Завеi, снежань
Завеi, снежань читать книгу онлайн
«Завеі, снежань» — трэці раман з «Палескай хронікі» Івана Мележа. Пра «Палескую хроніку» I. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. I як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Ён выйшаў, і неўзабаве стары пачуў, як у суседняй палавіне рыпнуў ложак.
Увечары Яўхім прыйшоў зноў. Калі сёрбалі боршч, у хату ўваліўся Пракоп Лясун, буркнуў: «Добры вечар у хату», падзякаваўшы, як заведзена, на абавязковае запрашэнне за стол, глыбай апусціўся на канапу. Павячэраўшы, Яўхім не захапаўся, як звычайна; абапершыся аб вушак, задуменна задыміў цыгаркаю. Быццам толькі што перарвалі дзённую гаворку, сказаў старому:
— Жыць, тато, усе адно не дадуць…
Стары таксама лагодна і павучальна запярэчыў:
— Дадуць не дадуць, а дзяржацца трэба.
— А як я не магу! Харакцер у мяне гарачы, знаеце ж!
— Харакцер дзяржаць трэба! Не распускаць.
— А як не ўмею я!
Стары, спасцярожліва паглядваючы на Лесуна, стрымана і цвёрда заявіў:
— Трэба ўмець! Цяперашнім светам усяму трэба навучыцца!
— А я от не ўмею!
— Трэба ўмець!
Яўхім не адказаў. Дыміў цыгаркаю, думаў пра нешта. Дакурыў, кінуў пад ногі, расцёр апоркам, моцна, злосна. Тады загаварыў гарачкавата, як пра набалелае:
— Робіш на некаго! Як парабак!.. Робіш, а ён — жаба — прыйдзе ды вычысціць пад мятлу! Як бы ето не тваё, а яго! Камандуе ўсякае, а ты слова не скажы!.. Ей-бо. — З лютай шчырасцю, з той раптоўнай, няўтрымнай адвагай, якой заўсёды апасаўся стары, прадказаў: — Не ручаюся: стукну я калі-небудзь етаго Дамецікаваго! Стукну так, што свінячае папрэ з яго! Ей-бо! Рукі даўно чэшуцца!
Стары кінуў позірк на Пракопа, недавольна папракнуў:
— Пляцеш усякае!.. Чалавек падумае: і праўда…
— Праўда, тато! — не хацеў нічога разумець Яўхім. — Стукну! Цярпення ўжэ няма!
— Не балбачы! Здурнеў саўсім!
Яўхім быццам і не чуў старога.
— Толькі от вас ды матку шкода, дак і дзяржуся. А так — даўно б!
— Здурнеў саўсім! — закруціў Глушак галавой, пазіраючы дружбацкі на Лесуна, як бы просячы не браць сур'ёзна.
Пракоп слухаў Яўхіма панура, усхвалявана.
Яўхім неспадзеўкі весела варухнуў плячыма, закінуў рукі за галаву.
— Адзін выхад: з'ехаць куды-небудзь! Покуль суд ды справа!
Глушак зірнуў на Яўхіма: не жартуе.
— От пабуду шчэ трохі, — з вясёлай адвагай сказаў Яўхім, — ды плюну на ўсё! Шчасце, што ні жонкі, ні галапузых — ніхто не ўчэпіцца! Вазьму світу на плечы — ды ў белы свет! Куды душа павядзе! У свеце мест добрых нямала! Буць таго не можа, штоб і мне не знайшлося!..
— Ждуць там цябе! — недавольна, з трывогай папракнуў стары.
— Знайдзецца место. Цяпер усюды такое будаўніцтво! Абы рукі!
У старым узнялася раўнівая злосць. Сярдзіта, з крыўдай засіпеў:
— А тут — бацько няхай адзін! Бацько няхай адзін мучыцца! Даждаўшыся добрых сыноў!..
— Не канешне і вам аставацца!
— Не канешне?! — абурыўся стары. — Не канешне?! А дабро на каго?! Чорту лысаму пад хвост?.. Ці мо Міканорку Дамецікаваму? За ласку ўсю яго?
Стары так кіпеў, што Яўхім не стаў спрачацца. Пасядзеўшы трохі з нейкімі сваімі думкамі, скруціў зноў папяросу, прыкурыў ад вугальчыка, які выкаціў з печы. Дыміў, затоена, упарта мружыў вочы.
— От, даждаў помачы, — ужо спакайней паскардзіўся Лесуну стары. Нібы прасіў спачування.
Лясун прамаўчаў. Глушак бачыў: пад навіссю панурых броваў бляск вачэй трывожны, зацяты.
Калі Лясун глыбай устаў, сабраўся ісці, Глушак падаўся ўслед. У сенцах стары прытрымаў госця, ціха, асцярожліва папрасіў:
— Не помні, Пракопко, што мы тут плялі… Ён усё ето так — абы язык пачасаць!
— Яўхім праўду казаў, — прагрымеў Лясун. Глушак улавіў у голасе адчай і рашучасць.
— Ат, — запярэчыў на ўсякі выпадак. — І ты тое ж… Не пляці, Пракопко!..
Вярнуўшыся ў хату, зіркнуў на Яўхіма, што ўсё дыміў, узлёгшы на вушак. Упікнуў ад душы:
— Плявузгаеш перад чужымі абы-што!
Яўхім варухнуўся, перастаў дыміць.
— Тато, надаело мне! Надаело мне цярпець! Калі на горло становяцца!
