Блакит
Блакит читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Цяжка было не заўважаць, што пасьля Машэрава АТК неяк зьвяў, здаў нават зьнешне, стаў губляць ранейшую ўпэўненасьць, падстрахоўвацца, неахвотна браць на сябе рашэньне неадназначных пытаньняў. Праз нейкі час ён знайшоў паразуменьне з пераемнікам Машэрава Кісялёвым, акрыяў духам, але ненадоўга. Ціхан Якаўлевіч намерыўся памяняць галоўнага ідэолага. Ягоная адстаўка ў сувязі з выхадам на пенсію была абгавораная на сакратарыяце, узгодненая з Масквой. Але Ціхан Якаўлевіч з-за невылечнай хваробы неўзабаве адыйшоў, а прысланаму з Масквы новаму гаспадару рэспублікі Сьлюнькову, адразу ж празванаму дырэктарам ЦК, было не да ідэалогіі. Сьлюнькоў прыгадвае, што АТК быў першы з сакратароў ЦК, хто прыйшоў да яго, расказаў пра прынятае вуснае рашэньне і папытаў, што яму рабіць. Калі верыць Сьлюнькову, ён нічога не адказаў, прыкінуўшы, што зараз да гэтага ў яго ня дойдуць рукі, праз колькі дзён сустрэўся з Васілём Быкавым, каб пачуць ягонае меркаваньне пра стан ідэалогіі ўвогуле і праблемы творчай інтэлігенцыі ў прыватнасьці. Васіль Уладзіміравіч сказаў, што праблемаў хапае, але ня стаў пра іх гаварыць, заявіўшы: калі параўнаць з тым, што робіцца ў іншых рэспубліках, то можна лічыць, што ў нас іх няма, і вельмі пахваліў Кузьміна. Паклікаў АТК і сказаў: забудзьце пра тое рашэньне, працуйце... Але няўмольны час дыктаваў новыя ўмовы, патрабаваў сьвежыя падыходы, іншых выканаўцаў – пачыналася зараніца Гарбачоўскай перабудовы. АТК ня быў закасцянелым дагматыкам і кансерватарам, а хутчэй разумным і спакойным рэфарматарам, аднак дынамічная сацыяльная рэальнасьць ледзь ці не штодня стала высоўваць нязвыклыя праблемы, вытыркаць рэчы, пераступіць праз якія ён ня мог, ня выракшыся таго галоўнага, чаму служыў усё сваё жыцьцё. Праз колькі год зноў узьнікла пытаньне аб ягонай замене, ва ўсякім разе на ўзроўні другога сакратара ЦК Генадзя Барташэвіча, які вёў кадры. Наноў было ўзгоднена з Масквой, а пераемнікам яму быў названы, карыстаючыся фармуліроўкамі Барташэвіча, старшыня Дзяржтэлерадыё – малады, але вопытны, умелы, чуйны да новых праблемаў, здольны прымаць сьмелыя, адэкватныя выкліку часу рашэньні, аўтарытэтны ня толькі сярод навуковай і творчай інтэлігенцыі, але і ўсяго ідэалагічнага актыву рэспублікі, вядомы ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім Саюзе і за мяжой паэт Генадзь Бураўкін. І хоць гэтая кандыдатура не зусім падыходзіла пад патрабаваньні Слюнькова: на ўсе ідэалагічныя пасады ад сакратара да інструктара партыйных камітэтаў прызначаць толькі людзей, якія прайшлі загартоўку і школу на пасадах начальнікаў цэхаў, зьменаў, брыгадаў на прамысловых прадпрыемствах альбо брыгадзіраў, загадчыкаў жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў у калгасах і саўгасах, аднак Барташэвіч быў упэўнены, што той ня будзе пярэчыць супраць узгодненай у Маскве кандыдатуры Бураўкіна. Канечне ж, ні я, ні Генадзь пра тое нічога ня ведалі, хоць і даходзілі нейкія чуткі, але ўсё гэта падавалася на той час малаверагодным і амаль нерэальным. І ў Генадзя былі зусім іншыя планы і памкненьні – ён ссумаваўся па ўласнай творчасьці, на якую проста не хапала часу, прагнуў перабрацца на спакайнейшае месца, займець магчымасьць не прыхапкам, а грунтоўна заняцца рэалізацыяй нязьдзейсьненых за гэтыя гады творчых задумак. Ён быў ужо згодзен перайсьці на работу ў Саюз пісьменьнікаў, яшчэ нядаўна зьняўшы сваю кандыдатуру з абмеркаваньня, аднак АТК рашуча заявіў: і ня думай – ты мне патрэбен на тэлерадыё... Калі праз нейкі час у кабінет да Бураўкіна нечакана заявіўся Барташэвіч з інсьпектарам ЦК КПСС па Беларусі і Прыбалтыцы, Генадзю і ў галаву не прыйшло, што гэта агледзіны, і паводзіў сябе перад высокім маскоўскім госьцем абсалютна натуральна і раскавана, гаварыў без усялякай аглядкі, ад чаго Барташэвіч аж круціўся ў крэсьле, утыркаўся ў гаворку, намагаўся неяк згладжваць вострыя вуглы. А потым пазваніў задаволены і паведаміў і пра мэту візіту маскоўскага чыноўніка, і тое, што таму вельмі спадабалася і шчырая, вострая гаворка, і Генадзева кандыдатура, пра што і зробіць заключэньне свайму начальству. А затым АТК паклікалі ў Маскву, выразна намякнулі і спыталі, каго бачыць сваім пераемнікам. Адказаў, што не гатовы назваць адразу, папрасіў час падумаць. Яму назвалі кандытатуру Бураўкіна, і АТК як толькі мог стаў хваліць яго, у канцы зрабіўшы выразную заміначку: ёсьць адзін недахоп – заядлы беларускі нацыяналіст... Гэтага было дастаткова, каб пахаваць рэальнага суперніка. Я не хачу надта строга судзіць АТК – не ён адзін такім чынам падстаўляў падножкі супернікам, тады была, дый пэўна, жыве па сёньня гэтая звычайная практыка паддывановых наменклатурных гульняў...
