Гiсторыя Ролянда

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Гiсторыя Ролянда, Ліпень Піліп-- . Жанр: Разное. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Гiсторыя Ролянда
Название: Гiсторыя Ролянда
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 404
Читать онлайн

Гiсторыя Ролянда читать книгу онлайн

Гiсторыя Ролянда - читать бесплатно онлайн , автор Ліпень Піліп

Пасьля дзёрзкіх уцёкаў са змрочных засьценкаў катаў-праграмароў, рэклямны бот Ролянд гоіць раны й суцяшаецца ўспамінамі пра дзяцінства, поўнае ўцехаў, і бясхмарнае высьпяваньне. Тым часам у пагоню за Роляндам выпраўляецца маўклівы і злавесны Белы Паляўнік

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 80 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

– Уяві, Валю, у сьвеце зараз мільён мастакоў! І ўвесь гэты мільён сядзіць ля мальбэртаў і пэцкаюць пэндзьлікамі! І ты, як дурніла, будзеш сядзець і пэцкаць? Левай-правай, левай-правай! Я – адзін зь мільёна, гэта гучыць горда! Ха-ха!

Але Валік стрымана й лягічна адказваў:

– Ну добра, Колю, а ты што будзеш рабіць?

– Я нічога ня буду рабіць!

– У такім выпадку ты будзеш адным са ста мільёнаў гультаёў! Ха-ха! Валяюся на канапе й ганаруся!

Тады Колік абвясьціў, што ён будзе сядзець у куце й трымацца правай рукой за левае вуха! Такога ніхто ў сьвеце ня робіць, ну хіба што пару чалавек! І праўда, цэлы тыдзень ён не гуляў, ня песьціўся, не хадзіў на вуліцу і марнаваў увесь свой вольны час на сядзеньне ў куце й трыманьне правай рукой за левае вуха. Нам было шкада Коліка, і мы стараліся не зьвяртаць на яго ўвагу, каб не правакаваць упартасьць. Але праз тыдзень ён сам кінуў – бо зразумеў, што рызыкуе патрапіць у лік дзесяці мільёнаў вар'ятаў. «Людзей замнога, ўжо вельмі замнога», – палюбіў ён з тых часоў прымаўляць з крывой усьмешкай. З Валіка ён больш ня кпіў, цікаўных ёлупаў абыходзіў бокам і паціху ўліваўся ў лік ста мільёнаў крымінальнікаў.

85. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра майстэрства выставаў

Мой брат Валік, мастак, вельмі доўга не мог дамагчыся прызнаньня. Людзі ў нашым горадзе былі перанасычаныя мастацтвамі, яны толькі й ведалі, што абурацца й высьмяхацца. Сьпярша Валік вельмі балюча перажываў свае выставы, на кожнай зь якіх яго нязьменна прыніжалі і аб'яўлялі нікчэмным эпігонам, але потым прызвычаіўся, асвоіўся і адбрэхваўся спраўна. Бывала, падыдзе да яго якая эрудыяваная кабета з мастацтвазнавак і скажа:

– І навошта было маляваць гэтыя марыны? Усё роўна да Айвазоўскага не дацягнеце.

– А ў вас дзеці ёсьць? – пытаўся Валік, нават не задумваючыся.

– Вядома! – напышліва адказвала кабета.

– І навошта было нараджаць? Хіба яны стануць Македонскімі?

– Хам!

– Манюка! – рагаталі мы з брацікамі. – Няма ў цябе ніякіх дзяцей, мы ж ведаем!

Ці, бывала, падыдзе які часапісец з фотаапаратам і прагундосіць:

– Вам не здаецца, што ваш пэйзажны стыль занадта нагадвае Шышкіна?

– Сапраўды? – хмыкаў Валік, – а вам не здаецца, што ваш нос занадта нагадвае нос Рэпіна?

– Дазвольце, але ж я не абіраў свой ​​нос!

– А чаму чаравікі як у сутэнёра? Ці таксама не абіралі?

– Што?.. Ды я зараз!..

