Блакит
Блакит читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Хваробы даймалі яго, як нейкае насланьнё. Падымаўся ранкам, закружылася галава, упаў, пашкодзіў пазваночнік, пасьля чаго з паўгоду мусіў ляжаць на мулкіх дошках. Трымаўся мужна, жартаваў: гэта пакараньне за непаслушэнства... Гарэзьліва ўсьміхаўся і тлумачыў: гэта ж колькі разоў і Максіма, і мяне папярэджваў Кандрат – не забывайце, хлопцы, на свае гады, прачнуўся, то не сьпяшай ускокваць з ложку, як малады жарабок, а нагамі паварушы, сядзь, спусьціўшы іх долу, рукою прытрымайся, інакш закружыцца галава і – у лепшым разе давядзецца тлумачыць знаёмым паходжаньне гузака ці ліхтара... А для мяне дык во чым скончылася...
Кандрата Крапіву, Максіма Танка, Пімена Панчанку зьвязвала доўгая шчырая мужчынская дружба. Яшчэ з вайны. Блізкімі, адной кампаніі з імі былі Міхась Лынькоў, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў. Пімен Емельянавіч у сваіх артыкулах, якія надзвычай плённа пісаў у 1976-77 гадах і якія потым склалі ледзь ці ня ўвесь том ягонага чатырохтомніка, пакінуў цікавыя ўспаміны пра сваіх сяброў пераважна ў ваенныя гады. Але гэта было пра сур’ёзнае, саліднае, грамадска-значнае, іншага тады ў адносінах да такіх людзей і не дапускалася. А ў гаворках з намі ён любіў згадваць бытавыя, сьмешныя, часам кур’ёзныя гісторыі і эпізоды, у якія яны патраплялі альбо само па сабе, альбо дзякуючы нечыім дасьціпным розыгрышам, на што былі ўсе мастакі. Згадаю толькі адну, расказаную Піменам Емельянавічам, якая нейкім чынам характарызавала іхнія стасункі.
Як вядома, колькі б пітва не запасалі для доўгай сяброўскай бяседы, заўсёды яго ў рэшце рэшт акажацца недастаткова, і нічога не застаецца, як камандзіраваць некага ў краму ці ў рэстаран, нагадваючы на дарожку: пашлі дурня па пляшку – ён адну і прынясе. Па завядзёнцы гэтая ганаровая місія ўскладваецца на самага маладзейшага, і тут: зьбегай, Пімянок, зьбегай, Пімянок... Раз пабег, два, тры, чатыры, а потым устаў на дыбкі: я вам не Пімянок, а Пімен Емельянавіч! Будзем па чарзе і па алфавіту!.. Па дабаўку патэпаў самы старэйшы і першы ў алфавітным парадку Кандрат Кандратавіч Атраховіч. Яны ня толькі сябравалі самі, але і ў іх агульнымі сябрамі, а часам і перакладчыкамі былі рускія пісьменьнікі, найперш – Міхаіл Ісакоўскі, Аляксандр Твардоўскі, Аляксандр Фадзееў, Канстанцін Сіманаў, Аляксандар Пракоф’еў, Якаў Хелемскі, украінцы Мікола Бажан, Аляксандр Карняйчук, Ванда Васілеўская, Мікола Нагнібеда і іншыя.
Я яшчэ не сустракаў такой чалавечай, шчырай далікатна-трапяткой дружбы, якую пашчасьціла назіраць у сяброўскіх стасунках Крапівы, Танка, Панчанкі. Толькі адна жыцьцёвая дэталька. Генадзь Бураўкін умеў бліскуча парадзіраваць Танкавы верлібры: бярэ першае, што патрапіць пад руку, і экспромтам выдае вакол яго глыбокую філасофію Танкавымі пявучымі інтанацыямі, ад чаго прысутныя аж поўзаюць ад сьмеху. Былі нават прапановы надрукаваць іх дзе-небудзь пад Танкавым прозьвішчам – Яўген Іванавіч чалавек з тонкім адчуваньнем гумару, пасьмяецца ад душы. Канечне ж, гэта ўжо было б занадта. Неяк мы ўгаварылі Генадзя папарадзіраваць Танкавы верлібры ў прысутнасьці Панчанкі. На нашае зьдзіўленьне Пімену Емельянавічу гэта не спадабалася – ён тактоўна маўчаў, ні разу не ўсьміхнуўшыся, і ўсе мы пачулі сябе пасаромленымі, зразумеўшы, што іхняя дружба мае іншую, ва ўсякім разе непараўнальна вышэйшую, чым у нашага пакаленьня, маральную планку. Для іх проста непрымальна за вочы слухаць пра сяброў нечае хай сабе і таленавітае, але блюзьнерства.
