-->

Подых навальнiцы

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Подых навальнiцы, Мележ Иван-- . Жанр: Советская классическая проза. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Подых навальнiцы
Название: Подых навальнiцы
Дата добавления: 15 январь 2020
Количество просмотров: 393
Читать онлайн

Подых навальнiцы читать книгу онлайн

Подых навальнiцы - читать бесплатно онлайн , автор Мележ Иван

Раман «Подых навальніцы» — другая частка «Палескай хронікі», якая прынесла Івану Мележу шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Пра «Палескую хроніку» І. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. І як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 121 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Тут падышоў да яе Яўхім. Потны, абгарэлы на сонцы, пастаяў трохі, хацеў супакоіць:

— Ну, хваціць ужэ! Будуць шчэ дзеці, не зломкі ж самі! Не старыя!.. — Думаў, так хутчэй пераб’е плач, пазваў: — Хадзем! Дабро прападае!..

Ганна раптам ускінулася, вочы — лютыя, гараць. Як пракляла:

— Няхай яно згарыць, ето ваша дабро!

Раздзел трэці

1

Гора, якое было Ганне такім вялікім, багата каго з куранёўцаў не вельмі засмуціла.

Нямала хто падзею гэту зусім не палічыў за вартую нейкай увагі: ёсць бедаваць пра што — памерла малое, бы якое дзіва, бы рэдка ідуць яны на той свет! Якраз жа ў гэту пару найбольш i косіць ва ўсіх старая ведзьма людскі прыбытак! Кaлi хто i адгукнуўся на Ганніна гора, то амаль адны жанкі; але i яны жалкавалі не вельмі, ледзь не кожная зазначала са сталым жыццёвым спакоем: не суджана, значыцца, на раду ўжо так напісана. Доля ўжо такая…

Вялікі павяліцель — клопат пра гаспадарку, які вымеў у адзін дзень Курані, выгнаў усіх на сенажаць, — сам па сабе не даваў бедаваць пра нечае гора, гнаў з душы, як непатрэбшчыну, усё пабочнае. З чужых гэтую вестку блізка да сэрца ўзялі, можа, толькі Васіль ды Хадоська. У абаіх Ганніна бяда адгукнулася незвычайна, складанай супярэчлівасцю пачуццяў. Няпроста было цяпер усё ў абаіх з Ганнаю. У шчырае Васілёва шкадаванне пра Ганніна няшчасце ўвесь час улазілі ўспаміны пра карчоўскія крыўды…

Хадосьцы вестку пра Ганніна гора прынёс брат Іванка: яны з бацькам касілі ўжо; седзячы каля воза, чакаючы шчаўя, якое налівала матка ў місу, сказаў Іванка спакойна, без здзіўлення ці спачування — проста паведаміў, што ёсць такая навіна. Хадоська ад неспадзеўкі аж дыхаць не стала, стаілася: не толькі таму, што навіна была такая, а больш таму, што яна кранула чулае, балючае ў душы.

З нейкай, ужо звычайнай пры такой гаворцы, пільнасцю чакала, што зробяць, што скажуць бацька i матка. Матка адно ўздыхнула, з папрокам зірнула на Іванку: чула, мабыць, ужо ад некага; бацька ж строга буркнуў:

— Еж.

Іванка i бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком, моўчкі пашаргалі лапцямі да кос; Хадоська памагла матцы: з міскай, з лыжкамі схадзіла да лужынкі пры кустах, перамыла, выцерла ўсё. Накрыўшы памытае ручніком ад усякай балотнай нечысці, Хадоська ўзяла граблі. Ветрык хадзіў яшчэ ранішні, свежы, але чуўся ўжо i подых недалёкай гарачыні. Хоць i нямоцна, пякло шыю i рукі; трава вяла, i кусты i стажкі наводдаль пачыналі брацца смугою, дрыжаць. Сонца зіхцела па ўсёй шырыні балота, калі Хадоська ўзяла рупіцца побач з маткаю — пераварочваць, варушыць яшчэ не падсохлае сена; ад сонца гэтага, ад ранішняй дужасці ў руках, ад звыкласці клопату забылася, сышла з душы прыкрасць, супярэчлівая няёмкасць, якую дала Іванава вестка. Не думала ні аб чым, варушыла толькі граблямі, поўнілася толькі ціхім клопатам працы, сонечнай цеплынёй, ранішняй свежасцю. Праўда, вочы як бы самі сабой беглі то туды, дзе за кучарамі лазы былі ўсе дні Ганна, Карчы, то к дарозе, што паўз лес ішла к сялу. Яшчэ здалёк заўважыла калёсы, пазнала Іанну, Яўхіма, старую Глушачыху; калі наблізіліся, бачыла: Ганна прыпала амаль да калень, трымала малую на руках, як жывую. Вялікае гора было відно нават у тым, як яна курчылася над малой, нават зводцалек.

Хадоська вострым позіркам бачыла ўсё, усё разумела, але як бы нічога не адчувала; хоць бы на міг паявілася спачуванне ў яе зеленаватых, халодных, як ільдзінкі, вачах. Стаяла, не варухнуўшыся, прыціскаючы востры канец грабільна да грудзей, хвіліну, другую не зводзіла вачэй i чула ў сабе непарушны спакой. Быў спакой, хоць там сядзела Ганна, хоць побач груганом горбіўся той, хто даў ёй, Хадосьцы, столькі гора, хто, можна сказаць, скалечыў ёй усё жыццё. Хадоська глядзела спакойна, можа, упершыню за гэтыя гады так спакойна: Бог пакараў ix! Заступіўся за яе: пакараў за усе!