АТК, як і ягоны час, быў неадназначнай і супярэчлівай фігурай, са сваімі сьветлымі і цёмнымі адценкамі, сваімі плюсамі і мінусамі. Ён мог падняць на ногі ўсю медыцыну, апякаючы хворага Уладзіміра Караткевіча, ледзь ці не штодня наведваючы яго ў лечкамісіі, і адначасова пальцам не паварушыць, каб асадзіць Івана Антановіча, які з незвычайнай, як гэта той умеў, напорыстай дэмагогіяй, бесцырымоннай нахрапістасьцю выкручваў рукі членам камісіі па дзяржаўных прэміях, каб уганараваць Дзяржаўнай прэміяй па літаратуры ня хворага Караткевіча, а іншага, асабіста блізкага да Антановіча літаратара. АТК бываў госьцем на кватэрах Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, ад апошняга, усяго на год старэйшага, настойліва патрабаваў зьвяртацца да яго на ты, зваць проста па імені і адначасова заставацца ўбаку, староньнім назіральнікам, калі іхнія творы бязьлітасна калечыла цэнзура. Падобны сьпіс можна працягваць. Тым ня менш па вялікім рахунку, аб’ектыўна, у шырокай персьпектыве ён пакінуў і добры сьлед, і добрую памяць у гісторыі нашай культуры. Ва ўсякім разе параўняцца з ім і блізка ня можа ніводзін з галоўных ідэолагаў ні да яго, ні пасьля яго...
За многія гады АТК не прывык і хвіліны бываць без справы, тлумных службовых клопатаў, таму, бадай, кожнаму кідалася ў вочы, наколькі балюча ён перажыве сваю бесцырымонную адстаўку, затаіўшы горкую крыўду і на Першага, і на сваіх былых калегаў, і немаведама яшчэ каго. Ён практычна перастаў заходзіць у ЦК, у адрозьненьне ад бальшыні былых партфункцыянераў высокага рангу зьняўся з ганаровага партуліку і перайшоў у домакіраўніцтва па месцы жыхарства. Каб мець нейкі занятак, засеў за правілы дарожнага руху, паступіўшы на курсы падрыхтоўкі вадзіцеляў, набыў уласнага “Жыгуля”, каб не залежачы ад некага езьдзіць на рыбалку, па грыбы. Ён напрэч адыйшоў ад публічнай палітыкі, нейкай больш-менш актыўнай грамадскай дзейнасьці, нават у бурныя гады так званай перабудовы, хоць уважліва сачыў за ўсім, што дзеецца, намагаўся зразумець і не кідаўся ні на тыя, ні на іншыя барыкады. Ня ведаю, ці працягваў ён актыўныя кантакты з кім-небудзь з дзеячаў літаратуры і мастацтва. Пэўна, не... Хоць хто ж яго ведае... Прыгадваю, ці то з Германіі, ці ўжо з Прагі званіў мне Васіль Быкаў і папрасіў падказаць, калі ёсьць пад рукой, а калі няма – нейкім чынам знайсьці і падказаць яму новы тэлефон Кузьміна, меў намер пазваніць і павіншаваць таго з днём нараджэньня. Вельмі шкадую і дакараю сябе, што пасьля адстаўкі АТК я нават спробы не зрабіў выйсьці на кантакт з ім, адчуваючы нейкую ніякаватасьць і сумненьні ў тактоўнасьці напрошвацца на сустрэчу. Сустракаліся толькі зрэдку, выпадкова на вуліцы, а часьцей за ўсё на хаду ў час невясёлых разьвітальных жалобных мерапрыемстваў з агульнымі знаёмымі, пераважна цэкоўцамі і дзеячамі літаратуры і мастацтва. Апошні раз бачыліся на разьвітаньні з Арсенам Ваніцкім. Ён шчыра ўзрадаваўся, пабачыўшы разам колісь вельмі дружную нашу цэкоўскую тройцу – Сяргея Законьнікава, Алеся Жука і мяне. Пасьпелі пастаяць, пакурыць на вуліцы і заадно добра пагаварыць. Запомніліся ягоныя прачулыя словы: я вельмі рады, хлопцы, за вас, што трымаецеся адзін аднаго. І мой вам наказ і запавет: заўжды трымайцеся разам. Паадзіночку вас загоняць, скруцяць у бараньні рог...
Здаецца, ардынарная сентэнцыя, а не выходзіць з галавы, з гадамі набываючы ўсё глыбейшы і надзёньнейшы сэнс...
Уведаўшы, што яго зваліла невылечная хвароба і зараз знаходзіцца на лячэньні ў Бараўлянах, я пазваніў на кватэру: у якім корпусе і палаце яго шукаць, як пачуваецца, ці можна адведаць? На зьдзіўленьне і радасьць жонка Таісія Андрэеўна сказала: