Выбраныя творы
Выбраныя творы читать книгу онлайн
У аднатомнік класіка беларускай літаратуры, выдатнага празаіка Кузьмы Чорнага ўвайшлі самыя значныя яго творы — раманы, аповесці, апавяданні, узоры публіцыстыкі і (у поўным, без скарачэнняў, выглядзе) дзённік, які вёў пісьменнік у канцы жыцця. Чытач яшчэ раз зможа наталіцца прыгажосцю мастацкага слова Кузьмы Чорнага, крынічнай чысцінёй мовы роднай яму Случчыны. Гэта — адзінаццаты том «Беларускага кнігазбору».
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Калі яна падыходзіла агародамі да свайго дома, хлопчык штосьці пачаў ёй гаварыць.
- Маўчы, сынок, - сказала яна, - а то пачуе немец.
Спалоханае дзіця сціхла, але ад ворага не ўратавалася: ён сядзеў у сенцах, замок з якіх сарваў з прабоем. Ён толькі яе і чакаў, нават і ў хату не пусціў, так з сянец і пагнаў разам з хлопчыкам у каменданцкую ўправу. Тры дні там яе дапытвалі, дзе яе муж. Ужо ёй выкруцілі палец на левай руцэ, ужо ўвесь твар быў у крывавых сіняках, і апроч таго, што каваль у арміі, яна нічога не магла сказаць. Уначы на чацвёрты дзень камендант прыклаў рэвальверную рулю да хлопчыкавага вуха і ціха сабе, быццам гэта ён адрэзваў прыгожымі нажнічкамі кончык цыгары, стрэліў. Марыля спачатку закрычала, пасля анямела. Так яе выпхнулі на двор і, б'ючы рамянямі, прагналі далёка ад каменданцкага дома, і яна ўжо не бачыла, як салдат выкінуў яе нежывое дзіця праз акно на дарогу паміж травяністым капяжом і плотам. Больш за тыдзень яна, як адзічэлая, прабадзялася па лесе, полі і прырэчных паплавах, а пасля прыйшла да бацькі чакаць нечага таго, што набліжаецца з кожным пражытым днём.
Час - найлепшы доктар чалавеку. Ён уціхамірыць хоць які боль. Пасля лета прыйшла восень, а пасля зіма. Марыля ўсё жыла ў бацькі і аднойчы ў сярэдзіне лютага змрокам дня сказала бацьку:
- Нешта сёння больш як заўсёды верх дуба на агародзе стаіць на сонцы.
- Бо дзень пабольшаў і вясна блізка, - адказаў Пархвен Катлубовіч, ужо сівы каля вушэй і аблыселы наверсе галавы стары чалавек. Ён аж выйшаў на двор, пакуль не змеркла, глядзеў адтуль цераз вуліцу на дуб у агародзе і ўсё гаварыў сам сабе, быццам спяваў:
- Вось і зіма прайшла, і дзень вялікі, і перазімавалі, і вясны дачакаліся...
Якія прыйшлі неўзабаве ночы! Лес трашчаў і гуў ад густога ветру. Снег пачаў асядаць, і на світанні дзён ружовы водбліск неба ляжаў у снегавой вадзе. Шаша за Галаскамі стала чорнай. Вароны бадзяліся па голай мокрай зямлі, і яснымі адвячоркамі сонца ўсё больш і больш затрымлівалася на дубовай вяршаліне. А тым часам у зарэчным мястэчку з'явіўся новы чалавек - высокі, сярэдніх год і як бы прысутулены. З гэтай прысутуленасці і з паходкі яго пачалі пазнаваць тутэйшыя пажылыя людзі. Пазнаў і Пархвен Катлубовіч. Раз, стоячы пры акне і гледзячы на вуліцу, ён сказаў Марылі:
- Паглядзі, вуліцаю ідзе чалавек і з ім салдат. Каб стары Пфайфель не памёр, я падумаў бы, што гэта ён.
- А хто такі Пфайфель? - запытала Марыля.
- А па той бок рэчкі пры самым мястэчку быў у старыя часы маёнтак пана Гальцовіча, і правіў усім маёнткам наняты немец Пфайфель. Гальцовіч пасля злавіў яго на тым, што ён цягнуў у сваю кішэню з маёнтка больш, чым аддаваў самому Гальцовічу, і прагнаў яго, і той паехаў назад у сваю Нямеччыну, а пасля прыехаў да другога пана, па той бок шашы, і перад самаю той вайной памёр. А гэты, што ішоў цяпер вуліцай, кропля ў кроплю - той.
