Сёння i памяць
Сёння i памяць читать книгу онлайн
Новая кніга народнага пісьменніка Беларусі, у якую увайшлі апавяданні, мініяцюры, эсэ — гэта філасофскі роздум пра з'явы нашай сучаснасці, пра чалавечыя лёсы і характары.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Хочаш не хочаш, а чыстага для сябе не выходзіць. Можа, і таму, што я ж і друкую з запісаў, няхай сабе і выбіраючы?
*
Дома, у Мінску, быў з прыемнасцю, нават учора як быццам ехаць сюды [7] не хацелася, а ўжо ў аўтобусе адчуў, што лета, і што я ў красу яго еду.
Сцежка ў ячмені, уздоўж драціны на слупах, росны луг, Нёман, а потым лесам дадому.
Дзве рэчы захацелася не забыць.
Хлопчык, калі і старэйшы за нашу Данусю, што яшчэ спала, дык не на шмат старэйшы,— пастушок з радоўкі, які каля пня ў роснай траве канчаў снедаць і, па добраму звычаю гэтай вёскі, павітаўся са мною. «Есці захацелася?» — «Ага».— «А даўно выгналі?» — «У пяць». Ён не адзін, з нейкім дзядзькам, якога я паміж дрэвамі над ракою ўбачыў з каровай раней, чым хлопчыка.
І другое.
Тры буслы на нізкім лузе, за дубамі, — хвалюючае спалучэнне белага, чорнага і чырвонага колераў, асабліва тады, калі яны пачалі адзін за адным — на ўсякі выпадак — уздымацца.
Хораша сніў Твардоўскага, які зайшоў да нас і добра такі пасядзеў. А ідучы думаў пра Глебку: што добрага і я мог бы сказаць пра яго? Гэта — пасля яго вершаў у ліпеньскім «Полымі». І пра Броўку ёсць што сказаць, калі без вэрхалу ды сэпляў, як у N., а натуральна, аб'ектыўна. Можа, калі і скажу.
*
Чытаю ў Хайноўскага [8] пра нацыянальную палітыку ў даваеннай Польшчы. Па-новаму прагучала такое:
«Украінцы і беларусы густа засялялі землі на ўсход ад Буга і Сана, і таму акрэсленне «нацыянальная меншасць» больш падыходзіла там да насельніцтва польскага, якога было каля 37,8 працэнта».
*
Вярнуўся з рэчкі.
Адышоўшы далей, стаў пад зялёнай, высокай навіссю алешніку, і цераз Нёман гледзячы па лугі, кусты, аер і неба, успомніў, як Грыша [9] гаварыў, вярнуўшыся адзін з паэтычнай праходкі: «Хораша так, а тут нейкія войны, палітыка...» І ў Талстога яно, і ў іншых — краса прыроды кліча да міру, да любові.
Успамінаў сённяшнюю цётку, якая жыве, век пражыла ў такой красе і так жа хораша спалучае ў сабе і зпешнюю цемру, і высокія чалавечыя якасці. А каб жа гэта яшчэ і без цемры!
*
Палавіна сёмай. Імгла.
Калі выйшаў да Нёмана, успомніў, што з палубы цеплахода, у сонечны дзень, недзе каля Запаляр'я ці ўжо там, старая глядзела, глядзела на ціхі Енісей і, нарэшце, не вытрымала: «Ишь, злодей, притаился!.. А сколько людей-то взял!..» Учора паблізу ад таго месца, дзе я пасу апоўдні ўнучку, пакуль яна плёхаецца са сваімі сябровачкамі на быстрым бродзе, утапіўся юнак з мінскай вясёлай кампаніі, а Нёман — такі ж прыгожы і абыякавы, як і быў, і повая вада прыйшла сюды за ноч з-пад Коласавай Альбуці або з яшчэ далейшай летняй красы, а заўтра будзе каля якой-небудзь Луннай. «Красою вечною сиять...»
Яшчэ адзін успамін, яшчэ адзін водгук вялікага. У ціхі, хоць і быстры Нёман упадае ручаіна. Там павінны браць акуні, а вышэй, у далёкай траве, летась я выпудзіў дзікіх качак. Успомнілася Ніягара, дзе я захоплена падумаў і, здаецца, запісаў: «І так жa тут вечна!» І ўспомніўся Лермантаў, ужо зямны, лугавы: «...и вода с водою говорит...»
А потым яшчэ ён, праходзячы пад цёмнымі дубамі.
Учора, калі Света, з усёй сур'ёзнасцю дзевяцігадовай гаспадынькі, расказвала, як той хлопец утапіўся пазаўчора вечарам, а знайшлі яго толькі ўчора апоўдні (мы і не ведалі нічога), як «два хлопцы і адна дзеўка», што былі ў іх кампаніі і нават адзін з іх штурхануў таго хлопца, «селі ў сваю «Волгу» і ўцяклі», а другія, «з другое «Волгі» павязуць таго хлопца да яго маці,— слухаючы гэта і канстатуючы гэты нейчы жах разумова, падумаў, а сёння вось успомніў, што раўнадушная не толькі прырода... Як прывыкаў і я — так жа хутка! — да трупаў і на фронце, і ў партызанах, як неглыбока я думаю і пра тых, што сёння... Зрэшты, і блізкіх так многа ўжо адышло, і боль не паўтараецца.
