Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- Чаго ты хочаш? - строга запытаў ён.
Сапраўды, чаго я хацеў?
- А ты ўпэўнены, што вернешся? - прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць.
Пэўны час мы ехалi поплеч, потым спынiлiся, Джанатан выцер з маёй шчакi слёзы i сказаў:
- Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў - я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджылiме...
- У Наджылiме? - перапытаў я. - А што гэта такое?
- Я раскажу табе пра гэта як-небудзь iншым разам.
Цяжка апiсаць, як я сумаваў у тыя днi, калi быў адзiн у Сядзiбе Рыцараў, i як марудна цягнулiся днi. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымлiваўся ў стайнi каля Ф'ялара, а потым iшоў да трусоў i доўга размаўляў з iмi. Калi-нiкалi лавiў рыбу, вучыўся паляваць з лукам i стрэламi, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафiя прыносiла мне ежу, i зноў мы гаварылi пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: "Ён хутка вернецца", але яна маўчала. Вельмi хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца - я ж ведаў прычыну сам.
Як расказваў мне калiсьцi Джанатан, Тэнджыл ненавiдзеў Сафiю.
- Сафiя ў Вiшнёвай Далiне i Орвар у Далiне Дзiкай Ружы - яго самыя заклятыя ворагi, i, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае.
- Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, i яму хацелася б кiнуць туды i Сафiю, каб яны абое загiнулi там. Гэты нягоднiк паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафiю, жывую цi мёртвую.
Вядома ж, я разумеў, чаму Сафiя павiнна трымацца як мага далей ад Далiны Дзiкай Ружы i што iменна Джанатан павiнен быў пайсцi туды замест яе. Яны думалi, што Тэнджыл нiчога не ведаў пра яго, цi, прынамсi, спадзявалiся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк: гэта быў чалавек, якi таемна прыходзiў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. I гэта вельмi непакоiла Сафiю.
- Той чалавек ведае занадта многа, - сказала яна.
Яна папрасiла неадкладна паведамiць ёй, калi хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзiбу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабiць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалi ў iншае месца, у табакерку, якую паклалi на самае дно меха з аўсом. Сафiя дастала яе i паклала туды яшчэ штосьцi.
- Беражы гэта, я ведаю, што гэта не так проста, але ты абавязаны ўсё зберагчы.
Асаблiва не па сабе мне было вечарамi i ноччу. Мне снiлiся жахлiвыя сны пра Джанатана, i калi я прачынаўся, мяне ахоплiваў непакой.
Аднойчы ўвечары я паехаў да "Залатога Пеўнiка". Мне проста немагчыма было сядзець дома ў Сядзiбе Рыцараў, дзе так цiха, што, здавалася, можна пачуць мае думкi, а яны былi не з тых, што падымаюць дух.
Калi я ўвайшоў, усе здзiўлена паглядзелi на мяне, менавiта здзiўлена, таму што я быў адзiн, без Джанатана.
- Вось гэта навiна! - усклiкнуў Джосi. - З'яўляецца толькi палова братоў Львiнае Сэрца! Дзе ж ты дзеў Джанатана?
На гэта пытанне адказаць было няпроста. Я памятаў, наконт чаго мяне папярэджвалi i пераконвалi Сафiя з братам: што б нi здарылася, нiкому не гаварыць, штб рабiў Джанатан i куды ён пайшоў. Нiводнай жывой душы! Не ведаючы, што адказаць, я рабiў выгляд, што не пачуў пытання. Але тут сядзеў i Губерт, яго таксама вельмi цiкавiла, дзе мой брат.
- Дык дзе ж ён? - прагучала пытанне. - Не думаю, каб Сафiя адмовiлася ад свайго садоўнiка.
- Джанатан на паляваннi, - сказаў я першае, што прыйшло ў галаву. - Ён у гарах, палюе на ваўкоў...
Атрымалася даволi ўдала - мае словы былi добрай адчэпкай, бо сапраўды Джанатан неяк гаварыў, што ў гарах паявiлася шмат ваўкоў.
Сафiя ў той вечар не прыйшла, але астатнiя жыхары Вiшнёвай Далiны сабралiся як звычайна. Яны, як заўсёды, спявалi песнi i весялiлiся. Толькi я не спяваў разам з усiмi, без Джанатана мне ўсё было не так, i з гэтай прычыны не хацелася тут доўга заставацца.
- Не будзь такiм сумным, Карл Львiнае Сэрца, - падбадзёрыў мяне Джосi, калi я выходзiў. - Джанатан хутка закончыць сваё паляванне i вернецца дадому.
О, як я быў удзячны яму за гэтыя словы! Ён па-сяброўску паляпаў мяне па плячы i даў з сабой некалькi смачных пiрожных.
- Можаш паласавацца, пакуль вернецца Джанатан, - сказаў ён.
Ён быў добры, гэты Залаты Певень. Пасля яго слоў мне нават стала не так самотна.
Я прыехаў дадому, сеў каля агню i пачаў есцi пiрожныя. Хаця ўдзень i стаяла цёплае вясновае надвор'е, аднак тоўстыя сцены нашага дома яшчэ не прагрэлiся.
У пасцелi было зябка, але неўзабаве я заснуў. У сне ўбачыў Джанатана, але сон быў такi жахлiвы, што я мiжволi прачнуўся.
- Зараз, зараз, Джанатан! - закрычаў я. - Я iду! - У цемры, якая шчыльнай сцяной акружала мяне, я выскачыў з пасцелi. Мне чуўся роспачны крык, крычаў Джанатан! Ён клiкаў мяне, яму патрэбна была мая дапамога. Я зразумеў гэта. Мне хацелася кiнуцца тут жа ў цемру, каб прыйсцi яму на дапамогу, дзе б ён нi быў. Але я разумеў, што гэта немагчыма. Што я мог зрабiць? Не было, пэўна, чалавека больш бездапаможнага, чым я. Мне нiчога не заставалася, як залезцi зноў у пасцель i ляжаць, трасучыся ад страху i адзiноцтва.
Але тым не менш настала ранiца, i пачаўся сонечны, ясны дзень. Цяпер, вядома, было цяжэй падрабязна ўспомнiць, якi страшны быў мой сон, але тое, што Джанатан клiкаў на дапамогу, я не мог забыць. Мой брат клiкаў мяне, дык цi ж я не павiнен быў хоць паспрабаваць памагчы яму?
Гадзiнамi я сядзеў каля маiх трусоў i думаў, што я павiнен зрабiць. Параiцца не было з кiм, не было ў каго спытаць. Трэба было штосьцi вырашаць самому. Я не мог пайсцi да Сафii, таму што яна спынiла б мяне. Яна нiколi не дазволiла б мне, яна была разумнай жанчынай, а тое, што надумаў я, было справай не вельмi разумнай i бяспечнай. Нават вельмi небяспечнай, а я не быў такi смелы.
Не ведаю, колькi я сядзеў, прытулiўшыся да сцяны стайнi i вырываючы траву. Неўзабаве вакол мяне не засталося нiводнай травiнкi. Мiналi гадзiны, i раптам мне прыгадалася, як Джанатан гаварыў, што не трэба баяцца здзяйсняць небяспечныя ўчынкi, iнакш ты не можаш называцца чалавекам, а будзеш проста маленькай дрэнню.
I вось, я рашыўся. Я так ляпнуў кулаком па клетцы з трусамi, што яны падскочылi. Каб быць больш упэўненым у сабе, я сказаў уголас:
- Я зраблю гэта! Я зраблю гэта! Я не маленькая дрэнь!
I калi я рашыўся, стала так лёгка на душы!
