Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)
Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке) читать книгу онлайн
У маладыя гады iшоў я неяк з дзяўчынай па Вялiкай Мiкiцкай вулiцы. Непадалёк ад кансерваторыi была антыкварная крама. Мы спынiлiся ля вiтрыны, бо абмiнуць яе было нельга: не вiтрына, а сапраўдная выстаўка старадаўнiх рэчаў розных эпох i народаў. Побач з кiтайскiмi бажкамi французская парцэляна, побач з брусельскiмi карункамi найдзiўнейшыя ядвабныя iндыйскiя тканiны. А яшчэ ж вырабы са срэбра, золата, дамаскай сталi... У цэнтры гэнае цiкавае i багатае вiтрыны стаяў адзiн сцiплы малюнак, якi ўсiм сваiм выглядам паўтараў спрадвечную iсцiну: марната марнаты i ўсялякая марната... На гэным малюнку мастак намаляваў асеннi сад, а на пярэднiм плане - клумбу кветак, злева частку тэрасы дома. Кветкi на клумбе адцвiталi, абсыпалi на дол пялёсткi. На некаторых кветках пялёсткi яшчэ зiхацелi ў сонечным праменнi, на iншых iх не засталося зусiм. Перад клумбаю стаяла двое людзей у гадах - Ён i Яна. На Iм шынель без пагонаў, на Ёй старамоднае, на погляд сучаснiкаў, палiто. На галаве - капялюшык з вуалеткай. Яны, так адчувалася, маўчалi, але гэтае маўчанне было такое красамоўнае! Памаўчалi i мы. Першы загаварыў я...
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Падыходжу я да "дагаварной хаты", у якую павiнны прымаць на начлег. Стукаю ў акно.
- Хто там?
- Начаваць да вас!
- Заўтра ў мяне свята, я мыю падлогу, нiкога не пушчаю.
- А дзе ж мне начаваць?
- Дзе хочаш! Бывай здароў!
Калi не хочуць размаўляць у той хаце, гаспадынi якой плацiлi грошы, дык што ж мне маглi сказаць у суседнiх!
I надумаў я iсцi ўсю ноч да свайго жытла. Прыблiзна на сярэдзiне вёскi якраз паварот на тайгу. Падыходжу я да гэтага павароту i бачу каля яго хату. Хата вялiкая, тыпова сiбiрская, але нейкая дужа заняпалая. На ёй не тое каб страхi, але i крокваў нават няма. А так i комiн стаiць, i вокны зашклёныя. Дай, думаю, яшчэ раз паспрабую. Стукаю ў акенца. Жаночы голас пытаецца:
- Што вам трэба?
Я тлумачу. Жанчына адказвае:
- У мяне дужа бедная хата. Iдзiце куды ў лепшую.
Зноў тлумачу:
- Я шукаю не багацця, а дзе б мне ноч перасядзець. Гэта ж мароз - градусаў сорак...
- Заходзьце, калi ласка! Толькi не крыўдуйце...
Адчынiла яна дзверы. Зайшоў. Якая б хата нi была, а пасля такога марозу рай! Мiж iншым, у хаце чыста, падлога аж зiхацiць, нашоркана венiкам з пясочкам.
Павiтаўся я. Распрануўся ды пытаюся:
- Цi няма ў вас трохi гатаванай вады, хоць кубачак.
Яна адказвае, што ў печы - поўны чыгун. Хочаш пi, хочаш мыйся.
Я такi папарыў свае ногi, пасля налiў кубачак вады, дастаў з рукзака буханку хлеба i чую, што мяне нiбыта голкамi нешта коле. Узнiмаю вочы ўгору, а там, на палатках, дзецi гэтай гаспадынi, чацвёра. Ведаючы, як у iх кепска справа з харчаваннем, я запытаўся:
- А цi няма ў вас яшчэ кубачкаў?
Гаспадыня мая здзiвiлася:
- А што вы з iмi будзеце рабiць? Кубачкi ёсць, зразумела.
Паставiла яна яшчэ пяць кубачкаў. Налiў я ў iх гарачай вады, парэзаў на шэсць кавалкаў сваю буханку хлеба i на кожную лусту паклаў падушачак.
- Справа ў тым, дарагая гаспадыня, што я чалавек сямейны. У нас заведзена так, каб усе садзiлiся за стол разам, а нiхто адзiн аднаму ў рот не заглядваў.
Яна пачала пярэчыць, што мне яшчэ дзень iсцi. Я адказаў, маўляў, мне лягчэй стане iсцi, калi на сэрцы будзе лёгка...
Пакуль мы з ёй размаўлялi, дзецi самi пазлазiлi, селi ля стала, i мы ўсе разам павячэралi.
Ранiцой, аддзякаваўшы ёй за начлег, пайшоў я ў свой апошнi перагон i ўжо цёмна-цёмна з'явiўся дадому...
I смех, i грэх...
Заўтра - Пятро, як дзяды нашы казалi. Нават i ў Сiбiры настала лета. Мы пазаносiлi на вышкi розныя накрыўкi, iмi накрывалi лехi гурковыя, таматы ды наогул усю гароднiну, якая не мае дружбы з замаразкамi. Але па старой звычцы кожны вечар, кладучыся спаць, я выходзiў на ганак i глядзеў, колькi градусаў на надворным тармометры.
