Ночы на Плябанскiх млынах
Ночы на Плябанскiх млынах читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Але яшчэ больш незразумелымі былі паводзіны Данілкі, які пры сустрэчы з панам Вярэдзічам памкнуўся ўцячы і, мабыць, упершыню ў жыцці сумеўся, зачырванеўся і страціў мову.
А на другі дзень зазбіраўся «на службу».
Ну не дурань жа быў Антось Бурыга! Змог жа ён утрымаць бацькоўскую карчму і ўладкаваць яе і прыбытак добры мець. І не маглі ў яго не ўзнікнуць некаторыя сумлівы наконт таямнічай вучобы-службы сыночка...
І аднойчы зачыніў Бурыга сваю карчму, на гора мясцовым заўсёднікам, і паехаў у далёкі горад Маскву, прытрымліваючы левым локцем тоўсты партманет у глыбокай унутранай кішэні пінжака. Што здарылася з шаноўным карчмаром у тым горадзе, дакладна невядома. З асобных выказванняў звычайна гаваркой цётачкі Марысі можна скласці толькі прыблізную карціну...
Тлум і гуд Масквы, пэўна, не здзівілі патомнага карчмара. А вось тое, што па адрасе, куды ён столькі гадоў адсылаў грошы, знаходзіўся рэстаран, здзівіла, і непрыемна. Пані з аголенымі плячыма, паны ў зграбных сурдутах знікалі за дзвярыма, якія паслужліва адчыняў барадаты дзядзька ў шыкоўным мундзіры. Адчыніў ён дзверы і перад карчмаром горада Б*.
— Просю за столік.— Малады чалавек у белай кашулі і шэрай шаўковай камізэльцы, з перакінутым цераз руку ручніком вынырнуў аднекуль збоку...
Так, так. Данілка служыў афіцыянтам у рэстарацыі, дзе метрдатэлем быў ягоны стрыечны дзядзька пан Квяткоўскі. І што з таго, што згаданы Квяткоўскі быў там жа ва ўсёй красе, пры чорным сурдуце, белай манішцы і лакіраваных чаравіках? Бурыга быў не дурны. Ён выдатна разумеў, што гэта — такі самы карчмар, як ён, ды яшчэ ў чужой карчме...
Да таго ж Бурыгу клікалі наведвальнікі з пашанаю — «пан», а Квяткоўскага ў яго сурдуце падзывалі паблажліва — «чалавек!».
Дзеля праўдзівасці заўважым, што дзядзька спрабаваў уладзіць Данілку некуды вучыцца і прабыў Данілка колькі часу ў сталічнай вучэльні... І не ў адной... Але навука тамтэйшая аказалася зусім непрабівальнай для правінцыйных мазгоў.
Затое ў навуцы карчомнай Данілка быў выдатнікам.
І хутка выпадковаму наведвальніку Бурыгавай карчомкі пачало дваіцца ўваччу: два карчмары, з аднолькавымі пшанічнымі вусамі на чырвоных тварах, у аднолькавых вышыванках сустракалі яго. Зблізку ўсведамлялася, што адзін з карчмароў маладзейшы і больш жвавы і ў мове яго трапляюцца дзіўнаватыя слоўцы.
— Чіво-чіво? Гарэліцы? А вось рэкамендую вінь-шампань, не жадаеце?
— Не сцялі языком, студэнт! — грукатаў бас старэйшага карчмара, і малодшы пакорліва змаўкаў і падаваў аматару гарэлкі жаданую чарку, абавязкова перакінуўшы цераз руку бялюткі ручнік.
— Просю!
І што тыя платы і роўчыкі, якімі спрабаваў бедны Бурыга падзяліць сваё жыццё...
Эх, карчомка — са шкляным богам пабачыцца, каваную свінку купіць, як Марцін мыла, набрацца, усё забыць, і што не было, успомніць, і — грайце, музыкі, спявайце, музыкі, пра таго казачэньку, што паехаў за палі-лясы і не вернецца ніколі да дзяўчыначкі-галубы...
Стаіць карчма ў горадзе Б*, стаіць — і будзе павек стаяць такой, якой збудавалі яе прапрадзеды...
Адысей і Сірэны
Сірэны — паўптушкі-паўжанчыны, якія заманьвалі сваімі чароўнымі спевамі мараходаў на смертаносныя скалы. Толькі Адысей змог беспакарана паслухаць іх спевы, бо загадаў сваім сябрам заляпіць вушы воскам, а яго самога прывязаць да мачты.
Старажытнагрэчаскі міф
Горад Б* цяжка назваць Венецыяй. Нават сіняй травеньскай ноччу, калі яго вулкі затапляе мора веснавога водару, а цёмная лістота бэзу і язміну са светлай пенай квецені і самаму беднаму ўяўленню нагадвае хвалі...
Не, ніхто і ніколі не параўноўваў горад Б* з Венецыяй! А між тым хіба дзесьці яшчэ на свеце ёсць такія галасістыя дзяўчаты, хіба дзесьці так працінае цёплае вечаровае паветра чыстая, як месяцовы прамень, песня? А зухаватыя хлопцы горада Б*, хіба не падобныя яны да венецыянскіх гандальераў, калі плывуць іх постаці ў святочных вышыванках ля прысадаў дома, дзе жыве асабліва прыгожая паненка, і лунае над імі вечная песня вясны і кахання, якая не змянілася ад часоў Саламонавых?
