-->

Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда]

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда], Краўцэвіч Алесь-- . Жанр: История. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале bazaknig.info.
Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда]
Название: Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда]
Дата добавления: 16 январь 2020
Количество просмотров: 298
Читать онлайн

Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда] читать книгу онлайн

Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда] - читать бесплатно онлайн , автор Краўцэвіч Алесь
Кніга гарадзенскага гісторыка Алеся Краўцэвіча распавядае пра заснаванне, існаванне і гістарычны шлях Тэўтонскага ордэна, які моцна паўплываў на гістарычны лёс Беларусі. Самыя цесныя адносіны Вялікага Княства Літоўскага з ордэнам пачаліся з 80-х гадоў XIV ст. і працягваліся больш за сто гадоў, да пачатку XV ст. Гэтыя адносіны нельга назваць добрасуседскімі. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакі адстойвалі свае жыццёвыя інтарэсы. Цікавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнікальная ў гісторыі з'ява, калі духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй і Цэнтральнай Эўропе... У сваёй кнізе аўтар падрабязна апісвае стварэнне і ўстрой ордэна братоў-рыцараў Тэўтонскага дому Дзевы Марыі ў Ерусаліме, шлях ордэна з палестынскіх пяскоў у прускія лясы, ваенныя кампаніі і удзел ордэна ў Грунвальдскай бітве. Кніга напісана простай даступнай мовай, адрасавана школьнікам.

Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 17 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:

Усе гэтыя акты былі праявай дыпламатыі - жамойты не збіраліся скарацца крыжакам і тыя раз за разам хадзілі паходамі на край, які фармальна быў ужо іх уласнасцю. Пад пагрозай расправы жамойты далі вялікую колькасць закладнікаў і ў пачатку студзеня 1401 г. у Мальбарку было ўчынена паказальнае хрышчэнне жамойцкіх паноў. Аднак ужо ў сакавіку жамойты ўзнялі паўстанне. Літва іх падтрымала і пачалася вайна, якая скончылася трактатам 22 траўня 1404 г. у Рацяжы. Па яго ўмовах Польшча атрымала права выкупу ў крыжакоў Добжынскай зямлі, але Жамойць заставалася за ордэнам. Яго войскі зноў пачалі хадзіць туды паходамі. Тым не менш Жамойць заўжды была гатовая паўстаць, а Літва ў зручны момант падтрымаць яе.

Складанымі былі адносіны ордэна з Польшчай. У 1392 г. крыжакі адкупілі Добжынскую зямлю ў князя Ўладзіслава Апольчыка (па-нямецку фон Опельн). Польшча, не гатовая да вайны, абмежавалася пратэстамі. Палякі не хацелі канчаткова адмаўляцца і ад Памор'я.

У 1402 г. Жыгімонт Вугорскі намерваўся аддаць Польшчы Новую Марку (вобласць ля заходняй мяжы Польшчы) як заклад за грашовую пазыку. Аднак ордэн пазычыў Жыгімонту суму значна большую, чым мог ахвяраваць польскі кароль, і такім сродкам набыў Новую Марку для сябе. Польскія землі аказаліся адрэзанымі ад саюзных заходнепаморскіх княстваў. Палякі, упусціўшы ўсю здабычу, павялі спрэчку аб некалькіх замках на мяжы Польшчы з Новай Маркай, у першую чаргу аб Дрэздэнку. Яго ўладальнік Ульрых фон Ост прысягнуў польскаму каралю, а калі Новая Марка дасталася ордэну, перайшоў на бок крыжакоў. Хохмайстар і ў гэтай спрэчцы не пажадаў саступіць, каб хоць трохі злагодзіць палякам горыч страты, і купіў у фон Оста яго ўладанні.

Паступова станавілася ясным, што справа дойдзе да вайны, і ўсе рыхтаваліся да яе. Ягайла і Вітаўт стараліся трымаць свой саюз у тайне, крыжакі ж да апошняга не пакідалі надзеі іх пасварыць.