Пайшоў i ў той вечар, адзiнаццатага лiпеня. На тэрмометры было два з паловай градусы цяпла. Калi я сказаў пра гэта жонцы, яна не паверыла i дала раду:
- Пасвяцi электрычным лiхтарыкам, трэба ведаць вельмi дакладна.
Пры электрычным святле - усё роўна два з паловай градусы. У маленстве я чытаў апавяданне аднаго фiнскага пiсьменнiка, як стары, сiвы i ў дадатак сляпы дзядуля выйшаў ранiцай на панадворак, памацаў рукой зямлю i пасля гэтага закрычаў у роспачы: "Дзеткi, уставайце! Уся наша праца загiнула!". Каб пасля бяды не галасiць дарэмна, не мацаць ранiцай прымарожаную гароднiну, мая гаспадыня дала параду:
- Пастаў будзiльнiк на першую гадзiну ночы. Тады пабачым. Калi знiзiцца яшчэ, пойдзем накрываць.
Зрабiўшы так, я паскiдваў, на ўсякi выпадак, усе накрыўкi з вышак, сабраў у адно месца старыя газеты i пасля таго заснуў. Неўзабаве зазванiў гадзiннiк. Я да градуснiка: паўтара градуса марозу. Значыцца, перад свiтаннем будуць усе шэсць. Не бавячы часу, мы занялiся ратаваць сваю працу. У нас была яшчэ аўчарка, дык яна, паддаўшыся нашаму настрою, больш паловы накрывак перацягала ў гарод. Накрываць мы накрываем, а нашы суседзi спяць, нiчога не чуюць. Падбег я да аднаго акна, стукнуў:
- Мароз, накрывайце гароднiну.
Маладая гаспадыня выскачыла босая, аж гвалт закрычала:
- Зiмна! - Пабегла яна, абулася ды за працу.
Падышоў я да другое хаты, стукнуў таварышу, з якiм разам у майстэрнi адной працавалi:
- Пятро! Мароз! Мы гарод накрываем!
А ён мне адказвае:
- Сусед дарагi! Заўтра мае iмянiны, нiякiх маразоў не павiнна быць. А што вы накрываеце - накрывайце, у вар'яцкiм доме яшчэ весялейшыя фокусы бываюць...
Падзякаваў я за такi прыгожы камплiмент ды зноў на свой гарод. Панакрывалi мы ўсё, нават фасоль i тую газетамi пазасцiлалi. Апрача таго, поўныя бочкi, якiя для палiву стаялi, вадой дапоўнiў. Глянулi на градуснiк - шэсць градусаў марозу.
Ранiцай, як толькi сонейка ўзышло, паднялося, пайшлi мы ўсе накрыўкi скiдаць ды гароднiну вадой з палiвачак палiваць. У нас - не змерзла нiводнага калiва, а ў беднага iмянiннiка нават бульбоўнiк увесь счарнеў.
Днём у майстэрнi смеху было немаведама колькi. А гэты самы Пятро мне прэтэнзiю даў:
- Чаму вы мяне не ўгаварылi? Я тады, можа б, устаў i таксама пазакрываў сваю гароднiну.
Саратаўскi беларус
Прыехалi мы з жонкай у Беларусь. У адну маленькую вёсачку, дзе нiколi ў жыццi не былi, нiкога з людзей да таго не бачылi i не ведалi. Вёсачка дужа прыемная, прыгожая. Нават вулiца i тая асаблiвая, не падобная да iншых: зялёная, спарышнiкам уся зарасла, як зялёным дываном пакрыта. А з бакоў, апрача садоў i кветнiкаў, рабiнамi абсаджана. Ходзiм мы на возера купацца, ходзiм у лес грыбы збiраем, на памежках некаторыя лекавыя раслiны бяром ды сушым: святаяннiк, насенне трыпутнiку, мяту. Адначасна, калi бывае ў людзей вольны час, слухаем, як яны гавораць, якая ў iх сама вымова, якi лексiчны запас. Iдучы вулiчкай, да нас на лаўку перад домам садзяцца калi, хоць на кароткi час, суседзi, пытаюцца, расказваюць...
А насупраць дома нашай гаспадынi жыла адна вельмi слаўная сям'я. Мацi працавала на мясцовай пошце, бацька - рабочы. Дачушка старэйшая адвучылася ў восьмым, перайшла ў дзевяты клас. Мала таго, што прыгожая i разумная, але гэта была на дзiва для нас з жонкаю працавiтая дзяўчына. Яна адна даглядала ўсю хатнюю гаспадарку, гатавала есцi для ўсёй сям'i, рыхтавала пойла ды корм для жывёлы, прачкарыла, знаходзiла i час чытаць кнiгi. А школьныя адзнакi ў яе ўсе былi выдатныя. Гэтыя акалiчнасцi выклiкалi ў нас вялiкую сiмпатыю да гэтае сям'i i не меншую павагу. Калi аднойчы да нас падышоў пагаманiць крыху сам бацька, мы з вялiкiм задавальненнем паслухалi яго, падтрымалi размову з iм. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з лiтаратурным ухiлам. Вымова ў яго была чыстая, натуральная: казаў "дзякую", а не "д'зякую", як некаторыя ў горадзе, "сяджу", а не "сяд'жу".