Над Бугам: выбранае
Над Бугам: выбранае читать книгу онлайн
У кнігу народнага пісьменніка Міхася Лынькова (1899-1975) увайшлі лепшыя апавяданні, аповесці "Апошні зверыядавец", "Міколка-паравоз", урыўкі з рамана "Ha чырвоных лядах".
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
- А ты плюнь, не зважай... Ці ж ты не ведаеш, што ім кавалка хлеба шкада для нашага брата - чалавека чужога. Вось апанавалі ўсім заводам, калі хто чужы, так і стараюцца выжыць. Бачыш, і мне работы быццам нямашака там на заводзе, дык вапхнулі ў гэтую кануру. Колькі ні прасіла дзесятніка, каб паставіў у красільню, дык дзе там... «Усе месцы, - кажа, - пазаняты». А нябось вунь дзве пляменніцы з хутароў пазаўчора прыняў, ніхто і не ведае. А калі і ведаюць, дык ніхто слова не скажа. Як жа, дзесятнік, вышэй ад майстра... Дый майстры - добрыя цацы, адна хеўра. А ты ўсё ж ткі кінь, ну чаго ты.
Рахіль усё плакала. Часам змаўкала і пачынала зноў жаліцца:
- Ты вось паглядзі, Нютка, што зрабілі мне пазаўчора...
Яна расплікнула блузку, і калі Нютка зірнула туды, яна адразу з жахам адвярнулася і стала без прычыны глядзець на падлогу.
- Ты ж бы ў бальніцу хутчэй, чаго чакаеш?.. - з ціхім дакорам прамовіла яна, не адрываючы вачэй ад падлогі.
- У бальніцу? Не, Нютачка, гэта ж такі сорам, гэта ж... Не... Толькі не ў бальніцу. Каб даведаліся людзі ды пачалі языкамі плясці... Не, ніколі, ніколі. І з чаго б ты думала? Ну, разбіла я шкло, паслізнулася, калі на відэльцы брала... Дык Сідаронак як дасць у грудзі трубкай, аж уваччу пацямнела, ледзь устояла. «Гэта, - кажа, - табе на навуку... Пачакай, яшчэ будзе...» І як жа жыць далей, калі ніхто табе ў вочы не паглядзіць як чалавек, а ўсё не па-людску, усё зневажаюць.
- А ты б скардзілася ў заўком.
- У заўком? Ты смяешся? Ты ж сама хадзіла скардзіцца на Лузанчыка і на Сцяпана. Дапамаглі?
Нічога не адказала Нютка, толькі ўздыхнула. І абедзве маўчалі.
Праз акно ўляталі прыглушаныя гукі клубнага гоману, дзесьці на пасёлку нехта заліваўся блытанаю п'янаю песняй, якая то рассыпалася высокімі гучнымі ноткамі, то зніжалася да вільготнай асенняй зямлі і пасцілалася ў змроку няяснымі шэптамі, якія ўліваліся ў начную цемрадзь.
- Мусіць, Зіркута ад Амелькі ідзе падвыпіўшы. Час і мне дахаты.
- Заначавала б ты сёння ў мяне. Чаго ісці да мястэчка?
- Не, Нютачка, трэба ж дзядзьку сім-тым раніцай памагчы ў хаце. Недарма ж жыву ў яго. Хоць і свой, але ж дарма ніхто цябе трымаць не будзе.
- Ну, як сабе хочаш. А пажаліцца ўсё ж ткі трэба, Рахіль. Не скажаш ты, дык я скажу. Скажу хоць бы Яшку.
- І не думай, Нютка, гэта ж такі сорам.
- Дык чаго ты нос павесіў? Вальку ўсё сніш? Што з воза ўпала, тое прапала, кажуць старыя людзі, кінь, забудзь назаўсёды, не будзь мяшком пыльным.
- Ат, адчапіся ты. Пры чым тут Валя?
- Пры чым, кажаш? Ах ты, раскіс зусім, як бачу. Не ў Вальках справа, мой голуб.
- А годзе ўжо табе да мяне чапіцца... Вось кіну завод, абрыдзеў ён мне больш горкай рэдзькі. Пайду куды-небудзь у саўгас, буду зноў працаваць на полі, касіць пайду. А важнецкі касец з мяне, са старымі спраўляўся пакосам ісці. І добра ж, браток, гэта летам. Сонца табе. Лугі, як вокам кінуць... І ў кожнай купіне чмель гудзе, да чаго ж любіў я гнёзды чмялёвыя, мёд, як сляза... пахучы... А там рэчка. А над рэчкай кусты.
- Сам ты куст алешкавы і пад кустам радзіўся, відаць... Калі што - так і цягне ў кусты. Ты вось тут паспрабуй як след галавой раскінуць: і кусты знойдзеш, церабі колькі хочаш, абы ахвота, абы галава на плячах. А ў цябе ж кацялок палуджаны, у спраўнасці.
Каведла і Яшка сядзелі на клубным ганку. Каведла быў у нейкім узнятым, вясёлым настроі. Але ў гэтай весялосці чуваць былі схаваныя ноткі не то нездавалення, не то нейкае злосці.
