Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Страшна было чакаць яго. Здраднiк - гэта штосьцi жахлiвае. Я адчуваў гэта ўсiм сваiм целам. Я амаль перастаў баяцца людзей ля вогнiшча ад таго, што хутка ўбачу, як з-за скалы на сцяжынку выходзiць здраднiк. Мяне агарнуў жах, што хутка ўбачу здраднiка, i ў той жа час да болю ў вачах глядзеў на тое месца, адкуль ён павiнен паявiцца.
Тыя двое ля вогнiшча глядзелi ў той бок, яны таксама ведалi, адкуль ён павiнен з'явiцца, але нiхто з нас не ведаў - калi.
Мы чакалi. Яны чакалi ля вогнiшча, а я - у сваiм сховiшчы. Ужо i месяц не асвятляў уваход у пячору, а час, здавалася, застыў на месцы. Нiчога не адбывалася, мы проста чакалi, ажно мне захацелася ў нейкi момант скочыць i закрычаць, каб пакласцi ўсяму канец. Здавалася, што ўсё чакае: месяц, горы вакол, як быццам уся месячная ноч стаiла дыханне, чакала здраднiка. Нарэшце ён паявiўся. Па сцяжынцы, залiтай месячным святлом, здаля наблiжаўся коннiк. Ён ехаў менавiта з таго боку, адкуль яго чакалi. Убачыўшы яго, я закалацiўся ўсiм целам: "Губерт, як ты мог..."
У мяне ажно пачалi вочы балець ад доўгага ўзiрання, i я заплюшчыў iх. А магчыма, я заплюшчыўся, каб нiчога не бачыць. Так доўга чакаў гэтага недавярка, а цяпер, калi ён прыйшоў, я адчуў, што проста не магу глядзець на яго. Я заплюшчыў вочы i толькi па стуку капытоў разумеў, што ён наблiжаецца.
Нарэшце ён пад'ехаў, спынiў каня. Тады я адкрыў вочы, каб паглядзець, як выглядае здраднiк, бо ён здрадзiў такiм жа, як сам. Так, я хацеў бачыць Губерта, якi прыйшоў, каб здрадзiць Вiшнёвай Далiне i ўсiм, хто там жыве.
Але гэта быў не Губерт. Гэта быў Джосi! Залаты Певень...
8
Джосi i нiхто iншы!
Мне спатрэбiлася iмгненне цi крыху больш, каб апамятацца. Джосi - чалавек, якi заўсёды быў такi добры i такi лагодны, якi частаваў мяне пiрожнымi, якi супакойваў мяне, калi я сумаваў, - i ён быў здраднiкам Вiшнёвай Далiны.
I вось ён тут, сядзiць ля вогнiшча. Зусiм недалёка ад мяне, разам з салдатамi Тэнджыла - Ведэрам i Кадэрам, як ён назваў iх, i тлумачыў, чаму не прыйшоў раней.
- Губерт палюе на ваўкоў у гарах, i я не хацеў трапляць яму на вочы.
Ведэр i Кадэр па-ранейшаму пахмурна маўчалi, а Джосi працягваў:
- Вы, напэўна, не забылi Губерта, яго таксама неабходна кiнуць у пячору Катлы, ён таксама ненавiдзiць Тэнджыла.
- Што ж, зрабi што-небудзь, - падаў голас Ведэр.
- Бо гэта ж ты наш чалавек у Вiшнёвай Далiне, хiба не? - напомнiў Кадэр.
- Так, так, - адказаў Джосi.
Ён увесь час падлiзваўся, унiжаўся, але Ведэр i Кадэр не любiлi яго, я зразумеў гэта адразу. Мне здаецца, нiхто не любiць здраднiкаў, нават тыя, хто iх выкарыстоўвае.
Вушы яму пакiнулi, не адрэзалi. Яны зрабiлi iншае: паставiлi кляймо Катлы.
- Усе людзi Тэнджыла павiнны насiць гэта кляймо, нават такiя здраднiкi, як ты, - сказаў Ведэр. - Гэта для таго, каб ты мог паказаць яго, калi хто-небудзь з нашых, хто не ведае цябе, прыйдзе ў Вiшнёвую Далiну.
- Так, так, - згадзiўся Джосi.
Яны загадалi яму расшпiлiць кашулю i жалезам, нагрэтым на вогнiшчы, паставiлi на грудзях кляймо Катлы.
Джосi, калi да яго датыкнулiся нагрэтым да чырванi жалезам, войкнуў.
