Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Параска паявілася, калі большая стрэлка мінула трэцюю лічбу. Яна ішла хутка, здалёк было відаць — узрушаная, неспакойная. Ускочыла на ганак, убегла ў пакой, нецярпліва развязала хустку, кудлатая: валасы ва ўсе бакі, апусцілася на табурэтку. Расшпіліла паліто.
— Званка не было? — запытала, але такім тонам — нібы пра нешта неабавязковае.
— Не.
Тады ўжо яна павяла позіркам на сцяну і, убачыўшы гадзіннік, не здзівілася. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Пахваліла ўсмешкай: добра зрабіла, скеміла!
Ганна падміргнула ёй: можаш не сумнявацца, не схіблю. Абедзве зарагаталі, радыя адна адною. Ад гэтага рогату Параска быццам ажыла, з раптоўнай жвавасцю ўскочыла з табурэткі, кінула хустку на ложак, павесіла паліто. Рашуча, імкліва рушыла на кухню, стала шумліва плюхацца над тазікам. Выцершыся, падбегла да люстэрка на стале, узялася хутка прычэсвацца — зашчаміла ў чарнату валасоў вялікі, з рудаватымі жылкамі грэбень.
— Давай званок, — загадала яна, абцягваючы, убіраючы ў спадніцу ніз кофтачкі.
Яна не стала снедаць. Ледзь выпіла паўшклянкі малака, ухапіла вялікі школьны журнал, кніжкі, сшыткі, знікла за дзвярыма.
Ёй было, відаць, не да заняткаў: пакуль ішоў урок, яна некалькі разоў пакідала клас, вярталася ў свой пакой, неспакойна бадзялася па ім, паглядвала ў бок вуліцы. Неспакой яе не прайшоў і калі пачалася пераменка і калідоры напоўніў гул і гоман дзяцей, і калі ў прыціхлых класах пачаўся другі ўрок.
Недзе ў сярэдзіне другога ўрока прыйшоў хлопец у чорнай паддзёўцы, у ботах. Пакуль ён абмятаў венікам боты, Параска выйшла на ганак. Разам з ім вярнулася ў пакой.
Хлопца Ганна ведала: ён ужо не раз быў у Параскі. Глінішчанскі актывіст, камсамолец, Барыс Казачэнка. Глінішчанскі Міканор, жартам называла яго ў думках Ганна.
Глінішчанскі Міканор толькі хмурна паздароваўся і ўжо не заўважаў Ганну. Павярнуўшы даўгаваты, з гарбінкаю твар да Параскі, глядзеў трывожна і стомлена. Нібы чакаў парады ці дапамогі. Параска маўчала, знарок не глядзела на яго. Ці то вінаваціла яго, што такі бездапаможны, ці то вінаватай адчувала сябе. Што не можа ні памагчы, ні парадзіць.
— Трудна цяпер, канешне… — прамовіла раздумліва і, мусіць, працягваючы гаворку, пачатую на ганку. — Калі дайшло да гэтага…
— Слухаць нічога не хочуць. Хоць ты кол на галаве чашы! А некаторыя — дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку… І ўсё — мацюкі ды мацюкі… — Ён гаварыў з прысвістам: замест «чашы» ў яго выходзіла — «цясі», «мацюкі» падобны былі на нейкія «масюкі». — Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, штоб каторая не кінулася з кіпцюрамі!..
Яму было, відаць, няёмка прызнавацца Парасцы ў сваёй няздольнасці пераконваць. Ён нібы трохі і падсмейваўся з сябе.
— Трудна, канешне… — зноў адгукнулася Параска. — І ўсё ж нельга апускаць рукі. І кіпцюроў жаночых баяцца! — раптам пакпіла з яго. Узяла сваю ролю.
— Ды я і не баюсь. У мяне шкура тоўстая. Толку от ніякага! — павесялеў Барыс.
— Нам цяпер так: ці пан, ці прапаў! Выбіраць няма чаго!
Параска пастаяла момант, разважаючы, тады раптам рашуча загадала:
— Пастой тут.
Цвёрдым крокам падалася ў клас. Амаль адразу ж там пачуліся радасны гоман, ляскат парт, шоргат і стукат ног у калідоры. Дзеці, як чарада, што выпушчана з загарадкі, з галасам вывалілі на ганак.
Параска кінула на стол журнал, кніжкі, сшыткі, зняла з цвіка паліто. Хутка завязала хустку, скамандавала Барысу:
— Хадзем!
Барыс рушыў за ёй.
Зноў убачыла Ганна Параску пад вечар. Параска ішла не адна. За ёй, акрамя Барыса, кіравалі з вуліцы да школы Дубадзел, Гайліс, Чарнаштан. Дубадзел, у кароткай паддзёўцы, у галіфэ, з ваеннай сумкай цераз плячо, рэзаў побач Параскі — наперадзе, лёгка і нібы весела. Гайліс крочыў у зашпіленым шынялі, вецер ірваў полы шыняля і, было відаць, замінаў ісці. Але Гайліс не зважаў на вецер, ішоў роўна, цярпліва. Барыс ступаў каля Гайліса. Ганна не дала яму ніякай увагі. Яна адзначыла: Чарнаштан дыбаў ззаду ўсіх, уткнуўшыся позіркам кудысьці ў зямлю, вінавата прыгорблены…
Ганна намерылася была падацца на кухню: умомант згадалася агідная сустрэча з Дубадзелам, але агіда гэта і боязь адразу ж і стрымалі яе. Яна знарок узяла на кухні вядро і пайшла насустрач: не хапала толькі, каб яна ўцякала ад яго. Паглядзім яшчэ, як ён сустрэне!
