-->

Блакит

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Блакит, Автор неизвестен-- . Жанр: Прочая старинная литература. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Блакит
Название: Блакит
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 190
Читать онлайн

Блакит читать книгу онлайн

Блакит - читать бесплатно онлайн , автор Автор неизвестен
Старинная литература.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 72 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

За час работы ў абкаме, ЦК мне даводзілася прыдумваць, складаць, клеіць, кляпаць сотні, мо тысячы і важных, малаважных, проста для праформы, адводу вачэй начальства рознага кшталту казённых папераў, але яшчэ ніколі і ніводнай не аддаваўся з такім імпэтам і самааддачай, як гэтым разам. Нельга было паддавацца эйфарыі, упадаць у ілюзіі, адрывацца ад рэаліяў, належала гранічна цьвяроза ўзважваць, ацэньваць рэальную магчымасьць ажыцьцявіць у тых умовах максімальна карысную для нацыянальнай справы работу, ня выклікаўшы падазрэньняў Масквы і гвалту-ляманту мясцовых вялікароскіх шавіністаў. Крок за крокам трэба было рухацца па лязу брытвы, узброіўшыся канкрэтнымі цытатамі і спасылкамі на класікаў марксізму-ленінізму, дакументамі зьездаў, пленумаў КПСС. Работа была зробленая ў максімальна кароткія тэрміны і з трэцяга ці чацьвёртага заходу абкарнаны план мерапрыемстваў быў падпісаны Паўлавым і ўхвалены наверсе. Нягледзячы на абмежаванасьць і палавінчатасьць, гэта быў мо першы прарыў: афіцыйна легалізавалася беларусізацыя факультэту журналістыкі, ухвалялася пашырэньне тэле і радыёвяшчаньня на нацыянальнай мове, намячалася падрыхтоўка і пераход на беларускую мову многіх перыядычных выданьняў, у тым ліку “Сельской газеты”, дубляваньне выпускаў гарадзенскай і брэсцкай абласных газетаў на дзьвюх мовах, перавод асобых раёнак ў заходніх абласьцях на нацыянальную мову, пашырэньне яе ў візуальнай прапагандзе і нагляднай агітацыі, павышэньне ўдзельнай вагі мастацкай і грамадска-палітычнай літаратуры на нацыянальнай мове і г.д.