- Цярпi, - сказаў Кадэр. - Ведай, што цяпер ты навечна адзiн з нас, хоць ты i здраднiк.
З усiх начэй майго жыцця гэта, напэўна, была самая доўгая i самая цяжкая. Прынамсi, з таго часу, як я прыйшоў у Наджыялу, i самае горшае з усяго гэтага было тое, што мне давялося слухаць выхваляннi Джосi, як ён надумаў знiшчыць Вiшнёвую Далiну.
Джосi запэўнiваў, што хутка ён зловiць i Сафiю, i Губерта.
- Але ўсё гэта павiнна быць зроблена так, каб нiкому i ў галаву не прыйшло, хто стаiць за ўсiм гэтым. Iнакш як я надалей змагу быць вашым тайным чалавекам у Вiшнёвай Далiне.
"Ты ўжо не будзеш iм, - падумаў я. - Таму што тут ёсць нехта, хто выкрые цябе, так што ты збялееш, чырванашчокi здраднiк".
Потым ён сказаў такое, ад чаго маё сэрца зайшлося:
- Вы яшчэ не злавiлi Джанатана Львiнае Сэрца? Ён усё яшчэ на волi ў Далiне Дзiкай Ружы?
Я зразумеў, што Ведэру i Кадэру не спадабалася пытанне.
- Мы iдзём па следзе, - сказаў Ведэр. - Добрая сотня чалавек шукаюць яго днём i ноччу.
- I мы знойдзем яго, нават калi б нам выпала абшукаць кожны дом у Далiне Дзiкай Ружы, - дадаў Кадэр. - Тэнджыл чакае яго.
- Што ж, мне гэта зразумела, - азваўся Джосi. - Гэты Львiнае Сэрца больш небяспечны, чым хто iншы, гэта я вам кажу. Ён сапраўдны леў.
Я быў вельмi горды, што Джанатана назвалi сапраўдным iльвом, i я адчуў вялiкую палёгку, даведаўшыся, што ён жывы. Але мяне душыў гнеў, калi я думаў аб тым, што зрабiў Джосi. Ён здрадзiў Джанатану. Толькi Джосi мог даведацца пра тайную паездку Джанатана ў Далiну Дзiкай Ружы i паслаць паведамленне Тэнджылу. Гэта была iменна яго вiна, што сотня чалавек днём i ноччу высочвае майго брата i, калi знойдзе, аддасць яго ў рукi Тэнджыла.
Але пакуль Джанатан жывы. Уявiце сабе, ён жывы! Ён на волi, але чамусьцi мне саснiлася, што брат клiча мяне на дапамогу. Так, я ляжаў i думаў, спадзеючыся даведацца, што адбылося на самай справе.
Хаця я ўжо даведаўся пра вельмi многае, падслухоўваючы Джосi.
- А што датычыць Губерта, то ён проста зайздросцiць Сафii, што мы выбралi яе галоўнай у нашай Вiшнёвай Далiне, - сказаў Джосi. - А Губерту здаецца, што ён лепшы за ўсiх.
Ага, вось у чым справа. Я прыгадаў, якi злы быў Губерт, калi кiнуў: "Ну што асаблiвага ў гэтай Сафii". Значыць, ён проста зайздросцiў ёй i нiчога iншага тут не было. Можна каму-небудзь зайздросцiць i заставацца прыстойным чалавекам. А я ўбiў сабе ў галаву з самага пачатку, што Губерт - здраднiк у Вiшнёвай Далiне. I ўсё, што ён рабiў i гаварыў, усё было дрэнна. Вось бачыце, як лёгка дрэнна думаць пра людзей. Бедны Губерт, ён апякаў мяне, выратаваў мне жыццё, даў мне вяндлiны, а ва ўдзячнасць я толькi крыкнуў яму: "Не забiвай мяне!" Не дзiўна, што ён раззлаваўся. "Даруй мне, Губерт, - падумаў я, даруй!.." Абавязкова я скажу гэта яму сам, калi сустрэну зноў.
Джосi адчуваў сябе ўжо больш упэўнена, i было бачна, што яму падабаецца сядзець тут, але, вiдаць, кляймо Катлы зрэдку давала аб сабе знаць, бо ён пацiху стагнаў, i кожны раз Кадэр гаварыў:
- Так табе i трэба.
Мне хацелася зiрнуць, як выглядае гэтае кляймо. Мусiць, вiдовiшча мала прыемнае, таму добра, што я яго i не бачыў.
А Джосi ўсё хвалiўся i хвалiўся тым, што ён ужо зрабiў, i тым, што збiраўся зрабiць. Потым кажа: