-->

Канвеер

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Канвеер, Латыголец Андрэй-- . Жанр: Киберпанк / Мистика / Научная фантастика / Современная проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Канвеер
Название: Канвеер
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 396
Читать онлайн

Канвеер читать книгу онлайн

Канвеер - читать бесплатно онлайн , автор Латыголец Андрэй

У кнігу ўвайшла аповесць “Канвеер” і тры апавяданні: “Прыпынак”, “Гатэль-прывід” і “Дзённік”. Містычны постмадэрнізм, які мяжуе з сапраўдным вар’яцтвам, дзе галоўныя персанажы спрабуюць выжыць, не страціўшы розум на фоне звычайнага, паўсядзённага жыцця вакол.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 50 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

“Зараз-зараз, яшчэ крыху, вось я скончу…”

Пералазячы зваротна, Дзяніс па іроніі зачапіўся нагой за цвік у транспаранце і павіс на версе кветніка.

— Табе дапамагчы?! — пачуў ён кплівы голас знізу. Прыгледзеўся — мянты.

Зарад адрэналіну дазволіў яму адразу вызваліцца з пасткі і саскочыць на зямлю. Перад Дзянісам узнікла два міліцыянера: старшына і малодшы сяржант. Старшына нагадваў друзлага цюленя з мулявінскімі вусамі, а малады сяржант лыпаў вачыма і нервова аглядаўся па баках.

— Ну і што ты там рабіў, сябрук? — спытаў старшына.

— Мачыўся…

— Цікава. А што іншых месцаў няма, акрамя, як каля Палацу Рэспублікі?

Дзяніс паціснуў плячамі.

— Вось што, малады чалавек, — сур’ёзна вымавіў старшына, — калі б гэта было якое-небудзь завуголле, мы б цябе не чапалі, але, прабач мяне — тут, і яшчэ на сімвал нашай суверэннай рэспублікі!

Дзянісу раптам захацелася смяяцца.

“А што, крута, я, як самы радыкальны панк абмачыў дзяржаўную сімволіку”.

На яго твары ўзнікла ледзь прыкметная ўхмылка.

— Што будзем рабіць з гэтым парушальнікам? — спытаў старшына ў сяржанта.

Той спярша асалапеў, а потым стрымана прамовіў.

— Як звычайна.

— Грошай у мяне няма! — умяшаўся Дзяніс.

— Ты толькі паглядзі на яго, — абурыўся мент. — Мы сумленныя санітары гэтых вуліцаў, хабары не бяром, але для такіх як ты ў нас маецца асобнае пакаранне. Сяржант!

Сяржант узяў Дзяніса пад руку і ўтрох яны пайшлі за Палац Рэспублікі. На працягу шляху Дзяніс чуў, як з рацыі старшыны бесперапынна бразгаў мужчынскі голас: “Першы, першы, я — трэці, каля Дома Афіцэраў п’яная бойка, паўтараю…” Аднак мянты маўчалі.

— Добра, — сказаў старшына ўжо за палацам, — цяпер павярніся.

Дзяніс разгубіўся.

— Што вы збіраецеся… — роспачна запярэчыў ён.

— Не хвалюйся, колькi ўдараў дубінкай табе не перашкодзяць, паварочвайся, — буркнуў сяржант. — Ці ты жадаеш у апорку, а адтуль дакумент па месцы працы, ці вучобы.

Дзяніс пакорліва павярнуўся і знерухомеў у чаканні, бы перад растрэлам.

— Ну, хто першы? — пачуўся за яго спінай голас сяржанта.

— Давай ты, — сказаў старшына.

У наступнае імгненне Дзяніс прачуў на сваёй спіне такі моцны ўдар, што злёгку пахіснуўся, але раўнавагу не згубіў.

— Стаяць, смоўж, яшчэ за мною слова! — гыркнуў старшына.

Дзяніс дакрануўся да спіны — яна гарэла, нібы яе аблілі варам.

— Гатовы?!

Дзяніс заплюшчыў вочы.

— На-а-а!!!

