Буранны паwстанак (на белорусском языке)
Буранны паwстанак (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Мiж тым розныя думкi наведвалi Едыгея на шляху на Ана-Бейiт. Паглядаючы, як сонца падымалася над гарызонтам, адмяраючы бег часу, успамiнаў ён усё пра тое ж, пра жыццё-быццё мiнулае. Успамiнаў тыя днi, калi яны з Казангапам былi маладымi i дужымi i, калi на тое, галоўнымi пастаяннымi рабочымi на раз'ездзе, iншыя не вельмi затрымлiвалiся на Баранлы-Буранным, як прыходзiлi, так i знiкалi. Iм з Казангапам часу не было перадыхнуць, таму што, хочаш не хочаш, даводзiлася, нi на што не зважаючы, рабiць на раз'ездзе ўсё, што было неабходна. Цяпер услых успамiнаць аб гэтым няёмка - маладыя смяюцца: старыя дурнi, жыццё сваё губiлi. А дзеля чаго? Так, сапраўды, дзеля чаго? Значыць, было дзеля чаго.
Аднойчы пры заносах двое сутак бiлiся не пакладаючы рук, чысцiлi пуцi ад снегу. На ноч паравоз падвялi з фарамi, каб асвятляць мясцовасць. А снег усё iдзе i вецер круцiць. З аднаго боку чысцiш, а з другога ўжо гурбу намяло. I холадна - не тое слова: твар, рукi папухлi. Залезеш у паравоз на пяць хвiлiн пагрэцца - i зноў за гэту гiблую саразекскую работу. I сам паравоз жа замяло ўжо вышэй колаў. Трое з прыехаўшых рабочых яшчэ да ночы збеглi. Ганiлi саразекскае жыццё на чым свет стаiць. Мы, кажуць, не арыштанты, у турмах i то даюць час выспацца. З тым i падалiся, а ранiцай, калi пайшлi цягнiкi, свiснулi на развiтанне:
- Эй, дураломы, хрэн вам у зубы!
Але не таму, што гэтыя залётныя малайцы аблаялi iх, а так здарылася, пабiлiся яны на тым заносе з Казангапам. Так, было гэта. Ноччу стала невыносна. Снег сыпаўся, вецер, як злы сабака, чапляўся. Няма куды падзецца ад ветру. Паравоз пару пускае, а ад гэтага толькi туман. I фары ледзь-ледзь цьму прасвечваюць. Калi тыя трое пайшлi, яны з Казангапам засталiся вывозiць снег вярблюджай валакушай. Пара вярблюдаў была запрэжана. Не iдуць, стварэннi, iм таксама холадна i мутарна ад гэтай крутаверцi. Снег на ўзбочынах па грудзi. Казангап цягнуў вярблюдаў за губы, каб яны iшлi за iм, а Едыгей на валакушы паганяў ззаду пугай. Так бiлiся яны да поўначы. А вярблюды потым упалi ў снег, хоць забi, зусiм выбiлiся з сiлы. Што рабiць? Давядзецца кiнуць усё, пакуль непагадзь сунiмецца. Стаялi яны каля паравоза, засланiўшыся ад ветру.
- Хопiць, Казаке, палезем у паравоз, а там паглядзiм, як надвор'е, прамовiў Едыгей, стукаючы адна аб другую зледзянелымi рукавiцамi.
- Надвор'е якое было, такое i будзе. А ўсё роўна наша работа - расчышчаць пуцi. Давай рыдлямi, не маем права стаяць.
- Ды што мы, не людзi?
- Нелюдзi - ваўкi ды рознае звяр'ё - па норах зараз пахавалiся.
- Ах ты гадзiна! - уз'юшыўся Едыгей. - Ды табе хоць здохнi, i ты сам тут здохнеш! - I сунуў яму кулаком у твар.
Ну i схапiлiся яны, паразбiвалi губы адзiн аднаму. Добра яшчэ, што выскачыў з паравоза качагар i ў час разбаранiў.
Вось такi ён быў, Казангап. Цяпер такiх не знойдзеш. Няма такiх Казангапаў. Апошняга вязуць хаваць. Засталося - засыпаць зямлёю, развiтацца i на тым амiн!