Вялася актыўная дыпламатычная праца. Ордэн меў падтрымку ўсяго каталіцкага захаду, рознымі сродкамі здолеў зрабіць сваімі саюзнікамі паморскіх князёў. Па дагавору тыя абавязаліся за 4 тыс. коп грошаў даць падмогу супраць Вітаўта і Ягайлы. Ужо ў ходзе вайны крыжакі аплацілі і саюз з Жыгімонтам Вугорскім. Хоць у таго быў мір з Ягайлам да 1413 г., але, атрымаўшы 300 тысяч дукатаў (фантастычная па тых часах сума), ён забавязаўся напасці на Польшчу. Пасля перамогі Жыгімонту павінны былі дастацца Падолле, частка Русі і Малдова, а ордэну - Літва, Жамойць, Добжынская зямля і Куявы. Каб прыдаць сваім дзеянням выгляд прыстойнасці, Жыгімонт запісаў умову - ён дапаможа ордэну толькі ў тым выпадку, калі Ягайла будзе выкарыстоўваць у вайне паганаў або схізматаў. Зараней было вядома, што разам з палякамі выступяць ліцвіны, жамойты (пагане), русіны (схізматы) і татары (мусульмане).

Другі сусед - чэшскі кароль Вацлаў - меў саюз з Ягайлам, але і ён быў падкуплены ордэнам. У сваю чаргу Вітаўт 14 верасня 1408 г. заключыў мір з Маскоўскім княствам і можна было не баяцца ўдару ў спіну. Рускія гісторыкі ацанілі гэтую акалічнасць як уклад Масквы ў разгром Тэўтонскага ордэна. Буйным поспехам дыпламатыі Вітаўта з'явілася адсутнасць войскаў лівонскай філіі ордэна ў важнейшых аперацыях вайны.

Паўсюды ў Эўропе па свецкіх і духоўных дварах вялася актыўная дыпламатычная барацьба. Галоўным козырам крыжакоў была святасць іх барацьбы з паганамі і схізматыкамі. Польскага караля-каталіка яны абвінавачвалі ў падтрымцы няверных. Ягайла ў адказ пісаў, што ордэнскія браты ў сваёй дзяржаве не прывялі да Бога прусаў, а пякуцца аб хрысціянізацыі Жамойці і Літвы. З 1407 г. па Эўропе кружылі скаргі жамойтаў на ордэн, якія, несумненна, ішлі праз дзяржаўныя канцылярыі Вітаўта і Ягайлы. Хоць увогуле сімпатыі ў Эўропе былі на баку крыжакоў, усё ж дыпламатычная актыўнасць саюзнікаў прынесла пэўны плён. У гэтай вайне ордэн атрымаў значна менш падмогі ад імперыі і заходніх краін, чым раней.

Калі разгледзець падзеі апошняга дзесяцігоддзя перад вайной у храналагічнай паслядоўнасці, то атрымаецца такі малюнак:

1391 г. - сілезскі Пяст Уладзіслаў Апольчык заклаў ордэну частку Добжынскай зямлі і Куяваў. Ордэнская армія выгнала польскія войскі, пасланыя ўтрымаць вобласць;

1392 г. - па прапанове таго ж Апольчыка хохмайстар узяў пад заклад усю Добжынскую зямлю, якая і так фактычна была пад ордэнам. Вітаўт, атрымаўшы ўладу над Вялікім Княствам, замірыўся з Ягайлам;

1392, 1393, 1394 гг. - крыжакі пустошылі літоўскія землі;

1396 г. - польскі кароль заняў яшчэ не закладзеныя ордэну вобласці Куявіі і са згоды чэшскага караля Вацлава захапіў уладанні Апольчыка ў Сілезіі;

1398 г. - па дагавору ордэна з Вітаўтам да крыжакоў адыходзіла Жамойць. Ордэн з дапамогай марскога дэсанта заняў востраў Готланд;

1399 г. - параза Вітаўта ад татараў на Ворскле;

1401 г. - жамойцкае паўстанне супраць ордэна, пачатак вайны ордэна з Літвой, узнаўленне саюза Вітаўта і Ягайлы;

1403 г. - Ягайла атрымаў ад папы рымскага булу, якой тэўтонскім рыцарам забаранялася праводзіць ваенныя паходы супраць хрысціянаў-літоўцаў;

1402 г. - ордэн набывае Новую Марку ў Жыгімонта Вугорскага;

1404 г. - Рацяжскі літоўска-польска-крыжацкі трактат. Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлі, Жамойць адыходзіць крыжакам;

1407 г. - абранне хохмайстрам Ульрыха фон Юнгінгена - прыхільніка актыўнай палітыкі на ўсходзе.