Так, горад Б* спяваў не менш (а цалкам магчыма, і не горш) за тую Венецыю...
Таму нікога не здзівіла, калі Апякунства народнай цвярозасці горада Б* аб’явіла аб стварэнні хора. Акрамя дабратворнага ўплыву песеннага мастацтва на тутэйшыя норавы, хор мусіў стацца крыніцай дабрачыннага збору сродкаў на падтрыманне тых жа нораваў на адпаведнай гордаму гораду Б* вышыні.
Друзлая сцэна летняга тэатра, на якой з прычыны працякання даху і правальвання пад нагамі дошак ужо гады тры не было ніякіх тэатральных імпрэзаў, з багавейлівасцю сустрэла пятнаццаць жаўронкаў горада Б*, самаадданых прыхільніц мастацтва і, вядома ж, народнай цвярозасці.
А самаадданае служэнне мастацтву (і тым больш цвярозасці) не можа не сустрэць водгуку ў шчырым недасведчаным сэрцы...
Тэлеграфнага служачага восьмага разраду Лютыся ніхто не назваў бы дасведчаным хоць у чымсьці, гэтак жа, як горад Б* не называюць Венецыяй. Нават Лютысяў бацька, тэлеграфіст са стажам, калі глядзеў на свайго нашчадка, які лена перацягваў з кута ў кут стосы паперы, а прыпухлыя, нібыта вечна заспаныя, вочы скіроўваў пры гэтым плённым працоўным працэсэ да столі, нават гэты вытрыманы, паважаны чалавек дасадліва стукаў худым кулаком па стале:
— Пакараў жа Гасподзь мяне, грэшнага, такім ёлупнем...
Бо не выяўляў Лютысь цікавасці ні да чаго карыснага, адно да калдуноў са смятанай. Скончыў ён чатыры класы рамеснай вучэльні і быў уладкаваны бацькам на ніжэйшую пасаду гарадской тэлеграфна-паштовай службы...
У летні тэатр гарадскога парку Лютысь трапіў таму, што пачаўся дождж, што ў кішэні была прыхаваная цыгарэтка і сустракацца ні з кім не хацелася. Бо ўсе сустрэчныя заўсёды нечага ад небаракі Лютыся хацелі — каб ён ветліва павітаўся, зашпіліў каўнер, распавёў, дзе быў учора апоўдні ці заўчора вечарам, і чаму ў яго такі адсутны выгляд... Не, лепш пасядзець у ціхім спакойным месцы...
Але на гэты раз месца не было ціхім... У сырым памяшканні, адбіваючыся ад збуцвелых сцен размытым рэхам, грымнулі галасы хору Апякунства народнай цвярозасці...
Лютысь хацеў быў збегчы, але чамусьці не змог. Яны ўсе былі тут, на сцэне,— і чарнявая паненка Анэля, і бялявая кірпаценькая Юзька, і рудая кучаравая Анця... Яны спявалі для яго, адзінага слухача, недарэкі Лютыся, і як спявалі! Райскія птушкі, аблокі з мігдалавага крэму, залатыя купалы і кедр ліванскі паўставалі на прасторах Лютысевай душы!
Лютысь ніколі не быў у тэатрах, але ведаў, што пасля прадстаўлення трэба пляскаць у ладкі... Удзельніцы хору, заружавелыя, сціпла пакланіліся... Іхняя кіраўнічка, маладая жонка настаўніка літаратуры мужчынскай гімназіі, строга запатрабавала цішыні, узмахнула рукамі, і пад дзіравую столь ускрыліла новая песня...
Так Лютысь пачаў наведваць усе рэпетыцыі новага хору. Вядома, ён і раней чуў розныя спевы. І ад маці, і ад мясцовых дзяўчат... У параўнанні са спевамі хору гэта было што даматканая посцілка ў краткі перад крамным дыванком з чароўнымі пастушкамі ў гірляндах з ружаў... Хто прадугледзіць, як і калі прыгажосць пастукаецца ў ягоную душу? Харысткі пелі дзівосныя песні пра залатыя хмаркі і суровыя скалы, пра няшчасных сіротак і літасцівых пані, нарэшце, пра каханне, такое нябеснае і дасканалае, што Лютысь не разумеў і паловы слоў.
Харысткі хутка прывыклі да адданага паклонніка, які не стамляўся пасля кожнай песні біць у ладкі і так шчыра перажываў за кожную іхнюю ноту. Яго пасылалі купіць лядзенчыкаў ці піражкоў з капустай, прасілі прынесці бутэлечку сельтэрскай вады для чысціні голасу. Ніхто са знаёмых не пазнаў бы тут Лютыся — вечна санлівы, абыякавы твар гарэў такім энтузіязмам, што прыходзіць толькі да непаўналетняга юнака, які ўпершыню патрапіў на рэпетыцыю жаночага хору.
Дзіўна, але хаця Лютысь абагаўляў сваіх спявачак, кожная з іх паасобку як бы не цікавіла яго. Ні чарнявая Анэля, ні бялявая Юзька, ні нават рудая кучаравая Анця... А напэўна ж, кагосьці з іх ён сустракаў, і нават не раз, і па-за сцэнай летняга тэатру. Але яго абыякавы пагляд заўсёды кіраваўся міма, у тую кропку, дзе ззяюць залатыя купалы і спяваюць райскія птушкі... Дзе лунае звонкагалосы херувім з пятнаццаццю прыўкраснымі галовамі...