Дынастаманiя (на белорусском языке)
Дынастаманiя (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
У яго адкрытасцi было нешта такое, што раззбройвала. На маё здзiўленне i нават крыху сорам, а таксама насуперак атрыманаму выхаванню, я нават адчуваў да яго сiмпатыю.
- Я даўно хацеў табе сказаць: "Не будзь занадта адкрытая", i вось нарэшце, Эн, ты дала мне такую магчымасць. Не будзь такая адкрытая. Ён самы сапраўдны жыгало. Каторы раз ты мяне здзiўляеш. Я нешта не заўважаў, каб ты звяртала ўвагу на iншых мужчын. У цябе ж добрыя манеры. - Я ўхмыльнуўся. - Звычайна.
Яна не адводзiла вачэй ад Барона, i ўхмылка знiкла з майго твару.
- Звычайна, - паўтарыў я крыху пагрозлiва. - Але павiнен прызнаць, што ён надзiва прыгожы.
- Так, - яна сцвярджальна кiўнула галавой. - Але перш за ўсё ён дзiвосны тым, што выглядае якраз на таго, якi ён ёсць на самай справе. Нават вопраткай. Вось гэта i прымусiла мяне спытаць пра яго. Я нiколi не бачыла самага сапраўднага жыгало раней. Ты знаёмы з iм?
- Так, як i ўсе. Крыху.
- Пазнаём мяне з iм, калi ласка.
Эн паспела растлумачыць сваю цiкаўнасць. Яна здалася мне бясшкоднай. Я прывёў Поля да нашага столiка i пазнаёмiў iх.
Праз два тыднi яна выйшла за яго замуж. Я не бачыўся з ёй на працягу тых двух тыдняў, хiба толькi на адлегласцi. I ўвесь час паўтараў сам сабе: "Дынастыя". Гэта смешнае, недарэчнае слова, якiм яна растлумачыла сваё iмкненне ў жыццi, - вырашыў я, - якраз i было менавiта тое, што вабiла яе да чалавека, якi, згодна з яе прызнаннем, быў тыповы прадстаўнiк вульгарных нiзоў.
I ўсё ж яна выйшла за яго замуж.
Праз тыдзень пасля шлюбу яны паплылi ў мора на невялiкай лодцы, i назад ён вярнуўся адзiн.
Праз два днi пасля гэтага яго арыштавалi. Студэнты-медыкi ўзнялi шум, i палiцыя - якая хоць i вельмi неахвотна звязвалася з амерыканцамi, а з iмi асацыiравалася ўжо само iмя Эн, i была вельмi заклапочаная тым, каб Каны аднавiлi сваю рэпутацыю сусветнага цэнтра забаў i каб пра гэты горад не распаўсюдзiлася нiякая слава, акрамя самай добрай, вельмi клапацiлася аб тым, каб запэўнiць кожнага, што такiя тыпы, як Поль, нiколi, заўважце, нiколi не ступяць нагой у iх рай, - гэта самая палiцыя вымушана была саступiць i арыштаваць яго.
Потым, паколькi ён быў неверагодна бездапаможны, палiцыi не заставалася нiчога iншага, як перадаць справу ў суд. На пытанне аб тым, куды знiкла жонка, ён адказаў:
- Яна вылезла з лодкi i паплыла. - Так ён i паўтараў увесь час гэта глупства. I гэта ўсё, што ён мог сказаць у сваю абарону.
Пасля размовы са мной супрацоўнiкi следчых органаў папрасiлi не ў якасцi афiцыйнага загаду, а ў якасцi паслугi застацца, каб прыняць удзел у слуханнi справы ў судзе. Вiдаць, яны думалi, што я змагу iм дапамагчы. Я ж гэтага не разумеў, пакуль не пачаўся суд. I вось тады я ўбачыў, наколькi карысным я аказаўся, вельмi карысным.
Суд прысяжных засядаў не больш двух месяцаў. Потым судовыя пасяджэннi перанеслi ў другое месца ўзмор'я, у Нiцу - цэнтр дэпартамента Прыморскiя Альпы.
Так што мае тры iдылiчныя месяцы на казачнай Рыўеры аказалiся пяццю горкiмi...
У зале французскага суда надзiва цяжка арыентавацца. Мне давялося вельмi доўга шукаць сваё месца i спатрэбiлася шмат часу, каб разгледзець сярод прысутных абвiнавачанага; яшчэ больш часу спатрэбiлася, каб прызвычаiцца да факта, што ён лiчыўся вiнаватым, пакуль не зможа даказаць адваротнае.
Калi ж я нарэшце да гэтага прызвычаiўся, адчуў вялiкае задавальненне.
Паказаннi былi абсалютна знiшчальныя. Усе да аднаго, у тым лiку i самога Барона. Да таго ж, нi кроплi не засталося ад яго годнасцi - i не толькi таму, што шмат што кампраметавала яго, але i сам ён надзiва ўдала прыклаў руку да сваёй дыскрэдытацыi ў час судовага разбору. Так, напрыклад, усплыў факт яго незаконнароджання. Усе гэта, зразумела, ведалi, але гаварылi пра гэта толькi шэптам, ды i пашпарт, што ён меў пры сабе, рабiў гiсторыю яшчэ больш заблытанай.
