Нiчые
Нiчые читать книгу онлайн
Аповесці "Нічые", "Вёска" і раман "Рэвізія", што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Падышла маці, босая, з пустым кашом:
— Што там?
— Вось, — паказаў ёй канверт і бланк Антон і не стрымаўся, радасць перла з яго, пажартаваў: — Назначаюць паслом у Варшаву.
— А гэта напраўленне? — ані не здзівілася маці: відаць, як і для кожнай маткі яе сын быў усё ж разумнейшы, лепшы за ўсіх, і яго ў любы час маглі запатрабаваць куды хочаш і на якую хочаш пасаду.
— Ды я смяюся. З Менску, узнавілі мяне! — і Антон абняў яе.
— А калі ехаць? — зусім будзённа спытала яна. — Што ж ты возьмеш... — пачала ўжо прыкідваць, — вазьмі сала той большы кусок, яец дзесяткі два возьмеш...
Не, так было нецікава. Антон забраў у яе кош, забег на двор, потым убачыў, што нават не глянуў, што за другое пісьмо. Зайшоў за хату, дзе любіў грэцца на сонцы і кідаць у пеўня кавалкамі сланечніка, прысеў. Кот і цяпер ляжаў тут. Перш чым чытаць другое пісьмо, Васкевіч агледзеўся. За поплавам, недалёка, жаўцеў незгарэлы ў гэтым баку лес. Ад вуліцы ў плоце бялелі высахлыя за лета жэрдкі, прыбітыя Васкевічам яшчэ тады, зімою. Пад скірдай паколатых і складзеных ім дроў грэбліся куры, побач хадзіў нахабны певень і з пагардаю касіўся на Васкевіча, потым цяжка ўзляцеў на плот і моцна, бы цецярук, залопаў крыламі.
Другое пісьмо было ад Рамановіча. Сябар пісаў, што ў інстытуце, як і паўсюль у Мінску, пасля жніўня ўсё кіпіць і бурліць, выказваў надзею, што «цябе, магчыма, вось-вось павінны вярнуць у інстытут, і не думай, што я да гэтага не прыклаў рукі. Экзамены здасі экстэрнам, бо, у прынцыпе, прапушчана ўсяго дзве сесіі, але лепш было б, каб ты астаўся яшчэ на год на другім курсе, бо свае людзі цяпер больш чым калі патрэбны на ўсіх курсах і патоках...» «У інстытуце цяпер безуладдзе, — паведамляў Алесь, — старога рэктара турнулі, а новага яшчэ няма. Наш «блюститель нравственности», добрай памяці камуніст-інтэрнацыяналіст рэктар, як аказалася, разам са сваім братцам, саўмінаўскім чыноўнікам, займаліся спекуляцыяй машынамі-іншамаркамі, і цяпер нібыта абодвума займаецца пракуратура. Калі гэтая гадзіна і пазбегне турмы з канфіскацыяй (вядома, пазбегне, адкупіцца), дык за адно тое, што яго ногі не будуць больш шаркаць па інстытуцкім паркеце, трэба выгравіраваць на залатой таблічцы — «21 жніўня 1991года» — і прымацаваць яе над дзвярыма яго былога кабінета, кабінета — зборні стукачоў і пляткарак, кабінета — штаба, дзе распрацоўваліся планы ўдушэння ўсяго жывога, сапраўднага, беларускага, дзе на сталах, як карты баявых дзеянняў, раскладаліся папкі з нашымі біяграфіямі!..
Жартую, вядома, — таблічка залатая, адразу сапруць».
«...Кланяйся сваёй маці, я ўспамінаю яе, і твой аповед пра ўюноў».
ХХVІІ
Яшчэ з раніцы пачалі з маткаю пакаваць сумку, спрачаліся, сварыліся, маці бегла то ў камору і выносіла яшчэ адзін кус сала, то кідалася на агарод, у пограб, і несла качан капусты, пук морквы, закручвала ў газету і піхала ў сумку. Васкевіч моўчкі, але ўпарта выцягваў усё назад. І так, ад аднога адзення сумку так расперла, што не закрывалася.
Пад вечар прыйшоў Пульс, прыкаціў у руках веласіпед. Далі яму паесці, налілі чарку. Антон сядзеў побач і не еў і не піў ні грама. Маці пераапраналася ў большай хаце. Пульс выпіў, Васкевіч наліў яму яшчэ. Выйшла маці, у сіняй ваўнянай кофтачцы, падвязаная новай пуховай хусткаю, у сваіх старэнькіх, але «чыстых» сандалях.
Пульс без тостаў піць не мог:
— Хай у вас, цётка, каб картоплі што б добрэ раслі!..
— Хай каб што б Антон добрэ заехаў, я кажу!..
— Пі ты хутчэй, ды ну цябе ў баню, — сказала маці, увесь час зіркаючы на будзільнік на падаконніку. — Яйцо вунь яшчэ выпі. Кура тая твая нясецца?
— Не нясецца, ёпа-маць, я кажу! Зарэзаць трэба.
— Будзем ісці назад, дык напомні, дам які з дзесятак яец. Хоць яечні паспытаеш. Ты ж мне неяк каліну даваў?
— Добрэ, атлічно, харашо, напомню!
Прыселі перад дарожкай. Выйшлі на двор, маці прымкнула хату, Пульс паклаў на багажнік упоперак шырокую дошку, спрытна ўладкаваў, увязаў сумку і, буркаючы, быццам вёў у руках заведзены матацыкл, пакаціў веласіпёд на вуліцу.
