Вова Цымерман (на белорусском языке)
Вова Цымерман (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
З кнiжкi пра Грышку Распуцiна я ўведаў, што сакратаром у яго служыў мазырскi габрэй Сiмановiч. Аднойчы генiяльны прыдворны чмут вырашыў падараваць паплечнiку залаты спод з надпiсам. Надпiс уласнаручна накрэмзаў гравёру на шматку паперы сам Распуцiн - "Лутшиму ис ивреив".
Каб у дзяцiнстве мне прапанавалi падараваць спод з гэткiм надпiсам камусьцi з маiх знаёмых габрэяў, я без ваганняў выбраў бы Вову Цымермана.
У школьныя гады мы хадзiлi як злыганыя. Разам гадавалi прывезенага мною з бабулiнай вёскi маладога зайца Колю i разам, пусцiўшы слязiну, хавалi ягоныя костачкi ў скрынцы з-пад абутку, калi гаротнiка Колю разарваў суседскi сабака Дунай. Разам латашылi чужыя сады, а ў сваiх садах, якiя трэслi суседскiя хлапчукi, пяклi ў прыску бульбу. Разам палохалi дзяўчынак акулярыстымi вужакамi, якiх лавiлi ў траўнi на прыгарадных азёрах i прыносiлi ў школу за пазухай.
Мая мацi кармiла нас дранiкамi, клёцкамi з душамi i старадаўняй полацкай стравай - халоднай варанаю бульбай з бруснiцавым сочывам. Мацi Вовы Цымермана, настаўнiца малодшых класаў Марыя Абрамаўна, частавала рыбай-фiш, фаршмакам i цымусам. Адзiнае, што з яе кухарства мне не падабалася - вiдаць, па генах, гэта маца.
Разам з Вовам мы першы раз пераплылi туды i назад Дзвiну i, узрушаныя здзейсненым, прысягнулi адзiн аднаму вусцiшнай сяброўскаю прысягай, якую напiсалi ў двух асобнiках на аркушах з вучнёўскага сшытка. Прысяга была па-мужчынску лапiдарная - "Дружба до гроба", подпiсы мы паставiлi крывёю, раскалупаўшы пальцы шпiлькаю, што замяняла мне гузiк на рукаве зялёнай запомнiлася ад урачыстасцi моманту - кашулi.
Ды цi мала чаго яшчэ перажылi мы з Вовам.
Нас не здолела развесцi нават iзраiльска-арабская вайна 1967 года, пасля якой багата полацкiх габрэяў узялiся хуценька мяняць iмёны ды прозвiшчы, ператвараючыся з Iзраiля ў Iллю, з Абрама ў Аляксандра, а з Макса Моўшавiча ў Марка Мiхайлавiча. Вову Цымермана зусiм не крыўдзiлi мае показкi накшталт той, чый герой слухае па дарозе дахаты па радыё, як габрэi наблiжаюцца да Каiра, а потым адчыняе дзверы, а яны ўжо там.
Нас - банальная гiсторыя! - развяла ў розныя бакi беларуская дзяўчынка Наталля Ўсвайская з майго былога дзесятага класа. Пад канец школы яна з непрыкметнага заморка з цыпкастымi нагамi-трысцiнкамi, што вучылася на чацвёркi i пяцёркi, неўпрыцям вырасла ў прыгажуню троечнiцу, вакол якое круцiлiся нават лётчыкi з задзвiнскага ляснога аэрадрома. Я прыглядаўся да Наталлi здалёк i, даючы ўначы волю лятункам, удзень рыхтаваўся да iспытаў у БДУ i марыў пра час, калi сустрэну Ўсвайскую, вярнуўшыся дахаты студэнтам.
Першы, каго я спаткаў, прыехаўшы з Менска, быў Вова Цымерман з Наталляю. На маё ганарлiвае паведамленне, што я ўжо студэнт, Вова паклаў даме майго сэрца руку на талiю (а праўдзiвей, крыху нiжэй) i, тэатральна закацiўшы вочы, прадэкламаваў найагiднейшыя з усiх вядомых мне дагэтуль паэтычных радкоў:
Натали моя, Натали,
Утоми мою плоть, утоли...