Прасачыла, як калёсы схаваліся ў лесе, i — заварушыла звыкла граблямі. Рабіла ўсё так, бы i не было блізка гора. Бачанае, праўда, трохі яшчэ жыло ў памяці, але не вяло ў душу жалю.

Не думалася. Чула толькі Бога; поўнілася яго праўдаю, яго сілаю.

Хутка i зусім забыла ўсё, чула адно ў руках цёплае грабільна. Бы i не было нічога, акрамя грабель, акрамя шаматкога сена, спрыту, дужасці ў руках.

Зацятая, шчырая Хадоська ў працы: не стане, каб i пот сцерці з твару, загарэлага да чырвані, як бы распаленага спекай; толькі вочы, памутнелыя ад утомы, з белымі, выгаралымі ад сонца вейкамі прыжмурыць, калі пот наплыве, нецяргіліва махне рукою. Праўда, каса часам развяжацца, закоўзаецца па плячах, па спіне — тады прыпыніцца, хуценька прывяжа, накрые хусткай — ды зноў за граблі. Валасы, што бялюткімі кудзеркамі выбіваюцца з-пад хусткі ля шыі, пацямнелі, мокрыя, аж вада цячэ з ix; цячэ вада па гарачай шыі, па твары з крапінкамі-канаплянкамі, салоніць губы, але Хадоська ганяе i ганяе граблі. Калі-нікалі яшчэ похапкам вытра асмяглыя, пачарнелыя ў куточках губы: страшэнна сушыць смага. Як мара, успамінаецца біклажка пад возам. Толькі Хадоська не бяжыць да яе, трывае. Умее трываць Хадоська!

Харошая яна сабою стала, красуня-канапляначка! Невялічкая, "акуратная", як казаў Хоня, яна яшчэ пакруглела, здаецца, уся налілася дужасцю. Дужая стала яе шыя, дужыя паўнаватыя рукі i пругкія ногі, поўныя грудзі напіналі высока палатняную кофтачку. І хадзіла, i стаяла Хадоська прама — заўсёды i ў паставе, i ў рухах яе чуліся пругкасць i дужасць, хараство не абы-як здаровай дзяўчыны ў самай пары спеласці. І яшчэ чулася ў Хадосьцы нязнаная калісыді годнасць, строгасць: строгія былі вочы, строгія губы, што, здавалася, не маглі смяяцца. Харошая была Хадоська асабліва цяпер, у заўзятасці працы, з пацямнелымі, як бы хмарнымі, вачыма, з гарачымі губамі, з гарачым подыхам; у тым, як яна рабіла, бачылася, колькі ў ёй i дужасці, i маладога агню. Прыгожая яна была сярод куп сена i лазняку, сярод зіхотнай, залітай сонцам сенажаці. Толькі не было каму любавацца ёю, усе, нават Хоня, жылі сваім клопатам, рабілі; адна маці раз-пораз паглядвала, але не так з любаваннем, як ужо са звыклым жалем за немаведама чаму няўдалы дзявочы лёс яе. Тут, на балоце, матчына жаласць часта была не толькі пра Хадосьчын лёс: шкадавала маці — няхай бы перадыхнула трохі! Шкадавала, але не гаварыла Хадосьцы: ведала, што тая ўсё роўна не паслухаецца!

Нарэшце, дзякуй Богу, уткнула граблі ў купіну. Падалася да воза, набгом п’е з біклагі. Паставіла біклагу зноў у ямку пад возам; магла б сесці, пасядзець хоць трохі. Дык не ж — зразу ж рупліва прастуе да грабель. Ідучы, касу перавязвае, выцірае твар…

Увесь дзень, да позняга вечара, да цемры, шчыравала Хадоська: зграбала сена, зносіла з Іванкам копы, з бацькам, з маткаю, з Іванкам складвала стог. Нарабілася так, што ішла цёмным балотам к свайму агеньчыку як не сваімі нагамі. Усё цела было як не сваё. Ледзь сагнула спіну, каб памыцца з лужы каля куста. Але яшчэ ўзялася памагаць матцы падаць вячэру, зноў памыла потым посуд, лыжкі.

Павалілася спаць, не чуючы нічога. Думала, засне зараз жа; санлівая дрымотнасць i праўда агарнула ўмомант, ухапілася звыкла закалыхваць. Але не закалыхала зразу, сон не ўзяў; невядома адкуль у зморанай санлівасці паявілася, затрывожыла незразумелая, але — чула яна — нядобрая клопатнасць. Потым — як бы неспакойны вецер прайшоў; чамусьці заныла ў грудзях. Стала чагосьці жалліва, чагосьці стала браць горнасць. Бы ў балотны след чорная тарфяная вада, палезлі ў душу нядобрыя, раптам неяк асабліва ясныя, пякучыя ўспаміны. Як стаяла над процьмай глінішчанскага возера, як кружылася галава, як аб’язджаў беражок; як ішла да знахаркі, як сядзела, чакала, як ішла ад яе; нібы нанава вярнулася чорная, халодная, страшная ноч; нанава, з большай, неадступнай сілаю, вярнуліся, узялі адчай, страх, боль, сорам. Згадала, нібы толькі ўчора выйшла з яе, баковачку ў юравіцкай бальніцы; умомант як бы нанава вярнуліся тыя нямілыя сцены, той нямілы ложак, той брыдкі бальнічны пах, усё, з чым было тады нямілае, нясцерпнае жыццё. Нібы нанава вярнуўся шалёны вецер, гарачы снег той ночы, калі хацела кончыць усё; беспрытульнасць таго няласкавага дня, калі ехала дадому; нібы нанава пачула, як забрахалі раптам Карчовы сабакі, калі сані паўзлі вуліцаю.

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 121 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название