Вёска патанала ў раннім восеньскім прыцемку, але яшчэ жыла. Цётка Маня, пачакаўшы каля калодзежа, знарок перайшла ім дарогу з поўным вядром. Сям-там у дварах корпаліся людзі; пабачыўшы працэсію, голасна жадалі Антону добрай дарогі і глядзелі ўслед. Так мінулі вёску і ўвайшлі ў зусім ужо цёмны лес. Маці ўключыла ліхтарык, з якім хадзіла гэтай жа дарогаю на працу.
Васкевіч азірнуўся.
Ззаду ў паўзмроку ляжала вёска, свая, любімая — і настолькі ж чужая. Неразгаданая, непазнаная ім. Не разгадаў — а які быў шанс! Пражыў амаль год чужаком, сам у сабе, і вось едзе, а гэтыя хаты, платы, калодзежы, людзі — астаюцца. Астаюцца Пульс з маткаю, якія, правёўшы яго, вернуцца, пакормяць кабаноў, лягуць у халодныя ложкі, будуць глядзець рэкламу ў тэлевізарах, а думаць нешта зусім іншае, сваё.
Была ў тым, што ён едзе, а матка, Пульс, вёска — астаюцца, нейкая несправядлівасць, нейкая страшная тайна. Антону ўспомніліся матчыны словы: «Прайшла жызнь так — цьфу! рваліся-рваліся, ірвалі жылы — і ўсё без толку!»
Быццам вёска была ідалам, молахам, і людзі пакаленне за пакаленнем клалі на алтар гэтаму молаху ўсе сілы, усе свае радасці, жыцці свае, — самі не ведаючы, нашто, для каго?
«Ты шкадуеш іх, а яны — цябе, — думаў Антон, не спускаючы вачэй з задняга кола Пульсавага веласіпеда. — Цябе лічаць больш абдзеленым. Значыць, усё правільна, несправядлівасці ніякай няма: табе — адно, ім — другое, сваё. Але яны цябе кормяць, значыць, яны вышэй за цябе? Не, яны цёмныя, як і вякі назад, бязлітасныя да слабых. Я — вышэй за іх, дабрэй. Але кормяць... а галоўнае, хіба яны вінаваты ў тым, што такія?! Хіба ім не хочацца ЖЬІЦЬ?»
Думкі круціліся, як гэтае веласіпеднае кола, і здавалася, не магло быць тут ніякай разгадкі.
«Ты, разумны, вышэйшы за іх — чаму ж ты тады не навучыў іх гэтаму ЖЫЦЬ? Калі апраўданне, што раней не ведаў як, а цяпер дайшло — дык яшчэ не позна, не едзь, аставайся і вучы іх!»
«Не магу».
«Тады едзь, але едзь як тыя разы, радасна, бестурботна, насустрач новаму жыццю, прымай усё за нармальнае!»
«Не магу, бо ведаю: буду ў горадзе вучыцца, пісаць рэфераты, здаваць курсавыя, піць гарэлку, гуляць, ездзіць на метро і на таксоўках, разважаць пра вызваленнё Беларусі, спрачацца пра Борхеса і Чэхава, а матка будзе ўздыхаць цёмнымі вечарамі і глядзець па тэлевізары рэкламу, а Пульс будзе сядзець каля грубкі і глядаець перад сабою, успамінаючы свой Новы год, а Ручка, вярнуўшыся з ЛПП, нап’ецца і прыйдзе ў бібліятэку прасіць «Яму» Купрына, а Валер будзе ляжаць пад акацыямі, там жа, дзе і Ірэнін бацька, а Надзя- паштальёнка будзе насіць мае рэдкія, два-тры словы, пісьмы, а...»
Страшна было ехаць, яшчэ страшней — аставацца. Васкевіч думаў, што ён захварэў тут, заразіўся, і ўжо не зможа зайсці ў аўдыторыю тым вясёлым бестурботным хлопцам, якім быў усяго год назад, што цяпер ён будзе цягаць за сабою, як чарапаха панцыр, сваю вясковасць, адчуванне нейкай вялікай несправядлівасці, ненармальнасці ўсяго, і цяпер — не дай Бог давядзецца — за сваю родную вясковую беларускую мову ён будзе стаяць насмерць, трымацца будзе за яе, як за апошняе, як за адзіны карэньчык, што жывіць яго, звязвае вось з маткаю, Пульсам, з гэтым лесам, якім яны ідуць, з усім, што пакідае ён ззаду...
Васкевіч страсянуў галавою, спытаў:
— Помніш, як ты тут упаў? Калі шапка пакацілася?
— Помню, я кажу! — вінавата закашляў Пульс.
— Ён не помніць, што еў учора, — што ты з яго хочаш, — абазвалася маці.
Замільгалі між дрэў агні станцыі.
Білет, загадзя куплены, ляжаў у Васкевіча ў кішэні, таму ў вакзальчык не заходзілі, пастаялі на пероне, Антон з Пульсам пакурылі. І вось, ці то сэрца так застукала, ці ўрэшце стукаюць колы цягніка... Цягнік! Антон прыціснуў да шчакі матчыну галаву, парукаўся з Пульсам, Пульс подбегам панёс за ім да вагона сумку. Білет... вось, дзе ж ён?.. вось квіток, калі ласка. Правадніца зусім абыякава надарвала кавалачак шэрага кардону, Васкевіч бокам-бокам, з сумкаю патэпаў у вагон. Лязгнулі буферы.