Другі ўдар быў мацнейшым і прыйшоўся па нырках. Дзяніс сціснуў зубы, каб не ўскрыкнуць і рэзка прысеў на кукішкі. Яму хацелася ванітаваць.

— Усё, хлопец, бывай. Мы цябе не бачылі і ты нас таксама, — засмяяліся мянты.

Калі супрацоўнікі міліцыі зніклі, Дзяніс зваліўся на калены і, амаль не цалуючы глебу, званітаваў, ужо ў другі раз за гэты вечар. У спіне пякло, а ў нырках было адчуванне вакууму. Хацелася заплакаць, але ён стрымаў сябе і сеў на азадак. Толькі цяпер Дзяніс заўважыў, што непадалёк ад яго, на лаўцы, сядзела парачка размалёваных эма.

— Ты ў парадку? — спытаў ці то хлопец, ці то дзяўчына. — Мы ўсё бачылі і можам даць паказанні супраць пярэваратняў у пагонах.

Дзяніс падняў руку ўверх — сусветны знак “усё о’кэй” і паціху ўстаў. Трэба было выносіць адтуль ногі, каб у эма ад убачанага, незнарок, не здарылася сардэчнага прыступу.

Вяртаўся назад ён, як марафонскі бягун: хуткасна і з нясцерпнай прагай помсты. Помсціць хацелася ўсім, а ў першую чаргу таму, хто думаў па-іншаму. На плошчы, тым часам, разгарнулася наступнае відовішча: “амапаўцы” урэзаліся клінам паміж русейскiмi і гішпанскімі балельшчыкамі, пры чым тварамі яны стаялі да “гішпанцаў”, і незаўважна пачалі адціскаць іх у бок мятро.

На экране высвяціўся агульны лік: 2–0 у карысць Гiшпаніі.

“Ах, вунь яно што!”

Дзяніс адразу далучыўся да “гішпанцаў” і пачаў прасоўвацца наперад. Там ён адшукаў Міху з Іллёй, якія ў п’яным чадзе разам з мускулістымі мужыкамі крычалі аб відавочнай перамозе і выкідвалі “русейцам” факі. Дзяніс быў салідарны і за адну хвіліну, нецэнзурна выказваючы сваю незадаволенасць, сарваў сабе голас. З боку “расейцаў” фанатаў узмацнілася хваля абуранасці.

— Фу, адстойнікі, здраднікі!!! — крычалі яны і размахвалі расейскiмi сцягамі.

Вочы Дзяніса наліліся крывёй.

— Маскалі! — крыкнуў ён у адказ і выставіў у іх бок кулак.

Гэта, як потым высвятлілася, не спадабалася “расейцам”.

— Стойце спакойна і не правакуйце іх, — сказаў адзін з “амапаўцаў”.

— Мы на сваёй тэрыторыі, — адгукнуўся Дзяніс.

— Я сказаў спакойна стой! На сваёй ён тэрыторыі… — прамыкаў двухметровы шланг і ў нос Дзянісу стрэльнула дробам смуроду.

Спакваля “амапаўцы” адціскалі гішпанскіх балельшчыкаў усё бліжэй да мятро, атачыўшы іх паўколам, у некаторых выпадках нахабна штурхаючы людзей у плечы. Магчыма, “расейцы” прачыталі ў гэтых дзеяннях сваю перавагу, і ў гэты ж момант пачалі закідваць “гішпанцаў” чарговым шквалам пустых бутэлек. Дзяніс разам з астатнімі балельшчыкамі паспрабаваў прарваць шэраг “амапаўцаў” і распачаць бойку, але іх высілкі маментальна спынілі балючыя і досыць тактычныя ўдары дубінак. Усіх, як тупы статак жывёлін, уціснулі ў пераход мятро і пастроілі ў два рады, паставілі з заду і з пераду міліцыянераў, і некаторы час пратрымалі ў стане поўнай разгубленасці. Дзяніс разумеў, што гэта рабілася выключна дзеля іх бяспекі, міліцыянеры чакалі пакуль “амапаўцы” разгоняць расейскiх балельшчыкаў у супрацьлеглы бок, каб пазбегнуць сур’ёзных сутыкненняў.

