-->

Ночы на Плябанскiх млынах

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Ночы на Плябанскiх млынах, Рублеўская Людміла-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Ночы на Плябанскiх млынах
Название: Ночы на Плябанскiх млынах
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 313
Читать онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн

Ночы на Плябанскiх млынах - читать бесплатно онлайн , автор Рублеўская Людміла

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Вясна з усіх пор года мінае найхутчэй. Здаецца, толькі-толькі закружыла галовы, разгайдала сэрцы ў рытме першых дажджоў, а ўжо абсыпалася квецень і птушкі, прыгнечаныя сямейнымі клопатамі, суцішылі пошчак. Апякунства народнай цвярозасці ладзіла першую вечарыну па дабрачынным зборы сродкаў на... Гісторыя не захавала звестак, на што менавіта, але ж мы з вамі не сумняваемся, што гэта была вартая, плённая ў справе падтрымання народнай маральнасці мэта.

«Цвіком» вечарыны мусіла стацца выступленне хору.

Ах, як яны хваляваліся, як прасавалі бялюткія каўнерыкі і манжэты, а на спадніцы нечакана выяўлялася пляма, якую зараз жа спрабавалі вывесці з дапамогай солі і праса, а ў гэты час з кудзерак выпадала дзве папільёткі, а татка заўважаў, што папільёткі скручаныя з сённяшніх непрачытаных «Губернскіх ведамасцей», і ў давяршэнне брыдкая котка (ці малодшая сястрычка) скідала са стабурка парфуму... А ў горле невыносна казытала, і сціскала, і пякло...

Лютысь сядзеў у чацвёртым радзе амаль дыхтоўнага гарадскога клуба, у мундзіры тэлеграфнага служачага, зашпіленым пад самае горла, і паблажліва пазіраў на стракатую публіку. А публіка сапраўды была стракатай — акрамя актывістаў руху за гігіену, санітарыю і, вядома, народную цвярозасць, былі запрошаны прадстаўнікі таго самага народу — рабочыя з мануфактуры і бровара. Лютысю страшэнна не падабалася, што замест таго, каб стаіць дыханне ў чаканні цуду, многія перашэптваліся, перасмейваліся і нават рагаталі.

Але чаму яны не змоўклі, калі заспяваў хор?

— Блеюць, нібы козы някормленыя...— сярдзіта абазваўся нейкі грубіян за Лютысевай спінай.

Лютысь якраз вывучыўся акрым пляскання ў ладкі гучна крычаць «брава!» і «біс!». Але ўсё-ткі не так гучна, каб заглушыць усе незадаволеныя галасы, смех і свістанне. А хор між тым намагаўся з усіх сіл. І панна Анэля, і панна Юзька, і рудая Анця, вытанчана склаўшы белыя ручкі перад сабой, падобна мармуровым анёлкам на каталіцкіх могілках горада Б*, старанна выводзілі рулады пра залатую хмарку і пра бедную сірацінку...

— Ну колькі можна нудзіць? Яшчэ па праграме чытальнік і піяніст. А калі ж танцы? — абураўся несвядомы люд.

Але са сцэны пятнаццаць галасоў натхнёна зацягнулі раманс...

Так, пры поглядзе ў гэты момант на публіку гарадскога клуба самы мройнік пагадзіўся б, што горад Б* мала падобны да Венецыі. З-за куліс чырванатвары чытальнік з набрыяліненымі вусамі адчайна размахваў кнігай апавяданняў Чэхава на знак кіраўнічкі хору заканчваць выступ.

Вось і растаў цуд... Развеянае чараўніцтва... Хіба хопіць у кагосьці сілы захаваць свой чароўны востраў, калі любячыя бліжнія даходліва патлумачылі, што ён — толькі купінка пасярод свойскага балота? Яны ж такія клапатлівыя і разумныя, нашы бліжнія... Яны заўсёды аберагаюць нас ад непатрэбных, няхай і прыгожых, амарокаў.

На наступны дзень мусіла адбыцца чарговая рэпетыцыя. Сем самых стойкіх да жыццёвых няўдач паненак, якія сёння толькі і прыйшлі ў пусты летні тэатр, сумна зацягнулі пра залатую хмарку пад суровыя ўзмахі рук кіраўнічкі. Плач старазапаветнага прарока Іерэміі па зруйнаваным Іерусаліме і стогн наведніка Бурыгавай карчомкі па паўнюткім, перакуленым на падлогу куфлі піва — нішто ў параўнанні з той нябеснай тугой, з тым тужлівым шкадаваннем, якімі трымцелі абражаныя грубай рэальнасцю галасы парадзелага хору Апякунства народнай цвярозасці. Вось апошні гук растаў пад дзіравым дахам. А магчыма, праз тыя дзіркі, на рапараванне якіх сквапная гарадская рада не выдзяляе сродкаў, узняўся той гук высока-высока, аж да нябеснага прастола, дзе спяваюць райскія птушкі на аблоках з мігдалавага крэму...

І ці то з тых аблокаў, ці то з цёмнага кута сырога памяшкання летняга тэатра грымнула:

— Брава! Біс!

Верны Лютысь стаяў і зацята біў у ладкі, нязграбна прыціскаючы да сябе локцем вялікі букет хрызантэм.

І няхай дзесьці ў вялікіх бліскучых залах прымадонны з непамернымі бюстамі атрымліваюць ружы кошыкамі.

