Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла читать книгу онлайн
У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
Змест:
Аповесці
Пярсцёнак апошняга імператара
Сэрца мармуровага анёла
Апавяданні
Старасвецкія міфы горада Б*
Шляхецкія апавяданні
Дыярыуш пані
Жаніх панны Данусі
Жалезная кнопка
Мастак: А. I. Карповіч
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.
— Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю? — Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць прыступ.
Магдаліна злосна прыкусіла губу. А Кастусь працягваў вельмі сур'ёзна:
— Год таму я быў у камандзіроўцы ў раённым музеі. І там выпадкова даведаўся, што ў адной мясцовай сям'і захоўваецца рукапіс філосафа дзевятнаццатага стагоддзя Альгерда Андрыеўскага. У 1863-м ён, як і ваш прадзед, біўся на баку інсургентаў, быў паранены, схоплены і пасаджаны ў Бабруйскую крэпасць. Там і памёр. Ягоны маёнтак перайшоў ва ўладанне таго, хто выдаў інсургентаў… — Цяпер Магда слухала, стаіўшы дыханне. — Пра Андрыеўскага забыліся. Рукапіс захоўваўся ў нашчадкаў здрадніка. Адзіны ацалелы рукапіс! Разумееш? Адзіны! І калі і ён знікне, мая Беларусь акажацца збяднелай яшчэ на адно імя. А іх столькі ў яе адабралі! І гэты чалавек… Ён сягаў думкай у будучыню чалавецтва, а ад яго на роднай зямлі, за якую аддаў жыццё, не застанецца нічога! Зусім нічога! Ты адчуваеш, як гэта несправядліва? — Кастусь гаварыў так горача, што на іх з Магдай пачалі азірацца. Хлопец суцішыў голас. — У сям'і паважаных, заможных людзей мяне сустрэлі, як быццам я абакраў мясцовую царкву. Як я зразумеў, у тым родзе з пакалення ў пакаленне перадавалася варожасць да былой ахвяры. Псіхалагічныя штучкі — пачуццё віны спараджае нянавісць да бязвінна пакрыўджанага. Карацей, я і грошы прапаноўваў, і страшыў Акадэміяй навук, і прасіў па-чалавечы.
І зразумеў, што яны зараз жа, як я пайду, гэты рукапіс, якому раней не надавалі ніякага значэння, знішчаць. Проста цуд, што яны не зрабілі гэтага раней! Адзінае, што прыходзіць у галаву — колішнія ўладары маёнтка захоўвалі «кампрамат» на законнага ўладальніка. І хоць маёнтка даўно не стала, і сутнасць справы забылася, спадчыннікі па традыцыі рукапіс хавалі. І я яго… скраў.
— Нічога сабе! — не вытрымала Магдаліна. — Гэта ж… нядобра!
Кастусь злёгку пачырванеў.
— Я разумею, што нядобра… Але я паклаў у той куфэрак пяцьдзесят рублёў — усё, што меў. Дый і злодзей з мяне аказаўся ніякі — дагналі, далі ў каршэнь… Добра, у міліцыю не пацягнулі. Але рукапіс я абараніў. І з дакладам пра Андрыеўскага мяне нават запрашалі на канферэнцыю ў Чэхію.
— Гэта ўсё азначае, што вы ад мяне не адчэпіцеся, — задумліва, але без варожасці прагаварыла Магдаліна.
Кастусь моўчкі хітнуў галавою. Магдаліна тузанула сябе за касу.
— Мне трэба падумаць… Можа быць, што-небудзь і ўспомню…
У аўтобусе, які вёз яе да дабрадзейнага Марка, Магда чамусьці сцягнула з кос жоўтую і фіялетавую гумкі, і яе валасы ляглі звыклай неахайнай капой.
Карл Карлавіч ідзе ў госці
— Забірай зараз жа гэтае паскудства і нясі ў школу! Маці стаяла перад Магдай з мокрай анучай у руках.
— Усю хату твой крук загадзіў! У клетцы, бачыш, трымаць шкада! А ты ж у мяне пісьменніца, падлогу памыць — ручкі ўпэцкаеш. Паслухайся хоць разумнага чалавека — я пра Марка кажу, мяне ж ты за разумную не лічыш… Або забірай Карла, або я яго зараз з балкона шугану!
Магдаліна прыгнечана маўчала. Маці, яшчэ не старая прыгожая жанчына, прыгорбіўшыся, пайшла на кухню. Адтуль зараз жа раздалося адчайнае стракатанне машынкі-друкаркі — чарговая матчына «халтура». У Магды не хапала сумлення крыўдзіцца. Вядома, маці так ганарылася, што дачка паступіла ў маскоўскі інстытут, што выб'ецца ў людзі. А тут — ні вучобы, ні працы, адзін крумкач.
Так Магда апынулася перад пад'ездам свайго дома, з цяжкой клеткай, захінутай пледам у чорна-чырвоныя краткі, у адной руцэ, і парасонам у другой. Дожджык перакрэсліваў дарогу ва ўсіх напрамках, і ісці кудысьці відавочна не было сэнсу. Белыя анёлкі абселі каштаны і падскоквалі на пругкіх галінках, ловячы празрыстыя кроплі.
— Гэта ваша звычайная экіпіроўка для праменаду? — у пытанні чуўся вясёлы жах і нават павага.
