Я - мiнчанiн
Я - мiнчанiн читать книгу онлайн
Я правяду цябе па сваім родным горадзе, дружа… Магчыма, гэта і твой родны горад, і ты таксама можаш з гордасцю сказаць: “Я – мінчанін”. І нават калі гэта не так, павер: гэты горад – самы прыгожы ў свеце. Ты можаш запярэчыць мне: на свеце столькі гарадоў большых і старажытнейшых, дзе ёсць хмарачосы ў сотні паверхаў і помнікі гісторыі, збудаваныя тады, калі на берагах Свіслачы толькі пракаветныя сосны гайдалі на сівым галлі беларускае сонца… Ці ведаеш ты сапраўднае аблічча свайго горада? Ці здагадваешся, што хаваецца пад шэрай роўняддзю асфальту, за каменнымі фасадамі дамоў, у карункавым прыцемку паркаў, памяць пра якія легенды там жыве? Гісторыя была да нас нялітасцівай. Наш горад шмат разоў знішчалі ворагі. Нават не часткова – цалкам, бязлітасна, так, каб не адрадзіўся… А ён адраджаўся. Нашы продкі прыходзілі на гэтае месца і адбудоўвалі дамы і храмы, млыны і бровары, брукавалі вуліцы і ладзілі кірмашы… Але мала, да крыўднага мала што засталося, каб сведчыць нам аб былых часах, аб слаўнай гісторыі Мінску. Здаралася, самі гараджане не надта дбалі аб захаванні старажытнага аблічча свайго горада – і такое больш не павінна паўтарыцца. Столькі герояў на працягу стагоддзяў гінула, каб на гэтым месцы квітнеў горад… Забыць сваю гісторыю – здрадзіць іх памяці. Так давай жа пройдземся па драўляных насцілах, па бруку і па асфальце Мінску. І горад адкрые свае таямніцы.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Калісьці непадалёк ад Камароўкі стаяў Нікольскі храм. Пабудаваны быў ён на месцы могілак, дзе пахавалі Сеньку Сокала – лепшага воя мінскага князя Глеба Усяславіча. Аднак меў Сенька славу нядобрую – быў ён разбойнікам, назапасіў шмат каштоўнасцяў... Усе яны былі пахаваныя разам з ім. Але, відаць, нарабаванае і на тым свеце не дае спакою душы. І вось аднойчы на цвінтары Нікольскага храму сядзеў жабрак Хведзька Камар. Ён убачыў, што да царквы ідзе нейкі чалавек з цяжкім брудным мехам за плячыма... Раптам чалавек упаў. Хведар падбег да яго і ўбачыў, што незнаёмец нежывы. А ў ягоным мяху ляжаць залатыя манеты. Ад сквапнасці Хведар забыўся на ўсё. Схапіў мех і пабег у бліжэйшы лес, не разбіраючы дарогі. Вось і патануў у балоце. Тое месца сталі называць Камароўкай, а манеты, з-за якіх загінуў Камар, няйначай належалі разбойніку Сокалу. Можа быць, той сам і ішоў з імі да храма.
Дарэчы, менавіта на Камароўцы адбываліся першыя палёты на аэраплане ў Мінску! У 1910 годзе паспрабаваў узляцець над нашым горадам лётчык Манфельд. Але ў той час многім здавалася, што без дапамогі нячыстай сілы падазроная машына ў неба падняцца не можа. І калі самалёт уключыў рухавік, перад “нячыстай сілай” з’явілася бабулька з кадзілам і пачала яе хрысціць. Публіка рынулася на аэраплан, пачала хапаць яго за крылы, за хвост... Дваіх параніў прапелер... Але самалёт так і не ўзляцеў. Паліцыя ледзь абараніла летуна-гастралёра. А вось праз год палёт рускага пілота Утачкіна адбыўся, як мае быць. Пілот даляцеў да Камароўскага лесу (там цяпер універсам “Рыга”) і вярнуўся назад. Яго палёт нават зазнялі на кінаапарат мінскага кінатэатра “Гігант”.