Ён сказаў так набалела і так нецярпліва, што старога ўзяў раптам жаль да яго. Ён трывожна павёў вачыма на акно, ці не чуе хто-небудзь. Вунь як набалела: ледзь не крычыць! Як малому, стрымана і лагодна параіў:
— Трэба цярпець! Не канешне знаць кажнаму, што думаеш!..
Яўхім нецярпліва варухнуў плячыма: ёсць пра што клапаціцца! Устаў на ўвесь рост, сумотна павёў позіркам — быццам не ведаў, куды падацца.
— Скруцяць скора саўсім! — прамовіў жорстка, без жалю.
Словы гэтыя кальнулі Глушака ў самае балючае. Але не паказаў кволасці і не папракнуў сына, што не шкадуе вярэдзіць бацькаву збалелую душу. Не да таго было.
— Скруцяць не скруцяць, — сказаў, як мог, спакойна, разважна, — а няма чаго самому шукаць гібелі! Лезці самому ў пятлю!.. — Хоць не быў упэўнены, для сынавай карысці, з жыццёвай мудрасцю дадаў: — Як галава будзе на плячах, не канешне скруцяць!.. — Не даў запярэчыць, параіў сваё: — Ждаць трэба! Не пара цяпер! Сіла ў іх!
— Даждаліся! — нядобра, як бы вінавацячы кагосьці, адазваўся Яўхім.
— Була пара, — згадзіўся стары. — Була — ды сплыла. Дак і астаецца адно — ждаць. Е ж Бог, буць не можа — пачуе, літасцівы, малітву нашу. Прышле падмогу няшчасным, прышле!
— Аге, надзейцеся на яе!
— Не смейся! — загадаў строга стары. — Прыйдзе ён, прыйдзе! Пабачыш, усе пабачаць! Прыйдзе пара!
— Доўго, тато, ждаць прыйдзецца!
Стары быццам не заўважыў насмешлівага Яўхімавага шкадавання, ведаючы, што за кожным словам сочаць там, на небе, сказаў горача:
— Сколькі ні прыйдзецца, дажджэмся! Буць не можа, штоб не даждаліся! Е Бог на небе!
— Эх, тато!..
— Дажджэмся!
Яўхім сказаў «дабранач», ляніва пацягнуўся ў сенцы, дадому.
Дома ён доўга не спаў. Варочаючыся бяссонна на ложку, думаў. Думак было багата, самых розных. Асабліва ўціналася, вярэдзіла адна — куды падацца? У ёй бачыўся яму шчаслівы ратунак, адзіны ратунак з усяго, што так заблытала яго жыццё. Кінуць усё. Адразу. Не шкадуючы нічога. І махнуць хоць куды. Паспрабаваць яшчэ раз. Жыць тут усё роўна не дадуць…
У тую ноч ён быў гатоў «махнуць». У тую ноч гэта здавалася самым простым і надзейным. І хто ведае, як склаўся б яго лёс, каб «махнуў» ён тады. Можа, інакш, зусім інакш пайшла б яго дарога.
Але не «махнуў» ён. Не так проста было «махнуць»…
Раздзел трэці
1
Праз свае трывогі і клопаты Ганна, як пра далёкае і неабавязковае, чула, чым жыве сяло. Яе мала хвалявалі размовы, якія раз-пораз ішлі ад розных людзей: што ў калектыве — нелады, што ледзь не ўсе, хто ўступіў, — недавольны і што калектыў — ледзь ліпіць і з дня на дзень можа скончыцца.
Без якога-небудзь узрушэння ўзяла яна і чутку, што калектыў такі скончыўся. Спакойна, са звычайнай цікаўнасцю слухала яна неспакойны гоман на вуліцы, глядзела, як ехалі порстка адна, другая фурманкі, накладзеныя розным прыладдзем, — з гаманлівым натоўпам, што рушыў побач.
Як больш блізкае, што неяк датычыла і яе, адзначыла, што там, у натоўпе, з дарослымі — дзеці, што ў школу ідуць сёння толькі нямногія і нядружна. Двор у гэты ранак не віраваў дзіцячымі постацямі і не звінеў бесклапотнымі галасамі, у класах і ў калідоры было нібы прасторней, чым у іншыя дні. Дзеці збіраліся купкамі, дзяліліся навінамі, штосьці меркавалі, твары ў большасці былі ўзрушаныя і не па-дзіцячы заклапочаныя. Заклапочанасць гэта, аднак, была не панурая: у вачах малых больш паблісквала цікаўнасці, так і відаць было — іх хвалюе асабліва сама навіна, яе новыя праявы.
Небагата было ў калідоры і ў класах і тады, калі падышоў час пачынаць заняткі. Ганна з неспакоем паглядзела на гадзіннік над Парасчыным сталом: большая стрэлка набліжалася да самага верху, да лічбы «12», — хутка трэба было даваць званок, а Параскі не было дома.
Параска прападала недзе на сяле. Пабегла яшчэ давідна і не паказвалася.
Стрэлка дабралася да «12» і пачала сыходзіць уніз, Ганне трэба было даваць званок, але яна не брала яго. Яна то корпалася на кухні, то спакойна выходзіла ў калідор, і выгляду не падаючы, што нешта здарылася. Каб трэба было, яна і не такое зрабіла б для сваёй Параскі. Не такую дробязь. Толькі ў пакоі яна неспакойна паглядвала ў акно: Параскі ўсё не было відаць.