- Бач, скачуць, аж сцены трасуцца... Няхай бы ўжо толькі скакалі. Дык не, не абыдуцца без гарэлкі. Да Амелькі-самагоншчыка яшчэ паслалі, усё мала... І дырэктар добры. Няхай, кажа, п'юць. Чаму рабочаму чалавеку і не выпіць. І яшчэ прамову выйшаў казаць. Аб рэвалюцыі... Аб Саветах... «Мы - гаспадары жыцця». «Пляваць нам на ўсё праз халяву». А потым ты чуў, як рыкне наш Анатоль: «Смі-ірна... Раўненне направа!» А ўсе ў рогат... «Бач ты яго, які камандзер, адразу відаць начальства». Цяпер адлежваецца на кватэры, майстры аднеслі... А сакратар твой чаго варты? Сарваў і пастаноўку ўсю. Каб не ты - і радыё б наша пабілі... Не, хлапец, трэба тут па-іншаму ўзяцца, нічога, як бачу я, не будзе.
- А нічога і не будзе. Такая ўжо тут павядзёнка - ад веку парадкі пайшлі, ці ты іх зменіш...
- А вось жа пабачым!
- Ну і пабачым. Нічога не будзе.
- Нічога?
- Нічога.
- Руку, таварыш! Аб чым заклад?
- Давай лепш без закладаў.
- Ну, добра, толькі глядзі сам памагай ды паменей аб кустах думай. А людзі яшчэ знойдуцца. Вунь Юрка Пупок - нішто сабе чалавек. Арцём Дубовік - някепскі рабочы. Антон-бежанец - бацька Валі - чым кепскі? Ды яшчэ колькі можна знайсці людзей на заводзе... І з камсамольцаў ёсць нішто хлапцы, паднаціснуць толькі трэба, падварушыць. Спяць усе, а хто і не спіць, той маўчыць. На ражна ніхто не хоча перці. А тут ражон, сапраўдны ражон - да чаго распусцілі завод, чортведама што робіцца... Ты паслухай, аб чым кажуць некаторыя рабочыя. Яшчэ нашы, з пасёлка, дык нішто. Як-ніяк, а з хаты па два, па тры чалавекі на заводзе - тут і маўчаць, можа, да пары да часу, аграбаюць сабе грошы, усе ў майстры падаліся. А вось тыя, што прыходзяць... Ім жа сунуцца некуды. Ты вось на складзе працуеш, не бачыш нічога. А я вунь учора зайшоў у выдувальню, дык што ж ты думаеш: некаторыя пад печчу спяць, няма куды пайсці. Гэта ты ў шчасліўцы папаў, у інтэрнат трапіў. А колькі раз пра баракі казалі: і не падступіся. «Грошай нямашака, мы - пралетарская дзяржава, самі на сябе працуем», - вось аб чым толькі і кажа дырэктар. А заўкому што? Ці заўком сабе вораг, калі кожны сваякамі абкружаны...
- Дык што ты зробіш?
- Вядома, адзін нічога не зробіш, а трэба вось падумаўшы ды каб болей людзей. У ячэйцы непарадак, ці гэта ж сакратар: ён свайго слова не мае, усё стараецца патрапіць дырэктару... Другога б сакратара нам! Дый партыйнай ячэйцы час ужо быць - ёсць жа партыйцаў са два, кандыдатаў вунь колькі...
Хлопцы замоўклі. На дварэ рабілася халадней, асенняю вільгаццю нясло ад ракі, і гэта вільгаць перамешвалася з пахам падмарожанае травы, завялых яблык і цвілога лісця, якое заслала ўсе дарогі і сцежкі.
Ад скрынак са шклом, што ляжалі на беразе, пахла смалой і цвілой саломай. Слязіліся крыху стрэхі, і паасобныя кроплі падалі зрэдку на шапкі. І з кожнай кропляй сціналіся плечы, холадна і сумна рабілася на сэрцы.
«Восень, каму яна трэба?» - думаў, здаецца, кожны, але думкамі не дзяліўся. Неахвота гаварыць на холадзе, лепш наставіць каўняры, унурыцца ў іх і сядзець, не зварухнуцца, захоўваючы ў сабе кожную кропельку цяпла. Дый аб чым гаварыць, калі ўсё перагаворана. Рабіць? Усё разам не зробіш. Лепш сядзець вось і думаць. І кожны думаў аб сваім. Яшка сачыў за шэрымі парванымі хмаркамі, што нізка-нізка слаліся над зямлёй, беглі хутка, спяшаючыся. І куды бягуць, і каго даганяюць... Вось выпаўзаюць на месячны свет і нікнуць дзесьці там, дзе цемрадзь, дзе навіслі халодныя туманы. І месячык - няшчасны месячык, да чаго ж яму холадна хавацца ў мокрыя начныя хмары.
Ад месяца Яшка пераходзіць да сонца, да вясны, да прыгожага лета:
- І будзем мы з табой усё ж ткі рыбу лавіць вясной... Хараство!
- Якую рыбу, пры чым тут рыба? - адарваўся ад сваіх думак Каведла.
- Вясной... І нераты можна ставіць. Асабліва на поймах. Дзе які раўчучок, канаўка - асабліва ж панадна рыба.
- Ты што, спіш ці трызніш?
- Ат, табе і слова не скажы... Ці табе зразумець.
- Дык не вярзі немаведама што.
І Каведла варочаецца да сваіх думак аб бліжэйшых днях, аб тым, што ён будзе рабіць, што трэба паведаміць у райком ды параіцца вось аб усім, аб дырэктару, аб заводзе, аб майстрах, ды ці мала аб чым.
У клуб не хацелася ісці. Там накурана, там нясцішны тупат і гоман, не знойдзеш прытулку і ў сваёй кватэры - баковачцы па-за сцэнай. Няхай ужо разыдуцца - тады спаць. І, унурыўшыся ў каўняры, маўчалі абодва. Раптам страпянуліся і ўзняліся з ганка. Што гэта? З-пад лесу, што ля ракі, за заводам, данеслася ціхае і працяглае: