Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990
Беларускiя пiсьменнiкi: 1917-1990 читать книгу онлайн
Гэты бібліяграфічны даведнік складаецца на падставе папярэдняга, выдадзенага ў 1981 годзе. Яго істотна папаўняюць імёны, якія нам вяртае час, — А.Гаруна, В.Ластоўскага, А.Мрыя і інш., а таксама звесткі пра беларускіх пісьменнікаў замежжа і тых, што сталі сябрамі СП за апошнія дзесяць гадоў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963 г., у рэспубліканскім - у 1965 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Векапомнае поле» (1976), «Помню пра цябе» (1983), «Сын небасхілу» (1989). Аўтар кнігі для дзяцей «У бары грыбы бяры» (1986).
Грамовіч Іван, нарадзіўся 26.07.1918 г. у вёсцы Закружка Менскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1939). У 1939-1945 гг. - у Савецкай Арміі, служыў у артылерыйскіх часцях як палітработнік і камандзір. Друкаваў нарысы ў франтавых газетах. Працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса «Беларусь» (1946-1953), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1953-1954). У 1956 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм» (1956-1957), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1957-1958), літкансультантам СП БССР (1958-1969), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (1970-1975). Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).
Памёр 02.07.1986 г.
Першае апавяданне надрукаваў у 1935 г. (альманах «Аднагодкі»). Аўтар кніг «Апавяданні» (1947), нарысаў «Агні пяцігодкі» (1949), зборніка апавяданняў, аповесцей «Шырокія азёры» (1951), «Да ясных вышыняў» (1952), «У лесе на палянцы» (1957), «Рына-Марына» (1958), «Далі сабе слова» (1970), «Чатыры сантыметры надзеі» (1987), зборнікаў апавяданняў для дзяцей «Першае верасня» (1949), «Сонца скрозь воблакі» (1964), «Як вясну рабілі» (1985). Выдаў зборнікі гумару «Нарасць» (1961), «Вадалей - Гэтакдалей» (1975) і «Залатая бранзалетка» (1977). У часопісе «Полымя» апублікаваў першую частку рамана «Іду з табой, Масква!» (1953). Выйшлі кнігі ўспамінаў «У сховах памяці і сэрца» (1983), нататак «Зялёны долар - чорны забойца» (1985). Выйшлі «Выбранае» (1968, 1988) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1978).
Аўтар сцэнарыяў дакументальных і відавых фільмаў «Памяццю сэрца» (1962), «Паэт у дарозе» (1963), «Паўлік і партфель» (1963).
Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў аповесць М.Носава «Дзённік Колі Сініцына» (1955), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (1960), паасобныя творы А.Голубевай, А.Кавінькі.
Грамыка Міхайла, нарадзіўся 12.11.1885 г. у вёсцы Чорнае Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і разначынца.
У час вучобы ў Магілеўскай гімназіі ўдзельнічаў у рабоце нелегальнага гуртка, які знаходзіўся пад уплывам магілеўскай арганізацыі РСДРП. У 1905 г. паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, затым перавёўся на фізіка-матэматычны па спецыяльнасці геалогія. У 1905 г. удзельнічаў у маскоўскім снежаньскім паўстанні. У 1906-1907 гг. уваходзіў у сялянскую арганізацыю пры Магілеўскім акруговым камітэце РСДРП. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1911) настаўнічаў у Адэсе ў прыватнай камерцыйнай навучальні, у жаночых гімназіях, у 1920 г. быў загадчыкам школы-інтэрната для беларусаў-бежанцаў. У 1921-1930 гг. працаваў у Інбелкульце, выкладаў геалогію ў Белпедтэхнікуме, быў дацэнтам кафедры геалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі. У 1930 г. рэпрэсіраваны і сасланы ў Іванава-Вазнясенск. Пасля заканчэння тэрміну ссылкі (1936) пераехаў з сям'ёй у Запалярны Кіраўск, дзе працаваў у горным тэхнікуме. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны апынуўся ў г. Чусовым Пермскай вобласці. Праз год пераехаў ва Ўдмурцію. Займаў розныя пасады, у тым ліку дацэнта Ўдмурцкага педінстытута (Іжэўск). У 1948-1952 гг. зноў працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. Апошнія гады жыў у г. Хімкі пад Масквой. Рэабілітаваны 15.11.1957 г. Сябра СП СССР з 1965 г.
