-->

Канвеер

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Канвеер, Латыголец Андрэй-- . Жанр: Киберпанк / Мистика / Научная фантастика / Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Канвеер
Название: Канвеер
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 398
Читать онлайн

Канвеер читать книгу онлайн

Канвеер - читать бесплатно онлайн , автор Латыголец Андрэй

У кнігу ўвайшла аповесць “Канвеер” і тры апавяданні: “Прыпынак”, “Гатэль-прывід” і “Дзённік”. Містычны постмадэрнізм, які мяжуе з сапраўдным вар’яцтвам, дзе галоўныя персанажы спрабуюць выжыць, не страціўшы розум на фоне звычайнага, паўсядзённага жыцця вакол.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 50 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

— Матылёк, звычайна, цягнецца да святла.

— Ты не падумай, я зусім не хачу апраўдваць апазіцыю, а калі б і жадала, то ўжо нейкім іншым чынам. Тым больш апазіцыя ўжо не тая, якой была да 1997 года.

— Кучка купленых блазнаў, — падсумаваў Дзяніс.

— Але яна хаця б неяк супрацьстаіць гэтаму рэжыму.

— А мне, шчыра кажучы, пляваць, што на адных, што на другіх, я заўжды буду супраць усіх гэтых выскачак, палітыка — гэта поўная лажа.

— І гэта, дарэчы, тыповая беларуская ментальнасць.

— Памыляешся, гэта зусім не мае дачынення да беларуская ментальнасці. Гэта, хутчэй, мая пазіцыя, я бліжэй да ментальнасці анархічнай, калі так можна выказацца, чым да беларускай. У іх, як бачна, ёсць падабенства, але ў адрозненне ад першай, анархічная ментальнасць схільная да формаў пратэсту: “Ненавіджу дзяржаву і ўсё такое”. Беларуская ментальнасць заключаецца ў больш маральных асновах, якія падрывалі на працягу шматлікіх стагоддзяў і асабліва ў трыццатыя гады.

— Проста так склалася гістарычна, што нашая краіна апынулася паміж двума светамі: еўрапейскім і азіяцкім. І гэтыя абставіны пакінулі адметныя сляды лавіравання паміж абодвума. Мы цалкам не належым да аднаго з іх. Адсюль паходзіць сепаратызм думак, і як следства — у нас няма адзінай рухаючай сілы, якая б здолела аб’яднаць народ. Таму для такіх краін уласцівы дэспатызм.

— Эх ты, апазіцыянерка, — гарэзліва вымавіў Дзяніс. — Дэспатызм ёй не падабаецца, на гэтым дэспатызме сучасная Беларусь і трымаецца.

Іра пагардліва затушыла недапалак аб нагрэты руберойд.

— Скажы мне, а чаму ты тады ў сваім гурце па-беларуску спяваеш?

Пытанне збянтэжыла Дзяніса і ён злёгку пачырванеў.

— Што, не маеш адказу?

— Гэта проста адна з формаў пратэсту…

— Каму?

— Шэраму, аднолькаваму грамадству, у сваёй большасці трасянкавобразнаму і русіфікаванаму.

— А ты кажаш “апазіцыянерка”. Тваё нутро, па сутнасці, сепаратыўнага ладу. Дысідэнт, так бы мовіць, — сказала Іра, а потым дадала: — Дык як жа ты можаш судзіць аб чалавеку, калі сябе толкам не ведаеш?

Дзяніс падняўся на ногі і абапёрся азадкам аб парэнчы, так што яго постаць стала прыкметнай, калі б хто-небудзь паглядзеў на дах з нізу.

— Праўда я зачапіў цябе сваім нахабствам, сцвярджаючы, што ведаю цябе наскрозь? — спытаў ён.

— Ні кропелькі, — адказала Іра.

— Кінь, зачапіў жа?..

— Хутчэй, ты паказаў сваю недасведчанасць у гэтай досыць асабістай прасторы.

— Ты хочаш сказаць, што за восем месяцаў свайго партнёра нельга вывучыць?

— Безумоўна. Таму што гэта немагчыма. Немагчыма нават на працягу ўсяго жыцця.

— Лухта, — сказаў Дзяніс.

— Я сур’ёзна. Людзі жывуць, пражываюць жыццё і большасць з іх ня ведае навошта, навошта гэта патрэбна? Яны жывуць, скажам, дзеля працягу роду, меншасць з іх па ўзаемным каханні, і зусім невялікі адсотак проста, таму што адчувае ў гэтым патрэбу. Гэта як тое, што ты не можаш сказаць аб чым я зараз думаю.

— Што я дурань?!

Іра ўсміхнулася.

— Ты, я бачу, мой хлопчык, вельмі высокага аб сабе меркавання.

— Добра, аб чым жа?

— Аб апельсіне.

— Чаму аб апельсіне?

— Проста так, мне захацелася апельсіна і ў гутарцы з табой я падумала, як цудоўна было б зараз з’есці сакаўную дольку.

Вецер авеяў спіну Дзяніса прахалодай. Разам з тым у яго горле з’явіўся камяк і яму патрэбен быў некаторы час, каб праглынуць яго. Горла апякло чымсьці горкім.

