Я з вогненнай вёскi...
Я з вогненнай вёскi... читать книгу онлайн
Тых, чые ўспаміны сабраны ў гэтай кнізе, даўно няма. Няма ўжо і тых, хто збіраў гэтыя ўспаміны, вандруючы ад вёскі да вёскі, па крупінках збіраючы чалавечую памяць, успаміны, перажыванні, сведчанні. Тры сябра, тры пісьменніка, тры партызана, Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Янка Брыль. Яны таксама ўжо адыйшлі ў вечнасць. “Я з вогненнай вёскі…” — дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям’ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — выжылі. Як у прадмове напісалі самі аўтары, у кнігу ўвайшлі ўспаміны толькі тых, якія самі перажылі жудасны лёс сваіх аднавяскоўцаў. На шляху збіральнікаў чалавечай памяці шмат было і такіх вёсак, дзе не ацалеў ніхто. На старонках гэтай кнігі сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта — у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся на старонках гэтай кнігі, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб распавесці тое, пра што ведаць — страшна, а забыцца — небяспечна.
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
На ганку стаіць хлопчык — Васілёў сын, таксама акуратны, дагледжаны, упэўнены ў сабе падлетак. Ён усміхаецца і не адводзіць позірку, калі адзін з нас хоча яго фатаграфаваць.
«Калі ласка, здымайце, — гаворыць нам яго ўсмешлівы твар, — здымайце, я падабаюся не вам адным, незнаёмыя людзі, ну, што тут благога. Так быць павінна».
Калі мы, у калгаснай кузні, папрасілі Мікалая Каю адарвацца на хвіліну ад кавадла, на якім ён наклёпваў накладкі на тармазныя калодкі для трактара, адарвацца і пайсці на нейкі час з намі, ён, Мікалай Антонавіч, дабрадушна ўсміхнуўся і паслухаўся. Што ж, запішыце, калі гэта трэба.
Хтосьці з яго сяброў па рабоце пацікавіўся:
— Куды ты?
I каваль адказаў са сваёй прастадушнай усмешкай:
— На павышэнне!..
Збышын
Мясцовыя людзі, на магілёўскі лад, гавораць Збушын, а не Збышын, як завецца гэтая вёска афіцыйна. Вялікая вёска, свабодна раскіданая па лагодных узгорках дзесяткамі рэдкіх домікаў у садах.
Чэрвеньскі поўдзень, сонечны, але з выразнымі намёкамі на блізкі пералётны дождж. На зялёнай паляне ўзвышаецца некалькі старых ліп. На сонцы і ў густым цянёчку шуміць шматфарбны святочны натоўп. Самадзейны духавы аркестр час ад часу старанна выдзімае полькі, кракавякі, вальсы. Але танцаў няма… Прадаюцца напіткі, марожанае, кнігі. Малыя бегаюць з каляровымі шарамі на нітачках, шары і лётаюць і лопаюцца — на звонкую, шчабятлівую радасць. Старыя людзі то ідуць яшчэ ад хат, спакваля паспяваючы на свята, а то ўжо сустракаюцца з суседзямі, аднавяскоўцамі і з бліжэйшых вёсак, з прыезджымі землякамі — з раённага Кіраўска, з Бабруйска і, як тут гаворыцца, з Мугулёва. Няхай сабе — цяперашнім светам адусюль недалёка, а ўсё ж сустрэчы блізкіх бываюць не вельмі частыя. Усё спяшаемся, браток, кудысьці ўсё бяжым… Моладзь — як моладзь — паводзіць сябе або трохі бяздумна, або проста весела, то ходзячы групкамі, то стоячы, аднак жа і стрымана. I танцаў няма, і песень не чуваць, і кракавякі гучаць недарэчна…
Што ж, каб не помнік на ўскраіне паляны, на лёгкім узгорачку каля агародаў, ды каб не ведалі людзі, штб іх сабрала, можна было б лічыць, што весялосці тут малавата. А некаторыя нават і плачуць…
Сёння трыццатыя ўгодкі таго жахлівага дня, калі ўвесь Збышын быў расстраляны і спалены. Сённяшнія дзеці і моладзь — гэта падсада, якая ўзнялася на крывавых папялішчах ад таго, што трохі збышынцаў, цяпер ужо і ў сіле веку, і старых, вярнуліся з партызанскіх атрадаў, з франтоў, з няволі, з эвакуацыі. А яшчэ менш людзей, вельмі і вельмі нямнога, цудам уратавалася ад фашысцкіх карнікаў.