Было ў Мінску і шмат крамаў, вялікіх і зусім маленькіх. У 90-ыя гады ХVIII стагоддзя ў Мінску было 89 крам, большасць – мураваныя. Уладзіслаў Сыракомля ўбачыў на Саборнай плошчы цудоўныя магазіны братоў Вянцкоўскіх, галантарэйны Айзенштата, магазіны замежных напояў і магазін мод пані Дэльпачэ... А ўвогуле ў той час, як паэт Сыракомля прыязджаў у Мінск, гэта значыць, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, у нашым горадзе мелася ўжо 423 купецкія крамы.
Мінск заўсёды быў горадам шматнацыянальным. У 1506 годзе князь Міхаіл Глінскі разбіў пад Клецкам войска крымскіх татар, а палонных пасяліў у Менску, у Татарскай слабадзе , гэта цяпер раён праспекта Машэрава. Тут праходзіла “мяжа аседласці”, месца, дзе дазвалялася жыць у Расійскай імперыі яўрэям. У ХІХ стагоддзі былі часы, калі больш паловы жыхароў Менску былі яўрэямі. У канцы ХХ стагоддзя ў раёне сучасных вуліц Карла Лібнехта і Волаха было дазволена пасяліцца калоніі немцаў-лютаран. А чым больш у горадзе рознага люду – тым спрыяльней для гандлю. Два разы на год у горадзе праводзіліся кірмашы – летні і веснавы. Веснавы працягваўся два тыдні. А на пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску можна было набыць усё, што жадаецца душы – ад нафтапрадуктаў і швейных машынак “Зінгер” да цэйлонскай гарбаты і парыжскай бялізны. У краме Натуса на рагу Захар’еўскай прадавалася найсучасная тэхніка – фотаапараты, машынкі-друкаркі, веласіпеды, грамафоны, першыя электрычныя прылады... Цяпер на месцы гэтага магазіна – дом з уваходам на станцыю метро “Кастрычніцкая”. Насупраць знаходзіўся магазін французскага адзення, побач – там, дзе цяпер кветкавая крама, – прапаноўваліся навінкі варшаўскай моды. А на месцы сённяшняга Саюза кампазітараў, на плошчы Свабоды, быў склад гумавых вырабаў таварыства “Расійска-амерыканская гумавая мануфактура Бруднера”. Фірма “Менск-аўтамабіль” прапаноўвала аўтамабілі. Быў гандаль і незвычайны... У маі адзначалі “дзень белай кветкі” – імі упрыгожвалі вітрыны, вокны, экіпажы. Грошы, атрыманыя ў гэты дзень за продаж белых кветак, ішлі на лячэнне бедных, дапамогу бальніцам.
Пасля рэвалюцыі прыватныя крамы і мануфактуры зніклі. Гандаль сталь дзяржаўным. Сёння ў Мінску 2191 магазін і 22 рынкі. Самыя вядомыя з магазінаў – гэта ГУМ, ЦУМ, Гандлёвы дом на Нямізе, універмаг “Беларусь”... Вялікія рынкі паступова пераходзяць за мяжу горада, так, як гэта зроблена ў іншых гарадах свету. З’явяцца ля кальцавой дарогі і вялізныя гіпермаркеты.
Карэта, брычка, каляса, тарадайка, тарантас, фаэтон, модная карыёлька-двуколка... На чым толькі не ездзілі па дарогах Беларусі! У ХІХ стагоддзі з’явіліся дыліжансы і амнібусы. Прайшла праз Мінск чыгунка... А вось з’яднаныя чыгунка і амнібус і ўяўляюць сабой конку – першы грамадскі транспарт, які з’явіўся ў нашым горадзе. Некалькі коней цягнулі па рэльсах вагон з імперыялам, адкрытай пляцоўкай наверсе. Адкрыццё конкі было вялікай падзеяй для горада. Яно адбылося 10 мая 1892 года. Газета “Минские губернские ведомости» пісала: “На вуліцы Захар’еўскай выстраіліся цёмна-сіняга колеру вагоны метраў восем даўжынёй, запрэжаныя парамі коней. Вагоны летнія, адкрытыя. Ветрык развявае паласатыя фіранкі на вокнах, вупраж прыкрашаная стужкамі і кветкамі”. Ездзіла конка ад вакзалаў – Брэсцкага і Віленскага – да Саборнай плошчы. Абслугоўвала толькі цэнтр. А на ўскраінах па ранейшаму цёмныя, небрукаваныя вуліцы патаналі ў брудзе. Пасля 1920 года гарадскія дарогі пачалі даводзіць да ладу. Конка пачала ездзіць далей. Рабочым выдаваліся бясплатныя талоны для праезду да месца працы. Аднак коней мусіла замяніць тэхніка. І ў 1927 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці мінскай конкі.
