Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда]
Тэwтонскi ордэн [Ад Ерусалiма да Грунвальда] читать книгу онлайн
Внимание! Книга может содержать контент только для совершеннолетних. Для несовершеннолетних чтение данного контента СТРОГО ЗАПРЕЩЕНО! Если в книге присутствует наличие пропаганды ЛГБТ и другого, запрещенного контента - просьба написать на почту [email protected] для удаления материала
Лічачы ад 1231 г., калі Герман фон Балк упершыню пераправіўся з войскам праз Віслу, да 1283 г., за 52 гады Прусія была заваявана цалкам. Для гэтага спатрэбілася намаганне не толькі Тэўтонскага ордэна, але і шляхты ўсіх германскіх земляў. Вайна нанесла такія непапраўныя страты мясцовым плямёнам, што ў рэшце рэшт яны перасталі існаваць як этнасы.
Унутраную палітыку на тэрыторыі Прусіі ордэн будаваў умела і мэтанакіравана. Каб прыцягнуць каланістаў, крыжакі стварылі новае хэлмінскае права. Было ўведзена фламандскае права спадчыннасці- роўнасць мужчыны і жанчыны. Па вугорскаму праву дазвалялася свабоднае паляванне на дзікага звера, акрамя баброў. Ужывалася яшчэ магдэбургскае і польскае права. Прусаў падзялілі на дзве катэгорыі: вольныя і нявольныя. Тыя, хто захаваў вернасць ордэну пад час паўстання 1260-1274 гг., мелі больш правоў. Былыя паўстанцы - нявольныя хлопы - жылі ў асобных вёсках, мелі мізэрныя гаспадаркі і мусілі працаваць на крыжакоў. Яны не маглі сяліцца ў гарадах. Мясцовая шляхта анямечылася.
Каланісты густа наплывалі да 1350 г., пасля іх прыток зменшыўся. Крыжакі стварылі 1400 новых вёсак (акрамя біскупаў, царкоўных капітулаў і феадалаў). Да 1410 г. у Прусіі ўжо было 93 гарады. На пачатак XV ст. насельніцтва Прусіі ацэньваецца прыблізна ў 400-600 з нечым тысяч чалавек.
Ордэнскія ўлады шчыльна апякалі гаспадарчае жыццё краіны. Яны стварылі двайную сістэму даходаў: праз адпрацоўкі, грашовы і натуральны падаткі (шляхта таксама іх плаціла) і яшчэ праз уласную гаспадарку (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, крэдыт, гандаль). Галоўным аб'ектам гандлю былі авёс, ячмень і солад. Ордэн злоўжываў уладай - сваіх эканомаў ставіў у больш выгодныя ўмовы гандлю, чым астатніх купцоў. За некалькі дзесяткаў гадоў Прусія ператварылася ў квітнеючую краіну, з чаго ордэн меў немалую выгоду.
У знешняй палітыцы Тэўтонскага ордэна пасля пакарэння Прусіі галоўнай задачай стала вайна з Вялікім Княствам Літоўскім.
БОЙКІ З ЛІТВОЙ І ПОЛЬШЧАЙ
Пераломным у адносінах Тэўтонскага ордэна з Вялікім Княствам Літоўскім стаўся 1283 год. Крыжацкі храніст Пётр Дзюзбург пісаў: «Скончылася пруская вайна, пачалася вайна літоўская». Аднак першы этап барацьбы з Літвой [ 5] пачаўся задоўга да гэтага часу. Упершыню прэтэнзіі на Літву былі выказаныя ў прывілеі германскага імператара Фрыдрыха II у 1245 г. Па просьбе хохмайстра імператар аддаваў ордэну землі, якія той здабудзе ў Куроніі, Літве і Семігаліі. Яшчэ раней, з пачатку ХІІІ ст., агрэсіўныя намеры да Літвы мелі лівонскія крыжакі. Спачатку яны абараняліся ад нападаў літоўцаў [ 6], а калі замацаваліся паміж Дзвіной і Фінскім залівам, перайшлі ў наступ. Пацярпеўшы паразу ад літоўцаў пад Шаўламі ў 1236 г., мечаносцы тут жа (1237 г.) аб'ядналіся з Тэўтонскім ордэнам. Цяпер адной з галоўных задач лівонцаў стала злучэнне з Прусіяй па сушы. Дарога на Прусію вяла праз Куронію і мечаносцы атакавалі гэтую вобласць. Як выключную з'яву ў адносінах паміж крыжакамі і Літвой даследчыкі разглядаюць мірнае пагадненне Міндоўга з лівонскім ландмайстрам. Аслабіла ордэн як у Прусах, так і ў Інфлянтах параза ля возера Дурбе (1259 г.).
Істотных зменаў на літоўска-лівонскім фронце не назіралася да 1283 г., пакуль на арэне барацьбы не з'явіўся новы магутны дзеяч - прускія крыжакі. Ордэн выступіў з прэтэнзіямі на Вялікае Княства, спасылаючыся на фальшывую (ці праўдзівую) даравальную грамату Міндоўга. Паводле яе зместу, вялікі князь прызначаў сваю дзяржаву ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Здарылася так, што ўсе сыны Міндоўга загінулі (у тым ліку вялікі князь Войшалк) і ордэн выставіў свае патрабаванні.
Адразу пасля заваёвы Судовіі ландмайстар Конрад фон Цірберг у той жа год зрабіў першы паход на Літву. У наступным годзе зруйнавалі Горадню.
