Рэквiем па нясьвiскiм сале (на белорусском языке)
Рэквiем па нясьвiскiм сале (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
З аднаго кабiнэта ў другi вы пераяжджаеце па вулiцы iмя Касманаўтаў, i табе згадваецца, як гадоў пяць таму ў Воршы сакратар гаркаму партыi самых разумных i сумленных, пачуўшы прапанову назваць аршанскую вулiцу Касманаўтаў, дзе пiсалася "Дзiкае паляваньне караля Стаха", iмем Караткевiча, абурана адрэзаў, што гэта "идеологически неверно". На просьбу ўдакладнiць, хто з касманаўтаў нарадзiўся цi жыў у Воршы, сакратар дасьцiпна зазначыў: "Они здесь пролетали". Назвы вулiц Берасьця сьведчаць, што над iм праляталi Пушкiн з Гогалем, Будзённы з цэлым эскадронам бальшавiцкiх башыбузукаў, а таксама Ленiн з самiм камунiзмам.
Няблага вывучыўшы гарадзкую тапанiмiку "западных ворот советской страны", вы вяртаецеся на шашу i - о, сьвятая наiўнасьць! - спрабуеце заняць у чарзе ранейшае месца. Яшчэ на далёкiх подступах з аўтобуса зь вiцебскiм нумарам высыпаюцца, як блашчыцы з матраца, дзясяткi два разьятраных жанок i iхнiх няголеных спадарожнiкаў.
Ваш аўтобус сутаргава плiшчыцца наперад. Хмурныя няголеныя мужчыны зь Вiцебшчыны дакляруюць вам размалацiць каменьнем вокны. Жанчыны дзейнiчаюць больш радыкальна. З крыкам: "Проедете по нашим трупам!" яны кладуцца пад колы на мокры ад iмжачкi асфальт.
Ты выбiраеш сярод ляжачых прыгожую маладзiцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмянiць паставу. Ты цярплiва даводзiш ёй, што брудны асфальт ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе ймя й тэлефон i, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзii, кажаш пра духмяныя стагi, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.
Маладзiца зь вiцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, i раптам ейны гожы твар перасмыквае, i яна зь нянавiсьцю верашчыць:
- Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!
Гэта гучыць, як прысуд.
Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валiзу зь "Белай Русьсю" й цешчыным салам, спыняеш спадарожны "масквiч", расштурхоўваеш на вакзале колькi падазроных асобаў "кавказской национальности" каля адзiнай адчыненай касы, купляеш квiт у цягнiк, што йдзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазiш упершыню ў жыцьцi ў мяккi й абсалютна пусты мiжнародны вагон i праз чатыры гадзiны ўжо падыходзiш да свае хрушчобы ў Серабранцы.
Як казаў, прыяжджаючы з-за сьвету ў сваю Нарвэгiю Фрыцьяф Нансэн, "вяртаньне - прыз кожнага падарожжа".
Твой прыз чакае цябе каля дому ў аблiччы суседкi, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесiў "фашистские флаги". Ты бачыш, што адзiн павесiлi на гаўбцы твае сыны, другi - археоляг зь лiтаратурным крытыкам з трэцяга пад'езду.
Толькi тут ты ўспамiнаеш, што заўтра - 25 сакавiка.
"Дожились", - кажа суседка й зьбiраецца йсьцi скардзiцца на фашыстаў народнаму дэпутату П.В.Садоўскаму. Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве й даеш арыенцiр - яшчэ адзiн крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелiсься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньнiка ўчынiў хтосьцi зь мясцовых фашыстаў, прыставiўшы знадворку драбiны.
- Иди, иди... Позьняк оброслый, - падазрона гаворыць суседка. - Сам, может, и лазил.
Апоўначы ты бярэш сынаву дудку й выдзiмаеш на ёй "Саўку ды Грышку". У тую ж хвiлю на вежы Мар'яцкага касьцёла падносiць да вуснаў трубу кракаўскi гейналiсты.
Вашыя мэлёдыi зьлiваюцца ў рэквiем па "Белай Русi" й бел-чырвона-белым нясьвiскiм сале.
Сакавiк, 1992 г.
