Гусi
Гусi читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Якуб Колас
Гусi
Гэта была чарада звычайных свойскiх гусей. А калi i зачалася аб iх гутарка, дык толькi таму, што яны мелi адно незвычайнае жаданне, якога не было ў iншых свойскiх гусей. Можа, яно i было, але не так выразна выяўлялася.
Тая рака, што цякла тут, была па справядлiвасцi царыцаю рэк. Такога мноства вады, такой сiлы яе iмкнення, такiх глыбiнь i страшных цёмных вiраў, дзе кiпела, бурлiла, дрыжала i ўздымалася шырокiмi клубкамi вада, не мела нi адна рака.
I самыя берагi гэтай ракi былi такiя прыгожыя, такiя разнастайныя, што ад iх трудна было адвесцi вочы. Высокiя адвечныя горы нацiскалi то з аднаго, то з другога берага, раскрываючы свае рознакаляровыя схiлы, i адбiвалiся ў блiскучым люстры. Шырокiя лугi таксама падыходзiлi да ракi, рассцiлаючы пышныя дываны, сатканыя сонцам з самых тонкiх траў i з самых прыгожых красак.
А лес! Не налюбавацца гэтым лесам! Высокi, густы, сакавiты, поўны радасцi, смеючыся тысячамi смехаў, якi блукаў i на яго камлях, i на яго галiнах, i на кожным лiсцiку, стаяў ён воддаль, побач з ракою, расступаючыся перад ёю, як перад красуняю, i пачцiва звешваў над ёю жывую зялёную павець. I была ў гэтага лесу нейкая мара, поўная хараства, нейкая патайная думка, поўная чараў, i нейкае невыразнае чаканне чагось вельмi важнага i значнага. Гэтае жаданне, здавалася, выявiўшыся, магло змянiць зусiм увесь лад гэтага жыцця.
Але не адвечнымi гарамi, прыкрытымi тонкаю намёткаю сiняватага туману, не пышнымi дыванамi зялёных лугоў i не чароўным лесам, што цёмнымi зграбнымi дужкамi, бы чорныя дзявочыя бровы, бег ад рэчкi кудысь да небасхiлу, - не гэтым цiкавiлася гусiная чарада, не ў гэтым было iмкненне, якое запаўняла гусiную iстоту. Далёка на рэчцы быў зялёны прыемны астравок: туды хацелi дайсцi гусi, туды ляцела iх душа, там былi iх думкi, жаданнi.
Але пакрыўдзiла прырода гусей: не дала лёгкiх i здольных крылляў, каб перанесцiся праз тыя парогi, што стаялi на дарозе i якiх не маглi пераступiць iх няўклюдныя ногi.
Востраў з трох бакоў быў абгароджаны такiмi густымi пераплеценымi лозамi, што праз iх нельга было гусям працiснуць дзябёлае цела.
I часта чарада гусей, спатыкаючыся з другiмi гусямi, заводзiла гутаркi пра той павабны востраў i пра тыя дарогi, iдучы па якiх можна было б дасягнуць яго.
I казалi другiя гусi, што нiяк не дабрацца iм да гэтага вострава, бо трэба ўзляцець у паветра або плысцi па вадзе. Бяда была ў тым, што гэтыя гусi лятаць не майстры, а плаваць хоць i ўмелi, але супраць вады на такой быстрынi, як тут, усё роўна да вострава не даплывуць.
- А што рабiць? - пыталi першыя гусi.
- Трэба выбраць час, - адказвалi другiя.
Першыя гусi не згаджалiся, i доўгая спрэчка iшла мiж iмi.
- Вы пачакайце, - казалi другiя гусi, - за нас будуць рабiць, нам будуць дапамагаць iншыя сiлы на зямлi: чалавек, вецер i дождж. Чалавек працярэбiць сцежкi праз лозы, вецер павыдзiмае зрывiстыя схiлы гор, дождж iх размые, i рэчка таксама нам будзе дапамагаць. Размыўшы берагi, яна пакоцiцца спакайней, а дождж прамые глыбокi жолаб у гарах: тады i можна будзе дайсцi да рэчкi, тады можна будзе плысцi i супраць вады.
- Вы - кепскiя гусi, бо не маеце тых вялiкiх жаданняў, якiя дадаюць сiлы нам. Вы залiшне заплылi салам, i вам наогул страшна ўсякая барацьба, усякае змаганне. Вы - мяшчанскiя гусi. Нам дорага толькi ўсплыць на рэчку, але мы знойдзем да яе дарогу.
- Знойдзеце! Знойдзеце! - прашумеў вецер.
I нагнаў вецер на неба калматыя велiзарныя клубкi цёмных хмар, узброiла iх сонца маланкамi i громамi, i густа звiслi яны над зямлёю. I патокi дажджу рынулiся нанiз. Прайшла навальнiца. Раўла i гудзела вада, разрываючы зямлю, i пралажыла яна дарогу да рэчкi.
Кiнулiся гусi на гэтую дарогу, радасным крыкам вiтаюць яны гняўлiвую рэчку. Выплылi гусi на сярэдзiну. Павабны астравок вось-вось перад iмi. З сярэдзiны рэчкi ён выглядае яшчэ прыемней, яшчэ павабней.
I сiла, незвычайная сiла з'явiлася ў смелых гусей. Як спружыны, ходзяць чырвоныя iх лапы, як вастрагруды човен, рэжа iх цела ваду. А востраў так горне, так прыцягае iх жаданнi! I нiчога не гавораць мiж сабою гусi, адно ў iх iмкненне - даплысцi да вострава. Але далёка-далёка яшчэ гэты востраў.
Плывуць гусi, упiраюцца лапамi ў ваду.
- Глядзiце! Цi не здаецца вам, гусi, што востраў нiбы стаў далей ад нас? спытала адна гусь.
- Маўчы! - сказаў гусак, што вёў усю чараду. - Без змагання i няўдач нiчога не даецца на свеце.
Трывога i сумненне закралiся ў гусiныя сэрцы, i пачулi гусi, што сiлы бракуе iм i што не ўперад плывуць яны, а назад.
Загергаталi гусi прарэзлiвымi галасамi.
- Няма ў нас сiлы адолець раку.
- Глядзiце, глядзiце! Востраў усё далей ад нас.
З сярэдзiны рэчкi падалiся гусi на бераг, каля берага яны шукаюць дарог. А там падхапiлi iх вiры. I не могуць гусi даплысцi, дасягнуць жаданай мэты i на бераг не могуць узысцi.
Думалi гусi, што справа iх прапала. Але змаганне загартавала iх сiлы. Акрэплi iх крыллi, i лёгкiм стала iх цела. Махнулi крыллямi гусi, срэбраныя пырскi над рэчкай узвiлiся, i паляцелi смелыя гусi на той жаданы, на той недасяжны востраў.