А вось першы таксіст з’явіўся ў нашым горадзе ў 1906 годзе, раней, чым у Маскве. Атрымаў дазвол у гарадскіх уладаў... І ў першы ж дзень працы, праязджаючы па цэнтральнай вуліцы (цяпер Карла Маркса) урэзаўся ў тэлеграфны слуп.
Можа быць, таму ў 1913 годзе ў Мінску было ўсяго 13 таксі?
23 кастрычніка 1924 пачаў развозіць пасажыраў першы мінскі аўтобус. Можна было праехацца ад вакзалу да Камароўкі за 24 капейкі, ці скарыстацца “лазенным” маршрутам – ён вазіў у лазню на Кастрычніцкай усіх жадаючых памыцца з Камароўкі і плошчы Свабоды.
Але сапраўдным цудам для мінчан стаў пуск трамвая. У іншых вялікіх гарадах Расійскай імперыі трамвай пачаў хадзіць яшчэ ў ХІХ стагоддзі. А ў Мінску гэта здарылася 13 кастрычніка 1929 года. Падзея трактавалася як вялікая перамога савецкай улады. На ўсім шляху трамвая, які ішоў ад вакзалу па вуліцы Савецкай, стаялі людзі, кідалі ў вокны вагона кветкі. Цэлы дзень трамвай вазіў усіх бясплатна. Паэт Паўлюк Трус прысвяціў яму паэму “Дзесяты падмурак”. Трамваі выкарыстоўвалі і як грузавы транспарт: менавіта з іх дапамогай будавалі Камсамольскае возера, вазілі пясок, цэмент, дошкі для плаціны. У дзень, прызначаны для адкрыцця возера, пачалася вайна. Акупанты паспрабавалі аднавіць рух трамваяў... Але трамвайшчыкі ўтварылі падпольную арганізацыю. Вагоны часта псаваліся, сыходзілі з рэек. Часам у вагон “Толькі для немцаў” заходзіў афіцэр, выпадкова ўпускаў з рук шакаладку альбо цыгарэты... Потым выходзіў – і раздаваўся выбух. Гэта падпольшчык Мікалай Кедышка пакідаў міны для ворага.
Пасля Перамогі рух трамваяў аднавілі. Трамвай дзейнічае і сёння. Але больш часта мы карыстаемся тралейбусам. Ён пабег па нашых вуліцах толькі ў 1952 годзе. Ад пачатку гэта быў грузавы транспарт. Існаваў нават тралейбус “асобага прызначэння” – яго экіпаж тлумачыў пасажырам правілы дарожнага руху.
Наш горад імкліва рос... І транспарт патрабаваўся імклівы. Першы камень будучай станцыі метро быў закладзены ля парку Чалюскінцаў у 1977 годзе. Глеба, на якой стаіць наш горад, вільготная, балоцістая... Таму метро ў нас неглыбокае, будуецца адкрытым спосабам. У працы над абліччам станцый удзельнічалі лепшыя архітэктары і мастакі Беларусі. Стараліся, каб афармленне адпавядала назве. Калоны станцыі “Плошча Перамогі” нагадваюць святочны салют, калоны станцыі Кастрычніцкая ў разрэзе маюць форму пяціканцовай зоркі і завяршаюцца “паходняй”, на станцыі “Няміга” вісіць падабенства старажытнага чоўна... 18 сакавіка 1984 г. першы цягнік прайшоў ад станцыі “Парк Чалюскінцаў” да “Інстытута культуры”.
Было ў Мінску два чыгуначныя вакзалы – Віленскі і Брэсцкі. Вакзалы лічыліся не самымі лепшымі – 2-га разраду. Той вакзал, які служыў мінчанам апошнія дзесяцігодзі, збудаваны пасля рэвалюцыі, быў больш дыхтоўны... Але невялікі. І хаця ён меў гістарычную каштоўнасць, з 2000-га на яго месцы – сучасны будынак, які нагадвае шкляны палац.