Узнiкла пытанне i наконт яго ўзросту. Калi знiкла тая маленькая балканская краiна? У 1915 годзе. Колькi год яму было тады? Кароткiя гiстарычныя звесткi, сабраныя разам, вымусiлi яго сказаць праўду: яму было тады пятнаццаць. Такiм чынам яго пашпарт быў падроблены; чалавеку, якому на выгляд было трыццаць чатыры, а па ўласным прызнаннi трыццаць сем, на самай справе мiнула сорак сем год - а гэта прызнанне для яго мела большае значэнне, чым для iншых людзей. Маладжавасць - галоўная акцыя пры яго занятку.
Але ж чаму ён ажанiўся з гэтай дваццацiдвухгадовай дзяўчынай? Ён надзвычайна ўразiў усiх прызнаннем праўды: ён ажанiўся з ёю дзеля грошай. А значыць, ён не ведаў, што яна зможа атрымаць грошы толькi праз трынаццаць год? - з'едлiва заўважыў пракурор (ён наогул быў схiльны да з'едлiвасцi), - тады, калi ваш узрост наблiзiўся б да шасцiдзесяцi год.
- Яна мне пра гэта не казала.
Памятаю, як бездапаможна ўздыхнуў адвакат.
- Значыць, вы ажанiлiся з ёю дзеля грошай, потым даведалiся, што не атрымаеце iх раней, чым праз трынаццаць год, i таму вырашылi атрымаць iх у якасцi спадчыны?
- Я ажанiўся з ёю таму, што яна папрасiла мяне аб гэтым, таму што яна была прыемная асоба i таму што яна была багатая. Да таго часу, як я апынуўся ў гэтай зале суда, я не ведаў нiчога наконт гэтых "трынаццацi год". Яна сказала, што загадала перавесцi грошы, але французскiя банкi вельмi марудныя. А яны на самай справе марудныя. Прайшоў толькi тыдзень пасля шлюбу.
- Тыдзень. Толькi тыдзень, - сказаў пракурор, паволi i горка, i сеў на месца.
Нарэшце мяне правялi да месца, дзе я павiнен быў выступаць як сведка. Я стаяў за стойкай, абапiраючыся аб парэнчу, трасучыся ад пачуцця болю, страты i раз'юшанасцi. Цi патрэбны мне быў перакладчык? Мяне аб гэтым спыталi, i я сказаў - не, хоць маё веданне французскай мовы было, па праўдзе кажучы, недастатковае. Але я не хацеў, каб памiж мной i помстай iснавала б хоць якая-небудзь заслона.
Галоўная каштоўнасць, якую я ўяўляў для следства, была, як я потым зразумеў, у тых гарачых пачуццях кахання i жалю, што мучылi мяне. Маiмi вачыма суддзi бачылi, якая простая, якая шчырая, якая маладая, якая жыццялюбiвая яна была.
Яны атрымалi таксама некаторыя факты.
- Вы плавалi разам з баранэсай?
- Часта.
- Яна добра плавала?
- Не. Вельмi дрэнна.
- Вы абмяркоўвалi з баранэсай пытаннi, звязаныя з грашыма?
- Абмяркоўвалi.
- Гаварыла яна што-небудзь такое, што наводзiла б на думку пра валоданне ёю спадчынай? Значным багаццем - банкаўскiмi рахункамi, акцыямi, аблiгацыямi i гэтак далей - усiм тым, што тут было пералiчана i скарыстана ў якасцi доказаў?
- Не.
- Гаварыла яна што-небудзь адваротнае?
- Яна расказала мне адкрыта i падрабязна, што не можа крануць нават частку сваiх грошай да таго, як ёй споўнiцца трыццаць пяць год.
- I вы былi з ёю ў адносiнах, падобных на тыя, якiя меў пазней абвiнавачаны? Гэта значыць памiж вамi паўставала пытанне аб шлюбе?
- Так, такое пытанне паўставала. Менавiта тады яна растлумачыла, што ў яе мала што ёсць, што жыла яна "ў беднасцi" - менавiта гэта слова яна ўжыла.
Абаронца ўступiў са мной у кароткi дыялог, якi яго засмуцiў.
- Вы сказалi, што плавалi разам з нябожчыцай?
- Але.
- Ну, значыць, яна ўсё-такi ўмела плаваць, цi не так?
- Безумоўна. Яна плавала, як толькi што народжаны пудзель: напалову на спiне, махаючы адной лапай.
- Меней рыторыкi, месьё Дэнтэл, i болей фактаў.
- Гэта i ёсць факт.
- Яшчэ адным фактам з'яўляецца тое, што вы абмяркоўвалi пытанне шлюбу з мадам?
- Гаворка пра гэта iшла.
- Што вы маеце на ўвазе?
- Тое, пра што я гаварыў.
- Па-французску гэта нi аб чым не гаворыць. Я сфармулюю гэта так: вы прапанавалi ёй выйсцi за вас замуж, яна адмовiла, потым яна вырашыла выйсцi замуж за iншага мужчыну, куды больш прыгожага. Можа, яна менавiта гэта вам i сказала, таму вы i не адчуваеце спагады да абвiнавачанага?
- Фактычна я не прапаноўваў ёй выйсцi за мяне замуж, i таму яна мне не адмаўляла. Думаю, калi б я прапанаваў, яна б, можа, i згадзiлася. I адзiны каментарый, якi я чуў ад яе пра чалавека, за якога яна выйшла замуж, дык гэта тое, што ён выглядае як сапраўдны жыгало.