Злачынства на пошце (на белорусском языке)
Злачынства на пошце (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Спадар Гоўдэк тросся як асінавы ліст.
— Гэта хлусня, — крычаў ён, — чаго мне было красці дзве сотні?
— Бо вы хацелі, каб на мясцовую пошту перавялі спадарыню Таўфэраву, вашую нявесту. Яна напісала ананімку, што ў Гэлі ў касе не стае грошай. У выніку вы разам увагналі Гэлю ў сажалку. Вы разам забілі яе. На вашым сумленні злачынства, спадару Гоўдэк.
Гоўдэк паваліўся на тыя бярвёны і закрыў рукамі твар. Колькі жыву, ніколі не бачыў, каб мужык так плакаў.
— Божа, — стагнаў ён, — я не мог ведаць, што яна ўтопіцца! Я толькі думаў, што яе звольняць... і яна пойдзе сабе дамоў! Спадару вахмістр, я толькі хацеў ажаніцца з Юляй, але тады аднаму з нас давялося б сысці з пасады, калі б некаму трэба было пераязджаць... і нам не хапіла б на пражыццё... Таму я так хацеў, каб Юля перавялася сюды на пошту! Мы ўжо пяць гадоў гэтага чакаем... Спадару вахмістр, я так моцна яе кахаю!
Не буду вам расказваць далей, спадару: была ўжо ноч, той чалавек перада мной кленчыў, а я... я рыдаў над усім гэтым, як старая курва: над Гэляй і над усім астатнім.
— Так, досыць, — сказаў я яму нарэшце, — я ўжо сыты па горла. Давайце сюды тыя дзвесце крон. Так. А цяпер вось што: калі вы надумаеце пайсці да спадарыні Таўфэравай раней, чым я ўладжу справу, то я напішу на вас рапарт аб крадзяжы, разумееце? А калі застрэліцеся ці нешта накшталт таго, то скажу, чаму вы гэта зрабілі. Вось так.
Тую ноч, спадару, я прасядзеў пад зорамі, судзячы тых дваіх: я пытаўся ў Бога, як я павінен іх пакараць, і разумеў і горыч, і радасць, якія ёсць у справядлівасці. Калі б я напісаў на іх рапарт, то Гоўдэк атрымаў бы пару тыдняў турмы ўмоўна, зрэшты, не факт, што й на гэта хапіла б доказаў. Гоўдэк забіў тую дзяўчыну, але ён не быў злосны злачынца. Кожнае пакаранне падавалася мне празмерна вялікім і ў той самы час празмерна малым. І таму я судзіў і караў іх сам.
Раніцой пасля той ночы я пайшоў на пошту. Там за акенцам сядзела такая бледная высокая дзяўчына з вострымі вачыма.
— Спадарыня Таўфэрава, — кажу я ёй, — вось тут у мяне заказны ліст, — і падаю ёй ліст з адрасам Паштовага кіраўніцтва ў Празе. Яна паглядзела на мяне і прыляпіла на ліст марку.
— Адзін момант, спадарыня, — кажу я. — У гэтым лісце — рапарт на таго, хто скраў дзвесце крон у вашай папярэдніцы. Колькі будзе каштаваць перасылка?
Скажу я вам, спадару, у гэтай дзяўчыны была вялізная сіла волі, але і яна ўсё ж збялела, як снег, ды скамянела.
— Тры кроны пяцьдзясят, — выдыхнула яна.
Я адлічыў тры пяцьдзясят і кажу:
— Калі ласка, спадарыня. Але ведаеце што, калі раптам вось гэтыя дзве сотні, — кажу і кладу ёй на столік дзве скрадзеныя банкноты, — калі гэтыя дзве сотні знойдуцца недзе тут, быццам іх проста згубілі або кудысьці паклалі, разумееце?.. Ну, каб было зразумела, што нябожчыца Гэля не крала... тады я свой ліст забяру назад. Дык што?
Яна не сказала ні слоўца, толькі гэтак востра і нерухома глядзела немавед куды.
— Праз пяць хвілін тут будзе лістанош, спадарыня, — кажу я. — Дык што, мне забраць свой ліст?
Яна хутка так кіўнула. Я ўзяў свой ліст і хаджу сабе перад поштай. Ведаеце, спадару, у мяне ногі ніколі не былі такія нягнуткія. Праз дваццаць хвілін выбягае стары лістанош Угар ды крычыць:
— Спадару вахмістр, спадару вахмістр, знайшліся тыя дзвесце крон, што зніклі ў спадарыні Гэлены! Новая паштарка знайшла іх у адным з тарыфных каталогаў!
— Дык бяжыце, — кажу я яму, — і хутчэй усім раскажыце, што яны знайшліся. Каб кожны ведаў, што нябожчыца Гэля не крала. І памагай вам Бог!
Першая справа была зробленая. Тады я пайшоў да старога памешчыка. Вы яго й не ведаеце: гэта граф, трохі такі вар’ят і вельмі добры чалавек.
— Спадару граф, — кажу я яму, — толькі ні пра што ў мяне не пытайцеся, але гаворка пра такую справу, у якой мы, людзі, мусім быць заадно. Паклічце, калі ласка, аканома Гоўдэка і скажыце яму, што яшчэ сёння ён мусіць паехаць у ваш фальварак у Маравіі, а калі ён запярэчыць, то звольніце яго тут жа.
Стары граф узняў бровы і з хвіліну пазіраў на мяне: у мяне, спадару, мусіў быць такі сур’ёзны выгляд, які сабе мала хто можа ўявіць.
— Добра, — сказаў граф, — я ў вас не буду нічога пытацца.
І загадаў паклікаць таго Гоўдэка. Гоўдэк прыйшоў, а калі пабачыў мяне побач з графам, збялеў. І стаў як слуп.
— Гоўдэк, — кажа граф, — запрагайце брычку і едзьце на цягнік, з сённяшняга вечара вы пераходзіце ў мой фальварак ля Гуліна. Я дашлю тэлеграму, каб вас там чакалі. Вам зразумела?
— Так, — ціха сказаў Гоўдэк і ўперыў у мяне вочы: ведаеце, гэта былі вочы чалавека, што трапіў у пекла.
— Ці маеце нейкія прэтэнзіі? — запытаўся граф.
— Не, — хрыпла адказаў Гоўдэк, не спускаючы з мяне вачэй. Мне, спадару, ад гэтых вачэй было жудасна.
— Тады можаце ісці, — сказаў граф, і так і сталася. Праз хвіліну я ўбачыў, як Гоўдэка адвозяць у брычцы: ён сядзеў там як драўляная лялька.
Вось і ўсё. Калі пойдзеце на пошту, звярніце ўвагу на тую бледную дзяўчыну. Яна злосная, злосная на ўсіх, і ў яе пачалі з’яўляцца такія злосныя старэчыя зморшчыны. А я гляджу на яе ды кажу сабе: Справядлівасць існуе.
Я толькі жандар, спадару, але вось што я вам скажу са свайго досведу: я не ведаю, ці ёсць нейкі ўсёведны і ўсёмагутны Бог, а калі б і быў, дык нас гэта зусім не датычыць; але я вам вось што скажу: напэўна ёсць Хтосьці найсправядлівейшы. Гэта пэўна, спадару. Мы можам толькі караць, але мусіць быць нехта, хто б і дараваў. І вось яшчэ што я вам скажу: сапраўдная і найвышэйшая справядлівасць — гэта штосьці такое ж дзіўнае, як і каханне.