Калі выйшла з калідора, яны якраз уздымаліся на ганак. Ганна весела, як бы знянацку сустрэўшы, прывіталася, кінула востры позірк на Дубадзела. Той важна паправіў сумку, глянуў, быццам на незнаёмую. Яна знарок строга загадала:
— Дайце дарогу.
Дубадзел саступіў ёй, прапусціў.
Калі яна вярнулася, яшчэ з калідора пачула: гаманілі ў класе. Не пайшлі ў Парасчын пакой. Можа, таму, што не хацелі несці гразь, а мо таму, што гаворка сакрэтная. Заўважыла: дзверы ў клас зачынены. І гавораць не надта голасна.
Сакрэтная, няхай — сакрэтная. Цікава, канешне, што там яны мяркуюць, але калі ім так трэба зачыняцца — няхай зачыняюцца. У яе галава поўна сваімі «сакрэтамі». Не да іх сакрэтаў. Праходзячы і раз, і другі калідорам, яна мімаволі чула за дзвярыма то спакойны гоман, то нібы спрэчку, але не прыслухоўвалася. Не мела такой звычкі. Не магла прыніжаць сябе. Адзначала адно: за дзвярыма сцямнела, яны сядзелі ўпоцемку, не адразу запалілі лямпу. Мабыць, нялёгка было.
Калі яны разыходзіліся, Дубадзел раптам заявіўся на кухню. Убачыўшы яе, важна патрэбаваў вады. Яна падала карэц. Дубадзел зачэрпнуў з вядра. Да таго як піць, пацікавіўся:
— Як жывеш?
— Анігадкі.
Ён выпіў карэц, выцер бараду. Важка ўпяўся позіркам.
— Не ўзялася за розум?
— А чаго? У мяне яго заўсёды было даволі…
Ён паставіў карэц на стол. Заявіў стрымана і з пагрозай:
— Не з тым гуляешся!
Цвёрда застукаў ботамі ў калідоры.
Параска правяла ўсіх на ганак, пастаяла. Зайшла ў клас, патушыла лямпу, вярнуўшыся на кухню, накінулася на яду.
— Згаладалася я! — нагнала на сябе весялосць.
— Дзіва! Цэлыя паўшклянкі выпіла ўранку!
— Дзень такі! Падумаць не было калі!.. Пападзе нам, Ганначка, за гэты дзень! І Гайлісу, і Чарнаштану, і мне за кампанію!
— А ты пры чым?
— Пры тым. Пры ўсім.
Ганна чакала, што яна раскажа пра дзённыя прыгоды, пра трывогі свае, але Парасцы сёння было не да гаворак. Ужо калі лажыліся спаць, Ганна не вытрывала, нібы жартам, пацікавілася:
— Пра што ето сакрэтнічалі так доўго?
— Ат, пра ўсякае. — Яна, белая ў сарочцы, з распушчанымі валасамі, прыкруціла лямпу, дзьмухнула ў шкло. Упоцемку дадала клопатна: — Галоўны сакрэт: заўтра будзе сход.
2
І ў гэты дзень многа дзяцей не прыйшло. Заняткі пачаліся ў час, але Параска, было відаць, падалася ў клас без ахвоты. За гадзіну яна зноў раз і другі выходзіла з класа — нібы не магла дачакацца канца ўрока.
Амаль адразу пасля таго як адзвінеў званок з пераменкі і ў класах прыціхла, у калідоры затупалі боты. Крокі адразу спыніліся: чуваць было, што з класа выйшла Параска. Яна з кімсьці ўзрадавана прывіталася, разам з ім ступіла ў свой пакой.
Калі Ганна зайшла ў пакой, госць, не распранаючыся, у паддзёўцы, сядзеў на табурэце. Адно зняў каракулевую, стаўбуном, шапку, пакручваў у руках. Блішчэў шырокаю, ледзь прыкрытаю рэдкімі бялявымі валаскамі лысінаю. Ганна пазнала госця: Парасчын дзядзька з Юравіч, Іван Анісімавіч. Ветліва прывіталася.
Апейка ўстаў, падаў ёй руку. Запытаўся, як жывецца.
— Жывецца. Грэх жалувацца.
— Назад не думаеш уцякаць? — Іван Анісімавіч усміхнуўся добрай, прыязнай усмешкай.
— Назад мяне вяроўкай не зацягнуць.
— Ого, значыць — цвёрда.
— Цвёрда.
Ён ужо не толькі з усмешкай, і з пашанай паглядзеў на яе. Тады зірнуў да Параскі, мусіць, вярнуўся да перарванай гаворкі:
— Нічога не скажаш — нарабілі клопату… — У голасе яго былі нездавальненне і папрок, але лагодныя, паблажлівыя.
— Ой, не кажыце… — Параска не таіла шкадавання.