Але мы з брацікамі ўжо абсядалі яго, разьмінаючы адзін аднаму трыцэпсы. Шышкіна, кажаш, нагадвае? Пойдзем-ка з намі ў прыбіральню, сябрук.

Пакрысе выставы зрабіліся нашай улюбёнай забаўкай. Бывала, мы стаялі у Валіка за сьпіной і падганялі: малюй, малюй! А калі ён не пасьпяваў, дык несьлі выстаўляць ягоныя старыя карціны, усё роўна ўсім было ўсё роўна.

86. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сканчэньне сусьветнага цыклу

Хуліё прыйшоў дадому рана, змрочны як хмара. «Што здарылася?» – запыталіся мы. «Яна мне адмовіла!» – адказваў Хуліё з сумам і безвыходнасьцю. Ён закрыў твар далонямі й горка заплакаў. Мы пляскалі яго па плячох і суцяшалі як маглі.

– Ну й добра, што адмовіла, яшчэ лепей знойдзеш! – сказаў Колік.

– Ну й добра, што адмовіла, ня будзеш час марнаваць на глупства! – сказаў Валік.

– Трэ было ажаніцца з той, сама першай! – сказаў Толік.

А я пабег у краму па шакалядны торт.

За тортам тата ўзяў слова і прапанаваў нам паслухаць суцяшальную казку. Мы моўчкі, з поўнымі ратамі, заківалі.

– Жыла-была юная дзяўчына. Была яна разумная, далікатная, і на выгляд прыгожая. І, як належала, марыла пра каханьне. Хлопцы на яе таксама заглядаліся, а адзін суседзкі малец нават быў у яе закаханы, але ён ёй зусім не падабаўся. Дзяўчына не сьпяшалася й чакала свайго шчасьця. Аднойчы, калі яна купляла ў шапіку цыгарэты, падышоў да яе спрытны пралаза, агледзеў з галавы да ног і прапанаваў: паляжым, цукерка? Праз такое нахабства ў яе нават дух захапіла – сышла хуткім крокам, ані слова не адказаўшы, а потым успамінала з абурэньнем і шкадавала, што не абсякла прайдзісьвета. Мінула з таго выпадку трохі часу, і аднойчы ўвечары пастукаўся да яе той суседзкі малец, вушасты і кволы. Паваліўся на калені, палка прызнаўся дый пачаў прасіць стаць ягонаю жонкай. Нядоўга думаючы, яна адмовіла й выправадзіла. І адчула прыемнасьць унутры. Яшчэ празь некалькі дзён спынілася побач зь ёй на вуліцы машына, выйшаў адтуль пажылы паскуднік і пачаў абяцаць шчадроты. Пайшоў на хрэн, старэча! – працадзіла яна й зрабіла выразны жэст. Адвярнулася й выдалілася незалежна, вялікае задавальненьне праз гэту адмову атрымаўшы. Далей – болей. Ані дня не праходзіла, каб хтосьці чагосьці гэтай дзяўчыне не прапаноўваў. То ў начны клюб, то ў летні адпачынак, то замуж, то піва выпіць, то брыльянт за пацалунак, то вечнае каханьне. А яна з асалодай адмаўляла, усё дасканалей і напышлівей. Ужо ня марыла яна ні пра што, шчасьлівая аднымі адмовамі. З кожным годам яна ўсё харашэла, усё налівалася сокамі, усё афармлялася ды фармавалася. Кавалеры таксама ўсё багацелі ды прыгажэлі. Сваталіся да яе модныя дыджэі, вытанчаныя тэнары, ляўрэаты Букераўскіх прэмій, адважныя генэралы, мажныя бізнэсмэны, насьледныя арыстакраты, акторы й алімпійскія чэмпіёны. І ўсё атрымлівалі пагардную адмову. А адзін раз пад Новы год падышоў да яе ў гастраноме вельмі сур'ёзны спадар зь вельмі знаёмым тварам. Вой! Гэта ж прэзыдэнт! Дый ня просты, а амэрыканскі! Таксама руку й сэрца прапануе. З адмысловай халоднасьцю адмовіла яму дзяўчына. Зарыдаў прэзыдэнт у голас, не хаваючыся, а неўзабаве з засмучэньня падаў у адстаўку. Як жа гэта прыемна, сястрыцы! Пасьля тога выпадку ўсквітнела дзяўчына да такой асьляпляльнай прыгажосьці, што нават сонца й месяц свой ​​ход запавольвалі, калі яна на прамэнад выходзіла. І вось ішла яна аднаго разу па бульвары, а насустрач ёй – малады, статны, прыгожы, у ізьзяньні індыгавам – сам Гасподзь Крышна. Устаў ён перад ёю, і кажа: ці станцуеш Раса-Лілу са мною? А яна яму напышліва так, з вартасьцю: прыбяры лапы!