Праз некалькі дзён усіх галаскоўцаў і местачкоўцаў сагналі разам, і той, падобны на Пфайфеля, сказаў перад людзьмі прамову:
- Я прыехаў на гэтую зямлю, якую некалі мой бацька даводзіў да ладу. Ён, нябожчык, многа сіл аддаў гэтай зямлі. Ратунак гэтай зямлі ў нямецкай культуры і арганізаванасці. Даўней паны, а пасля бальшавікі тут не ўмелі гаспадарыць. Я навучу вас культурнай працы на зямлі.
Так галаскоўцы дазналіся, што гэта прыехаў да іх уладаць тым даўнейшым маёнткам сын таго Пфайфеля. Ён асталяваўся жыць на краю мястэчка ў былым калісьці панскім доме. Дом стаяў на высокім месцы, і з галаскоўскай вуліцы з тых дзён відно стала, што пры доме стаіць на варце нямецкі салдат. І галаскоўцам пачало здавацца, што дарога ім туды, на той бок рэчкі, загароджана. І гэта было адчуванне такое, што як быццам ад чалавека адабралі паўсвету. Адтуль жа салдату Галаскі былі відны толькі вярхамі стрэх, а ніжэй густа раслі сады, а цераз стрэхі чарнелася лінія шасейнай дарогі, далёка, за шэрым полем. У гэтым полі была доўгая града хмызняку, яна цягнулася да самай шашы і на той бок яе. Аглядаючы праз бінокль мясцовасць, Пфайфель заўважыў, што вартавы салдат не можа са свайго месца бачыць гэтую хмызнячную граду з-за нейкага вялікага дрэва, якое густым сваім голлем нават і цяпер, калі яно бязлістае, закрывае даволі шырокі прагалак за Галаскамі. Пфайфель зацікавіўся гэтым дрэвам з трывогай: хмызняком могуць ісці партызаны, а пасля хмызняку ўжо і полем могуць ісці проста сюды: іх будзе скрываць дрэва, а лепш за ўсё яму самому па некалькі разоў на дзень аглядаць праз бінокль усю шырыню мясцовасці. Ён нацэліўся на невядомае яму чужое дрэва і пачаў удакладняць, дзе яно расце. Два салдаты-інваліды закончылі пошукі тым, што нарэшце апынуліся ў агародзе Пархвена Катлубовіча пад дубам. Вось яно, тое дрэва! Цэлы тыдзень пасля гэтага клопат тачыў і Пфайфеля, і каменданта: выгнаныя на спілаванне дуба галаскоўцы ніякай рады даць не маглі: дуб быў у некалькі абхватаў і таўсцейшы за даўжыню піл. Пілы рваліся, а дуб стаяў. Спілаваць яго нельга было. Прайшоў тыдзень марна. Тады камендант загадаў Пархвену Катлубовічу за два дні прыбраць з агарода дуб. Пархвен, як стаяў перад камендантам зняўшы шапку, так і дадому прыйшоў з шапкаю ў руцэ і так прасядзеў на лаве каля стала да самага вечара. А змрокам ён пераабуўся ў навейшыя боты і выйшаў з дома, і хоць ён нічога пэўнага не сказаў на адвітанні Марылі, але яна і так ведала, што ён проста толькі сышоў, бо жыцця ўжо тут больш не будзе. «А я буду пільнаваць хаты», - цвёрда падумала яна і перабыла тую першую ноч з вялікім смуткам. Зранку ўзышло сонца, і ёй стала лягчэй на душы. Праз два дні сам Пфайфель з салдатам-інвалідам прыйшлі ў Галаскі і доўга глядзелі на дуб. Ён стаяў сабе вышэй над усёй мясцовасцю, а пад ім ляжалі парваныя і пашчэрбленыя пілы. Пфайфель тым днём гаварыў каменданту, што гэты дуб трэба адправіць у Германію, каб там пабачылі, якія дзівы вырастаюць тут і якую багатую краіну заваявалі нямецкія салдаты. Камендант быў салдат, а не мяккадушны летуценнік. Ён адказаў:
- Кругом тут з'яўляюцца партызаны, і трэба хутчэй прыбраць дуб з вока.
- А як жа яго так скора зняць? - абазваўся перапалоханы Пфайфель.
- Я распараджуся, - сказаў камендант.