Паміж магутным надрэчным алешнікам і саджаным гайком ужо трыццацігадовых дубкоў, у буйнай расе, неабтрэсенан ветрам, якога і звання няма, і не абсушанай сонцам, якое хоць і высакавата ўжо, але ў імгле,— стаіць духмяная капіца сена... «Ах, як прыгожа!» — можна і папікнуць сябе пасля тых думак пра абыякавасць. Што ж, і прыгожа, і будзе прыгожа, калі і нас не будзе. Дарэчы, учора, гледзячы на Вялікую Мядзведзіцу, успомніў Мележа, як аднаго з тых, каго ўжо няма, а каля свежай, удала высушанай (пасля доўгіх дажджоў — пагода) і сапраўды духмянай капы — Твардоўскага прыгадаў: «калі арыгінал — расквітнелы луг, дык пераклад — сена». Не зусім дакладна, але блізка.
Калі ўжо бэрсаць далей, дык — у сувязі з неабходнай нашаму брату дакладнасцю,— панюхаўшы капу, успомніў абмеркаванне «Пушчы» Віці Карамазава: як студэнты-леснікі (у тэхналагічным інстытуце) паправілі яго,— ласі, аказваецца, сена не ядуць, а ён ім настаўляў (на паперы) стажкоў.
...Дануся соладка спіць, а на дроце, дзе ўчора сох яе купальнічак, павук сплёў, падвесіў цудоўную сетку. А на ганачку, каля збуялага бульбоўніку і адной яркай вяргіні, цярпліва сумуе пярэсты сябар — каток, якому яна выносіць малако.
Гаспадыня здзіўлялася, як пяшчотна Грыша развітваўся з Данусяй. А ўчора, калі мы гулялі ў карты і Света прытулілася да яе, яна — нібы між іншым — пацалавала далоньку малое, што ляжала на загарэлай, ад працы моцнай, поўнай мамінай руцэ.
«...Ён якраз снедаць садзіўся. Наліў чарку гарэлкі, выпіў і пачаў есці».
Пры Польшчы ў нас гаварылі пра старога К., які з гаспадаркі і з працэнтаў за даўгі сабраў «шмат золата»: «Без чаркі есці не сядзе. А чай п'е з шакаладнымі цукеркамі». Падлетку-ўнуку мужчыны з усёй каравасцю тлумачылі, чаго толькі не хапае для поўнага шчасця ягонаму дзеду-ўдаўцу...
Цяпер той узровень шчасця, пра які пераважная большасць магла толькі марыць, дасягнуты і перасягнуты ўсімі, хто гэтага хоча. Маласельская крама, напрыклад, прадае ў сярэднім чатыры скрынкі гарэлкі і віна за дзень. З праблемы п'янства вырастае другая праблема — дэбілы...
...Чытаю Хайноўскага.
Успомнілася, як я збіраў матэрыял для «Граніцы», шукаючы ў Ленінскай бібліятэцы, у фондзе Урублеўскіх у Вільні, у архівах Гродна, Брэста, у Слонімскім музеі, у Маладзечне... Наколькі лягчэй усё такое праходзіла б сёння. А што я меў бы, каб не шукаў, дзе мог, а чакаў? Не «Граніцу» маючы на ўвазе, а ўсё, што ў мяне звязана з даваенным часам.
...Ляснікоў сын: «Грыбоў у гэтым годзе мала, бо, старыя людзі казалі, зорак на куццю не было». Няхай наіўна, але ж паэзія.
*
Да таго, чым кончыў папярэдні запіс, учора, позна ўвечары хацелася дадаць пачутае ад С.: «Маці мая тыя разы казала: на Барыса — сцеражыся». Снапоў у гэты дзень (сёння) не вазілі, каб не было пажару. Зноў жа тут уражвае не «цемра», а народная любоў да слова.
...Дзед з бабай маглі сабе ўчора ныць і ледзь не сварыцца з нуды, у парна-душна-хмарны дзень, а ў Данусі дзень гэты быў такі змястоўны. Пайшла па чабор, а там, на ячменным полі, да лесу яшчэ не дайшоўшы, атрымала цудоўнае запрашэнне: праехацца са Светай у кабіне грузавіка з ячменем ад камбайна ажно ў Любна — пяць кіламетраў полем і лесам. Шафёр, добры і вясёлы чалавек, яшчэ і «морсам з мёду» напаіў іх, сустрэўшы тую цётку, што везла камбайнерам абед. А такое: адзін дзядзька сядзеў у кузаве, на ячмені, і, калі праязджалі ў вёсцы пад вішнямі, застукаў па кабіне: «Стой, вішаньку сарву!..» І такое: вясёлы дзядзька-брыгадзір пытаўся ў Данусі, як ёй тут з дзедам і бабай жывецца, хто яе тата і мама, і прачытаў ёй Броўкаў верш «Пахне чабор»,— не ўвесь, вядома, а трохі. І сказаў, што гэтага паэта ўжо няма, памёр.
Напішы апавяданне — будзе сентыментальна, асабліва калі па радыё якая-небудзь «цёця» дадасць сюды і свайго яшчэ соладу.
...Паснедаўшы, буду дачытваць Жукроўскага [10] шукаючы цікавага для кнігі маіх любімых апавяданняў, якую ўсё-такі зраблю, колькі ўжо разоў ні заракаўся займацца перакладамі. Зраблю тым больш, што палавіна кнігі ўжо зроблена.