— О’кэй, — вытрымаўшы кароткатэрміновую паўзу, сказаў Дзяніс. — Паслухай мяне ўважліва. Калі я ўпершыню цябе ўбачыў, там у студэнцкім скверыку, ну ты памятаеш, з табой яшчэ Насця са Светай былі. Дык вось, менавіта тады я зразумеў, што ты будзеш маёй. Па вачах. Я быў трохі нападпітку, але гэта толькі падбадзёрвала мяне. Потым я колькі разоў бачыў цябе ва ўніверсітэце, ты не звяртала на мяне ўвагі, непрыступная дзіва, так бы мовіць. І гэта, шчыра кажучы, працяглы час збівала мяне з панталыку. Я не мог адважыцца. Тым больш ты старэй мяне на два гады. Дапамог «кантакт». Я, вядома, не ў захапленні ад гэтых віртуальных прастораў, але рэч гэта сапраўды карысная. У «кантакце» я цябе і адшукаў, і першае, што кінулася мне ў вочы, гэта твае інтарэсы: тыя кнігі і фільмы, якія ты пазначыла сваімі ўлюбёнымі: Джордж Оруэл, [8] Кундэра, [9] Картасар, [10] Кустурыца, [11] Паланскі, [12] Дэвід Лінч, [13] Фасбіндэр. [14] І ведаеш, я адчыніў цябе ў новым свеце. Адразу ж знікла ўражанне аб легкадумнай ванільнай похве з пранізлівымі сінімі вачыма. Перада мной паўстала дапытлівая дзяўчына з не затлумленай усялякім смеццем цвярозай свядомасцю, дзяўчына з вытанчаным густам, у маім разуменні, правільнай эстэтычнай накіраванасцю і светлымі поглядамі на жыццё. Я знайшоў свой ідэал.

Іра шчыра ўсміхнулася, а пасля паднялася на ногі. Падышла да Дзяніса, ласкава ўзяла яго загрудкі.

— Скажы, што падлізваешся?

Ён схаваў ад яе свой позірк, а яна, у сваю чаргу, не спускала з яго вачэй.

— Ну давай, скажы гэта…

— Я проста цябе кахаю… вось і ўсё…

Іра выпусціла яго з сваіх рук і падышла да краю даху. Горад перад ёй застыг у невядомым чаканні, а вецер растрапаў яе рыжыя, і асабліва пад сонцам, яскрава-рыжыя пасмы доўгіх валасоў, пакінуўшы на іх таямнічае пасланне. Яна выцягнула вусны ў трубачку і павольна выпусціла з роту сліну. Сліна расцягнулася і марудна паляцела ўніз, зачапіўшыся пасярэдзіне свайго шляху на адным з падваконнікаў. Потым яна выцерла далонню вільгаць на вуснах і спакойна загаварыла:

— А я ўбачыла цябе ўпершыню ў тым пераходзе каля ўваходу ў гандлёвы дом “Сталіца”. Ты стаяў там са сваімі сябрамі. Божа, якія ж яны гідкія. Ты істотна сярод іх вылучаўся хаця б сваім знешнім выглядам. Я, дарэчы, і цяпер не разумею, чаму ты з імі звязаўся. Маё першае ўражанне аб табе было на ўзроўні: "Паглядзі, які прывабны хлопчык". Але гэта не аб чым не гаварыла і сама я наўрад ці бы табой зацікавілася. Але Света, асоба вельмі вострага густу, сказала, што ты падобны на Іггі Попа [15] ў маладосці. У цябе тады таксама былі доўгія выбеленыя валасы. Света была без розуму ад яго і рок-н-ролу. Я прыгледзелася да цябе. Шчыра кажучы, я не ў захапленні ад рок-музыкаў, яны такія гучныя, агрэсіўныя і ад іх за кіламетр цягне алкаголем. Аб гэтым сведчылі і бутэлькі, якія вы выжлукцілі. Як зараз памятаю: на зямлі каля вас у некалькі радоў стаялі паўтара літровыя бутэлькі з-пад піва, прыбіральніца па некалькі разоў прыходзіла іх прыбіраць, але іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася. І ты быў мне агідны. А калі пазней ты падышоў да мяне з сваёй нахабнай прапановай, я здзівілася. Чаму менавіта я? Побач са мной сядзелі Света і Насця: адна мадэль, а другая проста лялька з твару. Ты быў такі сэксуальны і ў тую ж чаргу такі дакучлівы. І я табе адмовіла, а сяброўкі потым доўга мяне ўшчувалі. У мяне не было хлопца і я адмовіла. Але падсумоўваючы гэта, магу сказаць толькі адно, што не з кім іншым на гэтым даху мне не было б так добра, як цяпер з табой. Дзякуй табе…

Аднак пасля такіх прызнанняў яны засталіся стаяць на адлегласці. Дзяніс глядзеў Іры ў спіну, а яна не вырашалася азірнуцца, ёй здавалася, што яна расчыніла перад ім таямніцу, якую доўгі час хавала. Дзяніс падышоў да яе і дужа прыціснуў да сваіх грудзей. І раптам ён адчуў, як яе цела змякла і пачало сутаргава скалынацца. Дзяніс зразумеў, што яна плача, стрымана, але плача. Ён некаторы час не ведаў, што яму рабіць, а потым па інэрцыі пацалаваў яе ў галаву.

— Іра, што ты?.. — разгублена прамовіў ён.

Яна азірнулася і Дзяніс убачыў яе вільготныя вочы, сумныя і такія прыгожыя, нібы росныя васількі на сенажаці.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 50 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название