На нейкі час у нас з Паўлавым зноў усталяваліся нармальныя, часам нават даверчыя статункі. Апроч службовых, мы часта вялі гаворку пра творчыя справы, Саюз пісьменьнікаў, куды зьбіраліся паступаць. Ён настойліва рэкамендаваў мне напісаць аповесьць, цэнтральным персанажам якой быў бы наш брат-журналіст з усімі слабінкамі характару прадстаўніка другой старажытнай прафесіі. Я не прыдаў ягонаму пажаданьню сур’ёзнай увагі, але ідэя, мусіць, засела ў падсьвядомасьці, пачынала жыць, абрастаць канкрэтнымі абрысамі. Неяк гартаў на прадмет зьнішчэньня свае паперы і наткнуўся на пачатую яшчэ ў маладосьці сатырычную аповесьць, закончыць якую не хапіла духу. Задумка была такая: нейкі напаўнедалэнга, напаўавантурыст, гнаны няўдачамі, патрапляе ў камічныя сітуацыі, сутыкаецца з рэчаіснасьцю, дастойнай выкрыцьця сатырычнымі сродкамі. Потым цюкнула: ды падобны сюжэт выкарыстаў яшчэ Гогаль у “Мёртвых душах”, і прапала жаданьне працягваць. А тут прагледзеў два колісь напісаныя разьдзельчыкі і падумаў: а чаму б не скарыстаць няблага зроблены камічны эпізод затрыманьня авантурнага героя-недалэнгі ў незнаёмым горадку, ягонага вымушанага начлегу ў камеры папярэдняга зьняволеньня з забулдыгамі-карцёжнікамі, зрабіўшы яго сваім новым антыгероем, журналістам-няўдачнікам, характар якога ў агульных рысах ужо склаўся ў галаве! Работа захапіла, і не прайшло і году, як “Усмешка Фартуны” была напісаная і як заўсёды, аддаў яе ў “Маладосць”. Перад тым хацеў паказаць яе Паўлаву, але не паказаў – пасьля сьмерці Машэрава нашыя стасункі зноўку сапсаваліся. Ён узяўся за сваё: ухваленыя пры Машэраве мерапрыемствы паціху ігнараваліся, забываліся, спускаліся на тармазах. Новы гаспадар рэспублікі Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, пабыўшы ў віцэ-прэм’ерах Саюзу, пахадзіўшы па крамлёўскіх калідорах і кабінетах, добра ўведаў законы, норавы, звычкі ейных усясільных насельнікаў, таму праяўляў у далікатных і сьлізкіх пытаньнях крайнюю асьцярожнасьць і абачлівасьць, мо нават баязьлівасьць, хоць у ягонай душы куды больш, чым у папярэднікаў, дый затым у пасьлядоўнікаў, жыла беларускасьць – я на свае вочы бачыў прысланыя ім з крамлёўскай бальніцы запіскі Сяргею Законьнікаву, напісаныя без адзінай памылачкі па-беларуску. Кісялёў, як ніхто з кіраўнікоў вышэйшага эшалону, тонка валодаў дасьціпным народным гумарам, меў востры розум і такі ж востры язык. Мог пазваніць раненька радавому інструктару і строгім голасам: ну, што, даражэнькі, дажыўся, дастукаўся? У небаракі дрыжыкі ў каленках, сьцяміць не можа, у чым справа, дзе спраставалосіўся. І пасьля паўзы сам Першы віншуе яго з юбілеем ці проста днём нараджэньня, выказвае “крыўду”: а мяне то забыўся запрасіць... Імяніньнік ад нечаканасьці губляе мову, мармыча нешта: ды я-я, ды я-я-я... Кісялёў “велікадушна даруе”, нагадвае, каб не забыў запрасіць на свой наступны круглы юбілей, а сёньня каб узяў чарку і за ягонае здароўе... Альбо: субота, нейкі аўрал, усе на рабочых месцах. У кабінет да Першага сьмела і ўпэўнена, не спытаўшы дазволу, заходзіць загадчык аднаго з вядучых аддзелаў, без пінжака ў кашулі з кароткім рукавом. Ціхан Якаўлевіч перапыняе сваю заклапочаную гаворку па тэлефоне, просіць у трубку: пачакай хвілінку, тут зайшоў адзін наш – мусіць, хоча ў лазьню запрасіць... Наведвальніку нічога не застаецца, як куляй выскачыць з кабінету...

Аднак ніхто афіцыйна не адмяняў прынятыя пры Машэраве мерапрыемствы, не абвяшчаў іх памылковымі. Таму я меў поўнае права выступаць на калегіях Дзяржтэлерадыё, цэнтральных і рэгіянальных нарадах тэлерадыёжурналістаў ад імя ЦК з жорсткай крытыкай у тым ліку па дамоўленасьці з Генадзем персанальна яго за марудны і непасьлядоўны перавод вяшчаньня на мову карэннага насельніцтва. Дружнымі намаганьнямі, не выключаючы і такіх хітрыкаў, настойліва і няўхільна працягвалі рабіць сваю справу. Ня ўсё ішло проста і гладка, даводзілася набірацца цярпеньня, пераадольваць непаразуменьне, зацятае супраціўленьне спрэс зрусіфікаваных творчых і тэхнічных работнікаў, рэжысуры і г.д., асабліва на тэлебачаньні, і рознага кшталту вялікаросскіх шавіністаў і ў калектыве, і па-за калектывам, надзвычай нахрапістых, агрэсіўных, якія пачувалі сябе тут поў­нымі гаспадарамі. Наўрад ці ўдалося б вытрымаць іхні шалёны націск, нечага дамагчыся, каб Генадзь ня меў розуму, таленту, чалавечага абаяньня наладжваць добрыя, даверчыя стасункі з кіраўнікамі рэспублікі. Яго любіў, паважаў, з ім лічыўся Машэраў, у яго адразу ж склаліся стасункі з Кісялёвым. Паўлаў ня мог ня бачыць і не лічыцца з гэтым, як і ня ведаць праз сваіх сексотаў пра мае публічныя выступленьні, аднак нічога сур’ёзнага прадпрыняць ня мог, апроч злосьці ды розных дробных прыдзірак...