Думаючы пра гэта, Буранны Едыгей паўтараў сам сабе паўзабытыя малiтвы, каб выверыць словы па парадку, узнавiць дакладней у памяцi паслядоўнасць думак, звернутых да бога, бо толькi ён адзiн, невядомы i нябачны, мог прымiрыць у свядомасцi чалавечай непрымiрымасць пачатку i канца, жыцця i смерцi. Для таго, напэўна, i складалiся малiтвы. Да бога не дакрычышся, не спытаеш яго, для чаго, маўляў, ты так зрабiў, каб нараджацца i памiраць. Так i жыве чалавек з таго часу, як свет стаiць, - не згаджаючыся, прымiраецца. I малiтвы гэтыя нязменныя з тых дзён, i гаворыцца ў iх усё пра тое ж - каб дарэмна не наракаў, каб суцешыўся чалавек. Але словы гэтыя, выспеленыя тысячагоддзямi, нiбы злiткi золата, самародкi, апошнiя з апошнiх слоў, якiя павiнен сказаць жывы над мёртвым. Такi абрад.
I думалася яму яшчэ пра тое, што незалежна ад таго, ёсць бог на свеце цi яго няма, але ўспамiнае чалавек пра яго звычайна, калi добра прыцiсне, хоць i нядобра так рабiць. Таму, напэўна, i сказана - няверучы не ўспомнiць пра бога, пакуль галава не забалiць. Так яно цi не так, але малiтвы ўсё-такi знаць трэба.
Гледзячы на сваiх маладых спадарожнiкаў на трактарах, Буранны Едыгей шчыра бедаваў i шкадаваў - нiхто з iх не ведаў нiякiх малiтваў. Як жа яны будуць хаваць адзiн аднаго? Якiмi словамi, што ахоплiваюць пачатак i канец быцця, завершаць яны адыход чалавека ў небыццё? "Бывай, таварыш, будзем памятаць!" Цi яшчэ якое глупства?
Неяк раз давялося яму прысутнiчаць на пахаваннi ў абласным горадзе. Здзiвiўся Буранны Едыгей - на могiлках, нiбы на сходзе якiм: перад нябожчыкам у труне выступалi па паперцы прамоўцы i гаварылi ўсё адно i тое ж - кiм ён працаваў, на якiх пасадах i як працаваў, каму служыў i як служыў, а потым зайграла музыка i магiлу завалiлi кветкамi. I нi адзiн з iх не здагадаўся сказаць нешта пра смерць, як сказана гэта ў малiтвах, што вянчаюць пазнанне людзей спрадвечнай той паслядоўнасцю быцця i небыцця, - нiбы хто да гэтага не памiраў на свеце i пасля таго нiбы нiхто не павiнен быў памерцi. Няшчасныя, яны былi бессмяротнымi! Так i заявiлi насуперак таму, што ўсе бачылi: "Ён пайшоў у бессмяротнасць!"
Едыгей добра ведаў мясцовасць. Да таго ж з вышынi Бураннага Каранара, яму, седаку, усё было вiдаць далёка ўперадзе. Ён сачыў, каб шлях па саразеках на Ана-Бейiт быў як мага больш прамым, адхiляючыся хiба толькi для таго, каб трактарам лепш было мiнуць калдобiны.
I ўсё iшло, як было задумана. Нi хутка, нi марудна. Яны ўжо пераадолелi трэць шляху... Буранны Каранар нястомна рысiў тротам, чуйна ловячы пажаданнi гаспадара. За iм следам тарахцеў трактар з прычэпам, i за прычэпам iшоў калёсны экскаватар "Беларусь". I ўсё ж уперадзе iх сустракалi нечаканасцi, якiя, як бы неверагодна гэта нi здавалася, мелi нейкую ўнутраную сувязь з тым, што адбывалася на касмадроме Сары-Азек...
Авiяносец "Канвенцыя" знаходзiўся ў гэты час на сваiм месцы, у тым жа раёне Цiхага акiяна, паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi ад Уладзiвастока i Сан-Францыска.
Надвор'е на акiяне не змянiлася. Першую палову дня ўсё гэтак жа асляпляльна ззяла сонца над бясконцым мiльгатлiвым трымценнем вады. Нiшто на гарызонце не прадвяшчала якiх-небудзь атмасферных змен.
На самiм жа авiяносцы ўсе службы знаходзiлiся ў напружаннi - у поўнай рабочай гатоўнасцi, уключаючы авiякрыло i групу ўнутранай бяспекi, хоць нiякiх канкрэтных прычын для гэтага навокал не было. Прычыны былi за межамi Галактыкi.