Выконваючы яго новы загад, назаўтра зранку пацягліся ў агарод Пархвена Катлубовіча галаскоўцы і местачкоўцы. Кожны нёс бярэмя дроў. Пры дубе наклалі дроў у сажань вышыні і падпалілі. За гадзіны дзве дровы згарэлі, дуб знізу абсмаліўся, і агонь патух. Пасля абеду Пфайфель зірнуў праз бінокль і ўбачыў дуб. Ён закалаціўся ад незразумелай яму самому трывогі і пабег да каменданта. Той, як мог, давёў яго да спакою, але ненадоўга. Як толькі пачало змяркацца, Пфайфелю пачало здавацца, што дуб з Галаскоў прысунуўся да самага мястэчка і ўжо зусім блізка стаіць каля дома. Пфайфель доўга не мог заснуць у тую ноч і сонны і злосны пайшоў на раніцы да каменданта і зрабіў яму заўвагу, што гаспадар дуба недзе знік з дома і ніхто яго не шукае, а дуб стаіць сабе, як і стаяў. Пасля ён нават сказаў штосьці каменданту аб сваіх нейкіх адмысловых паўнамоцтвах. Камендант нічога не адказаў і толькі ткнуў пальцам кудысьці за дом на дарогу, дзе ехаў цэлы абоз з дрывамі. Пфайфель здагадаўся і з двума салдатамі-інвалідамі пайшоў у Галаскі глядзець. Там ён застаў на Пархвенавым агародзе вялікі гармідар. Гітлераўскі салдат крычаў на людзей, а яны цэлыя шуркі дроў укладвалі пад дубам. Пфайфель не вытрымаў і сам пайшоў падпальваць. Ён запаліў укладзеную ў дровы кудзелю і рушыў назад у мястэчка. На ўваходзе ў вуліцу ён прыпыніўся і азірнуўся. Дым і агонь вельмі выразна відзён быў яму адгэтуль. У каменданта ён узяў новага салдата і зноў пайшоў туды.
Дуб стаяў, здушаны вогненнымі сціртамі дроў. Цэлыя бярвенні гарэлі пад ім. Людзей ужо не было. Толькі адна нейкая жанчына ў кароткай ватовай вопратцы стаяла, узлёгшы локцямі на загарадзь. Яна была высокая і нейк дзіўна паглядзела на яго, калі ён з'явіўся.
- Што глядзіш? - запытаў ён па-расейску.
Яна не адказала і пайшла ў хату напроці агарода. Яго быццам укалола яе маўклівасць, і ён пайшоў назад: за гэты дзень ён ужо даволі нахадзіўся, і лішняя турбацыя не ўваходзіла ў яго планы. Да абеду яму яшчэ трэба было пагаліцца і абдумаць сёе-тое на далейшае, а пасля - абед, і якраз у той дзень са смажанымі трусамі, а трусінага мяса ён ужо не спрабаваў дзён тры, а гэта парушала яго планы ў гэтай краіне, распрацаваныя ім да канца вайны. Так ён з лёгкім сэрцам забыўся пра маўклівую жанчыну. Але яна не магла забыцца на яго. Ноч прыйшла пасля таго дня шумная, з ветрам і дажджом, у полі гуло і ў прырэчных зарасніках трашчала голле. Ніколі раней так моцна жанчына не адчувала сваю адзіноту, як цяпер, - быццам бы толькі цяпер дайшло да яе свядомасці, што страчана навек самае важнае і дарагое: і застрэленае дзіця, і муж, і стары бацька, і тыя гады, якія трэба яшчэ пражыць, і гады, што пражыліся, - і нічога як і не было, і нічога як і не будзе. На світанні ёй здалося, што бацька прайшоў каля вокнаў. Яна выйшла на панадворак, і нікога там не было. Дзень пачынаўся мокры. Скрозь стаяла вада і са стрэх капала. Дуб стаяў на агародзе над асмалкамі, вуголлем і попелам, сам увесь апалены і з далёка працягненай ніжняй тоўстай галінай. А верх яго такі ж самы, як і быў, але знізу дробнае голле патлела. Цяпер ён ужо не закрые сабой шашы і хмызняку ад Пфайфелевых і салдацкіх воч. Марыля ледзьве перабыла той дзень. Усё, што ўжо з часам уціхамірылася, зноў паўстала перад ёю, як з магілы. Так прыйшла ноч. Зноў доўгая, і зноў з дажджом і ветрам. Ужо даўно спяваў певень у прыгрэбцы, і світанне цадзілася паволі. У смутку і горы яна выйшла з хаты і кінула позіркам на мястэчка. Там, як мурашка малы, відзён быў здалёк нямецкі салдат на варце.