Яны шчыра падтрымлівалі адзін аднаго, калі некага валіла хвароба, асабліва старэйшага па ўзросьце Кандрата Кандратавіча, які амаль да ста сваіх гадоў захоўваў сьветлы розум пры амаль поўнай фізічнай немачы. Яны наведваліся альбо сазвоньваліся па тэлефоне, хоць гэтае дасягненьне цывізізацыі Пімен Емельянавіч ня надта любіў – казаў, што гаворка па тэлефоне нагадвае яму гаману двух сьляпых. Пасьля адыходу старэйшых сяброў, здаецца, найбліжэйшым і ў прамым, і пераносным сэнсе чалавекам для Панчанкі стаў Сяргей Законьнікаў, які колькі часу назад пасяліўся ў гэтым жа пад’ездзе, некалькімі паверхамі вышэй. Ён ледзь ці не штодня па-суседску забягаў да Панчанкаў запытацца, мо патрэбна якая помач, пагаманіць з гаспадаром, расказаць яму апошнія літаратурныя навіны...
Пімен Емельянавіч па натуры быў непапраўны рамантык, лёгкі на пад’ём вандроўнік і падарожнік. Нават у свае сталыя гады, маючы сур’ёзныя праблемы са здароўем, ён ці то па лініі Камітэту міру, ці то ў складзе нейкіх афіцыйных альбо пісьменьніцкіх арганізацыяў, а то і проста турыстам гатовы быў у любы момант падняцца і кінуцца за тысячы кіламетраў у чарговае падарожжа, часам няпростае, авантурнае, мо нават рызыкоўнае. Магмыма, ён быў першы беларус, які “забраўся” на самую страху сьвету, адкрыў для сябе і для нас малавядомую і загадкавую горную краіну – каралеўства Непал. Прыгадаем толькі назвы Панчанкавых кніг – “Далёкія станцыі”, “Шырокі сьвет”, “Кніга вандраваньняў і любові”, “Нью-Ёрскія маланкі”, “Тысяча небасхілаў”, “Чатыры кантыненты” і г.д. Турысцка-пазнавальных вершаў, пісьменьніцкіх падарожных нататак і нарысаў у нас хоць адбаўляй. Панчанка, звычайна, прывозіў са сваіх далёкіх і блізкіх вандровак бліскучую лірыку высокага паэтычнага, філасофскага і грамадзянскага напружаньня, напалу, гарту, словам, класіку, якую прынята запамінаць, адзначаць самымі высокімі прэміямі і ўзнагародамі. Але гаворка не пра тое. Запрашаю ўявіць сабе, якія танталавы пакуты паспытала непаседлівая, дзейсная, энергічная і вольналюбівая Панчанкава натура ўмомант упалая ў нямогласьць, спаралізаваная інсультам. Горай за ўсё – амаль нежывою стала правая рука, і ён пазбавіўся магчымасьці нават занатаваць раптам узьніклую думку, паэтычны вобраз, ёмістае слоўца, толькі што народжаны паэтычны радок. Мы бачылі, як ён змагаўся, не дазваляў сабе ўпадаць у адчай і роспач. І дзякуючы ці то ўрачам і медыцыне, ці то Зоі Кірылаўне, ці то асабістай мужнасьці, аптымізму, неадольным жаданьні адолець сваю немач хвароба памалу адступала. Пімен Емельянавіч апантана і нястомна доўгімі гадзінамі “распрацоўваў” руку, ціскаючы эластычны шарык, не спыняўся нават пры наведвальніках. І насамрэч памагала – неўзабаве за пісьмовым сталом старанна выводзіў літары, словы, нібыта наноў вучыўся пісаць. Напачатку літары выходзілі няроўнымі, завостранымі зьверху і зьнізу, складзеныя ў словы, радкі, яны вельмі нагадвалі электракардыяграму ягонага натруджанага хворага сэрца. З цягам часу рука набірала ўпэўненасьць і тэмп, аднак усё роўна не пасьпявала за ходам думкі, і ён скарачаў словы, пакідаў толькі яму вядомыя закаручкі. Нават усёцярплівая Зоя Кірылаўна, якая прысьвяціла свайму Пімену ўсё жыцьцё, не заўсёды магла разабрацца ў ягоных кручках-каракулях. У зьвязку з гэтым нельга не сказаць колькі словаў пра сапраўднае чалавечае, грамадзянскае і пісьменьніцкае падзьвіжніцтва Сяргея Законьнікава, які пасьля сьмерці Пімена Емельянавіча больш за паўгода па начах і выхадных карпеў дзе з лупай, дзе метадам супастаўленьня, дзе клікаў на падмогу Зою Кірылаўну, расшыфроўваючы амаль непрыдатныя для прачытаньня дзёньнікавыя і іншыя запісы, падрыхтаваў і на працягу ці ня двух гадоў друкаваў у “Полымі”, якое ён тады рэдагаваў, цікавейшыя Панчанкавы дакументы.