Памёр 30.06.1969 г.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 г. (пісаў спачатку на расейскай мове). У 1922 г. апублікаваў у часопісе «Полымя» паэму «Гвалт над формай», у 1927 г. выйшлі кнігі паэзіі «Плынь» (вершы і паэмы) і «Дзве паэмы». Аўтар п'ес «Змітрок з Высокай Буды» (1918), «Скарынін сын з Полацка» (пастаўлена ў 1926), «Каля тэрасы» (1929, пастаўлена ў 1927, у новай рэдакцыі выйшла ў 1975), «Віно бушуе» (1929), «Над Нёманам» (пастаўлена ў 1927), «Воўк» (1930). У 1967 г. выдадзена «Выбранае», у 1987 г. - «Родная пушча» (п'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты).
Выступаў як крытык з артыкуламі пра творчасць М.Багдановіча, пра пастаноўку «Цара Максімільяна» і інш.
Апублікаваў на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія» (1923, 4 выданні), «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе» (ч. 1 - Крышталаграфія, ч. 2 - Мінералогія, 1926).
Перакладаў творы Л.Талстога, У.Сасюры.
Граніт Пятрусь (сапр. Івашэвіч Іван), нарадзіўся 24.01.1909 г. у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1927-1939 гг. працаваў брукаром, у 1930 г. уступіў у рады КПЗБ. Прымаў удзел у нелегальным з'ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні (1933). За рэвалюцыйную дзейнасць арыштоўваўся ўладамі буржуазнай Польшчы. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў старшынёй Беліцкага сельсавета (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады «Барацьба» на Гарадзеншчыне, выступаў у партызанскім друку з вершамі. Пасля вайны скончыў завочна Наваградскую педагагічную навучальню (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-1971).
Памёр 14.01.1980 г.
У друку ўпершыню выступіў з вершам у 1933 г. («Беларуская газета»). Першая кніжка паэзіі «Над хвалямі Нёмана» была падрыхтавана да друку ў 1939 г., але не выйшла ў сувязі з вайной. Аўтар зборніка паэзіі для дзяцей «Сцяжынка» (1978), нізкі вершаў апублікаваны ў зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).
Грахоўскі Сяргей, нарадзіўся 25.09.1913 г. у сяле Нобель Пінскага павета Менскай губерні (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і.
Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў мястэчку Глуск Магілеўскай вобласці. Працаваць пачаў у 1930 г. рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё.
У 1936 г. быў рэпрэсіраваны, 10 гадоў знаходзіўся ў лагеры (Горкаўская вобласць). Пасля вызвалення выкладаў расейскую мову і літаратуру ва Ўрэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946-1949). Быў паўторна арыштаваны і па ранейшым абвінавачванні высланы на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць, дзе працаваў настаўнікам. Пасля рэабілітацыі (19.10.1955) працаваў на Беларускім радыё (1956-1957 гг.), загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Бярозка» (1957-1959). Быў літаратурным кансультантам СП БССР (1959-1960), літаратурным рэдактарам часопіса «Вясёлка» (1960-1973), у 1973-1974 гг. - адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сябра СП СССР з 1956 г.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).
Узнагароджаны медалямі.
Першы верш надрукаваў у 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Дзень нараджэння» (1958), «Чаканне» (1960), «Табе зайздросціць сонца» (1963), «Памяць» (1965), «Тры вымярэнні» (1967), «Вершы» (1968), «Паэма дарог» (1970), «Зазімак» (1976), «Лірыка» (1978), «3ачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988).
Выдаў нарыс «Горад маладосці» (1960), зборнік апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакументальныя аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1968, паводле аповесці пастаўлены спектакль у 1968, твор экранізаваны ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), аповесці «Ранні снег» (1975), «Гарачае лета» (1974), «Сустрэча з самім сабою» (1988), «Споведзь» (вершы, аўтабіяграфічныя аповесці, 1990), кнігу ўспамінаў «Так і было» (1986). Выйшлі кнігі вершаў для дзяцей «Ад вясны да вясны» (1959), «Сёння і заўтра» (1961), «Гарыць касцёр» (1966), «Сонечная сцежка» (1980), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972). У 1973 і ў 1983 гг. выдаваліся Выбраныя творы ў 2 тамах.