Тут тата, як належала, узяў паўзу й пачаў нетаропка адразаць сабе трэці кавалак.

– І што ж потым, татухна? – як належала, нецярпліва спыталі мы.

– Потым, зразумела, зьявіўся Гасподзь Шыва й спапяліў сусьвет, – адказаў тата. – Пасунь мне імбрычак, Ролю.

87. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра кіно

Калі мы былі маленькія, у нас дома быў толькі адзін тэлевізар, і па ім лавіўся толькі адзін канал, і ўвечары па ім круцілі заўсёды адзін і той жа сэрыял. Сэрыял быў нямецкі, невыносна нудны, але мама яго любіла й глядзела кожны дзень. Каб мы не журыліся, мама частавала нас пудынгам з разынкамі і падрабязна тлумачыла незразумеласьці.

– Мама, а чаму ўсе цёці аддаюцца гэтаму дзядзе? Ён жа састарэлы, пузаты й няспынна п'е піва?

– Ах, дзеткі! Ну, па-першае, цёці самі немаладыя й любяць піва. А на тоўстых тады была мода. Калі ты худы – значыць хворы. Цёці самі тоўстыя, бачыце? А яшчэ незадоўга да таго была вайна і мужчынаў зусім мала засталося. А яшчэ ён задуменны, як ваш тата.

Даеўшы пудынгі, мы ішлі да таты. Тата, паводле сваёй звычкі, нерухома сядзеў у фатэле й пазіраў у вакно. Ён мог так вельмі доўга пазіраць – мы нават некалькі разоў засякалі сэкундамерам, і рэкорд быў 28 хвілін 32 сэкунды, а потым у яго зачасаліся нага.

– Тата, а чаму ты не глядзіш з намі Фасбіндэра?

– Ах, дзеткі... – тата паднімаў позірк, пасьміхаўся і на некаторы час зноў вяртаўся да роздумаў, але пра нас не забываў і неўзабаве адказваў, як бы вынырваючы: – Навошта патрэбнае кіно, калі ёсьць акно? Глядзіце, як калыхаюцца бярозкі, як плывуць аблокі, заўсёды непаўторна. Вось калі б вакон не было, тады б сапраўды. Але ж яно ёсьць?

88. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра ціхмянага пустэльніка

Аднойчы, бадзяючыся па гаях і пералесках уздоўж закінутае шашы, мы з брацікамі натрапілі на невялічкую хатку з высокім флюгерам у выглядзе савы, якая ляжала на баку. Мы адразу ўспомнілі, што якраз недзе тут мусіў жыць вядомы пустэльнік, што выдаліўся з гораду каб дзеяць добрыя справы – так расказвалі. Мы абышлі хатку вакол і сапраўды ўбачылі пустэльніка: ён сядзеў на зэдліку ля клубнічнае градкі. Ён мацаў пад лісьцем, зрываў ягаду, аглядаў яе з усіх бакоў, паласкаў у рондальчыку з вадой і адпраўляў у рот. Ён быў апрануты ў цыраваны пінжак, выцьвілыя галіфэ і шлёпанцы на босую нагу; на твар выглядаў зусім старэнькім, але цалкам бесклапотным і задаволеным.

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 80 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название