Настырны Кастусь, сунуўшы рукі ў кішэні мокрай наскрозь джынсовай куртачкі, белазуба ўсміхаўся. Магдаліна рэзка развярнулася ўбок і рушыла амаль бягом па лужынах, абы сысці.
— Хаця ад дамы ў вас няшмат, але рэшткі выхавання ўва мне так і змушаюць прапанаваць дапамогу…
Магда спынілася. Ну і нахабнік!
Яна як мага пранізліва зірнула ў Кастусёвы вясёлыя вочы:
— Прабачце, я вельмі, вельмі спяшаюся!
І тут падаў адчайны голас Карл Карлавіч:
— Кар-р-равул!
І заварушыўся, аж Магда ледзь не выпусціла клетку.
— Што гэта ў вас там?!!
— Крумкач… Іван Хмель пакінуў…
— І куды ж вы яго несяцё дажджом?
— У школу… У жывы куто-ок… — Магдаліна раптам пачала неяк па-дзіцячы ўсхліпваць, стараючыся схаваць ганебныя слёзы ад непрыемнага суразмоўцы.
Кастусь уважліва паглядзеў на дзяўчыну, нахіліўся, расхінуў посцілку на клетцы. Між прутоў паказалася моцная шэрая дзюба, зірнула чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў, з залатой іскрынкай у цэнтры.
— Ну, прывітанне! Як цябе завуць, дружа?
І раптам з клеткі прагучала хрыплае, але цалкам разборлівае:
— Кар-рл Кар-рлавіч… Пр-рафесар-р…
А пры ёй не гаварыў! Магда аж плакаць перастала. Кастусь жа нібыта і не здзівіўся:
— Прыемна пазнаёміцца, калега. Малодшы навуковы супрацоўнік Кастусь Сташынскі… Кандыдат гістарычных навук… Можа быць, прафесар зойдзе да мяне на гарбату? Выключна ў навуковых мэтах… Мая бабуля вельмі любіць птушак, гасцей і выдатна пячэ піражкі.
Белыя анёлкі-суквецці гайдаліся на галінках каштанаў усё мацней, бо дождж ператварыўся ў залеву. І стаяць на месцы было глупствам.
…Прызнацца, пры поглядзе на Кастусёву бабулю не верылася, што яна ўмее нешта гатаваць. Бабуля была па-спартыўнаму падцягнутая, у нагавіцах і прасторнай сіняй блузцы. Сівыя валасы, калісьці, відаць, чорныя, коратка пастрыжаны. Бабуля абыходзілася без акуляраў, затое на шыі віселі каралі з вялізных, з каштан, кавалкаў неапрацаванага бурштыну.
— Ад шчытавідкі добра дапамагае! — нізкім голасам патлумачыла Яўгенія Іванаўна, заўважыўшы Магдалініну цікавасць. — Я гэтыя кавалкі калісьці сама вылавіла ў Балтыцы! — у бабуліным голасе гучаў гонар. — У сакавіку лёд пайшоў у заліве, а ў ім — бурштынавы слой. А хвалі, а сівер! І ўвесь бурштын ад берагу адганяе. Мужыкі стаяць з сачкамі, лаюцца. А я маладая была, адчайная — распранулася, і ў ваду! Муж, дзед Кастусёў, мяне пасля спіртам расціраў са свайго афіцэрскага пайка, і ўнутр — сто грамаў. І нічога, нават насмарку не схапіла! Не тое што цяперашняя хліпкая моладзь. Я ж уральская казачка! Нас у палонках хрысцілі! Ешце піражкі, маладыя людзі. Вось гэтыя — з капустай, а гэтыя, тоўсценькія, — з рысам і мясам. А гэтаму птушанятку я зараз таксама нешта смачненькае дам…
«Птушанятка», Карл Карлавіч, пачуваўся ў новай хаце някепска. І піражкі сапраўды былі смачнюткія, а гарбата пахла язмінам. Бабуля прымусіла Магду, «кволую гарадскую дзеўчынёху», абхінуцца махеравым пледам, бо «сучасныя рыцары, на жаль, не дадумаюцца да такіх простых рэчаў». Кастусь пакорліва ўздыхнуў на бабулін закід.
Яўгенія Іванаўна ўсміхнулася:
— Добра, добра, я супербабуля, я ўсё разумею. Іду ў свой пакой і пачынаю рыхтавацца да заўтрашняй лекцыі. Калі што, паклічаце.
Магду кінула ў чырвань ад адной думкі, што нехта мог палічыць, быццам яе з гэтым нахабным Кастусём звязваюць нейкія асаблівыя адносіны. Ён жа яе проста выкарыстоўвае — як цікавы дакумент. А параўнаць гэтага хлапчыску з Маркам… Смешна!
Але сыходзіць нікуды не хацелася. У старой кватэры з высокай столлю, без дываноў і абавязковага крышталю, затое з кніжнымі паліцамі і такімі зручнымі, хаця і цвёрдымі, фатэлямі было ўтульна і спакойна.
І Кастусь нічога не пытаўся і не кідаў дапытлівых позіркаў. Сядзеў у сваім фатэлі ды вёў свецкую гаворку пра норавы шляхты васемнаццатага стагоддзя.
— … А на развітанне гаспадарская дачка мусіла «запіць» з кожным госцем страмянную — трохі пакаштаваць з чаркі, якая падавалася госцю. Вось прыблізна такая чарка была… Як на той паліцы, каля чорнага гаршэчка.