Над Бугам: выбранае
Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн
У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- Рыба, яна, браце, заўсёды рыбіна! Гэта табе не ракі, з якіх ні смаку, ні наедку, а адна толькі прыкрасць ды барадзе маёй непакой...
І вось аж усхадзіўся на беразе дзед, забегаў. І піпка ў яго даўно патухла, знае толькі - рукамі махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
- Яшчэ рыбаловы! Ім рыбу! Вам толькі прусоў ганяць!
- Сам злаві, - усердаваў тут не на жарты бацька.
- І злаўлю!
- А паспрабуй жа.
- І што ты думаеш? І паспрабую. Ён у мяне не выслізнецца, як у вас, у няўмекаў...
І дзед самым рашучым чынам скінуў адзежу і, павесіўшы яе на плечы - баяўся пакідаць на беразе, каб не скралі пастушкі, - смела рушыў у ваду.
- Дзе ён тут? Падавайце яго мне, я з ім разам распраўлюся, з супастатам!
Аж Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці - дзед так захадзіўся каля карча, аж вада кіпела наўкола. І вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
- Ага! Папаўся-такі, не мінуў маіх рук! А вы - няўмекі!
Міколку з бацькам засталося толькі пераглянуцца між сабой. Ну і дзед, не чакалі такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымі пальцамі было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй і падчапіў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасці, каб не ўпусціць часам рыбіну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвіліну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Міколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такі ж вялікі. Але тут падзеі прынялі зусім нечаканы зварот. Толькі гэта дзед, урачыста гледзячы на Міколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулі на яго Міколкаў бацька ды і сам Міколка і, як бачыш, сіганулі на бераг. Толькі пырскі паляцелі па вадзе. Аж збялеў Міколка, засопся. Выскачыў на бераг, азірнуўся. Стаіць дзед і на іх глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі. Тут як закрычыць Міколка не сваім голасам:
- Ратуйцеся, дзеду, пакуль не позна!
Зірнуў тады дзед на свайго ментуза - і ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кіне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубіў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавіў яго потым Міколка, ад'ехаўшы на чаўне ад берага.
І калі аддыхаліся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Міколку і на яго бацьку:
- І якое ліха панесла вас вужаку лавіць?
- А цябе якое?
Змоўчаў дзед на якую хвіліну. Гэтакі ж канфуз выйшаў - усё ішло так добра і гладка, і на табе, заместа ментуза гада злавілі. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў ніколі болей у ваду не лазіць. І калі траплялася часамі Міколку з бацькам лавіць якую рыбіну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзіць блізка да іх, калі яны выцягвалі на бераг таптуху альбо брэдзень. І толькі здалёк пытаў:
- Ну што, шчупак ці акунь?
- А ты падыдзі, сам паглядзі!
- Хопіць ужо, нагледзеўся...
Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.
- Яшчэ, чаго добрага, і адтуль выцягнеш трасцу якую паласатую...
А дзед толькі гаварыў:
- Цяпер-то я магу спаць спакойна!
Пасля ўсіх гэтых прыгод з дзедавым ракам і ментузом кончыліся і ранейшыя дыскусіі дзеда з Міколкам, хто з іх храбрэйшы. Абодва прыйшлі да таго вываду, што храбрасці хапае ў іх абодвух... Нават сталі яны блізкімі дружбакамі і зімнімі вечарамі вялі доўгія размовы аб тым, як бы гэта агульнымі сіламі адпомсціць «буржую» за Міколкаву карцінную галерэю. І аб тым, што яны будуць вясной рабіць, калі жаўранкі запяюць, калі зазвіняць ручаіны і ўкрыюцца лясы зелянінай.
І парашылі ў адзін голас - будуць яны ў вольныя ад работы дні заўзятымі паляўнічымі, будуць качак біць і ўсякую другую жыўнасць. Тым больш што была ў дзеда слаўная стрэльба, якая вісела без усякай карысці пакуль што на сцяне. Стрэльба, праўда, была дужа старая, старэй самога дзеда, і парадкам заржавелая, страціўшая ўсякі колер і від. Але як-ніяк яна магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Прызнацца, і цяпер яна вісела набітая, бо колькі ні намагаўся дзед, каб разрадзіць яе, яму ніяк гэта не ўдавалася. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам, каб такія падшывальцы, як Міколка, не нарабілі б часам бяды са стрэльбай.