Хіба гэта прыгожа — ружы ў кошыку?

І хор аднавіў свае рэпетыцыі. І наважваўся на новыя і новыя выступленні... І сціплы тэлеграфны служачы восьмага разраду заўсёды сядзеў у чацвёртым радзе справа і крычаў свае «брава» і «біс» і шчыра перажываў за кожную нотку... І бегаў па асабістых просьбах па лядзенчыкі, а да Каляд і Вялікадня абавязкова атрымліваў цэлы стос сурвэтачак, вышытых незабудкамі ці галубочкамі. Так што Лютысева маці, гучнагалосая мажная кабета, разглядаючы прэзенты, расчулена выцірала слязу і думала: «Вылюднеў... Хутка жэніцца...»

Лютысь не зважаў, калі змяняліся харысткі ці калі чарговы знаўца падчас іх выступаў хапаўся за галаву. Ну і няхай хапаецца, калі гэта ў яго слабое месца!

Бо херувімы пяюць на грэшнай зямлі толькі для абранцаў. І нават у горадзе Б*.

Ахілесава пятка

Герой Ахілес меў непаражальнае цела, за выключэннем пяткі. Сын цара Троі Парыс, які не вызначаўся ваеннымі талентамі, забіў героя, пацэліўшы яму стралой у гэтае адзінае паражальнае месца.

Старажытнагрэчаскі міф

Калі сумленнаму абывацелю горада Б* не хапала ўласных праблем, ён пачынаў вырашаць праблемы грамадскія.

Праўда, сорамна прызнацца, гэткіх шчаслівых людзей у горадзе Б* жыло няшмат. Большасць абывацеляў корпалася ў сваіх штодзённых асабістых справах, нараджаліся, жаніліся, сварыліся, паміралі і ведаць не ведалі пра новыя павевы ў цывілізаваным свеце. Так-сяк дзейнічалі Апякунства народнай цвярозасці і Гурток аматараў драматычнага мастацтва, і то дзякуючы хору і танцавальным вечарынам. Несвядомы люд насяляў горад Б*!

Мадам Касіо, утрымальніца пансіёна высакародных паненак горада Б*, раздражнёна адклала на ампірны столік газету. Нават у горадзе Н* стварылі Таварыства абароны жанчын! А тут — суцэльны патрыярхат, цямноцце.

Мадам Касіо карысталася павагай усяго горада Б*. Калі насустрач імкліва рухалася ейная танклявая высокая постаць у чорнай сукенцы з пышным карункавым каўняром і манжэтамі, увенчаная купалам сапраўднага парыжскага капелюша, нават самы смелы служачы сельскагаспадарчага банка — а пра служачых гэтага банка гаварылі, што любога з сарочкі выведуць,— намагаўся збочыць, зрабіцца непрыкметным, як павуцінка бабінага лета. Абы толькі не наставіла мадам Касіо на цябе свой страшны ларнет, абы не сустрэцца позіркам з яе светлымі, як ільдзінкі, вачыма... Ну а зусім гора, калі скіруе на цябе мадам свой доўгі чорны парасон, калі прагучыць металёвае:

— Пра вашыя манэры, малады чалавек, я буду размаўляць з вашым рара.

Таму ліст па збіранні сродкаў на стварэнне ў горадзе Б* Таварыства абароны жанчын падпісалі і сам губернатар, і паліцмайстар, і нават дырэктар сельскагаспадарчага банка Шкудровіч. Там, дзе металёвы голас і ларнет былі менш дзейсныя, у бяспройгрышную бойку ўступалі серабрысты галасок і сарамліва-прамяністыя пагляды маладзенькай мадэмуазэль Нінель, выкладчыцы музыкі і спеваў пансіёна мадам Касіо. Мадэмуазэль Нінель, або ў сапраўднасці засцянковая шляхцянка Ніна Гаршкова, мініяцюрная сільфіда ў німбе штучных локанаў, пазірала на сумніўца справы абароны жанчын з такім натуральным жахам, з такім немым дакорам увасобленай жаноцкасці, што самае каменнае сэрца мусіла здрыгануцца, а рука — пацягнуцца падпісваць ліст.

Ніхто не ўстаяў перад двайным націскам актывістак прагрэсу. Ніхто... Акрамя Базыля Магарыша, уладальніка невялікага, але працвітаючага конезавода. Ах, якія коні былі ў Магарыша! Сытыя, гладкія, шыракаспінныя, нібыта створаныя вазіць рыцараў у поўным узбраенні. Праўда, набывалі іх для куды больш празаічных патрэб. Але коні прыносілі не малы даход. І не дзіва — Магарыш, палкоўнік-кавалергард у адстаўцы, свету не бачыў за сваімі грывастымі ўлюбёнцамі. Ні вясёлыя сябрукі, аматары халасцяцкіх уцех, ні прыўкрасныя паненкі горада Б* з пасагамі рознай велічыні не маглі звесці Магарыша з ягонага суровага мужчынскага шляху. Часам ён і сам нагадваў неаб’езджанага рысака — чорныя валасы грывай, бакенбарды і вусы неймавернай велічыні, ноздры раздзімаюцца, ногі ў кавалерыйскіх ботах нецярпліва пераступаюць, а на твары напісана адно: кажы, чалавеча, якая патрэба, ды збаў мяне ад сваёй прысутнасці.

1 ... 64 65 66 67 68 69 70 71 72 ... 119 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название