Сёння i памяць
Сёння i памяць читать книгу онлайн
Новая кніга народнага пісьменніка Беларусі, у якую увайшлі апавяданні, мініяцюры, эсэ — гэта філасофскі роздум пра з'явы нашай сучаснасці, пра чалавечыя лёсы і характары.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Адзін з іх спачатку збянтэжыў мяне.
Старая жанчына з рабочай сям'і дала мне... звычайную шчотку. Прыняў, падзякаваў, але ў душы, калі можна так сказаць, паціснуў плячыма...
І вось ён, такі будзённы, па-нямецку практычны, па-людску шчыры падарунак хутка ўжо дзесяць год ляжыць у нашай прыхожай на падлюстэрніку. Часамі нехта з сямейнікаў, выходзячы з дому, папросіць трохі пачысціць яго на лесвічнай пляцоўцы, а калі і сам пра гэта папросіш. А то і так сабе, мімаходзь, зірнеш на невялікую, зручную, вішнёвую колерам дрэва і чорную воласам «кляйдэбірстэ» — шчотку для адзення. Зірнеш — і зноў успомніцца весела, гаманліва шматмоўны натоўп на прасторным пірсе, на палубах белага цеплахода, натоўп людзей, у нейкай меры з'яднаных разуменнем галоўнага, успомніцца нейчая ціхая, працавітая і цярплівая маці з добрай усмешкай, за якою — загадка і мудрасць яшчэ аднаго, можа, нялёгкага ці нават шматпакутнага жыцця...
1983
Касатачка
Касатка — ластаўка, птушка Hirundo domestica.
І тое самае, што мілая, галубка, золатка.
З тлумачальных слоўнікаў.
Удовін дарослы сын паміраў пры памяці і доўга.
— От, мама,— ціха і цяжка сказаў ён неяк, ужо бліжэй да канца,— я цяпер думаю... як гэта рыба... калі яе... на бераг... выкінеш... як яна... дыхае... тады...
На пахаванне з горада прыехала з сям'ёй дачка. Яшчэ на вуліцы, толькі з машыны вылезла, а ўжо... не пачала, вядома, плакаць — зноў заплакала. Зяць нешта тоўпся каля сваіх шафёрскіх дзвярэй, а дачка, з унучкай на руках, штурханула нагою брамку, а тады пусціла з рук малую. Нібы прасветлы прамень з-паміж цёмных хмараў — на чыстую сцежку ў веснавой траве, да новай хаты ад журботна-новых варот, зробленых таксама ім.
На дварэ было многа людзей. Яны ўсе стаялі, ішла адна бабуля. Унучка — быстранькая, румяная, з дзвюма чорнымі коскамі — бегла насустрач старой, ручаняты ўзняўшы здалёк, у шчаслівай гатоўнасці зноў апынуцца высока, на яшчэ адных родных руках. Штосьці яна крычала радасна, у святым сваім няведанні, далёка над усім дарослым смуткам...
Сын — спраўны работнік, дужы, спакойны дзяцюк — з далёкай службы вярнуўся з нейкай таямніцай. Ніяк жаніцца не хацеў, і ў без нечага трыццаць, усё ўсміхаўся, што паспее. Працуючы экскаватаршчыкам на меліярацыі, недзе там, на халодным асеннім балоце, ударыў і, звыш таго, застудзіў нагу. Неўзабаве хвароба з яшчэ адной вучонай, нават мілагучнай назвай — саркома — папаўзла з нагі вышэй. Лічачы збоку, для знаёмых і нават сваякоў, хто з іх жыве далей, паўзла яна паволі, больш за паўгода. А для самога, для маці як ён ішоў, чым быў напоўнены той час?.. Спачатку дома, пасля ў бальніцах, бліжэй і далей, тады зноў дома, на адыходзе. Час невымерна доўгі і безнадзейна хуткі, калі яно ўсё скончыцца...
Унучка дробненька бегла, радасна штосьці крычала. Нібы яна з бабуляй былі па поўным людзей панадворку толькі адны.
І старая, як быццам таксама тут адна, як быццам яна хоць на момант адышлася ад самага краёчку чорнай бездані свайго маўклівага мацярынскага гора, хутка ішла насустрач госцейцы, здалёк прыгнулася з працягнутымі спрацаванымі рукамі. Падхапіла, нарэшце, малую, прыпала сухімі, бяссоннымі вуснамі да цёпленькай, пругкай, салодкай шчакі і прашаптала горача, нібы толькі сабе:
— Касатачка... шчабятушка мая!..
...Пра рыбу на пяску, якая задыхаецца,— гэта пасля ўжо, дзён праз некалькі, у яе знайшлася сіла расказаць уголас.
1982
На шаснаццатым
1
У нашай мясцовасці здаўна ў пашане былі коні. Спрадвечнае, «пры панах» гміннае мястэчка Мір, да якога ад нас дванаццаць кіламетраў, славілася не толькі недаразбураным княжацкім замкам, былою вядомасцю двойчы няпісанай сталіцы — цыганскай, на ўсю Еўропу, і старцоўскай, ці не на ўсю Беларусь,— але яшчэ і конскімі кірмашамі. Па панядзелках былі кірмашы звычайныя, а двойчы, на веснавога і па зімовага Міколу, гадавыя, вельмі шматлюдныя, з далёкімі купцамі. Тады жартавалася так: «Ну і кірмаш быў, браток,— што ні пан, то сабака, што ні мужык, то свіння!» Хапала, вядома, і паноў, і свіней, аднак найбольш было коней. Цяпер, праз далеч гадоў і кіламетраў, бачу і чую тыя «Міколавы» кірмашы. На ўсіх шасці гасцінцах, што сыходзіліся ў мястэчка, бачу калёсную ці санную паўзучую чаргу фурманак з сялянскім таварам, з прадажнымі коньмі ў прыпрэжку, а ў «агародзе», як называлася месца, дзе тыя фурманкі тоўпіліся пасля, пазадзіраўшы безліч аглабель, чую як па-марскому нястомную, няспынную людскую гаману, бездапаможны віск ды вераск узважваных ці правяраных па «круп» свіней, а больш і галасней за ўсё — залівіста-прызыўное іржанне жарабцоў, неспакойных, вядома, на Міколу першага, вясной.