Такая слаўная стрэльба была ў дзеда. І не дзіва, што Міколка, седзячы зімой у халодным вагоне, так нецярпліва чакаў вясны. І цёпла тады. І качкі тады лятаюць. І ўсякая жыўнасць у балоце варушыцца.
Вось слаўная пара настане!
Гісторыя з дзедавай «арудзіяй»
Прыйшла ўрэшце вясна. Пачарнелі чыгуначныя пуці і курыліся парнасцю пад сонцам. А вечарамі храбусцелі льдзінкі ў лужынах і востра пахла зямлёй, мазутам і каменным вугалем. Гучна гудзелі паравозы, і ліхтары гарэлі ў іх па-новаму, па-веснавому. І самі паравозы рабіліся куды прыгажэйшымі. Не было тых іржавых лядовых сасулек, што віселі зімой пад дышламі, пад цыліндрамі, не было намёрзлага бруду, копаці. Паравозныя бакі льсніліся на сонцы і дрыжалі, гатовыя ўздыхнуць на ўсю моц сталёвых цыліндраў і панесціся ўдалячынь хутчэй ветру і птушкі.
А ў небе курлыкалі журавы і паблісквалі на сонцы, нібы нехта сарваў з тэлеграфнага слупа нізку фарфоравых ізалятараў і кінуў іх высока-высока ў блакітныя бездані неба.
Хораша вясной! І дыхаць лягчэй, і на нагах неяк цвярдзей становішся. І цяплей куды робіцца. І не трэба дзень пры дні сядзець у цесным вагоне і дыхаць цяжкім смуродам ад каменнага вугалю ў жалезнай пячурцы. І дзеду вальней. Выйдзе з вагона, усядзецца на штабель шпал, размінае пад сонцам старыя косці і турэцкую вайну ўспамінае. А калі дзед прымецца за турак, то звычайна каля яго і Міколка аціраецца.
- Ну дык што ж, дзед, час ужо нам з табою на паляванне рушыць!
- А што ты думаеш! Вось абсохне зямля, тады і пойдзем...
Прыйшоў і доўгачаканы дзень. Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу, узброіўся абцугамі і доўга раскручваў дрот, не падпускаючы ні на крок Міколку.
- Яшчэ, чаго добрага, пекане, дык лепш адыдзіся!
Але стрэльба трымала сябе спакойна. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Гукнулі з сабой і невялічкага сабачку Жэўжыка. Жэўжык быў рад такому выпадку і, наставіўшы хвост пісталетам, важнецка бег перад паляўнічымі, старанна абнюхваючы кожны слупок, кожны пянчук. Дзед не хваліў такіх паводзін і штохвіліны падганяў «ганчака»:
- Пайшоў, пайшоў! Зайцаў ганяй, шкнарадзь!
Але відаць было, што асаблівага спрыту ў паляўнічых справах Жэўжык не меў і толькі кідаўся ў розныя бакі, ганяючыся за першай папаўшайся птушкай. Хутка і зусім знік, сігаючы па балоце за нейкай птахай. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі намачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Ні заяц не набягаў, ні дробная птушка не пралятала паблізу. Толькі і заўважылі каршука, які лятаў кругамі над ляском, апускаючыся ніжэй і ніжэй. І ён хутка сеў на высокую алешыну ў балоце.
- Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлім!
- А што ты думаеш? Пеканём!
Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пістон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам, як Міколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусію распачаў:
- Не павінен ты, дзед, першы страляць!
- Як гэта так?
- А так... Ты вунь колькі настраляўся за сваё жыццё: і з стрэльбы страляў, і з гармат смаліў... Сам жа казаў, колькі ты дывізій турэцкіх палажыў... Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю...
Дзед падумаў з хвіліну, патыліцу пачухаў:
- Наконт турак ты гэта правільна... Ну што ж, страляй... Толькі глядзі, станавіся моцна, а то паваліцца можаш ад аддачы.
- Нічога, вытрымаю...
Міколка ўпёрся нагой у купіну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэліўся ў каршука, аж руля захадзіла ходырам, да таго рукі дрыжалі.