Ну ды што ўзяць з дзіцяці (праўда, дзіцяці паўналетняга), але якое ўсё яшчэ можа сарваць пралеску са старое магілы і зусім пра гэта не задумацца, не пацягнуць за кволым бледна-зялёным сцяблом ланцуг метафар, алюзій, сімвалаў і філасофскіх разважанняў.
Магда і пра скрутак, перададзены суседкай старога, успомніла толькі ў цягніку, калі Карлуша зашаргатаўся ў сваёй клетцы, засунутай на самы верх, на месца матрацаў.
Марк спаў насупраць, на верхняй паліцы. Магда ціхенька выйшла з купэ. Не таму, што не давярала жаніху. А проста… Ён ужо забраў за яе дакументы з інстытута, пазваніў за яе маці, уладзіў справы са спадчынай… Колькі можна быць пад апекай!
У няроўным святле тамбура Магдаліна разгарнула таямнічы скрутак. Кніжка памерам з далонь, з цёмна-зялёнай выцертай вокладкай без назвы. На польскай мове… Магда з цяжкасцю разбірала асобныя словы, здагадваючыся пра сэнс астатніх.»Зборнік паэзіі польскіх паэтаў з дадаткам заўваг, аб сутнасці быцця, духа і цела сапраўднай паэзіі з прадмовай Адама Пянкевіча Першы выпуск. Вільна, друкарня Ёзэфа Завадскага, 1835 год».
Раней Магдаліна ніколі не трымала ў руках такіх старых кніжак. У бібліятэцы, дзе яна працавала, самай старой кніжкай было асобнае выданне паэмы Мікалая Асеева «Будзённы» 1922 года. Магда нават выставіла яе на стэндзе пад шклом як надзвычайную рэдкасць. А тут… Чаго варты адзін змест — Адам Міцкевіч, палкоўнік Цыпрыян Гадэбскі, палкоўнік Антоні Гарэцкі (чаго б гэта палкоўнікі цугам ішлі ў паэты?), Францішак Карпінскі, Алёйза Фелінскі… Ці дзед клапаціўся пра ейнае духоўнае выхаванне?
Дзяўчына перагарнула апошнюю старонку і ўбачыла некалькі чыстых лістоў, як значылася, «Для зацемак». Лісты былі скарыстаныя па прызначэнні — як макам, нехта сыпануў такім дробным почыркам.
«Мілая прынцэса!»
Так называў яе стары… У Магды закалацілася сэрца. Як добра, што яна не паказала скрутак Марку! Уся таямніца дарэшты дастанецца ёй.
«Мілая прынцэса!
Часу ў мяне мала. А старэчае шматмоўе перашкаджае лаканізму. Хаця што значаць час і прастора для Усявышняга, які знітоўвае і разрывае лёсы? Шлях, які прывёў вас да маіх дзвярэй, пачаўся пяцьсот год таму… І вы, мілая, чыстая дзяўчынка, не ўяўляеце, колькі бруду, крыві і здрады было на гэтым шляху… Але і — высакародства, мужнасці, любові! Проста ўявіце, што я расказваю вам казку…»
Два крыжы
Святло араматычнай свечкі адбівалася на барвовым шоўку прасціны, быццам яны ляжалі ў агні. «У пякельным агні», — з пакорлівым адчаем асуджанага падумала дзяўчына.
Насамрэч прасціна была ружовай. Але цьмянае святло ператварала цнатлівы ружовы колер у трывожную барву.
Запальваць святло было небяспечна. Магла заўважыць гарадская варта або прыслуга ў доме… Але ён хацеў наглядзецца на яе — у апошні раз. На цёмны шоўк валасоў, белую скуру… Вочы — цёмна-зялёныя, вялізныя і такія праніклівыя — у яго спынялася сэрца кожны раз, калі ён зазіраў у іх глыбіні. Як на візантыйскіх абразах…
«Цікава, ці будзе ў мяне яшчэ калі-небудзь гэтак жа спыняцца сэрца пры поглядзе ў чыесьці вочы?» — падумаў ён і аж застагнаў ад нясцерпнай тугі. Гэтак балюча не было нават тады, калі яго параніў той турак, а дзіда патрапіла якраз пад рэбры, прабіўшы хвалёную венецыянскую карацэну. Тады бацька і адаслаў сына ў Еўропу, падалей ад бясконцых боек. Ён не павін ен быў ісці ў бойку, як просты ваяр. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс. Цяпер не атрымаецца… І так адцягваў свой ад'езд з гэтага мястэчка як мог. За незразумелае маруджанне бацька ўгневаны. Лёс краіны, якую з усіх бакоў раздзіраюць ворагі, залежыць ад ягонага шлюбу.
Кажуць, нявеста таксама маладая і прыгожая. Сапраўдная прынцэса. Але не ёй цараваць у ягоным сэрцы.
— Агнешка… Агна… Агонь, у якім я згараю… — шаптаў ён, цалуючы вочы дзяўчыны.
— Мы абое загубілі, спалілі свае душы.
Дзяўчына добра гаварыла па-грэчаску. Праўда, на латыні яна размаўляла яшчэ лепш. Але ён не любіў латынь.
Няўжо ўсе дзяўчаты ў гэтай краіне такія вучоныя?
Мусіць жа, не. Проста яму дасталася яна, дзіўная і непаўторная.
— Што мы нарабілі? Ты — чужы жаніх, я — чужая нявеста. Можа, нас хтось апаіў, як Трышчана і Іжоту?
— Я вазьму твой грэх на сябе, — шаптаў ён, цалуючы яе тонкія пальцы. Кожны пальчык…
Калі б ён мог надзець на вось гэты кволы пальчык свой пярсцёнак… Цяжкі пярсцёнак з вядомым усяму свету гербам ягонага роду ўладароў…
— Ты будзеш памятаць мяне? — дзяўчына глядзела амаль строга на яго мужнае аблічча, светлыя доўгія валасы, якія завіваліся ў локаны, блакітныя вочы, у куточках якіх ужо ляглі зморшчынкі — ад звычкі прыжмурвацца, углядаючыся ўдалеч ці наносячы смяротны ўдар.
Замест адказу ён пацягнуўся да крэсла, на якім ляжала яго вопратка, узяў стылет, дастаў з похваў. Клінок бліснуў, як месячная вада ў бяздонным віры. Хлопец прыставіў вастрыё стылета да сваіх аголеных грудзей, там, дзе сэрца. Па скуры павольна працягнулася глыбокая драпіна, яе перакрэсліла другая. На барвовы шоўк капнула барва.
— Бачыш? Гэты крыж заўсёды будзе са мной. Да самае смерці. Як памяць пра цябе.