Коней у сялян куплялі не толькі іншыя сяляне, не толькі гандляры далейшыя, гуртаўшчыкі,— таксама і купцы вайсковыя, раманцёры. Цэны ў гэтых былі шалёныя: здатныя ў кавалерыю кабыліца ці конь каштавалі ў тры разы даражэй за гаспадарскіх, артылерыйскія — у два разы, нават абозныя і то разоў у паўтара. Адбор быў вельмі строгі, аднак рызыкавалі многія і некаторым шанцавала. А князь, у якога быў не толькі гістарычны замак, але і некалькі буйных маёнткаў, бліжэй і далей навокал Міра, у цэнтральным маёнтку, побач з замкам, трымаў конны завод. Жарабцы былі розных народ, ад арабскага ці англійскага «панічоў» да дзябёлых ардэнаў, «шведаў» і краёвых цягачоў, якіх найбольш паважалі сталыя, нялёгкія на рызыку гаспадары. Калі ўжо той прыплод і не пройдзе ў высокія цэны, для войска, дык ці сабе, ці на продаж выгадуецца нешта надзейнае ў плузе ды ў возе. Князь князем, а яшчэ ж трымалі жарабцоў і багацейшыя сяляне, і слава пра таго ці іншага стаенніка ішла далёка;, руплівыя дзядзькі не ленаваліся весці кабылу кіламетраў за дзесяць, пятнаццаць, а то і больш, з начлегам у той вёсцы.
Я гатоў папрасіць прабачэння ў журботнай памяці мноства бядняцкіх або нядбальскіх коней ды каняжын — заезджаных, недакормленых, абхвастаных вузлаватымі пугамі, абабітых па сухарэбрыцы, па кантовым крыжы кіямі, клышаногіх ад заўчаснай працы, з дыхавіцай, з макрацом, напаўсляпых і сляпых пакутніц ды пакутнікаў, але... Але і спраўных, дагледжаных коней было тады шмат. І не толькі ў маёнтках, маёнтачках і ў багацейшых сялян. Каторы і небагаты гаспадар, а кабылу сваю так «пяленгуе», што аж равок у яе на спіне, і пугай над ёю ні разу не лясне, а толькі ўсё ласкай ды памаленьку.
Я быў падлеткам, а наш Васіль добра ўжо браўся на гаспадара. Маці яшчэ толькі сеяць яму не давала, святую гэтую работу з урачыстай важнасцю робячы сама. Я ж быў у гаспадарцы яшчэ ўсё «на падхопе», больш каля дому, маме памагаў, і толькі як вазілі гной, у касавіцу, на жніве, на бульбе і мяне выводзілі ў поле. Тады ўжо і я авалодваў канём па-сталаму, амаль як паўнапраўны гаспадар,— ва ўсякім выпадку, так мне, падлетку, здавалася.
У нас тады быў не які-небудзь конь, а гладкая, быстрая кабыліца.
І ў сувязі з ёю помняцца два выпадкі.
Завёз я ў поле воз гною і вяртаўся праз суседаў двор, насупраць нашага. І не сядзеў, як трэба, на возе, адклаўшы адну, збітую з дошак, восланку сухім, знешнім бокам наверх, спусціўшы босыя ногі паміж пярэднім і заднім левымі коламі. Я фанабэрыста кленчыў ззаду, нават пасвістваў весела і не заўважыў, што ніжняя восланка пад маімі каленьмі на ямках пасоўваецца наперад і вось-вось дастане кабыле па задніх нагах. Так і сталася, калі я з нашага поля, праз лагчыну-выбоіну загуменнай дарогі сігануў возам на суседава прыгуменне. Кабыла ўпудзілася. Такое тады здаралася часта — коні пудзіліся найбольш ад вельмі рэдкіх аўтамашын па гасцінцы, дый так сабе ад якога страху, і гэта было так цікава, так страшна для нас, вясковых дзяцей. Я быў ужо не дзіця, я намагаўся стрымаць яе лейцамі, упяўшыся назад, ад чаго тая ніжняя восланка яшчэ больш даставала кабыле да ног. Мы ляцелі па прыгуменні, па агародняй дарозе і па дварэ так шалена, што я не паспеў і спалохацца. Убачыў толькі, як сусед, бравы дзядзька Раман, то махаў перад сабою нейкай ламачынай, то кінуўся да варот, паспеў зачыніць адну палавіну, а сам махнуўся ўбок, да сцяны. Кабыла шухнула ў вузкую, палавінную пройму варот, прарвалася з перадком, зад воза зачапіўся правым колам за шула, адарваўся і паляцеў налева, а я — направа. Потырч упаў на цвёрды дол ужо не гразкай вуліцы і — першы раз у жыцці — як быццам самлеў.