А тым часам трэба было ажыцьцявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму – стварыць незалежную ад ЦТ самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест другой маскоўскай, дзе пераважна трансьляваліся ў паўторы перадачы першай ды толькі зрэдку арыгінальныя, па нейкіх прычынах забракаваныя на асноўным канале. Усе саюзныя рэспублікі хто раней, хто пазьней сфармавалі свае тэлепраграмы, адна нашая ўзорна-інтэрнацыянальная беднай сіроткай тулялася са сваімі тэлеперадачамі па праграмах Цэнтральнага тэлебачаньня (вядома ж, толькі на сваёй тэрыторыі) па больш-менш, але часьцей за ўсё па зусім непрыдатных адрэзках часу, калі тэлевізар глядзяць хіба што піянеры ды пенсіянеры. Нашая дырэкцыя праграмаў толькі тым і займалася, што ўзгадняла, выпрошвала час у Масквы, паколькі ня мела права без санкцыі ЦТ закрыць ніводнай іхняй перадачы як па першай, так і па другой праграмах. Нашых запалоханых, зацюканых прававерных інтарнацыяналістаў панічна, як чорт ладану, палохалі самі тэрміны “незалежная”, “самастойная” ды яшчэ ў спалучэньні з “беларуская”, а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным сьвятатацтвам. Паўлаў з парогу адрынуў прапановы Бураўкіна, угледзеўшы ў іх незамаскіраваную ідэалагічную дыверсію нацыяналістычнага кшталту. АТК паставіўся даволі асьцярожна, без асаблівага імпэту, хоць і ведаў станоўчае стаўленьне да самастойнай рэспубліканскай праграмы кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё СССР, пазіцыю ЦК КПСС. Машэраў рашуча падтрымаў і даў сваю прынцыповую згоду пачынаць падрыхтоўчыя работы, каб да Новага году, напярэдадні чарговага зьезду Кампартыі Беларусі самастойная рэспубліканская праграма выйшла ў эфір, абяцаў сваё спрыяньне ва ўсім. Да вызначанага тэрміну заставалася трохі больш за паўгоду. Патрэбны былі каласальныя высілкі як творчага, так і тэхнічнага плану. Мабыць, найперш творчага, каб распрацаваць канцэпцыю і запусціць у вытворчасьць, адпрацоўваючы свой стыль, сваю адметнасьць, уласныя цыклавыя перадачы і каб па якасьці яны не саступалі маскоўскім, складалі ім рэальную канкурэнцыю, без чаго рэспубліканская праграма пацерпіць поўнае фіяска. Менавіта на гэта была скіравана ўся творчая дзейнасьць галоўных рэдакцыяў, вакол гэтай задачы вяліся творчыя пошукі, рыхтавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Па лініі Мінсувязі ўводзіліся ў эксплуатацыю новыя перадатчыкі, рэлейныя лініі, і ўжо да канца году была рэальная магчымасьць забясьпечыць упэўнены прыём адной тэлепраграмы на 93, двух – на 86 і трох – амаль на 25 адсотках тэрыторыі рэспублікі. Падрыхтоўчыя работы ішлі поўным ходам, і ўжо, здавалася, нішто ня зможа затармазіць, тым больш спыніць іх. Але восеньню трагічна загінуў Машэраў, а новы Першы ўнікаў у справы, прападаў у паездках то ў Маскве, то па абласьцях і раёнах. Тэрмінова трэба было прымаць падрыхтаваную больш чым месяц назад пастанову бюро, юрыдычна ўзаконіць самастойную рэспубліканскую тэлепраграму і тэрмін яе ўвядзеньня. АТК колькі раз соваўся з гэтым да Кісялёва, але той не даваў гаварыць: трэба разабрацца, зараз мне не да гэтага... Паўлаў ведаў гэта, ажыў духам, рашуча стаў на сваю ранейшую пазіцыю, спадзяваўся, мусіць, узяць рэванш, а найперш прадэманстраваць новаму начальству сваю існую інтэрнацыяналісцкую сутнасьць. АТК трымаўся асьцярожна і нейтральна. Над будучай тэлепраграмай павіс вялікі пытальнік. Генадзь рынуўся да вельмі занятага Кісялёва, і тут жа без усялякіх праблемаў атрымаў аўдыенцыю, у час якой былі зьнятыя ўсе пытаньні, дасягнутае поўнае ўзаемапаразуменьне, пастанова аб рэспубліканскай праграме была аднагалосна прынятая на чарговым пасяджэньні бюро.

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 72 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название