У 1291 г. пала апошняя апора крыжакоў у Палестыне - Акра. Хохмайстар Тэўтонскага ордэна адплыў на караблі ў Эўропу і абсталяваўся ў Венецыі. З гэтага часу Прыбалтыка становіцца галоўнай арэнай дзейнасці ордэна, а праз 19 год хохмайстры назусім перабраліся ў Прусію.
Паходы на Літву арганізоўвалі ландмайстар, ландмаршал і парубежныя комтуры. Цягнулася непарыўная вайна, якая складалася з дробных і буйных наездаў, сутычак, засадаў, адступленняў, уцёкаў і пагоняў. Паходы з аднаго і другога боку адбываліся па падобнай схеме. Збіралася войска ў колькасці ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч вояў і ішло ў паход на варожую тэрыторыю. Выправа цягнулася ад 2-3 дзён да некалькіх тыдняў (калі ішло вялікае войска). Мелі мэтай здабыць адзін ці болей замкаў, рабавалі ваколіцы, палілі жытло, забівалі або бралі ў палон насельніцтва, зводзілі жывёлу.
Выйграваў той, хто здолеў сканцэнтраваць сілы, нечакана ўдарыць і адысці са здабычай і палоннымі, пакуль вораг не арганізаваў адпор. Другі варыянт: вызнаць ці прадугледзець час і накірунак паходу ворага, сабраць у пэўным месцы большыя сілы і нанесці яму паразу ў сустрэчным баі ці ў пагоні.
Вялікую ролю адыгрываў фактар нечаканасці. Войска збіралі тайна і трымалі ў сакрэце месца выправы. Часам спецыяльна распаўсюджвалі чуткі аб намеры напасці на адну вобласць, а ішлі зусім у другую. Існавала добра арганізаваная служба памежнай варты і разведкі з абодвух бакоў. Для выведаў выкарыстоваўваліся вандроўныя манахі і гандляры. Аднак нечаканыя напады ўдаваліся часта. Пакуль збіралі войска, арганізоўвалі абарону, праходзіў пэўны час. Той, хто нападаў, з самага пачатку меў перавагу ў ініцыятыве. У выпадку, калі жыхары аказваліся папярэджанымі, яны хаваліся па замках са сваёй рухомай маёмасцю. Часам дзякуючы нечаканасці ўдавалася захапіць і замак. Нягледзячы на амаль пастаянны стан вайны, у тыя часы не трымалі ў адным месцы вялікага войска па той простай прычыне, што яго немагчыма было пракарміць.
У выніку безупыннай вайны паміж дзяржавамі ўтварылася амаль незаселеная прыгранічная паласа. Жыццё тут было вельмі небяспечным - пастаянна праходзілі вайсковыя атрады, гурты рабаўнікоў, сядзелі засады.
У канцы ХІІІ ст. адбылося паўстанне ў Натангіі, Самбіі і Судовіі, але крыжакам удалося задушыць яго ў самым пачатку праз здраду.
На Лівоніі разрастаўся канфлікт ордэна з рыжскім архібіскупам. Апошні разам з рыжанамі заключыў дагавор з вялікім князем Віценем і той прыняў непасрэдны ўдзел у гэтай барацьбе. У 1298 г. ён разбіў лівонскіх рыцараў, прычым у бітве загінуў лівонскі ландмайстар. Толькі падмога кёнігсбергскага комтура прымусіла ліцвінаў выйсці з Лівоніі.
Хохмайстар Готфрыд фон Гогенлоэ вырашыў у 1303 г. перанесці сталіцу Тэўтонскага ордэна ў Прусію. Яго выбар паў на Мальбарк (ці Марыенбург) на рацэ Нагаце. Перанос сталіцы ў Прусію быў цалкам лагічным, бо менавіта ў Прыбалтыцы для ордэна адкрываліся найабшырнейшыя перспектывы. Тут хапала земляў для заваёвы, непадалёк знаходзілася Германія (не тое, што ў Палестыне), адкуль заўсёды можна было атрымаць хуткую дапамогу. Намер Гогенлоэ ажыццявіў яго наступнік Зыгфрыд фон Фойхтванген.
У пачатку XIV ст. ордэн панаваў над Прусамі, Курляндыяй, Семігаліяй, часткай Лівоніі, некалькімі паветамі Жамойці. У яго шэрагі ахвотна ўступала як шляхта, так і буйныя феадалы. Тут можна было атрымаць уладу, ганаровую пасаду і немалы матэрыяльны набытак. Суровы статут не вытрымліваў выпрабавання багаццем і ўладай. Ордэн ужо нельга было назваць зборам аскетаў і фанатыкаў-хрысціянаў.
Адразу пасля абрання хохмайстар Зыгфрыд фон Фойхтванген у 1309 г. выехаў у Прусію да Мальбарка. Пасада прускага ландмайстра стала непатрэбнай, хохмайстар зрабіў Генрыха фон Плотцке вялікім комтурам і даручыў нагляд над жыўнасцю і суднаходствам. Вялікі комтур жыў пры двары хохмайстра гэтак жа, як вялікі скарбнік. Прускі маршал рэзідаваў у Кёнігсбергу, вялікі шпітальнік - у Эльбланіу, вялікі шатны - у Хрыстбурзе.
Тэўтонскі ордэн у гэты час настолькі ўверыўся ў сваёй моцы, што, не спыняючы валкі з Літвою, увязаўся ў доўгую і крывавую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Тут ужо не было гаворкі аб барацьбе з нявернымі. Крыжакі ваявалі за хрысціянскія землі з канкрэтнай мэтай - захапіць ласы кавалак зямлі і напрамую злучыцца з нямецкімі землямі. Валоданне Памор'ем давала гарантыю пастаяннай сувязі з Германіяй па сушы.