Зараддзе. Будоўля. Магутныя краны.
Электразваркі мёртвы агонь.
Звініць у свежых цагляных ранах
Перфаратараў гучная звонь.
Бураць дамы. Для кіно раскоша:
На руіне вісіць чыгунны ліхтар,
Пад нагамі разбіты латок кніганошы
I сарваная «выбухам» шыльда «Бар».
Раяль бутафорскі вісіць ца калоне
(Усё зрабілі, як на вайне),
I струны, як змеі Мядузы Гаргоны,
Свiсцяць на вятры i ловяць мяне.
Я ўваскрэс, але я гару, як салома,
На якую вецер іскру нагнаў.
Пажар у шэрым каменным доме:
Дым укрывае пляц Нагіна.
Крывы завулак.
Царква Варвары,
Ліпучы брук і вугальны дым.
Ва ўсіх дамоў непакояцца твары:.
"Чаму ён такі?
Што здарылася з ім?"
Завулкі, завулкі, завулкі змяяцца,
Усе падобныя, шэрыя ўсе,
I я падобны на лісцік акацыі,
Што вецер цяснінамі вуліц нясе.
Я хацеў бы рухаць пачварныя краны,
Класці цэглу.
А сам не магу стаяць.
Закон бы выдаць, каб закаханых
За сабатаж — без жалю страляць.
Людзі ў завулках, людзі ў кватэрах,
Людзі ў вокнах.
I ў гэтых людзей
Шчасце без меры i гора без меры,
Змрок безнадзейнасці, сонца надзей.
Інвалід бязногі спрытна і ўмела,
Падабраўшы раменьчыкам чуб з ілба,
Ладзіць абцасікі туфлікаў белых,
У якіх дзяўчына пойдзе на баль.
Флюгер — леў на баярскіх палатах —
У дзённым прысмерку цьмяна згас.
Плача дзяўчо за шклом аўтамата,
I трубка каркае ёй у адказ.
Я б не дазволіў, каб горкія слёзы
Проста да трубкі з вачэй цяклі.
Яны ж —
нават моцныя —
трошкі мімозы.
Iх трэба любiць на гэтай зямлi.
Каб мая жанчына мяне пакахала,
Я б не каркаў, як гэты прывык,
А здарыцца так, што слова сарвалася, —
З коранем выдраў бы свой язык.
Не пакахае.
Не можа.
Світанне
Не прынясе мне новых надзей.
Але ёсць яно,
Але ёсць каханне, —
I люблю я больш
Зямлю і людзей.
Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:
Толькі б шчасця болей яе сынам,
Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,
Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.
Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,
А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.
Толькі б мукі зямлі ў зямныя нетры
Разам з целам маім навек адышлі.
Толькi б душы свяшчэнным гарэлi знiчам…
I яшчэ адно,
I гэта канец:
Калі ты мяне ў бой за сябе паклічаш
I заглянеш пажарамі ў вочы мне, —
Я пайду на гэта з такім жаданнем
I з такою гарачаю верай зямной,
Як ляцеў у асенні дзень на спатканне
З жорсткай, светлай, добрай, харошай маёй.
Ўсіх Святых на Кулішках храм занядбаны
Поруч з плошчаю і тытунёвым латком.
Памалюся ў ім аб смяротнай ране
I аб мужнай славе перад канцом.
Аб трывожнай, крывавай, застрашлівай долі
Папрашу перад тым, як кiнуцца ў бой,
Перад страшным полем, смяротным полем,
Куліковым полем любові маёй.