Ужо ў пераходзе Дзяніс успомніў, што пакінуў на плошчы свой партфель, а Міха з Іллёй, хутчэй за ўсё, не паспелі яго падабраць. І гэта было б паў бяды, — у партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, а таксама залікоўка і карысныя кнігі.

Стаяць прыйшлося яшчэ хвілін дзесяць, пакуль “амапаўцы” не далі распараджэння рухацца наперад. Дзяніс падбег да аднаго мянта з рацыяй і сказаў, што забыў на плошчы свае рэчы. Яго пусцілі. Выйдучы з пераходу, ён убачыў бязлюдную і ўшчэнт забруджаную смеццем плошчу. Падбегшы да месца, дзе стаялі зусiм нядаўна гішпанскія балельшчыкі, Дзяніс, акрамя парожніх бутэлек і ваніт, нічога не знайшоў. Ні там, ні далей.

— Што здарылася?! — прагучаў голас Іллі і Дзяніс азірнуўся.

Пагойдваючыся, як дзве таполі на Плюшчысе, за ім стаялі Ілля з Міхай.

— Мы ўбачылі, што цябе пусцілі на плошчу і пайшлі следам, — бы апраўдваючыся, сказаў Міха.

— А вы партфель мой не бачылі?

— Не, — сказаў Міха.

…Вярталіся дадому ўдваіх: Дзяніс і Ілля. Выйшлі з мятро на станцыі “Кунцаўшчына” і пайшлі пешшу.

— У партфелі засталіся ключы Колі і Кіслотніка, — разважаў Дзяніс.

— Коля, відаць, моцна раззлуецца, — невыразна вымавіў Ілля.

— Пляваць, там была мая залікоўка, гэта ж прыйдзецца зноў бегаць па ўсіх прэподах…

Яны ішлі ўздоўж па вуліцы, яшчэ не працверазеўшы і таму крычалі: “Гiшпанія перамагла, выкусіце, маскавіты!”

Не гледзячы на непрыемны зыход суботняй гулянкі, Дзянісу хацелася працягу, ён пакуль не ўсведамляў маштабу праблемы, у якую трапіў, таму вырашыў адкласці ўсё на раніцу. Разам з Іллёй яны спыніліся папаліць на школьным стадыёне і іх асабістая размова расцягнулася яшчэ на працяглы час. Дзяніс прыйшоў дамоў у тры гадзіны ночы, выпіў з-пад крана вады і паваліўся на канапу, заснуўшы сном немаўля.

Назаўтра яму трэба было выходзіць у ноч. Пачыналася трэцяя змена.

6

Ён паглядзеў на шкляны дах — у ім бачыўся кавалак базальтавага неба, на якім дрыжучы, мігацелі самотныя зоркі. Гадзіннік паказваў дваццаць тры сорак пяць. Трэцяя змена. Трэці цэх і больш нікога. Завод здаваўся пустым і толькі з трэцяга цэху даносілася рэха працы. Працавалі першыя дзве веткі канвеера і “лінія Краўса” агульнай колькасцю пяцьдзесят чалавек. Усе былі на сваіх месцах і кожны выконваў сваю аперацыю.

Пасля дзённага адпачынку рукі Дзяніса адразу адчулі боль і першыя паўгадзіны яму прыйшлося не салодка, прымацоўваючы да маразільных камер пляскатую папярочку, узнаўляць свае ўменні па ўласна выпрацаванай методыцы. Справа ішла марудна. За сваёй спінай Дзяніс, час ад часу, чуў бязглуздую размову паміж Мявутам і Маслам на фоне дурнаватага смеху Зіны. Снайпер згінаў металічныя лісты і пераважна маўчаў. Відаць, часаць языкамі з гэтымі каровамі яму было не цікава. Дарэчы, і з астатнімі працоўнымі такой ахвотай ён асабліва не вылучаўся. У чымсьці Дзяніс пазнаваў у Снайперы і сябе, — такім ён мог стаць у сталасці, канечне, калі застацца на заводзе.

1 ... 11 12 13 14 15 16 17 18 19 ... 50 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название