Сёньня я ня ведаю пісьменьнікаў, у тым ліку і сярод крытыкаў, літаратураведаў, хто сістэмна сочыць за літаратурным працэсам, больш-менш поўна знаёміцца з публікацыямі ў літаратурна-мастацкіх выданьнях, навінкамі сур’ёзных выдавецтваў. Магчыма, цалкам аддаюцца напісаньню ўласных, вядома ж, геніяльных твораў, магчыма, ня маюць патрэбы чытаць, як у тым анекдоце: “я не чытацель, я пісацель”, ці проста заядае лянота, і абмяжоўваюцца праглядам, зачапіўшыся за нешта позіркам па дыяганалі, каб быць у курсе, з разумным выглядам, калі ўзьнікне патрэба, падтрымаць гаворку. Ніколечкі не перабольшваю: ёсьць творцы, якія, здаецца, у найлепшых прыяцельскіх, мо нават сяброўскіх стасунках, але не прачыталі адзін у аднаго ніводнага радка. Сам сустракаў такіх. Нашы старэйшыя калегі і таварышы былі зусім іншыя. Да глыбокай старасьці Янка Брыль з траўмаваным, фактычна адным вокам чытаў ня толькі практычна ўсё, што зьяўлялася ў беларускай, але і даволі сістэмна сачыў, што робіцца ў рускай, польскай, украінскай літаратурах, і да ўсяго меў патрэбу час ад часу вяртацца і перачытваць для душы любімую класіку. Тое ж можна сказаць і пра Пімена Панчанку. Нават у нямоглым стане ён ніколі не раставаўся з кнігай. Неяк я зьвярнуў увагу, што бальшыня кніг у ягонай бібліятэцы, а найперш класічныя прыкметна зачытаныя, выказаў здагадку: пэўна, бібліятэкай актыўна карыстаюцца дзеці, унукі мо і суседзі. Пімен Емельянавіч пацьвердзіў, што здараецца і не бяз гэтага, але больш дык ён сам чытае-перачытвае і Пушкіна, і Купалу, і Лермантава, і Коласа, і Талстога, і Твардоўскага дый іншых, нават маладзейшых, але ўжо відавочных неўзабаве класікаў, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін ды Генадзь Бураўкін, і патлумачыў, што пастаяннае вяртаньне да класікі для яго нешта кшталту настройкі душы на камертон і для ўласнай творчасьці, і каб меркаваць аб чужой. Усе, хто ведаў Пімена Емельянавіча, аднадушна адзначаюць ягоную высокую патрабавальнасьць і да сваёй, і да чужой творчасьці, строгія, часам да жорсткасьці прамыя і бескампрамісныя ацэнкі. Праўда, ён прызнаваўся, што іншы раз і яго ўламвалі падпусьціць некаму ялею, але заўсёды намагаўся рабіць гэта ў меру, каб пасьля не было сорамна і брыдка. Ён быў ўнікальны галоўны рэдактар – чытаў літаральна ўсю рэдакцыйную пошту “Маладосці” і сам вырашаў, што рыхтаваць да друку, на што не варта траціць часу, і ні гучнае імя, ні грамадскае становішча аўтара ня мела ніякага значэньня. Яшчэ з “маладосцеўскіх” часоў ён прызвычаіўся быць у эпіцэнтры літаратурнага працэсу, і не пакідаў гэтай звычкі да апошніх дзён – чытаў практычна ўсё, што друкавалася ў літаратурна-мастацкіх часопісах. Асаблівая ўвага і ягоны клопат быў пра маладых, прыход у літаратуру адметных талентаў, падтрымка іх і добрым словам, і канкрэтнай справай. У сямідзясятыя ён часта пісаў крытычныя артыкулы з аглядам творчасьці маладых, кароткія рэцэнзіі, сігналячы, вызначаючы вартыя ўвагі аб’екты для непаваротлівай і цяжкой на пад’ём прафесійнай крытыкі. А калі па стане здароўя і абцяжараны іншымі клопатамі перастаў забягаць на літаратурна-крытычную дзялянку, знаходзіў нейкі іншы шлях падтрымаць добрым словам аўтараў і творы, якія прыйшліся яму даспадобы...