Тут, у натоўпе, нам іх, па адным, па два, паказваюць — людзей з таго свету, з-за той мяжы, што 21 чэрвеня 1942 года пралегла агнём і крывёю паміж былым і сённяшнім мірным жыццём.
Мы просім гэтых людзей, то аднаго, то другога, пайсці з намі ў далейшую хату, дзе не чуваць будзе свята, і расказаць пра тое, што было. Яны ідуць ахвотна, можа, і таму яшчэ, што тут, у натоўпе, іх не бярэ, не супакойвае сённяшні сонечны дзень, а хочацца, больш чым калі, гаварыць пра мінулае.
Недалёка ад паляны, дзе стрымана гамоніць святочны натоўп, над Збышынам, на абгарэлай ліпе, узвышаецца буслянка. Бусляняты яшчэ не лятаюць — яны бялеюцца на гняздзе, і іх далёка і здалёк відно.
Відно іх і праз акно той хаты, дзе на стале, які засланы белым абрусам і застаўлены кветкамі, ціхенька шуміць наш руплівы магнітафон, перад якім самавіта сядзіць Соф'я Піменаўна Скірманд, поўная і спакойная сямідзесяцігадовая бабуля.
«…Людзей, значыць, гналі ў хату — у маю. Я раньша за іх увайшла ў хату сваю, першая. Двое дзяцей са мной было, хлопчыку тры гады, дзевачцы восем месяцаў было. Я ўвайшла ў хату — бачу, што плоха. Я ўдарыла ў акно — яно вылецела. Я дзяцей высадзіла за акно.
Пытанне: — А яны яшчэ не акружылі хату?
— Яны ж яшчэ гоняць толькі. Бачу, што ўжо людзей гоняць. Куды гоняць? Я яшчэ не знаю, куды гоняць. Дзяцей кінула ў акно і сама адпаўзлася вот так, як да дзвярэй…
Я ляжу, двое дзяцей са мной. Гляджу і туды, і туды. А Збушын гарыць. I людзі ў маёй хаце… Што ж гэта людзей не чуць, а стрэлы ў маёй хаце? Ага! — яны людзей б'юць…
А я ўжо прызямлілася, і мне нічаго не слышна. Ляжала, ляжала — прылятае самалёт. Гэты самалёт пачаў нада мной кружыцца. «Ну, цяпер уб'ёць мяне!..» Гляджу на яго з-пад пальі.
Ну, калі самалёт гэты праляцеў, прыляцелі буслы. Во тут, відзіце… Гнёзды ж гараць іхнія. Дзеці гараць! Яны так: зах-зах-зах!.. Нада мной лятаюць. Можа, яны не нада мной, а мне здаецца, што нада мной… Гэтыя дзеці… Згарэла гняздо іх, дзе і цяпер буслянка, толькі было бліжэй…»
Тут мы міжвольна глядзім у акно — на сімвал мірнай дамавітасці, які нерухома бялеецца яшчэ нясмелымі буслянятамі на высокім гняздзе — над зелянінай яблынь, вішань, бяроз.
«…Ну, гэтыя буслы паляцелі, — расказвае далей бабуля, — прылятаюць вораны. Чорныя-чорныя!.. «Ну, — думаю, — гэта мяне есці будуць!..» Абратна — уніз-уверх, уніз-уверх! Ляталі, ляталі і гэтыя паляцелі.