Падзеі апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мірнага ўрэгулявання канфліктаў. Абодва бакі гэта разумелі і актыўна рыхтаваліся да вайны. 6 студзеня 1408 г. у Коўна для вырашэння спрэчных пытанняў з'ехаліся Вітаўт, Ягайла, Ульрых фон Юнгінген. Прысутнічаў і лівонскі ландмайстар. Пасрэднікам паміж Польшчай і ордэнам абралі Вітаўта. Ягайла пажадаў ад хохмайстра вяртання Дрэздэнка. Той адклаў рашэнне справы да 24 чэрвеня, пазней аддаў яе на суд Вітаўту, а ўрэшце выкупіў уладанне фон Оста. Ковенскі з'езд скончыўся беспаспяхова.

У чэрвені 1408 г. крыжацкі войт Новай Маркі спаліў некалькі пагранічных польскіх вёсак. Летам гэтага ж года сам хохмайстар аб'ехаў памежныя з Літвою і Польшчай замкі Астроду, Торунь, Штразбург, Голуб і іншыя. Ён прывёў у парадак іх арсеналы, арганізаваў дастаўку з Мальбарка гармат, пракантраляваў забеспячэнне рыштункам і харчовымі прыпасамі. Прасачыў, як ідзе ўмацаванне замкаў Тыльзіт і Рагнета. Крыжацкі войт Жамойці атрымаў загад парваць сувязі Жамойці з Літвой і забараніў ліцвінам купляць на Жамойці мёд, збожжа, жывёлу.

Малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла, якога крыжакі падтрымлівалі супраць Вітаўта, падаўся за падмогай у Масковію. Узнік канфлікт. Вітаўт правёў вайсковую дэманстрацыю на мяжы з Маскоўскім княствам і 14 верасня 1408 г. заключыў з ім мір.

7 верасня 1408 г. Дрэздэнка перайшоў ва ўладанне ордэна. Гэтай жа восенню жамойцкі войт і суседнія комтуры паведамлялі ў Мальбарк, што Жамойць уздоўж і ўпоперак праходзяць ліцвіны, русіны і татары, часта апранутыя купцамі, і падбухторваюць насельніцтва да паўстання. У снежні 1408 г. адбылася тайная нарада Вітаўта з Ягайлам у Наваградку. Магчыма, менавіта на гэтай сустрэчы аформілася ідэя расправы з ордэнам.

Вітаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна і здзіўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю і ігнараваннем выклікаў. Вясной 1409 г. адзін з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымі адказамі Вітаўта на пытанне, каго вялікі князь будзе падтрымліваць у пагранічных спрэчках - Польшчу з Мазовіяй ці ордэн, дазволіў сабе абразу асобы Вітаўта. У размове з людзьмі вялікакняскага двара ці нават у прысутнасці самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялікі князь ужо тры разы здрадзіў ордэну, а цяпер намерваецца зрабіць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бітвы. Зараз жа Вітаўт паслаў да хохмайстра запыт, ці ўпаўнаважваў той свайго пасла да такіх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасіць прабачэння.

У лістах да кіраўніка ордэна Вітаўт завяраў таго ў сваіх намерах трымаць мір і ў нейкай ступені здолеў аслабіць пільнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялі надзеі ўбіць клін паміж Вітаўтам і Ягайлам. Без сумнення, вялікі князь імкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкі да вайны. Хоць крыжакі не давяралі канчаткова ні яму, ні Ягайлу, тым не менш першымі вайну не пачыналі. Можа быць, не былі поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, хацелі паказацца перад усім светам у паставе абаронцаў.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 17 ВПЕРЕД
Перейти на страницу:
Комментариев (0)
название