Перад Наталляй стаяў студэнт унiверсiтэта, а яна ўхвальна падхiхiквала нейкаму паршываму дзесяцiкласнiку. Я моўчкi павярнуўся i з нечалавечай самотаю ў душы пайшоў прэч, выкiроўваючыся на дарогу ведаў i зрабiўшы на сцежцы да яе кароткi прывал у бары "Пралеска", дзе ўпершыню ў жыццi выпiў алкагольны кактэйль "Луна".
Каханка маiх сноў наталяла Вову Цымермана нядоўга. На зiмовых вакацыях я са змрочным помслiвым задавальненнем даведаўся, што мой супернiк не вытрымаў канкурэнцыi з якiмсьцi задзвiнскiм лётчыкам, якi неўзабаве зрабiў Наталлi дзiця i ўвiшна перабазаваўся на iншы лясны аэрадром неабсяжнае краiны.
У душы зноў заварушылiся ачахлыя сяброўскiя пачуццi, аднак мы з Вовам ужо рухалiся па розных траекторыях, i цяпер я сачыў за iм адно здаля.
Звесткi, што дасягалi мяне, толькi пацвярджалi маю выснову: сябар дзяцiнства быў нетыповым носьбiтам нацыянальнага характару свайго народа.
Гэта выяўлялася, скажам, у тым, што Вова Цымерман займаўся не шахматамi, як большасць ягоных схiльных да спорту адзiнакроўцаў, а вольнай барацьбой i меў па ёй разрад.
Пасля школы ён не палез у iнстытут, а пайшоў у тэхнiкум цераз дарогу ад дому i потым працаваў на аўтарамонтным заводзе з розным жалеззем.
Вова мог няквола выпiць, у тым лiку i за свой кошт.
У адрозненне ад шмат каго з супляменнiкаў Вова пайшоў служыць у савецкую армiю. Праўда, там ён не скакаў з парашутам i не будаваў БАМа, а граў у аркестры на ўдарных, але дружная армейская сям'я ўсё адно хутка падрыхтавала Цымерману нялёгкае выпрабаванне. Двое дзембялёў паклiкалi Вову з рэпетыцыi на паважную размову за казарму. "Слушай, жидяра пархатый, - сказаў, паказаўшы на боты, першы дзембель, родам аднекуль з-пад Растова, - будешь по утрянке вылизывать нам до блеска говнодавы". Другi, больш вытанчаны i адукаваны, бо гадаваўся ў "колыбели революции", iнтэлiгентна дадаў: "В противном случае, сударь, сыграем на ваших гениталиях шестую симфонию Шостаковича". Пасля гэтага Вова паказаў сваiм суразмоўцам пару барцоўскiх штукаў, i да самага развiтання з роднай вайсковаю часткай тыя дзембелi публiчна звярталiся да яго выключна так, як i было загадана, - "господин Циммерман".
Яшчэ Вова быў буйны спецыялiст па жанчынах. Да чутак дадалося i адно маё ўласнае назiранне. Працуючы пасля ўнiверсiтэта ў гарадской газеце, я атрымаў заданне напiсаць рэпартаж, як гараджане дапамагаюць вёсцы. Дабраўшыся з фотакарам пад вечар у калгас, мы заспелi ўсiх памагатых на кiнасеансе ў клубе. Пасля кожнае часткi кiншчык пакутлiва доўга мяняў бабiну i ў залi запальвалi святло. У адным з гэтых перапынкаў я ўгледзеў наперадзе буйную стрыжаную галаву i крутыя плечы Вовы Цымермана, якi абдымаў нейкую маладзiцу. Праз некалькi хвiлiнаў пракураная i запляваная семкамi заля пачула сцiшаны, але выразны Цымерманаў басок: "Слушай, Зинка, надоело. Пойдем лучше пое...ся". "Цiха ты!" - цыкнула Зiнка, i дзве постацi рушылi да дзвярэй.
З сумам мушу зазначыць, што тады я бачыў Вову астатнi раз. Неўзабаве ён паспрабаваў уладкавацца на наваполацкае прадпрыемства пад кодаваю назваю "Измеритель", аднак першы аддзел завярнуў яму дакументы. "Не прошел по шнобелю", - вясёла тлумачыў Вова знаёмым. Але ў душы пакрыўдзiўся i зазбiраўся ў Iзраiль...