Праязджае на кані той, каторы дабіваў. Відзіць, што чалавек жывы, — дабівае. Я вочы прыадкрыла і ціхонька гляджу на яго… А дзеці мае не варушацца, спяць. Заснулі.
Можа, шагоў дзесяць не даехаў, павярнуўся і паехаў…
Я ляжала да самага вечара. Вечарам дзеўка стала плакаць, маленькая, восем месяцаў. Я гавару: «На, дачушачка, грудзь…» Зашумелі машыны і пайшлі. Я думаю: «Падыму галаву». Так сяйчас жа машыны сталі. Бачу: яны з машын убачылі, што ў жыце дзеці схаваліся: матка з бацькам і чацвёра дзяцей. Спыніліся і пабілі. Там другі чалавек падняўся глядзець — яны і таго забілі. Даехалі да таго і забілі.
А я ляжу.
Стрэлы перасталі. Дзеці плакаць пачалі. Я паднялася і пайшла ў лес…»
Мікалай Хадасевіч, цяпер мужчына ў самай сталасці, тады трынаццацігадовы хлапчук, які бачыў фашызм так зблізку, — свежым, чыстым позіркам дзіцяці, якое ўжо многае разумела амаль па-сталаму.
«…Спынілі мяне на вуліцы: «Ідзі на сабранне!»
Ну, я і пайшоў. Прышоў, тут мужчыны былі ўжо сагнаны ўсе. Ну, і за мяне і — сюды. Потым пагналі нас па вуліцы. Там быў сарай, вярней — гумно. Гналі немцы і паліцэйскія. Тут чорт іх паймеш: форма нямецкая, і ў рускай, у гражданскай.
Ну, потым стрэлілі ў страху з трасіруючых куль. Страха загарэлася.
Пытанне: — А што людзі паміж сабой?
— Нічога не гаварылі. Тут быў у нас адзін, Навуменка Андрэй, яго тожа спалілі, дык ён, відзіце, па-нямецку добра панімаў. Ён і гаворыць: «Будуць нас паліць». Чуў, як яны па радзіве… Сядзіць адзін з навушнікамі і гаворыць. Дык ён і чуў, той Навуменка, і гаворыць: «Шчас нас пагоняць у тое гумно і паліць будуць».
Калі загналі — зразу запалілі. Ну, кой-хто жыўцом выскачылі. Былі бакавыя вароты, іх, значыць, абвалілі, ну, і сталі выскакваць. Ну, а я, — там было дзе зярно сушыць, называлася ёўня, — я папаў туды і сядзеў, пака ўжо шапка на галаве не загарэлася. А брат мой раней выскачыў. Ён устае выскакваць, а мне крычыць: «Лажысь!» Я каля яго і лёг. Яго забіла, а мяне раніла, метраў восем, не больш, ад хлява. Ну, потым гэта я і ляжаў. Стрэл быў сільны: не разабраць — дождж ці страляюць. Крык, шум!.. Стаў стрэл аціхаць. Пайшла праверка. Вот яны, калі падышлі паўторна ка мне, я ніцма ляжаў. Яны, значыць, ствалом пад правую броў паднялі мяне. Вот так, як на рукі на выцянутыя. Штота па-нямецку гэркнулі, пусцілі. Падумалі, што я ўбіт.
Ну, а што вот так раненыя крычалі, дык тых яны дабівалі.
У. часоў дзевяць яны паехалі. А ранілі мяне, значыць, у час дня. Я падняўся — сонца ўжо заходзіла. Я пайшоў па вуліцы, да свайго дома пайшоў. На вуліцы забітыя, у дамах — хто пагарэлі; дома ў мяне таксама нікога. Сцямнела. Ногі мне стала падцягваць, раненыя, кроўю сышоў.
Пытанне: — Дык дзверы, кажаце, мужчыны выламалі?
— Ага, як толькі гумно запалілі, значыць, і выламалі…
I адзін яшчэ мужчына быў. Дзевачка ў яго была гады два. Яна вот так ручкамі як узялася за шыю, наперадзе, так ён яе і вынес. Яна і цяпер жывая…»