Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке)
Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке) читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
З адчаем ён зноў сеў на зямлю. Яго становiшча здавалася яму безвыходным.
Ужо зусiм сцямнела, прыйшла маўклiвая, чорная ноч. Вальтэр Шнафс не варушыўся i толькi ўздрыгваў пры кожным невыразным, незразумелым гуку, што даносiўся да яго з цемры. Тупаценне труса каля сваёй нары ледзь не прымусiла яго кiнуцца наўцёкi. Кугаканне савы кроiла яму сэрца, працiнала душу раптоўным жахам, аддавалася болем ва ўсiм целе, бы незагоеная рана. Ён з усяе моцы таропiў вочы, намагаючыся нешта ўбачыць у змроку; i ўвесь час яму вярзлося, што побач нехта ходзiць.
Пасля доўгiх, бясконцых гадзiн i пачварных жахаў ён нарэшце заўважыў, што неба над страхой з пераблытанага галля пачынае святлець. Ён адчуў неймаверную палёгку, усё яго цела расслабiлася, напружанне адразу знiкла, сэрца ўлеглася, вочы заплюшчылiся.
Ён заснуў.
Калi ён прачнуўся, сонца было ўжо амаль у зенiце, быў поўдзень. Змрочная цiшыня палёў не парушалася нiякiмi гукамi, i Вальтэр Шнафс раптам заўважыў, што яго мучыць шалёны голад.
Яму пачало пазяхацца, успамiны пра кiлбасу, добрую салдацкую кiлбасу наганялi поўны рот асцы; у страўнiку шчымела.
Ён устаў, прайшоў некалькi крокаў, але адчуў вялiкую слабасць у нагах i зноў сеў, каб падумаць. Яшчэ гадзiны дзве цi тры ён узважваў усе за i супраць, сто разоў мяняў рашэнне, адчуваў сябе няшчасным, змагаючыся з сваёю нерашучасцю, i зноў пакутаваў ад самых супярэчлiвых довадаў.
Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагiчная i разумная думка - дапiльнаваць на дарозе адзiнокага вяскоўца, у якога не будзе нi зброi, нi якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кiнуцца да яго i як мага даходлiвей растлумачыць, што ён здаецца.
Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, i з вялiкаю засцярогай высунуў галаву праз дзiрку ў сваiм сховiшчы.
Нiдзе, да самага далягляду, не было вiдаць нiводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамi хат у неба падымаўся лёгкi дымок - гатавалi ежу! А злева па-над верхавiнамi дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцiнца, узвышаўся вялiзны замак з вежамi па баках.
Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькi варон i чуў толькi глухое бурчанне ў пустым жываце.
I зноў над iм згусцiлася ноч.
Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю i заснуў. Усю ноч яго калацiла, нiбы ў лiхаманцы, яго даймалi кашмары - гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.
Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назiральны пункт. Але, як i ўчора, у палях было пуста; i розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах - жах памерцi з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на слiне, з назаўжды заплюшчанымi вачыма. I звяры, усялякiя маленькiя звярочкi збягаюцца да яго трупа i пачынаюць яго раздзiраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусiць яшчэ адзiн кавалак халоднага цела. I вялiзны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.
Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страцiць прытомнасць ад слабасцi, што ён ужо нiкуды адсюль не здолее пайсцi. I ён быў гатовы ўжо кiнуцца ў вёску, пайсцi на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкi ўчынак, калi заўважыў трох сялян, якiя iшлi ў поле з косамi на плячы, i зноў прытаiўся ў сваёй нары.
Аднак, калi вечар ахiнуў раўнiну цемрай, ён марудна вылез з рова i, скурчыўшыся, баязлiва, са сцiснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён iшоў да далёкага замка, бо лiчыў, што лепей зайсцi туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.
У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з iх было нават адчыненае, i з яго струменiўся моцны пах смажанага мяса, якi адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос i працяў аж да самых вантробаў. Вальтэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзiне ў яго напялася, пах уладна вабiў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.
Ён бяздумна кiнуўся наперад i нечакана, з каскай на галаве, узнiк у акне.
Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднiкаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, i вочы ўтаропiлiся ў адну кропку. Усе погляды павярнулiся ў той бок!
Усе заўважылi ворага!
Божачкi! Прусакi аблажылi замак!..
Спачатку пачуўся толькi крык - восем галасоў на розны лад злiлiся ў адзiны роў, поўны пачварнага жаху i страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылi, пачалася мiтусня, штурханiна, чаляднiкi беспарадкава кiнулiся да дзвярэй. На падлогу ляцелi крэслы, мужчыны штурхалi жанчын, тыя падалi, мужчыны прабягалi па iх наперад. У iмгненне вока пакой быў пусты, пакiнуты, i перад здзiўленым Вальтэрам Шнафсам, якi па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькi стол, устаўлены рознымi стравамi.
Яшчэ некалькi секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнiк i рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нiбы ў лiхаманцы, але страх яшчэ стрымлiваў яго, скоўваў яго рухi. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелi i зачынялiся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых i хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалi людзi.
Потым уся валтузня скончылася, i ў вялiкiм замку запанавала магiльная цiшыня.
Вальтэр Шнафс сеў перад поўнай талеркай i пачаў есцi. Ён еў, набiваў поўны рот, нiбыта баяўся, што яго перапыняць i ён не паспее як след напакаваць свае вантробы. Ён абедзвюма рукамi закiдаў у разяўлены, як прорва, рот вялiзныя кавалкi, якiя паволi апускалiся ў страўнiк, распiраючы горла. Часам ён спыняўся, гатовы лопнуць накшталт перапоўненай, забiтай трубы. Тады ён браў збан сiдру i прамываў сабе глотку, як прачышчаюць засмечаную рыну.
Ён апаражнiў усе талеркi, усе мiсы, усе бутэлькi; потым, п'яны ад выпiтага i з'едзенага, ачмурэлы, чырвоны, трасучыся ад безупыннай iкаўкi, з затлумленай галавой i зашмальцаванымi губамi, расшпiлiў мундзiр, каб трохi аддыхацца, але быў ужо няздольны зрабiць нават крок. Яго павекi злiпалiся, думкi дранцвелi; ён цяжка апусцiў лоб на скрыжаваныя на стале рукi i паволi забыўся на тое, дзе ён i хто ён.
Ветах па-над паркавымi дрэвамi цьмяна асвятляў далягляд. Гэта была тая золкая гадзiна, што заўжды настае перад свiтанкам.
У густым зараснiку мiльгалi маўклiвыя ценi; i часам у цемры месячны промень блiскаў на вастрыi сталёвага клiнка.
